epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Прапаў чалавек

I
II
III
IV


I

 

Каля карчмы шум і гоман,

Зык сялянскіх галасоў.

І, здавалася, сам Нёман

Змоўк, каб сцяміць колькі слоў,

І каціўся гэтак плаўна,

Поўны, звілісты, як змей,

Агібаў узгоркі спраўна,

Потым зноў бег спакайней.

І ніколі не маўчала

          Гэта мора-грамада.

Тут і радасць месца знала,

Уздыхала тут бяда.

Як рой пчол, гулі мужчыны,

Гаманілі аб зямлі,

Разбіралі ўсе навіны,

Ўсе інтэрасы вялі.

Ды і то сказаць: ніколі

Дня спакою не было –

Ці то выпадак у полі

          Калыхаў падчас сяло,

Ці то ў лесе з кім здарэнне

Наконт пашы або дроў,–

Ўсё будзіла разуменне

Бедакоў-гаспадароў.

Толькі ў гэты раз трывожна

Нейк шумела грамада.

Зразу сцяміць было можна,

Што тут вынікла бяда.

 

Адзін селянін

 

Ой не, хлопцы, набок жарты –

          Рудзік мой выў нездарма!

Хоць вазьмі ды кінь на карты:

Трэці дзень яго няма!

Каб, крый Божа, утапіўся,

Дык няпраўда – ўжо б усплыў.

Можа хіба ў корч забіўся

Ці загнала дзе пад плыт.

 

Другі селянін

 

А мо хто забіў, глядзеце,

На Яхіма меўшы злосць.

Нешта нейкае тут ёсць,

Людзі ж розныя на свеце!

 

Трэці селянін

 

Ці доўга забіць чалавека?

Як грушу звярзці на вярбе:

Свіснуў па лбе – і канец табе!

Знойдзецца гэтакі дока, умека.

Між людзьмі, як ніколі,

Развялося брыды,

І лаві, шукай ветру ў полі –

Умеюць замесці сляды!

 

 

 

Стары Юрка

 

Не, Матэва! Не, браток,

        Знойдзецца след, галубок!

Будзе праўда ўся раскрыта,

Як яе ні замятай:

Хоць вадой яна заліта,

Але, браце, памятай –

Усплыве наверх яна,

І не будзе патайна!

 

Соцкі

 

Ды што тут мянціць языкамі,

З пустога ў парожняе ліць?

На Нёман хадзем з бусакамі,

        Каму гэта справа баліць!

Усё адзін чорт:

Памёр той Гаўрыла

Ці скула яго задавіла,

Агледзець жа трэба хоць норт.

 

Першы селянін

 

Да хоць бы якія канцы нам у рукі,

Ці гэтак, ці так.

Прапаў, небарак,

А жонцы пякельныя мукі.

Сказаць бы, за светам

          Быў выпадак гэты,

Не так бы і крыўдна было.

А тут, як на зло,

На людзях прапаў у сяле...

 

Другі селянін

 

Цікавасць з ім, братцы, але!

Гамоняць мужчыны,

Шукаюць прычыны,

Дзе мог бы падзецца Яхім.

Варожаць ды судяць.

Узрушаны людзі

                  Здарэннем ліхім.

 

 

II

 

Ля Яхімавае хаты

Дзве кабеціны сядзяць.

Змучан горам твар Агаты,

Вочы смутна так глядзяць.

На руках дзіця малое,

Двое большых па баках.

 

Цётка Наста

 

Вось дык ліха насланое!..

Ды мо вернецца, дасць Бог.

Так Агату разважае

          Цётка Наста і сама

Мала ў гэтым веры мае.

 

Агата

 

Ой не, цётачка! Няма,

Як відаць, жывога ў свеце.

Тыдзень часу, пасудзеце.

Як пайшоў у чацвер з дому, –

Тут жа блізенька зусім, –

І няма і невядома,

Дзе ён, бедны, і што з ім.

Хоць бы ведаць, што з ім стала, –

          Не адхіліш ты бяды, –

Жаласць сэрца б так не рвала,

Менш гадалася б тады.

 

Цётка Наста

 

Так, галубка, на ўсё воля Божа,

А было б лягчэй.

А нудота гэта – што яна паможа?

Толькі душу муціць, толькі сэрца гложа,

Не самкнеш вачэй.

Так, Агатка. А свайго ж мы лёсу

Не мінём ніколі:

          Смерць усюды знойдзе, прыйдзе безгалоса,

Замахнецца нагла, натачыўшы косу,

Ці дома, ці ў полі.

 

Агата

 

Так то так, ды нелюдская

Доля выпала яму!

Дзе душа яго блукае?

Хто па ёй паспагадае?

Каму ходзіць то, каму?

Ну, знайсці б хоць нежывога

Ды па-людску пахаваць.

          Ох, Яхімка, ох, нябога!

Дух твой будзе смуткаваць

Без прытулку, без магілы.

Ды што зробіш, Божа мілы!

І Агата раз дваццаты

Пачынала свой расказ,

Як Яхім выходзіў з хаты

У астатні свой той час.

 

Агата

 

Стаў ён хмурны, задуменны,

Як бы нешта ўсё таіў.

        Твар зрабіўся, бы каменны,

Думку нейкую насіў.

А да працы быў ахвочы,

Рук ніколі не складаў,

З ранку тупаў аж да ночы

І ў самоце штось гадаў.

А паглядзіць – недахватка,

Беднасць лютая ва ўсім:

Хлеў някрыты, бедна хатка,

А падправіць няма чым.

        А ўсё гэта не давала

Нават беднаму і тхнуць.

«Кінь, Яхім,– скажу, бывала. –

Дасць Бог, дзеці падрастуць,

Сяк-так будзем жыць, – кажу я, –

Дык што нудзіцца дарма?»

А ён нават бы й не чуе,

Непакоюся сама.

Ўрэшце стаў ён забывацца:

Ідзе, спыніцца, стаіць.

        Аж нейк стала я баяцца –

Розум штось яму труіць.

Успароўся яшчэ цёмна,

Плыт пайшоў ён прыбіраць.

І людзей шмат каля Нёмна,

А плыты, як мост, стаяць.

Вось і вечар, я чакаю,

А яго няма й няма.

Што тут думаць, не згадаю,

Бы глынула яго цьма.

        А няйначай – ў задуменні

Аступіўся ён, упаў

Ды пабіўся аб бярвенне,

Бо дзе ж дзеўся б ён, прапаў?

 

Цётка охнула глыбока,

Азірнулася кругом

І слязу абцерла з вока

Шорсткім зрэбным хвартухом.

 

 

III

 

Гоман, вохі і здзіўленне

Непакояць больш сяло:

          «Ось праява! Ось здарэнне!» –

Толькі й гутаркі было.

Больш за ўсіх жанкі трашчалі

І адна перад другой

На праяву выкладалі

Меркаванні, погляд свой.

 

Цётка Магда

 

Ну, няйначай, як забілі

І засунулі пад плыт.

Хлёрка сёлскі, гаварылі,

На яго даўно сярдзіт.

        Гэты довад разбіваўся.

 

Жанкі

 

Каб забілі, Магда, знай,

Хоць які б, а след астаўся,

Як канцы тут ні хавай.

Не камар жа ён, не голка,

І астаўся б нейкі знак.

Што плясці дарма, саколка?

Тут яно было не так!

 

Тацяна

 

Ой, сястрыцы! Мне здаецца,

Што ён проста кінуў дом

        І цяпер мо дзе смяецца, –

Верыць нельга ім, гадом!

 

Ды Тацяну ўняў Сымонка,

Яе дзядзька, і падцяў:

– Каб ты была яго жонка,

Ён даўно ўжо б маху даў.

 

Тацяна

 

Твой язык мне ў косці ўеўся!

Ото, дзядзька, як малы!

Ну, то дзе ж бы ён падзеўся?

 

Дзядзька Сымон

 

На той свет пагнаў валы.

 

А тым часам пра Яхіма

Байкі ходзяць па сялу,

Быццам ён у дзеда Кліма

Сядзеў з люлькай на калу,

Апусціўшы на плот ногі,

На сяло трос кулаком.

 

Цётка Юста

 

Ой, не быць дабру, нябогі,

З тым Яхімам-дзіваком!

Наводзіць ён чары –

Не было б пажару!

          У другім канцы хадзілі

Чуткі іншыя зусім:

Гаварылі-гарадзілі,

Што апоўначы Яхім

Па сцяне ўзлез на званіцу,

У хаўтурны званіў звон,

Йшоў на могілкі ў капліцу

І літанне правіў ён.

А другім Яхім прысніўся,

І дзіўны быў адзін сон:

          З хаты ў хату чмут насіўся,

Як чаўнок каля красён.

Сон дзіўны прысніўся Ганне.

Так расказвала яна.

 

Ганна

 

Ось, здаецца, на змярканні

Едзем з Пётрам мы з млына.

Толькі мы ставок мінаем,

Бачым – ён! Ківае нам.

  «Гэта ты, Яхім?» – пытаем.

«Я,– адказвае,– я сам!»

        І такі, нябож, ён смутны,

Такі змучаны, худы.

Просіць голасам пакутным:

«Выньце вы мяне з вады!

І душы спакой вы дайце!»

Так і кажа ён, бядак:

«Ды па-людску пахавайце.

Смокча мяне ў вадзе рак,

Жвір мне вочы засыпае,

Чараты растуць на мне,

          І вартуе ноч сляпая,

Лёгшы каменем на дне».

 

З захапленнем, з заміраннем

Сон той слухалі жанкі.

Не было канца ўздыханням:

«Ой, пакутнік жа які!»

І ў страшэнным абурэнні

На мужчын валіць пайшлі,

Бо даўно б яго знайшлі,

Каб на грош таго хацення.

        А ён, бедны, мокне ў яме,

І ядуць яго ракі.

І жанкі ўзяліся самі

Цела вызваліць з ракі.

 

– Жаначкі! – Антоля кажа, –

А вы ведаеце што?

Вось я знаю, хто пакажа

Нам Яхіма! – Ану, хто?

 

Антоля

 

Трэба міску ўзяць, сястрыцы,

Свечку ў місцы запаліць,

Што свянцаюць на Грамніцы,

І ў ваду яе пусціць.

Але толькі трэба зрання

Гэта, любачкі, зрабіць...

І дзе міска з свечкай стане,

Там ён, бедны, і ляжыць.

 

 

IV

 

Яшчэ добра змрок не згінуў,

Чуць гарэў усход нябес,

І агністы бляск раскінуў

На узгоркі і на лес,

          А жанкі ўжо чарадою

Удоўж Нёмана ідуць

І з свянцонаю вадою

Свечку ў місачцы нясуць.

У жанок аж сэрца бʼецца.

Нейкі страх на іх напаў,

І страх гэты ўсім, здаецца,

Языкі ім завязаў.

Вось і гак і плёс адкрыты,

А за гакам – чорны вір.

          Нёман коціцца сярдзіта

Ды на дне ганяе жвір,

Круціць, верціць, як шалёны,

Ажно леечкі бягуць,

Точыць, рве бераг зялёны,

Ачасае сабе пуць.

На гаку жанкі пасталі.

Тут, з высокіх берагоў,

Цені на вадзе дрыжалі –

Жэрдкі леташніх стагоў.

          Як у люстры, адбіваўся

З таго берагу вятрак,

І на хвалях калыхаўся

Лесу верх, нібы разак,

Уверх кінуты зубамі,

І алешнік малады,

Бераг Нёмана з кустамі

І высокія груды.

 

Ганна

 

Што ж, сястрыцы, пусцім з Богам.

Трэба свечку запаліць...

          Бог нам будзе дапамогай...

Бачце, свечка як гарыць!

 

– Божа мілы! – ўсе ўздыхнулі. –

Ну, што ж, Ганначка, пускай!

Міску лёгенька папхнулі:

– Плавай, місачка, шукай!

 

Перш нейк цяжка, неахвотна

Міска стала адплываць,

Як бы ёй было маркотна

Гэты бераг пакідаць.

          Потым плытка за вадою

Робіць круг... адзін, другі...

Вось раўняецца з вярбою,

Агібае куст дугою,

Піша борздзенька кругі...

Носіць Нёман, як сам знае,

Тую міску-чарапок.

 

– Ах, галубкі! Як жывая! –

Крыкне хто-небудзь з жанок.

 

Ганна

 

Так і сяк яна шыбуе:

          То назад, то ўбок ідзе!

 

Антоля

 

Гэта Божа моц кіруе

І на троп яе вядзе.

 

А тым часам міска далей

Ідзе, ладзіцца на плёс.

Хлесянуў тут Нёман хваляй,

Міг – і ў вір яе панёс!

І над цёмнай глыбінёю,

Дзе ён пеніўся, бурліў,

Нібы крэпкаю рукою

        Завярцеў і закруціў,

Закруціў і не пускае

Ані ўзад, ані ўпярод,

Кружыць міску і ганяе

Страшны той вадаварот.

А жанкі ўсе чарадою

Ціха берагам ідуць

За той міскай і вадою,

Цуда нейкага там ждуць.

Ідуць важна крок за крокам,

          Не спускаюць міску з вока.

А яна памалу з віру

Выбіваецца на плёс,

І яе ў чарот, аіры

Нёман роўненька панёс,

Далікатна, асцярожна,

Дзе павольней, дзе барзджэй,

То адкіне ўзад трывожна,

То ўпярод рване дужэй.

І так з сажань правандруе,

          Потым зноў нясе стралой,–

Нёман цешыцца, жартуе,

Нібы з забаўкай якой,

Ды у букту мчыць з разгону.

Міска круціцца ваўчком,

А жанкі глядзяць здзіўлёна,

Кінуць слоўка шапатком:

«Ото Божа моц! А любкі!

Ах, як хорашанька йдзе!

Куды-небудзь жа, галубкі,

        Нас яна ды прывядзе!»

Тут – і скуль ён толькі ўзяўся,

Як бы чорт яго нагнаў, –

Комель жэрдкі увязаўся

І як злыганы прыстаў,

Каля міскі завярцеўся,

Шпарка йдзе ў яе сляды,

Разгуляўся, раздурэўся,

Як той хлопец малады:

Міска ў букту – ён за ёю,

          Міска скокне – і ён скок.

Не дае ані спакою,

Так і цісне крок у крок.

Ды нядоўга плыў з увагай –

Раздурэўся надта ён

Ды знячэўку, як бы шлягай,

Плясь у міску, як у звон!

 

– Ах! – тут разам закрычалі,

Аж падскочылі жанкі.

Расступіліся ўміг хвалі

          І глынулі чарапкі.

Комель жэрдкі адзінока

Стаў пры беразе ў траве,

Толькі свечка, лёгшы бокам,

Далей з подскакам плыве.

– Мая свечка! А сястрыцы,

Ой, лавіце – прападзе!

Падабраўшы край спадніцы,

Тэкля шусь! Бяжыць к вадзе.

Ледзьве-ледзьве утрымалі,

        Адцягнулі на грудок.

І ўсё змоўкла, толькі хвалі

З плачам бʼюцца ў беражок.

 

Ціха Нёман калыхаўся

У высокіх берагах.

Гай дубовы адбіваўся

Ў яго дробных грабянях.

Цёмны лес сцяной зялёнай

Цесна бераг абступаў

І на нёмнавае лона

          Цікаваўся, заглядаў,

І далёка кідаў цені

У вячэрняй цішыне

Ды шаптаў у задуменні,

Як бы гімн складаў вясне.

Шчодра сонца разлівала

Бляск прыветны і цяпло.

Поле жыццем трапятала,

Ўсё спявала і цвіло.

А над саменькай вадою,

          Дзе размашыстай дугою

Нёман лукі агібаў,

Пад дзяругаю старою

Труп, разбухшы ўвесь, ляжаў.

Збоку Нёман гойдаў воду,

Залацілася жарства,

Толькі труп парушваў згоду

І той вобраз хараства.

 

Мінск, астрог.

1911 г.,

[1.03.1929–12.03.1929]


[01.03.1929-12.03.1929]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4