Вісне скарга уздоўж Нёмна,
Беларусі сына.
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна!
Збіты ў кучу твае вёскі,
Стрэхі ў дол уходзяць.
Смутнай песні адгалоскі
Лес, курганы родзяць.
Крыж збуцвелы, знак пакуты,
Тут і там чарнее.
Даль паўнютка ціхай смуты —
Жаль на душу вее!
Ўсё ў табе, мой родны краю,
Апавіта горам:
І той вецер, што дзьме з гаю,
Што шуміць над борам;
Тыя песні, што на полі
Жнеі запяваюць;
Тыя думкі, што да болю
Сэрца калыхаюць.
Ва мне смутак, гора гэта
Водгулле знаходзіць,
Сэрца, жалем абагрэта,
Песні смутку родзіць.
Няхай плачам у тэй далі,
Песня разальецца,
Каб усе на свеце зналі,
Як нам тут жывецца.
[1909]