epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну

Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч!

 

З-пад пушчаў Палесся, з-пад Нёмана, Сожа,

З-пад Пцічы, Дняпра і Заходняй Дзвіны,

З-пад стыку са светам чужым і варожым

Прыйшлі мы, Савецкай краіны сыны.

 

Раскажам табе мы праўдзіва быліны

Аб тым, як жылі мы і сталі мы чым,

Як мы разагнулі прыгнутыя спіны,

Сагрэтыя чулым прыглядам тваім.

 

Нам новыя далі раскрыты сягоння,

Вялікія сілы сабраны табой,

І самыя мудрыя ў свеце законы

Напісаны смела тваёю рукой.

 

Сямʼёю народаў шчаслівага краю,

Табой узгадованых у барацьбе,

Свайго вызвалення мы дзень услаўляем

І песню пра шчасце прыносім табе.

 

А там, за Сулою, па той бок граніцы,

Дзе звесілі дзюбы панура арлы,

        Клянуць сваю долю, свой лёс чужаніцы

У панстве фашызму, крывавай імглы.

 

І сёння там ходзіць галеча ў лахмоцці

Пад звон набажэнства, пад голас маны,

І сёння там слёзы, нуда, безрабоцце,

Ды горкія песні, ды скаргі адны.

 

 

Загнаны ў падполле там лепшыя людзі,

На «крэсах усходніх» лютуе жандар,

За вольнае слова катуюць і судзяць,

Астрогі там поўны нявінных ахвяр.

 

Сялянскія гоні адзеты ў кайданы,

У вузкія межы ўвагнаны палі.

Гаруе там брат наш, гібее пад панам, –

Жахлівасцю вее з Заходняй зямлі...

 

А ў нас стаў квітнеючым край беларускі,

Змяніліся людзі, аблічча зямлі –

Заместа палосак, убогіх і вузкіх,

Калгасныя нівы, як мора, ляглі.

 

Заместа праклёнаў і песень тужлівых,

Што поўнілі сэрца, як горкі палын,

        Гучыць песня працы калгасніц шчаслівых,

Як гімн перамогі савецкіх жанчын.

 

Няма больш забітай нядоляй рабыні,

Заместа прыбітых балесных жанок

Стаханаўкі выраслі ў нашай краіне,

Іх ведае поле, рабочы станок.

 

Яны – трактарысткі, яны – брыгадзіры,

З іх многа у нашых Саветах старшынь.

Іх тысячы стала, адданых і шчырых,

На працы на кожнай, дзе вокам ні кінь.

 

А глянеш на поле, на лес, на даліны,

Паслухаеш гоман і шум гарадоў...

Ты стала нам роднаю, наша краіна,

Як родная партыя бальшавікоў.

 

А нашы балоты! Клялі іх калісьці,

Сягоння – наш скарб яны, спраўджаны сон.

Сягоння там жыта, з якога не выйсці,

Мурожныя травы, каноплі і лён.

 

А нашы дарогі! Праз немарач, нетры

На радасць людскую, як стрэлы, ляглі.

 

Гудуць правады над шляхамі ў паветры,

Што жыць стала добра на нашай зямлі.

 

Маўчаць урачыста лясы і курганы,

Хаваючы былі пад шатамі хвой.

Хадзілі калісьці сюды партызаны,

На смерць не глядзелі, кідаліся ў бой.

 

І многа палегла адважных герояў

У бітвах з панамі па выспах балот.

Шумяць аб іх долі кашлатыя хвоі,

Ды верас ружовы іх славіць паход.

 

Загоены раны, сляды ліхалецця,

Руінаў, пагромаў, пажарышч сляды.

Растуць і буйнеюць у сіле, у цвеце

Калгасы, саўгасы і гарады.

 

А нашы граніцы бетонам заліты,

Мы чуйна вартуем савецкі фарпост.

Няхай жа памкнуцца фашысты-бандыты –

Касцямі палягуць яны на пагост!

 

У зімнюю сцюжу, у летнюю спёку

Як дні, так і ночы наш слаўны дазор

        Не зводзіць з граніцы арлінага вока,

Не ўтояць шпіёна ні дзебры, ні бор.

 

І мірныя людзі – іх сотні імёнаў –

Вартуюць нядрэмна свае рубяжы.

А ў часе трывогі паўстануць мільёны,

І вораг не пройдзе савецкай мяжы.

 

Мы ўсе згуртаваны адзінаю воляй,

Адзіным пачуццем, жаданнем адным.

Не верне былога ніхто і ніколі,

У прах яно пала і знікла, як дым.

 

 

  * * *

 

А было нядаўна, а было калісьці,

Калі мы з зямелькі не мелі карысці, –

 

На абед была нам лебяда з мякінай,

А далей – магіла пад сухой асінай.

 

На палетках – межы, між народаў – межы,

Па ўсёй Беларусі – глушыні мядзвежай –

 

Папалам дзялілі, пад адным прымусам,

Гора і галечу яўрэй з беларусам.

 

Яшчэ сёння глянеш – курганы, магілы –

Сведкі даўніх боек варожае сілы.

 

Біўся кароль шведскі на нашых загонах,

Біўся з рускім царам за троны, кароны.

 

Тут палі таптала войска Банапарта,

Тут жыццё людское ставілі на карту.

 

Ішоў год за годам, ішоў век за векам,

А мы пад няволяй, пад вячыстым здзекам.

 

Паны і жандары ды ксяндзы з папамі

На шыях народных селі груганамі,

 

А яны заўсёды катаваць умелі,

Ад святой нядзелі да святой нядзелі.

 

Бізуны і розгі жудка секлі плечы,

І нагайка секла, і ланцуг калечыў.

 

Яснага прасвету ад радзін да смерці

У жыцці не зналі ні бацькі, ні дзеці.

 

Не раз бунтаваўся народ супроць катаў,

Паўставаў і нішчыў палацы магнатаў.

 

Нам жа знішчыць катаў не хапала сілы,

Зноў паны-магнаты гналі у магілы.

 

Сіроты і ўдовы пралівалі слёзы

На лясы сухія, на ніцыя лозы.

 

 

Гэтак вёсны, леты, восені і зімы

Гора песні пела на зямлі радзімай.

 

Гора песні пела, пела, не сціхала,

Ды як бы нядолі было людзям мала.

 

Грымнулі гарматы у нядобрым часе,

І дымам-пажарам зямля абвілася.

 

Пайшло спусташэнне, пайшло зніштажэнне,

Беларусь загразла ў крыві па калені.

 

Бежанцамі людзі пабрылі па свеце

Шукаць па дарозе голаду і смерці.

 

І гінулі марна без хаты, без хлеба,

І думалі людзі, што гэтак і трэба.

 

А вакол агнішчы, а вакол атрута,

Брат страляе брата, звярʼё вые люта.

 

Бліндажы, акопы зрэзалі краіну,

Валяюцца трупы побач бацькі з сынам.

 

Груганы на полі падбіраюць косці,

Груган заклікае гругана у госці.

 

Канаюць салдаты ў разні крывавай,

Паны-генералы падбіраюць славу.

 

Вырастае сіла гневу над сусветам –

І прыйшоў Кастрычнік, і прыйшлі Саветы.

 

Але на Саветы рынуліся зграяй,

Зноў нядоля вісне над гаротным краем.

 

І паны-нацдэмы з «высокае рады»

Рады, што германцы захапілі ўладу.

 

Пішуць лісты, пішуць нямецкаму цару:

– Заставайся, цару, у нас гаспадарыць.

 

 

Народ беларускі аддаем да скону

Ураздроб і оптам пад тваю карону.

 

Потым Бела-Польшча жаўнераў нагнала,

Князі і магнаты ды графы навалай

 

Рынуліся ў бітву, на нашае гора,

Ваяваць за Польшчу «ад мора да мора».

 

Зноў загаласілі мястэчкі і сёлы,

Гарады замёрлі, жудасць, смерць вакола.

 

Вісельні скуголяць, грукацяць расстрэлы,

Пагром за пагромам, свет у дыме белы.

 

Кіеў у пажары, і Менск у пажары,

Чыняць суд-расправу польскія жандары.

 

Ой вы, пушчы нашы, ой ты, наша поле,

Вы яшчэ не зналі гэткай горкай долі!

 

Але банду белых панскіх легіёнаў

Выгнала адвага Арміі Чырвонай.

 

Сцяг чырвоны ўзвіўся над Менскам-сталіцай, –

Годзе табе, пане, у нас весяліцца!

 

І ўцякала зграя паноў да Варшавы,

У нас збаляваўшы свой банкет крывавы.

 

І ўздыхнуў свабодна край наш яснай доляй,

Подлым акупантам не вярнуцца болей!

 

 

 

  * * *

 

Цяпер прыгадаеш былую навалу,

Дык сам застанешся ўспамінам не рад:

У вёсцы маленькая кузня стаяла,

У мястэчку стаяў саматужны варштат.

 

Быў бровар у пана, была сыраварня,

На беразе рэчкі кулацкі быў млын.

Чарнелі ў лясах адзінока смалярні,

Ў слабодках гібелі майстэрні аўчын.

 

Былі ў нас руіны, як помнікі часу,

Бядняцкая шыя была для ярма.

        Была ў нас індустрыяй – фабрыка квасу,

А фабрыкай гневу – была ў нас турма!

 

Прайшлі беззаконня крывавыя годы,

Мы гордыя славай сваіх перамог.

І рокатны гул новых фабрык, заводаў

Зліваецца з песнямі новых дарог.

 

Пад Оршай на чорных балотных прасторах

Збудован БелДРЭС, і, заместа лучын,

Ён ходзіць па хатах – святло сваё дорыць,

Ён – сіла матораў, ён – сэрца машын.

 

Пад Гомелем высіцца гмах шклозавода,

У Гомелі вырас магутны «Сельмаш» –

Работа руплівая дзвюх пяцігодак, –

І ордэнам Леніна край ззяе наш.

 

Лясоў у нас многа, і робім мы з дрэва

Цудоўны, вясёлкавых колераў шоўк.

Здабыты працоўнымі скарб Магілёва

У нашу індустрыю горда ўвайшоў.

 

Лясоў у нас многа, і мы збудавалі

Ў Бабруйску сусветны лясны камбінат.

        Дзе курныя, бедныя хаты стаялі –

Паставіў ён тысячы сонечных хат.

 

Лясоў у нас многа, і стала, як звычай,

Што горад Барысаў, за якасць работ,

За скрынкі сваіх першакласных сярнічак

Сцяг славы здабытай нясе з году ў год.

 

У Рэчыцы, Віцебску, Менску – усюды

Дзесяткі заводаў уведзены ў строй.

Як дзіўнаю казкай, як сталінскім цудам,

Валодаем тэхнікай перадавой.

 

У Крычаве горамі крэйда ляжала –

Там намі збудован цэментны завод.

А ў нетрах зямлі беларускай нямала

Яшчэ неразведаных новых парод!

 

Наш торф – гэта буйных багаццяў скарбніца:

І спірт, і апал, і ўгнаенне, і газ;

Наш торф – энергетыкі нашай крыніца,

І торф – матэрʼял будаўніцтва у нас.

 

Квартал за кварталам растуць камяніцы.

Былое правінцыі гінуць сляды.

Наш Менск стаў сапраўднай культурнай сталіцай.

Растуць у рэспубліцы ўсе гарады.

 

Старога мястэчка даўно не спаткаеш,

Дзе гора брыло ад варот да варот.

Мы спадчыну ўпартаю працай змяняем:

Дзе кузня чарнела – сягоння завод.

 

За прасніцай болей не слепяцца вочы,

Як гэта заўсёды было на вяку.

Адзеты калгаснік, адзеты рабочы,

Дзяўчатам на свята хапае шаўку.

 

Шавец і кравец, і ліцейшчык, і столяр,

І слесар, каваль, і друкар, і гарбар –

Іх цэх, як святліца, там сонца даволі,

Там кветкі, там болей не знаюць ахвяр.

 

Прамову тваю, правадыр наш, мы помнім

Пра ўзняты вялікі стаханаўскі рух.

Мы кожнае слова прачулі, і сёння –

Адзін вырабляе, што некалі ўдвух.

 

Рушко, і Гунько, і Арэстаў, і Зубаў,

І Гладышаў, Мельнікава і Харнас –

        І многа іх лепшых, настаўнік наш любы,

Твае гэта вучні – героі між нас.

 

Таварыш Вілетнікава і Слесарова,

Еўсюціна, Розенберг, Туфар, Скабло –

 

Паэты ім дораць гарачае слова,

Ім славаю яснае сонца ўзышло.

 

Стаханаўскім стала жыццё маладое,

Стаханаўцы – дочкі твае і сыны.

Растуць з камсамольскага племя героі,

Растуць з піянерскіх атрадаў яны.

 

Растуць нашы сілы за працаю плённай,

Не вырве ў нас вораг наш сталінскі руль.

І неба ў нас крэпасць сваёй абароны,

І ў небе ў нас ходзіць крылаты патруль.

 

Адважны і пільны ўзлятае высока,

Краіну сваю аглядае штодня –

І цешыцца сэрца, і цешыцца вока:

Якое раздолле, прастор, шырыня!

 

  * * *

 

Разліліся ляны ў полі возерам сінім,

Ячмянямі красуюць, шумяць балаты.

        Каласамі густымі наўсцяж па краіне

Узрастаюць пшаніцы, аўсы і жыты.

 

Спеюць поўныя соку купчастыя грэчкі,

Па садах палымнее вішнёвы пажар.

Як далёка яны – дні тугі і галечы,

Пра якія спяваў не адзін наш гусляр.

 

Беларускі мужык чалавекам стаў звацца,

Ён пазбыўся навечна нядолі шнуроў.

Мы за год ад зямлі маем столькі багацця,

Колькі мелі раней за дзесяткі гадоў,

 

Бо прыйшлі на палі трактары, як асілкі,

Здзірванелыя нівы плугамі падняць.

За сабою жняяркі вядуць і касілкі

І машыны, што бульбу садзіць і капаць.

 

А машыны працуюць і спорна, і дбайна,

Досыць сіл над сахою паклаў чалавек.

Горда полем шырокім праходзяць камбайны,

Ручаіны зярнят паплылі у засек.

 

Людзі нашых калгасаў растуць з кожным годам,

Многіх ведае сёння Савецкі Саюз,

        Атрымалі з іх семдзесят тры нагароду –

Ордэны за выдатную працу сваю.

 

Пра іх новыя склалі быліны і песні,

Наша гордасць сягоння яны і краса.

Вось Клішэвіч Васіль, брыгадзір на Палессі,

Трыццаць цэнтнераў даў нам з гектара аўса.

 

І нямала такіх па брыгадах і звеннях

Працавітых майстроў пладавітых зямель.

Засявае за змену таварыш Рудзеня

Адным трактарам семдзесят га канапель.

 

Спорна праца ідзе у калгасным парадку,

Узаралі апошняй вясной як адзін

Трактарыст Ахрамовіч, Пятровіч, Аладка

Па трынаццаць гектараў за дзесяць гадзін.

 

Сэрца наша жаданнем такім апавіта:

Працаваць, каб пазнаць усю радасць жыцця.

Так працуе таварыш Батоўкін Мікіта,

Спрактыкованы конюх з калгаса «Акцябр».

 

У сваёй гаспадарцы, не знаючы страты,

Ён наладзіў такі клапатлівы дагляд –

        Сорак шэсць у калгасе яго конематак,

Сорак шэсць ён гадуе ад іх жарабят.

 

А Ражкоў? – Аб ім гоман ідзе па краіне!

За сто трыццаць гадзін, як хвіліна адна,

На трапальнай электраматорнай машыне

Даў шэсць тысяч семсот кілаграм валакна.

 

Стаў вясёлы той кут, дзе раней галасілі,

Дзе палын з крапівой мог спакойна расці.

Толькі частку вялікай мы працы зрабілі,

Але вёскі забітай нідзе не знайсці.

 

Вёскі той, што была нам пакутай вякамі,

Дзе жылі заадно і святы, і вядзьмак,

У якой мы былі жабракамі, рабамі,

У якой панаваў-гаспадарыў кулак.

 

Адыходзіў ён з боем пад націскам нашым,

Нападаў спадцішка, і паліў, і страляў.

Мы зламалі яго сваім ладам калгасным,

Нам навечна аддадзена наша зямля.

 

Мы багатыя хлебам, і мясам, і рыбай,

І па трубах да хат прыбягае вада.

        Зашумелі сады каля новых сядзібаў,

Пчолы рояцца спорна па нашых садах.

 

Многа новых раслін мы ў рэспубліцы маем,

Цвет мічурынскіх яблынь над краем павіс.

Вінаградныя лозы з паўднёвага краю,

А з усходняга краю прыйшоў кок-сагыз.

 

Ходзяць нашы каровы, авечкі гуртамі,

І штогод усё большы прырост маладых.

Коні сытыя горача бʼюць капытамі,

Першы маршал нам скажа – мы сядзем на іх.

 

Мы заможнымі сталі з калгаснага ладу:

Масла, сыр, каўбаса і віно сваё ёсць.

Усяго на стале, і мы шчыра так рады,

Калі хату з дарогі наведае госць.

 

У часы адпачынку ў запале нястрымным

Маладосць весяліцца, аж хата звініць.

Ад душы табе скажам, наш Сталін любімы,

Як добра, як весела сёння нам жыць.

 

 

 

  * * *

 

Стала светлай, пісьменнаю наша краіна,

Забабонаў і прымхаў мы скінулі груз.

        І не крыжык – адзнаку пакуты і кпінаў, –

А пісьмо табе піша цяпер беларус.

 

Сёння сотні сярэдніх, дзесяткі вышэйшых

Навучальных, даследчых у нас устаноў.

Маладосці на свеце няма шчаслівейшай,

Як у нашых шчаслівых дачок і сыноў.

 

У прасторныя, чыстыя, новыя школы

Яны кожную раніцу дружна ідуць,

Многа іх – белакурых, чарнявых, вясёлых, –

Тваё светлае імя у сэрцах нясуць.

 

Галасы іх гучаць разнастайнаю мовай:

Тут яўрэі, палякі і латышы.

Тут жыве беларускае, рускае слова,

А пачуцці адзіныя ў кожнай душы.

 

Беларускую мову трымалі ў загоне,

Каб народ не пазбыў нематы і бяды...

З намі гэтаю мовай гавораць сягоння

Маркс і Энгельс, і Ленін, і ты, правадыр!

 

Мы расцілі яе клапатліва, надзейна,

За яе правялі мы з нацдэмамі бой.

        І даступнымі сталі нам Пушкін і Гейне,

Руставелі і Горкі, Бальзак і Талстой.

 

Гэтай мовай друкуюцца кнігі, газеты,

У мільёнах ідуць у сяло, ў гарады.

Гэтай мовай пісьменнікі нашы, паэты

Табе славу пяюць, дарагі правадыр.

 

Мы скарбніцы народнай культуры збіраем,

Мы багацце даўнейшых легенд беражэм,

Пра сучаснае новыя казкі складаем,

Пра жыццё наша новыя песні пяем.

 

У народаў рэспублікі – клубы, тэатры,

Велізарнейшы лік самадзейных гурткоў,

Кінафабрыка, паркі і здольныя кадры

Песняроў, кампазітараў і мастакоў.

 

Узрасло дзесяць тысяч работнікаў плённых:

Інжынеры і тэхнікі – фабрык майстры,

 

Трыццаць тысяч настаўнікаў, сотні вучоных,

Аграномы, асветнікі і дактары.

 

На вышыні навукі, з кайданаў раскутай,

Узняліся народы краіны цяпер, –

        Навуковыя маюць свае інстытуты

На чале з Акадэміяй БССР.

 

 

 

  * * *

 

Мы поспехі нашы ў баях здабывалі,

Да радасці партыя нас прывяла,

Вучылі вялікія Ленін і Сталін,

А дружба народаў нам сілу дала.

 

Разбіць ланцугі і пазбыцца былога

Нам рускі рабочы, як брат, дапамог.

І наша краіна з братэрскай падмогай

Няспынна да новых ідзе перамог.

 

Яна ўпершыню расцвіла як дзяржава,

Ад шчырага сэрца удзячна табе,

Бо ты даў ёй гэта законнае права,

Бо ты ўзгадаваў і стварыў КП(б)Б.

 

Тут вучні твае нам яе узрасцілі,

Тут Фрунзе змаганне за партыю вёў,

Яднаў Кагановіч у Гомелі сілы,

У Віцебску сілы згуртоўваў Яжоў.

 

А гэтая партыя воляй адзінай

Здзяйсняла нязменна указы твае,

        І наша балотна-лясная краіна

Сягоння ў чароўнай красе паўстае.

 

І нашай з народамі братнімі дружбы,

Што гора былое змяла ў небыццё,

Клянемся: ніколі ніхто не парушыць,

Яна – наша сіла і наша жыццё.

 

Калісьці, яшчэ у падполлі глыбокім,

І Ленін, і ты гэту дружбу каваў,

Праз цемру гадоў тых празорлівым вокам

Савецкіх рэспублік саюз аглядаў.

 

Народы сумесна прайшлі праз віхуры,

Сумесна сустрэлі свой радасны час.

І ад Негарэлага аж да Амура

Злучыла радзіма вялікая нас.

 

За гэту радзіму Кацельнікаў згінуў...

Яшчэ нават стрэл над зямлёй не заціх,

З заходняй граніцы Савецкай краіны

На ўсход адʼязджае Георгій Чэрных.

 

Радзіме байцы нашы шчыра адданы,

І ворагі моц іх паспелі адчуць.

        Чырвонаармейцу любоў і пашану

І песню адвагі народы нясуць.

 

Ні пядзі нікому зямлі не дадзім мы,

Ад ворагаў кожны вяршок адстаім!

Усім нам насустрач выходзіць радзіма

З вялікім і шчодрым багаццем сваім.

 

Яна надзяляе нас працай і славай,

Яна – гэта мужны, адважны народ,

Яна беражэ чалавечае права

На працу, на радасць, на творчы палёт.

 

Агні бальшавіцкіх ідэй, як сузорʼі,

Усходзяць над светам і свет абнялі

І свецяць нізінам, узгорʼям, прыморʼям,

Як новае сонца шчаслівай зямлі.

 

Ты, мудры настаўнік, між геніяў геній,

Сабраў у вянок іх, у золак адзін.

Твая Канстытуцыя – сцяг пакаленняў –

Ўзнімае народы нявольных краін.

 

Усё, аб чым марылі людзі і снілі,

Прыбітыя гнётам, пракляццем старым,

        Ў Савецкім Саюзе зʼяўляецца быллю,

І нашае шчасце мы свету дарым.

 

Твой вобраз, як покліч, устаў над зямлёю,

Заве пераможна ісці ў барацьбе.

Мы ўсе ля Крамля нашым сэрцам з табою,

І першая думка у нас – пра цябе.

 

Ты сонца для нас, што зямлю асвяціла

І ласкай сагрэла палі, гарады.

Ты рэк паўнаводных імклівая сіла,

Празрыстасць крыніц – дарагі правадыр.

 

Праз тры рэвалюцыі, бойкі, паўстанні

Ты вёў разам з Леніным нашы рады...

Ты нашых садоў і палёў красаванне,

Ты наша вясна – дарагі правадыр.

 

Табе – наша радасць, любоў і адданасць,

Табе – пяе славу сусветная шыр.

Вядзі нас, любімы, табой мы зʼяднаны,

Ты наша жыццё – дарагі правадыр.

 

Ураду вялікай Краіны Саветаў

І партыі, даўшай нам шчасце і мір,

        За гонар, за веліч людскога расцвету

Падзяку прымі –дарагі правадыр.

 

Хай смутак вачэй тваіх добрых не росіць,

Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход...

Прымі прывітанне, якое прыносіць

Табе, правадыр, беларускі народ.

 

 

Пісьмо падпісалі 2 мільёны працоўных Савецкай Беларусі.

Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну ў вершах пераказалі паэты:

 

Янка Купала

Якуб Колас

Андрэй Александровіч

Пятрусь Броўка

Пятро Глебка

Ізі Харык

 

25 мая – 5 ліпеня 1936

 

[1936]


[1936]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4