epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Рыбакі

Прыгнаўшы з раніцы каровак, Алесь і Андрэй сказалі сваёй маме, што яны пойдуць вудзіць рыбу.

– Лепш бы вы, дзеці, крыху адпачылі, – сказала ім матка, – ды і колькі вы наловіце той рыбы? Натрэплеце толькі ногі.

– Не, мама! – горача прамовіў Андрэй. – Мы бачылі ў Нёмне столькі кялбоў, што, пабачыш, нацягаем іх... ну, панамсе паўторбы.

– Нам ногі не баляць, – сказаў і Алесь. – Мы ўжо даўно збіраемся павудзіць кялбоў. А іх мы бачылі так многа, што за часіну мы іх наловім цэлую торбу.

– Гэта толькі вам так здаецца, а пачнеце лавіць, то і кату на сняданне не наловіце.

Але хлопцы крэпка стаялі на сваім і не бралі пад увагу ніякіх довадаў.

– Ну, глядзеце, – мусіла ўступіць ім матка. Хлопцы хутка сабраліся ў рыбу. Першым чынам накапалі яны паўбляшанкі чырвоных чарвякоў, на якіх вельмі добра браліся кялбы, пабралі вуды, узялі торбачку і не пайшлі, а пабеглі.

Каб дайсці да Нёмана, ім трэба было прайсці з вярсту лесам. Весела ішлі хлопцы дарогаю паміж высокіх хвояў і ялін. Неба было яснае, сонца свяціла ярка, але ў лесе не чулася той гарачыні, якая стаяла ў гэты дзень. Побач дарогі крычалі птушкі. Вось дзяцел, прысеўшы на сухі верх хвоі, біў па ім сваім доўгім і крэпкім дзюбам. Крыху далей свістала і крычала сойка разнастайнымі галасамі, а ў небе, дзесь высока-высока над лесам, кідаў каршун свае тужлівыя зыкі. А з таго боку, дзе зачынаўся і далёка разлёгся стары лес, данасіліся стукі сякер. Часамі высокая стройная хвоя з глухім шумам і громам падала на землю пад пілою і жалезнымі клінамі калоднікаў.

– Ведаеш, Андрэй, што?

– А што?

– А вось наловім кялбоў і ўсіх іх дадому не панясём, а частку схаваем, і вось як пагонім на дзень каровак, дык я ці ты занясём гэту частку Довіду і купім сабе тутуну або пачачак папярос.

– А што ты думаў? Давай! Так зробім! – падхапіў Андрэй.

І хлопцы моцна захапіліся гэтым новым планам, і многа прыемнага і павабнага абяцала ім недалёкая прышласць.

У гэтых размовах і салодкіх марах прайшлі яны яшчэ з паўвярсты.

– А-я-яй! – дзіка і прарэзліва крыкнуў Алесь і ўпаў на дол, схапіўшыся за нагу.

Андрэй з неспадзеўкі пабялеў як палатно.

– Чаго ты, Алесь?

Алесь сядзеў на дарозе і трымаўся за нагу. Твар яго скрывіўся ў такую міну, у якой адбіваўся пякучы боль.

– Што з табою, братка?

– Кручок у нагу залез, – сказаў скрозь слёзы Алесь.

І праўда: у левай назе між другім і вялікім пальцам глыбока засеў кручок. Алесь не заўважыў, як гэты кручок выскачыў з зашчэпа вудзільна, і звярнуў на гэта ўвагу толькі тады, калі кручок глыбока залез у нагу.

– Братка ж ты мой родненькі! – загаласіў Андрэй. – Што ж цяпер нам рабіць?

З вачэй Алеся таксама ліліся слёзы, а з таго месца, дзе сядзеў кручок, сачылася кроў.

– А ты папрабуй памаленьку дастаць, – сказаў, крыху заспакоіўшыся, Андрэй.

Алесь крануў кручок і завойкаў.

– Не, братка, нічога не будзе.

– Дык што ж нам рабіць? Божа ж наш, Божачка! І нашто было нам выдумляць гэтае вуджанне? Каб яны ж пагарэлі, гэтыя кялбы!

– Можа як пойдзем дадому?

Алесь памаленьку падняўся і, моцна кульгаючы, ступіў колькі крокаў. Ісці было вельмі кепска, бо цяпер замінала гэта праклятая вуда, якую трэба было трымаць у руках.

Нарэшце хлопцы дагадаліся адарваць ссучаную валасню. Цяпер Алесю было ісці крыху лепей, і ён, трохі прывыкшы да сваёй бяды і трохі павесялеўшы, ступаў смялей. Але колькі разоў ён мусіў прыпыняцца і прабаваць шчасця – а мо дастане як-небудзь з нагі кручок. Ён браўся павольненька за гэты кручок, але не хапала ў яго смеласці паварушыць мацней.

Быў такі момант, калі хлопцы хацелі звярнуць з дарогі і ісці да калоднікаў, каб яны дасталі з нагі гэту бяду. Але разважыўшы, што без дарогі лесам ісці трудна, яны, застанаўляючыся, пайшлі дадому.

З заплаканымі вачыма прыйшлі хлопцы ў хату.

– Што ж гэта вы так хутка? – спытала іх маці.

Алесь расказаў пра сваё гора і паказаў нагу. Матка выбегла з хаты і клікнула дзядзьку Антося.

Дзядзька Антось быў сталы рыбак і па часці вымання кручкоў быў праўдзівы мастак.

А бедны Алесь дрыжаў ад страху, бо бацька сказаў, што прыйдзецца нагу рэзаць брытваю.

– Можа прыйдзецца і брытву ўзяць, – паглядзеўшы на нагу, сказаў і дзядзька.

– Ну, пакажы!

Алесь сеў і заплюшчыў вочы, скрывіўся, гатовы крычаць ад болю.

Павольненька ўзяў дзядзька кручок.

Алесь толькі ўспеў крыкнуць, як кручок ужо быў у дзядзькі ў руках.

Дзядзька громка зарагатаў.

– Ах вы, рыбакі! Рыбакі!

Весела засмяяліся і хлопцы: яны былі рады, што так лёгка абышлося ім гэта здарэнне.

[1921]


[1921]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5