Зашумела, забурліла
Вольная крыніца,
Ды такая яе сіла,
Што адно — дзівіцца!
Верне горы, зносіць скалы,
Запрагае рэкі,
Каб сузорʼі забліскалі,
Дзе быў мрок век-векам,
Каб жывіць рухі заводаў
Электрычным токам
Ды савецкаму народу
Несці дзень далёка.
Цуды творыць сіла тая
На зямлі, на моры
Ды за воблакі ўзлятае
К зорам у дазоры.
Разнімае плечы-крылы
Праметэй раскуты.
Нашы дні — паэмы-былі,
Сказ нідзе нячуты.
Хто і скуль яны, героі,
Дземчанка, Стаханаў,
Што ідуць напорным строем,
Крокам веліканаў?
Не было яшчэ на свеце
Ім герояў роўных,
Бо такія ужо дзеці
Вольных мас працоўных!
Слава, чэсць табе, Краіна,
І тваім узлётам,
Бальшавіцкім пуцявінам,
Сонечным яснотам!
14/ХІ 1935