Паважна так і ўрачыста
Гамонка сялянскіх бясед.
Сышліся на сход усе чыста,
Каб выбраць Вярхоўны Савет.
Вялікая ж гэта падзея —
Ёй сведкай не быў яшчэ свет:
То новая зорка ірдзее
І свеціць на тысячы лет.
У сталінскім мудрым законе
Дзівосныя мары жывуць,
Што праўдаю сталі сягоння,
Што к шчасцю народы завуць.
Разбіты старыя скрыжалі,
Адвечнае знішчана зло.
Шырокаю сонечнай хваляй
Разліта навукі святло.
Прароблена свету на дзіва
Работа за дваццаць гадоў:
Узораны новыя нівы,
Гмах новых шуміць гарадоў.
Праз немарач, дзебры і скалы
Дарогі-палотны ляглі,
І носяць паслушна каналы
З калгасным дабром караблі.
Прарэзаны нетры і горы,
Парушан іх сон і спакой,
І вынікла новае мора,
Пакорнае волі людской.
І наперакор перашкодам
Стыхійную сілу зямлі
На службу савецкім народам
У моцныя рукі ўзялі.
Нам служаць надземныя высі,
Прастор ледзяных далячынь,
І морам садоў разліліся
Бясплодныя гоні пустынь.
З галечы, з руін спусташэння,
Як волат, падняўся народ —
Нястрымная воля імкнення,
Нябачаны творчы палёт!
І гэта гранітная воля
Свой гарт набыла ў барацьбе,
Дзе першая слаўная роля
Належыць, наш геній, табе.
І лепшых людзей і герояў —
Тваіх выхаванцаў, наш цвет, —
Мы дружна і з шчырай душою
Пашлем у Вярхоўны Савет.
20/ХІ 1937