epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Покліч

Гэй, чуеце, хлопцы? Дзе вы, адкажэце?

Развеяны ветрам па беламу свеце.

 

Па ўсіх вы куточках маўчком распаўзліся,

Ад думак даўнейшых сваіх адракліся.

 

Забылі вы песні пра вольную волю,

Змаганне за шчасце, за лепшую долю.

 

Адспевана песня, бясследна прапала,

Бо хлеба скарынка язык вам звязала.

 

І нізка прыгнула вас першая бура,—

Ацесліва, хлопцы, знаць, ваша натура.

 

І тыя ярэмʼі, што вы асмяялі,

Вы зноў жа пакорна на шыі паклалі!

 

Ці чуеце, хлопцы?.. Адказу не маю

І вечны пакой у турме вам спяваю.

 

 

19/Х 1909


19.10.1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910