Йшоў Пятрусь дадому з лугу,
Дзе ўвесь дзень касой вярнуў,
Па дарозе даў ён кругу,
Манапольку абагнуў.
Ўзяў кручок ён і рухава
Выбіў корак, губы ўцёр,
На кручок зірнуў ласкава,
Галаву задраў, замёр.
Пацякла гарэлка ў жылах,
Як бы спраўнік там прайшоў,
І Пятрусь пачуўся ў сілах,
Закіпела яго кроў.
Сэрца ў грудзях так і бʼецца,
Лёгка — долу не чуваць,
Так і рынуўся б, здаецца,
Ён «Лявоніху» скакаць.
Вось Пятрусь прыйшоў дадому.
Хмель яго узбунтаваў,
І так весела старому —
Як бы зноў ён хлопцам стаў.
Паглядзеў — няма нікога,
Пад палок, пад печ зірнуў,
Чорт залез ці што ў старога —
Ступу к грудзям прыгарнуў
І пайшоў па хаце з ёю,
Тупнуў раз ён і другі,
Адбівае тахт нагою
І выпісвае кругі,
Круціць ступу, абнімае
Ды сам сабе выцінае:
«Бадай таго каваля
Мяцеліца замяла,
Як ён мяне маладу
Замарозіў на ляду!»
1911