epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Польскім ка́там

Польшча панскае «культуры»,

Польшча — «бляск» Еўропы —

Залівае турмаў муры

Кроўю «хамаў-хлопаў»!

На намыленай вяроўцы —

Новы «цуд» Варшавы —

Строяць мудрасць сваю змоўцы,

Ладзяць баль крывавы.

Страх, трывога ў панскім сэрцы:

Вецер дзьме усходні, —

І рыхтуюць крыважэрцы

На усход паходні.

Рып і скрогат надмагільны

На астрожных брамах,

Кат ваенны і цывільны...

Кроў... Магілы... Ямы...

Варʼяцее ў дзікім шале

Бельведэрскі рыцар.

Часы жудасці паўсталі,

Бы ў век інквізіцый.

Кропка ў кропку, слова ў слова,

Не змяніўшы моды,

Ідуць следам Мураўёва

Панства ваяводы.

Па засценню — здзек, расправа

Дэфензіўных катаў...

Гонар, пан Пілсудскі, слава

Панскім тваім пятам!..

Гром арганаў у касцёлах,

Набажэнства ксендзаў,

А па местах і па сёлах

Бродзіць голад, нэндза.

Ходзіць крыўда з хаты ў хату,

Сее помсту-злобу

І куе, рыхтуе ка́там

Гвозд у вечка гроба...

Непакой у панскім сэрцы —

Час іх сходзіць, гіне.

Не спыніць вам, крыважэрцы,

Бальшавіцкай плыні!

 

18/ХІІ 1931


18.12.1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938