epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Позна. Восень агаліла..."

* * *

 

Позна. Восень агаліла

Усе дрэвы і кусты;

І вятрамі пазнасіла

Іх пажоўклыя лісты.

 

І стаіць лес сірацінай,

Глуха, глуха ён шуміць,

Як над голай верхавінай

Вецер злосны праляціць...

 

Туманамі апавіта

Даль разложная палёў;

Туга нейкая разліта

Ў дробных кропельках дажджоў.

 

І аб чым ён так трывожна,

Гэты дождж, бубніць, бубніць?

Пра каго, пра што заложна

Усю ночку гаманіць?

 

Ці аб тым, што скора, скора

Землю снег акрые, лёд?

Ці ён мне на злосць і гора

Кажа: «Зноў мінуўся год!»

 

 

22/Х 1913


22.10.1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938