epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Першыя асеннія ночы

 

Ужо сонца зайшло, і тонкі дымок туману падняўся над лесам. У небе заблішчалі зоркі; павеяў халадок ночы. У вёсцы па хатах засвяціліся агні. Дзень значна паменшаў, і людзі да цёмна астаюцца на полі, пакуль не скончаць свае работы, і вось цяпер адны вячэраюць пасля цяжкае работы на полі, другія яшчэ канчаюць працу дня. Вось заскрыпеў апошні воз грэчкі. На дварэ каля гумён чуваць людскія галасы. То апозніўшыеся мужыкі кладуць на торп снапы.

Цераз гадзіну ўсё сціхае. Гаснуць агні па хатах, і ў вёсцы наступае цемень і цішыня. Толькі часамі пройдуць вуліцаю два-тры вартаўнікі, курачы люлькі або папяросы і ціха гаворачы. Месяц яшчэ не ўзышоў, а ноч даўно ўжо абняла зямлю і неба. Мільёны зорак дрыжаць і мігаюцца.

Люблю я гэтыя ціхія халаднаватыя ночы, што бываюць у канцы лета і на пачатку восені, ночы, каторымі гэтыя дзве пары года як бы адмяжоўваюцца адна ад аднае. Такія ночы бываюць у другой палавіне або ў самым канцы серпня (аўгуста) месяца. Выходзіш на двор. Неба чыстае, толькі па краях смутна-смутна чарнеюць палоскі хмарак. У адным мейсцы неба чырвона, і чуць-чуць трапечуцца бляскі агню і асвячаюць кусочак неба пры самай зямлі, пакрыты тонкім слоем далёкіх хмар. У другім, на палудзённай старане, блішчыць зарніца. Бляск не перастае ні на адну мінуту. То там, то сям вырываюцца яркія палоскі свету. Палоскі гэтыя борзда бягуць адна за адной і яшчэ барзджэй гаснуць, чуць паспеўшы на адзін момант асвяціць край неба. І ўсё гэта так скора ўспыхівае, тухне, што здаецца, як бы нейкі віхар са страшнаю сілаю раздзімае кучу вуглёў. Зарніцы запаляюцца, прападаюць. Дарма вуха прыслухіваецца да грому: усё ціха! Што гэта? Далёка-далёка бушуе недзе навальніца, і толькі адбляскі маланкі ловіць вока на краі чорнага неба. Божа! Які дзіўны абраз – адно толькі адбіцце твайго гневу!

А ноч! Што за ноч! Якая цішыня, якая цішыня! І да самага ранку, покі не стане відно, гуляюць на краі неба зарніцы. І многа кажа для сэрца і розуму чалавека гэты спакой, гэты дзіўны вобраз ночы!

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5