epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Першы май

Кожны год прыдае табе сілы,

Веснік новай вясны, Першы май.

Свет стары, свет гнілы, апастылы,

Адыходзь у нябыт, памірай!

 

Не табе зачыніць нам дарогі,–

Яны ўсе к камунізму вядуць:

Няма сіл у цябе і той змогі,

Каб жыццё ды назад павярнуць.

 

Няхай трумэны, маршалы, папы

          Разам з Бевінам, з Блюмам пустым

Разяўляюць звярыныя ляпы –

Гаспадарыць над светам не ім!

 

Адцвілі, палінялі ціяры,

Зʼедзен моллю стары Ватыкан.

Ні малітвы яго, ні далары

Не паднімуць сатлелы іх стан.

 

Новы подых праходзіць па свеце,

Ён старую ўсю гніль размяце.

Дык здароў жа ты будзь, майскі вецер!

          Няхай Май на ўсім свеце цвіце!

 

Кожны год прыдае табе сілы,

Веснік новай вясны, Першы май.

Дык разгорнем пашырай мы крылы:

Бур наперадзе многа – зважай!

 

27/IV 1948


27.04.1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4