epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Прывітанне Маскве

На ўсход, у Крэмль, у новы свет,

Раскрыўшы аканіцы,

Мы шлём табе, Масква, прывет

З заходняе граніцы.

 

Ты — сцяг нашай сілы,

Ты — волі прастор,

Палёт быстракрылы

Да сонца і зор.

 

Ад гарадоў, калгасных ніў,

                Ад кожнае святліцы

Прымі, Масква, сардэц парыў,

Як шум жывой крыніцы.

 

Ты — сцяг нашай сілы,

Ты — дружбы прастор,

Палёт быстракрылы

Да сонца і зор.

 

Агням тваім, што над Крамлём

Гараць, як зараніцы,

Вянкі багатыя саўём

                Мы з жыта і пшаніцы.

 

Ты — сцяг нашай сілы,

Ты — славы прастор,

Палёт быстракрылы

Да сонца і зор.

 

Агні твае плывуць у свет,

Няма для іх граніцы;

 

Гараць яны, як яснацвет,

Як светлыя дзянніцы.

 

        Ты — сцяг нашай сілы,

                Ты — шчасця прастор,

        Палёт быстракрылы

  Да сонца і зор.

 

Жыві, Масква, — на ўвесь сусвет

Струмень святла крыніцы!

Мы шлём табе, сястра, прывет

Ад роднае сястрыцы.

 

        Ты — сцяг нашай сілы,

        Ты — праўды прастор,

        Палёт быстракрылы

                Да сонца і зор.

 

31/ІІІ 1939


31.03.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945