epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Першы гром

Голасам моцы, ціха і важна

Гром пракаціўся ўгары.

Луг адазваўся грому працяжна,

Лес адгукнуўся стары.

 

Гай страсянуўся, дрогнула поле,

Долы той гук паняслі.

Ў гэтым раскаце чуецца воля,

Чуецца радасць зямлі.

 

Ў грукаце гэтым многа ёсць сілы,

Чуецца моц і прастор...

Першыя громы! Сэрцу вы мілы,

Люб мне ваш смех паміж гор.

 

 

Міл майму сэрцу гоман далёкі,

Водгук вясёлы і шум.

Гром ты магутны, гром адзінокі!

Колькі ўскатурхаў ты дум!

 

Моцна мяне ты клічаш на волю –

Цяжка без волі мне тут.

Кланяйся, громе, роднаму полю,

Родны вітай ты мой кут!

 

Мінскі астрог,

26/V 1910


26.05.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910