epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Разліў Нёмана

 

Грымяць крыгі, шаруюцца, узбягаюць адна на адну і з глухім шумам разбіваюцца, крышацца. Выйшаў Нёман з берагоў, заняў увесь луг. Вада і вада, як скінуць вокам. На адным беразе відны ўзгоркі, на другім – лес. Вот плыве шырокая, доўгая крыга. На ёй стаіць крыж з лёду, той крыж, каторы высеклі зімою, дзе свянцілі ваду. Збоку, нахіліўшыся, стаіць ёлачка. Завярнулася крыга раз і другі, выбілася на прастор і паплыла. Вот яна саўсім схавалася, толькі ёлачка чуць-чуць чарнее каля другога берага. Вот і яна прапала з вачэй. Пасярэдзіне важна коціцца стары, сухі дуб. Яшчэ летась стаяў ён над самым Нёманам; размыла вада бераг; абваліўся ён разам з дубам у Нёман, і панесла старога вада. Упіраецца ён, чапляецца за кусты. Але быстра вада круціць яго ва ўсе староны, як лёгкую трэску. Выплыў і ён на плёс і пакорна аддаўся на волю вады. Гоніць вада яго. Сустрачаюцца старыя дубы, што крэпка стаяць у вадзе. Бачаць – зямляк. Сюды, брат, ідзі! Адбяром цябе ад вады. Годзе ёй здзекавацца з цябе. Падплыў стары, упыніўся каля сваіх братоў. Моцна стаяць дубы, не даюць труп старога таварыша.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5