epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Правадыру народаў

Настаўнік наш мудры! Для шчасця людскога

Ты сонцам заззяў над зямлёй,

Каб цемрадзь і холад развеяць былога,

Каб ленінскай, новаю, вернай дарогай

Народы вясці за сабой.

 

Прайшлі мы з табою, наш бацька, нямала

Суровых і трудных дарог,

І многа на іх перашкод паўставала,

Ды волі магутнай тваёй не зламалі –

        Ты ўвенчан вянком перамог.

 

З галечы, з бядоты, з руін разбурэння

Узняў ты наш край да нябёс,

І засеў іскрысты адборным насеннем

Ты сееш, наш сейбіт, людскім пакаленням,

Каб новаю праўдай ён рос.

 

І шчодрага севу багатыя нівы

Сягоння красуюць, шумяць.

На людзях савецкіх, на дзецях шчаслівых,

На руху няспынным, на кроках імклівых

        Ляжыць твае праўды пячаць.

 

Ты зрокам сваім праніклівым, арліным

Угледзеў крыніцы тых сіл,

Што марна драмалі пад згорбленай спінай,

І ты скіраваў іх такой пуцявінай,

Дзе поўны размах для іх крыл.

 

З табой, правадыр наш, ярчэй гараць зоры

На небе, на вежах Крамля;

Табе пакараюцца скалы і горы,

Бурлівыя рэчкі, пустэлі, азёры;

        З табою квітнее зямля.

Зямлёю ж нямала твой розум заняты,

Каб выгляд надаць ёй другі.

Каб быў ураджай яе пышны, багаты,

Каб ветру сухому зялёныя шаты

Навек запынілі шляхі.

 

У час небяспекі, калі чорнай хмарай

Злы вораг наш край аблягаў

І скарбы знішчалі фашысты-пачвары,

А водблеск злавесны і дым ад пажараў

        У неба, як мора, шугаў, –

 

Ты голасам друга народ свой паклікаў:

– Браты мае, сёстры, зважай!

У дом наш варваўся разбойнік, звер дзікі

І зграі крывавай натоўп многалікі...

На бой, мой народ, паўставай! –

 

Узважыў ты сілы варожага стану

І тактыку іх у баю.

Разгром для іх ладзіў па ўласнаму плану:

Стратэгіі, штабам фашысцкім сатканай,

        Ты супрацьпаставіў сваю.

 

Масква, Ленінград, Сталінград, Севастопаль

І сотні другіх гарадоў, –

Тут віхры смяротныя значылі тропы,

Тут біў ты няшчадна тырана Еўропы –

І тут ён пагібель знайшоў.

 

Стаіш ты, як волат, над светам высока

На варце законаў людскіх,

У постаці – сіла і мудрасць прарока,

А зоркія вочы сягаюць далёка,

        І ветлівасць свеціцца ў іх.

 

Ты – просты і мудры, народам зычлівы,

Ты – бацька ім родны і брат,

І мужнага сэрца твайго ўсе парывы

Ты ім аддаеш, каб мацнеў справядлівы

Парадак на свеце і лад.

Ты – сцяг перамогі, ты – сімвал свабоды,

Ты – дружба народаў, ты – мір.

Жыві ж ты, настаўнік наш, многія годы,

Цябе праслаўляюць у песнях народы, –

        Адзіны ты наш правадыр.

 

Снежань, 1949


12.1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4