epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Позняя восень

 

Апусцела поле. Работы на ім даўно скончаны. Пуста і гола ўсюды, толькі маладое жыта адно зелянее ў полі і рэзка выдзяляецца сярод мёртвага вобраза асенняга часу. Пачарнеў шырокі луг; адны толькі парыжэўшыя фігуры стогаў з востраю жэрдкаю ўверсе раскінуліся па грудах і нудна пазіраюць у неба. А само неба, закрытае сівымі хмарамі, так хмурна і непрытульна глядзіць на зямлю і шчыра сее дождж, як слёзы нягоды.

Чорны лес шуміць беспрастанку, калыхае сваімі голымі верхавінамі, размахівае лапамі і сцёбае галінаю галіну. Неспакойны сярдзіты вецер вее як дзень, так ноч, падымае мокрае жоўтае лісце, разносіць яго па полі, усцілае ім дарогу і гоніць хмары за хмарамі і заліваецца нуднымі песнямі ў коміне мужычае хаты, як бы просіць ён там сабе прыпынку або хоча выдуць з хаты жменьку цёплага духу. Глуха шуміць голая вярба над страхою і вокнамі.

Глуха і пуста на дварэ; хоць бы дзе голас чалавечы, хоць бы крык птушкі... Адны вароны і галкі жаласна крычаць і кружацца над апусцеўшым полем.

Няхай бы, здаецца, закрываў скарэй снег гэту мокрую зямлю, гэту гразь і плюхоту!..

 

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5