epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Роднай краіне

Мы з гордасцю і радасцю глядзім

На сонечны свой шлях,

Не пройдзены ў гісторыі нікім,

Не бачаны ў вяках.

 

Нас Ленін вёў праз буры і агні,

Як волат і баян.

У памяці не меркнуць тыя дні,

Жыве між нас тытан!

 

Алмазамі, рубінамі сляды

Дарог яго гараць.

Як радасна цябе, край малады,

Сягоння прывітаць!

 

Такі прастор, куды я ні зірну!

Так цвёрд і смел твой крок!

Бурліць жыццё, шуміць, як у вясну

Нястрыманы паток.

 

Снапы твайго іскрыстага святла

Расходзяцца шырэй.

Узносіцца краіна, як скала,

Ўсё вышай і дужэй.

 

Хай свет стары вайной на нас ідзе,

Каб наш спыніць разбег, —

Спакойны мы, бо Сталін нас вядзе,

Наш геній, наш стратэг.

 

1/ХІ 1938


01.11.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938