epub
 
Падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Ручаі

 

Чулі вы, як балбоча беспрэстанку, і ўдзень і ўночы, пад гарою ручай, цекучы па каменьчыках, скачучы з аднаго парога на другі? Вы не раз чэрпалі ў ім чыстую халодную воду і асвяжалі, як кажуць працавікі, сваю душу ў гарачы летні поўдзень; вы не раз сядзелі каля ручайка, жавалі сухенькую скарынку хлеба і запівалі халоднаю вадзіцай ручайка. Не раз вы ляжалі там, схаваўшыся ад гарачага летняга сонца. Над вашаю галавою стаяла чыстае, сіняе неба; толькі ласне дзе-нідзе паўзла ціхенька белая хмурка. Высока ў небе нудна свістаў каршун, выглядаючы сабе пажытак; так сумна і жаласна кукавала зязюлька, усё роўна як плакала аб сваёй батрацкай долі, аб тым, што няма ў яе сваёй хаткі. У кустах весела шчабяталі птушачкі над гняздзечкамі, у каторых ужо сядзяць маленькія, яшчэ голенькія дзеткі... Як добра пасля работы паляжаць на беражку ручайка, у цяньку лазовага кусточка! Як свежа, як здорава тут у гарачы летні поўдзень!

Хто не знае мовы ручайка, той скора сцішыцца і засне пад бесканечны яго шумок. Але многа цікавага пачуе той, хто ўмее чытаць кнігу Божай прыроды, Божага свету, хто цяміць і разбірае іх мову.

– Ласне ручай умее гаварыць? – спытаеце вы.

– А ці вы не чуеце яго мовы? – спытаю вас і я. – Слухайце ж:

«Буль-буль-буль! Цюх-цюх-цюх!»

Так і булькае, так і цюхкае маленькая рэчачка! Гэта і ёсць мова нашага маленькага ручайка.

А цяпер давайце пагаворым мы з ім...

– Няма часу, няма часу! – зашумелі маленькія хвалькі і пабеглі чародкамі адна за адной далей.

– Куды ж вы так спяшаеце?

– О! Нас многа там пад гарою, – кажуць капелькі, – і кожная з нас спяшаецца выйсці скарэй на свет Божы і зрабіць сваю работу, якая нам назначана.

– Дзе ж вы былі дагэтуль?

– Я, – кажа адна капелька, – была @націск@пóтам і скацілася з працавітага твара мужыка, як трудзіўся ён у полі над сваёю вузенькаю палоскаю.

– Я была слязою, – кажа другая, – вон, бачыце, магілкі? Там бедная маці плакала, стоячы над маленькаю труною свайго сына, як засыпалі яго магілку сырою зямлёй.

– А я была ў вашым сэрцы, – кажа трэцяя.

– Я яшчэ тры дні таму блішчала расою на лісцях...

– Я была снегам.

– Я – градам.

І пайшлі расказываць гутарлівыя каплі, дзе яны былі.

– А як жа папалі вы сюды, у ручай?

– Грэла сонца, і мы малюсенькімі пузырочкамі, такімі малюсенькімі, што нас і не разгледзіць ваша вока, падымаліся к небу. Там сабіралася нас многа-многа, і мы плавалі ў хмарках, а потым, як нас збіралася надта многа, хмары не ў сілах былі трымаць нас, і мы кідаліся назад на зямлю чыстым дожджыкам, часамі градам, а зімою – белым мяккім снегам. Каламутнымі равочкамі цяклі мы па разорках, абмывалі сабою твар зямлі, пакрыты пылам, зліваліся, прасочваліся ў зямлю там, дзе яна свабодна адкрывала для нас дзверы, покі не знаходзілі цвёрды грунт, каторы не пускае нас далей, і па гэтым грунце памаленьку цяклі ўсярэдзіне зямлі, покі не знаходзілі сабе выхаду на свет Божы. А то часта вы самі дастаеце нас, капаючы калодзезі (студні).

– Куды ж цяпер бяжыце, мілыя каплі?

– А мы і самі не ведаем куды. Па дарозе чэрпаюць нас людзі на свае патрэбы; намі птушкі, і зверы, і быдла праганяюць смагу; нас сонца патрошку выпівае сваімі цёплымі лучамі (праменьмі). Носімся мы па усім свеце, сыходзімся, расходзімся і вечна круцімся; няма нам ніколі спачынку. От што казалі светлыя каплі.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5

Беларуская Палічка: http://knihi.com