epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Правадыру народаў

Выйшлі мы ў прасторы

Праз імжу, туманы,

Праз крывавы жах.

Сокал ясназоры,

Генія абраннік,

Сталін, ты наш сцяг!

 

Праз гады-сталецці

Марылі аб шчасці

Людзі ўсіх краін,

Але толькі ў свеце

К шчасцю шлях пракласці

Здолеў ты адзін.

 

Я гляджу ў здзіўленні

З радасцю паэта

На наш творчы ўзлёт.

У вянку праменняў,

Любасцю сагрэты,

Ты вядзеш народ.

 

І з твае дарогі

Саступаюць горы,

Ледзяны прыбой.

Песня перамогі

На зямлі, на моры —

Спадарожнік твой.

 

Цьмее дзень ўчарашні.

Точыць на нас зубы

Злы фашыст-вампір.

Але нам не страшна,

Бо ты з намі, любы,

Мудры правадыр.

 

Выйшлі мы ў прасторы

Праз дымы, туманы,

Не схіліўшы сцяг.

Сокал ясназоры,

Любы наш, каханы,

Ты наш верны шлях.

Праз гады-сталецці

Марылі аб шчасці

Людзі ўсіх краін.

К шчасцю ж шлях прымеціў,

К праўдзе шлях пракласці

Здолеў ты адзін.

 

1936


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938