epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Песня пʼянага

Выпіў, Янка, чарку ты,

Ну, мо й трохі болей,

Бо ж ты, Янка, не святы,

Не святы, саколе!

 

Пʼюць на свеце, пʼюць усе,

І ты, браце, выпіў.

Ідзеш босы па расе,

Шапку аддаў ліпе.

 

Скача Божы свет вакол,

  Мусіць, ён упіўся.

А ты, месяц, мой сакол,

Чаго ўтарапіўся?

 

Ці ты бачыш першы раз

Пʼянага Яноля?

Янка выпіў, ды не ўграз —

Піць не будзе болей!

 

Ой, падыме жонка крык —

Сцеражыся, Янка!

Эх, каб бабам не язык

  Ды не іх лаянка!

 

Не крычы ты, не крычы

На мяне, Гануля,

І мянушак не лічы,

Языка не муляй!

 

Каб ты, Ганна, ведала,

Як цябе кахаю,

Як, залёгшы ў седала,

Па табе ўздыхаю!

Ды не бойся, не шманай —

Што каму за дзела?

Там-там-там-там! та-ра-рай!

Ідзі, Янка, смела!

 

Бо ты толькі й бачыш рай,

Як гарэлкі хваціш.

Скачы, Янка, выцінай,

Покі сіл не страціш!

 

Скача Божы свет наўкруг,

Уваччу траіцца,

Лезе з плеч стары кажух,

Хоча закруціцца.

 

А ты, Янка, не зважай

На кажух падраны!

Прэч з дарогі! Уцякай,

Бо йдзе Янка пʼяны.

 

15/І 1912


15.01.1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938