epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Птушкі ў лесе шчабяталі..."

* * *

 

Птушкі ў лесе шчабяталі,

Стукаў дзяцел і жаўна,

І пра шчасце нам казалі,

І ў душы была вясна...

А ў вясёлы вечар мая

Салавей ў гаі свістаў...

Ой, пара ты залатая!

Хто цябе не ўспамінаў?

 

А у небе, Божым полі,

Без сляда, за край зямлі,

Як бы думкі светлай долі,

Хмаркі белыя плылі.

 

Нам пра шчасце ўсё казала

На зары юначых дзён.

Дзе ты, шчасце, дзе прапала?

Дзе твой радасны палон?

 

[1910]


[1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910