epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Песня аб вясне

Уцякай, мароз-дзядуля!

Чуеш ты, стары, ці не?

На пагорках — булі-гулі! —

Песні чуюцца вясне.

 

Звоніць, скача, як дзіцятка,

Гэты жэўжык-ручаёк.

На яго, бы тая матка,

Сонца кідае свой зрок.

 

А ён, гучны і смяшлівы,

Так і ходзіць, аж дрыжыць,

І другі сябрук шчаслівы

Насустрэч яму бяжыць.

 

Ты паслухай, дзед сярдзіты,

Што там чуецца ўгары?

Што за спеў за самавіты

Ў небе правяць песняры?

 

А зіма аж пачарнела —

Годзе ёй тут кросны ткаць!..

Гэй, маленства, жыва, смела

Выйдзем весну прывітаць!

 

А як слаўна каля хаткі

Нам пабегаць, пагуляць!

Ну, зіма, збірай манаткі,

Годзе нас табе ўшчуваць!

 

Маладая вясна,

Залатая пара!

Будзь красна і ясна,

Не шкадуй нам дабра!

 

Вокам маткі зірні,

Бледнасць з твару згані!

Дай уздужаць малым

Пад павевам тваім.

Мы вяночак спляцём,

Табе песню спяём.

 

[1922]


[1922]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938