epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Правадыру і настаўніку

Ад чыстага сэрца, проста і шчыра,

Як просты і ты, правадыр,

Цябе славіць песняй звонкая ліра,

Як сейбіта праўды, дружбы і міру,

Зямлі разняволенай шыр.

Паэты, ашугі з гор Дагестана,

Далін і стэпоў песняры

Вітаюць, як друга, згодна, аддана

Цябе, правадыр наш, словам баяна,

        На струнах зурны і дамбры.

 

Жывыя пачуцці, думы і сказы

Прыносіць народ табе ў дар,

А новае мора сыпле алмазы,

Дзе сонца гуляе з хвалямі разам

І тушыць увечар свой жар.

 

На Арктыцы дзікай, холадам скутай,

На гонях, дзе нівы шумяць,

На краі нядаўніх здзекаў, пакуты,

Дзе воляй тваёю скінуты путы,

        Ляжыць тваіх думак пячаць.

 

Ад Белага мора і да гор Крыма,

Ад Буга за быстры Амур

Лунае, як промень, роднае імя

На гмахах бяскрайніх слаўнай радзімы,

Народжанай громамі бур.

 

І гэту радзіму ўзняў ты высока,

Даў сілу ёй, голас, разгон,

Магутныя крыллі, смелае вока,

І вывеў яе ты з голаду, мроку,

        І сталінскі даў ёй закон.

 

Ад чыстага сэрца, проста і шчыра,

Як просты і ты, правадыр,

Цябе славіць песняй звонкая ліра,

Як сейбіта праўды, дружбы і міру,

Зямлі разняволенай шыр.

 

 

  *

 

Бушуе навокал мутнае мора,

І пеніцца ў беразе вал.

Дзесь намысел злосна спеляць пражоры,

Паўзучыя гады сыкаюць у норах,

        І вые труслівы шакал.

Цямраная сіла свету старога

Сплятаецца ў чорны клубок,

Адна ў яе думка, мэта, дарога —

Паўстаць насупроць жыцця маладога,

Спыніць наш вясенні паток.

 

Але няхай знаюць: марны заходы

Прыслужнікаў цемры і зла,

Бо з намі ты, Сталін, — воля народа,

На варце краіны, шчасця, свабоды

        Стаіць твая постаць-скала.

 

Бо зорыць нядрэмна орляе вока,

Бо ты разбіваеш хады

Глашатаяў здзеку, гнёту і мроку,

Разгадваеш проста, мудра, глыбока

Зладзейскія сцежкі, сляды.

 

Магутнай рукою, смела, імкліва

Ты крышыш былога ланцуг.

Жыві ж нам на радасць доўга, шчасліва,

Нястомны, адданы, людзям зычлівы,

Наш бацька, настаўнік і друг!

 

15/ХІІ 1939


15.12.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945