epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Прылёт птушак

 

Ціхая раніца. Сонейка толькі што ўзышло. У полі яшчэ ляжыць снег. Толькі ўзгоркі чарнеюць. Лужынкі сцягнуліся за ноч лядком. Але ўжо чуваць вясна, і ўсё пазірае па-вясенняму.

Выйшаў маленькі Ясь на двор. Весела так яму, лёгка на сэрцы. Прыгрэе зараз сонца, добра будзе гуляць на дварэ.

Ся! Што-то званіць у небе тоненькім срэбраным званочкам? Так хораша, так міла, – душа замірае! Ясь прыслухаўся. Не відаць нічога, а ў небе ціха разліваецца тоненькая песенька, як грае хто на срэбранай дудачцы. Гэта жаваранак! І так весела Ясю, здаецца, каб льга было, пацалаваў бы мілую птушачку. Галубка! Яна ўжо вярнулася з далёкае старонкі ў наш бедны край і ў ясным небе заліваецца дзіўнаю песняю.

– Тата! Тата! Чуеш жаваранка?

Бацька Яся прыслухаўся.

– Але, жаваранка. Ну, зараз, брат, і шпак прыляціць, а там і бусел, а за ім і ўсе птушкі.

Рад Ясь, што першы пачуў ён жаваранка, і пабег хваліцца сваім сябрам. Дзеці выходзілі на двор слухаць першую песню вясны. І ім было весела.

– Эх, дзеці! Не скора яшчэ вясна, – казаў хто-небудзь старэйшы.

Дзеці не любілі слухаць такія рэчы. Яны любяць вясну, яны любяць, каб гаварылі ім аб вясне. А часам і праўда захаладае; дзеці кажуць: «Саўсім не холадна; не толькі не холадна – горача нават».

Кожную новую госцю-птушку дзеці сустрачаюць з радасцю.

Чэраз некалькі часу прылятае шпак. Халадно, туман, а ён мала дбае. Спявае на ўсё поле вясёлыя песні, седзючы дзе-небудзь на голай бярозе, як бы і холаду яму няма.

У канцы марца ўжо збіраецца шмат птушак. У лесе спяваюць дразды, лясныя жаваранкі, а па балоце важна праходжваецца бусел. Па стрэхах бегаюць шустрыя бела-рудыя сытаўкі, трасуць сваімі доўгімі хвастамі.

А выйдзеш увечар на двор – крычаць качкі, жалобна стогнуць кнігі; як у кадушку, грукае недзе на возеры бугай. Розныя галасы поўняць воздух, усё спявае і радуецца.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5