Заспявай ты мне песню такую,
Каб душу мне паліла яна,
Каб у ёй ты нядолю людскую
І ўсё вычарпаў гора да дна.
Скажы, як у няволі жывецца,
Як нам шыі здушыла ярмо,
Як душа наша томіцца, рвецца,
Як жыццё прападае дармо.
А той мут, што жыццём называем,
Страсяні і да дна ўскалышы,
Няхай сэрца ў грудзях узыграе
І зазвоняць ўсе струны душы.
І каб кожны тваё пачуў слова,
І той нават, чый дух заскаруз;
Каб хіліліся з жалю галовы,
Каб затросся узбурана вус.
Заспявай жа ты песню такую,
Каб маланкай жахала яна
І паліла нядолю людскую,
Каб грымела, як гнеў Перуна.
[1910]