Знае толькі Бог адзіны,
Як мне любы лугавіны
І родныя межы,
Стужкі поля і дарогі,
Пустак немыя разлогі
І курганы-вежы;
Як мне мілы тыя хаты,
Дзе красуе мох калматы
На старэнькай стрэсе;
Гоман вузкіх ніў у полі,
Скібы жоўтыя і ролі,
Пташак спеў па лесе.
Знае Бог адзін, як мілы
Мне мужычыя магілы
І той крыж драўляны,
Пад каторым косці тлеюць,
Дзе бярозкі зелянеюць
І на дол пясчаны
Майскім ранкам слёзы роняць,
І галінкі ціха клоняць,
І шумяць маркотна.
Там я вырас, ўзгадаваўся,
Дзе спрадвеку заснаваўся
І бруіць дрыготна
Жаль вялікі і пакута,
Дзе пануе гора люта
І нуда разліта.
І я зросся з гэтым горам,
Як віхры-вятры з прасторам,
Як з загонам жыта.
А як песню заспяваю
Аб знішчоным гэтым краі,
Я не волен над сабою:
Спеў мяшаецца з слязою,
Плачам аддаецца.
Няхай стогне, няхай плача,
Покуль жыцце стане йначай
І скрозь цемрадзь і гушчары,
Нібы сонейка праз хмары,
Свет нам не прарвецца.
[1914]