epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Песня Кастрычніку

Вялік разгон,

Шырок размах

Нястрымнай гулкай хвалі.

Мы ў плынях дзён

Праводзім шлях

У сонечныя далі.

 

І што ні год

Гучней паток

Імкне пад сцяг чырвоны,

  Смялее ўзлёт,

Цвярдзее крок —

Ідуць, ідуць калоны.

 

Вядзе на бой

Іх наш стратэг,

Маяк наш, слаўны Сталін.

Шуміць гразой

Ён, наш разбег,

Імклівасць творчай хвалі.

 

Глядзім мы ў даль,

  У шыр пуцін

Без страху, без трывогі:

Краіна — сталь,

Акорд машын, —

То песня перамогі.

 

А ўсцяж граніц

Стаіць скала

Байцоў чырвонай раці.

Агні зарніц,

Узрок арла —

Ахова нашай працы.

 

Прайшла яна

Праз громы, дым

І ворагаў скрышыла.

Вайне — вайна.

Жыві, наш Клім,

Наш маршал Варашылаў!

Вялік разгон,

Шырок размах

Імклівай творчай хвалі.

У яснасць дзён

Праложым шлях.

Вядзі ж нас, мудры Сталін!

 

24/Х 1935


24.10.1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938