Песні ў полі, шум і гоман.
Ну ж і выдаўся дзянёк!
Снег на дзірах, лёд надломан,
І спявае ручаёк:
«Гэй, сябры, гэй, ручаёчкі!
Дружна разам пабягом.
Гайда, гайда ў свет, браточкі,
К тым шырокім берагом!
Людзі-волаты! Глядзеце,
Колькі гонім мы вады,
Бо яднанне — сіла ў свеце,
Хто ж дужэй ад грамады?
Мы дарогі ў полі знаем,
Не заблудзіць там вада –
Знанне – сіла! Мы гукаем:
– Гэй, за намі, грамада!
Мы імчым, мы гонім воды,
Затапілі мы брады.
Дружнасць – першы крок свабоды,
Згода — сіла грамады».
19/І 1909