– Ну, Алесь брат, – за абедам
Кажа бацька сыну, –
Годзе бегаць дармаедам,
Красці садавіну,
Таптаць сцежкі ў агароды,
Рэзацца па хаце.
Ты ўжо ўходзіш, брат, у годы, –
Колькі яму, маці?
Роднай матцы сэрца ў грудзях
Злёгку затраслося:
«Ці не хоча аддаць ў людзі?» –
Ў думках праняслося.
Сам Алесь сямігадовы,
Як ліст, скалануўся,
Бо ў той бацькавай прамове
Страх яму пачуўся.
Апусціў ён нізка вочкі,
Глыбей ў кут падаўся.
– Ну, што сціхнуў, як у прочкі
Ты ад нас сабраўся?
– Дай хоць зʼесці, адчапіся!
Вось прыстаў к дзіцяці!
Еж, Алеська, не журыся! –
Не ўцярпела маці, –
Пойме гутарку якую,
Чуць за хлеб узяўся.
– Няхай есць, ці ж я шкадую?
Бацька адазваўся. –
Еж, Алесь, чаго надзьмуўся
Ты, як мыш на крупы?
Ці ад ночы не ачнуўся?
Расплюшч свае лупы!
Глянь у вочы мне! Смялее!
Во, так! Малайчына!
Еж, бо крупнік адубее, –
Кажа ён да сына.
Паабедалі з бядою,
Спаражнілі місы.
Абцёр бацька вус рукою,
Твар і лоб свой лысы.
– Ну, дык вось што – чуеш, хлопча? –
Годзе так бадзяцца, –
Няхай качка цябе стопча, –
Трэба чым заняцца.
Згодзен пасвіць ты ўсё лета
Ў Курганах каровы?
Шэсць рублёў даюць за гэта
Ды халацік новы.
– Ой, няхай бы пабыў дома! –
Зноў гаворыць матка. –
Ну, куды ён, мал, вядома,
Рана пасвіць статка,
Толькі высахне у лыка,
Нябось, пасвіць – мука!
– Ат! Патрапіць – невяліка
Гэтая навука!
Будзеш пасвіць? – Тут у сына
Бацька запытаўся.
– Ото дзіва! – Малайчына!
Я не ашукаўся.
Ты ў мяне хлапец рахманы,
Вось люблю за гэта!
Працаваць вучыся зрана,
Ў маладыя леты.
У Алеся думак многа,
Ды ўсе думкі новы.
Твар сурʼёзны, бы ў старога,
Нахмураны бровы.
Кінуў ён гульню з сябрамі –
Трэба дбаць на хату,
Памагаць ён будзе маме,
Бацьку, сёстрам, брату.
Цяпер бацька адзін бʼецца
З ранку аж да ночы,
Так працуе, што пот льецца,
Лезуць на лоб вочы.
Гэтаксама адна маці –
Праўда, дасціпная, –
Адна ў полі, адна ў хаце,
Корміць, абмывае.
Мала з дзевак дапамогі –
Драбяза ўсё, дзеці!
Сам ён толькі, дзякуй Богу,
Жыць здужае ў свеце.
Без падмогі, сам сабою:
Ён – дзяцюк, хлапчына,
Носіць ён вядро з вадою,
Як стары мужчына!
Потым думкі непрыметна
Далей залятаюць –
Чужаніцы непрыветна
З Курганоў мігаюць.
Матка страхаў наказала
Пра жыццё з чужымі,
Як Алеся навучала,
Каб ужыцца з імі.
– Трэба змоўчыць, хоць часамі
Скрыўдзяць або ўшчуюць,
Хоць нядобрымі славамі
Злосна пажартуюць.
Будзь паслушны і цярплівы,
Не лазь у гароды,
Не марнуй ты людзям нівы,
Не рабі ім шкоды...
Адным словам, страх нагнала
На Алеся матка,
І так міла яму стала
Родная іх хатка!
Ды нічога не парадзіш,
Калі служба трэба,
Калі беднасць, як паглядзіш,
Сама просіць хлеба.
Дый Курганы не за морам –
Восем вёрст ад дому,
Над ракою, за тым борам, –
Месцы ўсе знаёмы.
Так хлапчынка разважае,
З думкамі гамоніць,
Дух надзеяю ўздымае
І трывогу гоніць.
У вузельчык вось увязан
Скарб яго убогі,
Станік тонкі падпяразан –
Жджэ Алесь дарогі.
Моцна ж сэрца забалела,
Як ён выйшаў з хаты,
Але плакаць не пасмела,
Бо йшоў збоку тата.
У ЧУЖЫХ
– Добры дзень вам, ягамосці!
– Добры дзень!.. Сядайце.
– Ну, вось я прывёў і госця,
Мал ён, выбачайце.
– Э, нічога, акрыяе,
Дый ён хлопец слушны.
Гадкоў з восем, мусіць, мае?
– Сем у Дзень Задушны.
У куточку прыхіліўся
Ціха каля лавы
І на ўсё Алесь дзівіўся,
Пазіраў, цікавы.
Глянуў ён у кут украдкам
На таго святога,
Што напісан быў з ягняткам
І глядзеў так строга.
Ён зірнуў на Мікалая
І на Юрʼя з змеем,
На святых, што і не знае
І назваць не ўмее.
За сталом былі мужчыны
І стары між імі,
У каторага маршчыны
Злеглі пад вачыма.
Лоб высокі, безвалосы,
Голы, як калена,
Вусы быццам бы йшлі з носа,
Белыя, як пена.
Пазіралі дзеці скрыва
З печы і з прымурка
На Алеся, як на дзіва
Ці якога турка.
А тым часам стол убралі
Пляшка і дзве чаркі;
Ў печы весела пішчалі,
Гаманілі скваркі.
Селі піць барыш мужчыны.
Дзед, падняўшы чарку,
Кажа: «Дай Бог толк з хлапчыны
Нам у гаспадарку!..
Ходзь, Алеська, сюды, брацік!
Бліжай, бліжай, браце!
Распраніся, скінь халацік,
Будзь як свой у хаце».
Падышла і гаспадыня,
Жвавая кабетка:
– Павесь шапачку, мой сыне!
Зʼеж от скварку, дзетка!
Будзеш дужшы, небажатка,
Пасілкуйся крышку! –
І падносіць хлапчанятку
Гарэлкі ў кілішку.
Круціць хлопчык галавою –
Піць, моў, не бярэцца;
Скварку, згробшы пяцярнёю,
Есць, аж нос той гнецца...
– Ну, сынок, служы здаровы,
Даглядай скацінку.
Будзеш дома на Пакровы...
Не нудзіся ж, сынку.
Развітаўся бацька з імі
І пайшоў дадому.
Ой, маркотна між чужымі
Хлопчыку малому!
Моцна хлопец занудзіўся
Па сямʼі, па маме,
Як бы свет тут зачыніўся
Ў гэтай нуднай яме.
Ўсё тут дзіка, нецікава,
Бы ў яловым лесе,
Кожны вугал неласкава
Глянуў на Алеся.
Ўсё не гэтак, як там, дома:
Лавы, печ старая,
Кожна рэч тут незнаёма
І яму чужая.
Ўсё – качэргі і аконцы
На нуду наводзяць,
І тут нават не так сонца,
Як там, дома, ўсходзіць.
Ды і людзі не такія,
Іншая гаворка,
І алешнікі не тыя,
Не той луг, узгоркі.
Выйшаў з хаты, прытуліўся
Пад грушаю ў полі
І так моцна засмуціўся,
Бы ў якой няволі.
На дарогу пазірае,
Што вядзе дахаты,
Што, як стужка, агібае
Цёмны лес кашлаты.
І так мілы хлопцу сталі
Родныя палеткі,
Лес, што нікнуў ў сіняй далі,
Ўзгоркі, межы, кветкі,
Хаты, гумны, варывенькі,
Цэрква на грудочку...
Эх, як міла, весяленька
У сваім куточку!
А тут хата, як адрына,
Як хлеў,– свету мала.
І надумаўся хлапчына
Даць адгэтуль драла.
Многа думаў так і гэтак, –
Не бярэ нічога!
А з палетка на палетак
Скача, йдзе дарога...
Ён назаўтра ўстаў ранютка,
Аж да ўсходу сонца,
Чуць што глянуў дзень ціхутка
Ў хату праз аконца.
Наш Алесь перахрысціўся,
Глянуў на палаці,
А там дзед той разваліўся,
Але ціха ў хаце.
Згроб свой клуначак пад паху –
Загадзя сабраўся, –
Асцярожна, поўны страху,
Да дзвярэй падкраўся
І ціхутка – стук у дзверы,
Шугануў у сені!
Сэрца білася без меры,
Трэсліся калені.
Ён кулём, як ліс у норы,
За хлявы, ў задворкі...
Заплыў месячык за горы,
Чуць мігалі зоркі.
Вось Алесь прычхаў дадому,
Стаў на прыгуменні.
Страшна ў хату йсці малому –
Гора-утрапенне!
Што рабіць тут, не згадае.
Мо назад вярнуцца?
Плача хлопчык, аж рыдае,
Слёзы так і льюцца.
Выйшла матка, плач пачула,
Бачыць – іх служака!
Матку жаласць агарнула –
Шкода небараку!
– Што ж ты плачаш? Ідзі ў хату...
Не плач, супакойся.
– Ой, баюся, мама, таты!
– Не зʼесць ён, не бойся!
Бацька ўстаў і абуваўся,
Зірк – Алесь у хаце!
Бацька толькі засмяяўся:
– Ты ўжо дома, браце?
Той калоціцца ўсім целам,
Як бы грэшнік страшны,
Думаў ён, што ў свеце цэлым
Ён – самы няшчасны.
Апусціў сваю галоўку,
Клуначак трымае,
Кулачком уціхамоўку
Слёзкі выцірае.
– Ну, што гэта за работа?
Адурэў ты, Грышка!
Ён – зусім дзіця, блазнота,
Зелен, як пурышка...
Дзе служыць яму, дзіцяці?
Ну, куды ж? Націна! –
Стала бацьку чысціць маці
І крычаць за сына.
– Мне б тут трэба раскрычацца,
Розум твой жаночы!
Брыдка будзе паказацца
Тым людзям у вочы!..
Ах, лайдак, пястун пракляты!
Лезь на ручкі к маме! –
Плюнуў бацька, выйшаў з хаты,
Стукнуўшы дзвярамі.
1910, [1928]