epub
 
Падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Рыбакова хата

Раздзел I
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел II
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
Раздзел III
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел IV
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел V
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел VI
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел VІІ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел VIII
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел IX
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел X
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XI
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XII
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XIII
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XIV
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XV
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XVI
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XVII
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XVIII
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XIX
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XX
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XXI
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XXII
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XXIII
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
Раздзел XXIV
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
  ***


 

 

Раздзел I

 

 

1

 

Глядзіць у вокны зімні вечар.

Кладзецца мрок на цесны двор.

Мароз-мастак рукой старэчай

На шыбах піша свой узор.

Ляжыць зямля ў адзенні белым,

I дрэвы ў шэрані стаяць.

Спакой халодны, амярцвелы

Паклаў на ўсё сваю пячаць.

Але жыве старая хата.

10 Як сведка прадзедаўскіх дзён,

Лучнік звісае, нібы звон,

I тоіць нейкі сум зацяты.

 

 

2

 

На лучніку гарыць карчажка,

Агоньчык весела шуміць,

Нібы жывы, нібы жар-пташка,

Ды пра сваё штось гаманіць.

Здавалася б, у гэтай хаце,

Збуцвелай, згорбленай, старой,

Павінен дзед быць на палацях,

20 Мудрэц з сялянскаю душой,

Або старая варажбітка,

Што прышласць можа расчытаць

Ды людзям дзіва паказаць

I цуд стварыць увачавідкі.

 

 

3

 

Не — тут якраз у цвеце сілы

I на зары свае вясны

Жывуць Марына і Даніла,

Год, як пабраліся яны.

Стаіць калодка сярод хаты,

30 А стук бяжыць ва ўсе вуглы:

Даніла справаю заняты —

На сані чэша капылы.

Пачэша, змерае на вока,

Ці гладка выведзены чос,

А сам гадае пра свой лёс

I мыслі кідае далёка.

 

 

4

 

Сур’ёзны, сталы не па летах,

Гадуе ён у сэрцы план –

Зажыць па-людску, а не гэтак,

40 Як у пячуры таракан.

Даволі жыць чужой скарынкай,

Хадзіць па людзях бабылём:

Цяпер іх двое, і з Марынкай

Яны збудуюць новы дом.

Хібарка ж гэтая старая

Ужо каторая пара

Гібее без гаспадара,

І дзе ён сам, ніхто не знае.

 

 

5

 

А жыў у ёй Сымон Латушка,

50 Яе законны гаспадар,

Натура вольная, як птушка,

Рыбак заядлы і дудар.

I жыў ён птушкай пералётнай,

Хоць, праўда, ў вырай не лятаў,

А больш на печы бестурботна

Зімою ночы каратаў.

Хіба як голад сваё права

Прад'явіць грозна дудару,

То ён і ў зімнюю пару

60 На раздабыткі бег рухава.

 

 

6

 

Але няма ў яго маршруту,

Куды ісці, у двор які.

Ён на дварэ стаіць з мінуту,

Уважна нюхае дымкі.

I нос яго не ашукае,

Вядзе, як компас, у той двор,

Дзе гаспадыня запраўская

Пячэ бліны і скварыць здор.

I людзі ведалі Сымона,

70 Сымон людзьмі не злоўжываў,

Людскіх жа звычаяў і праў

Трымаўся цвёрда, як закона.

 

 

7

 

К таму ж яшчэ ён быў вясёлы,

На байкі здатны, на язык.

I словы сыпаў, як з прыполу,

Жаданы ўсюды жартаўнік.

Вясной, як толькі снег пагіне,

А рэчка ўвойдзе ў берагі,

Адзін Хрыстос жыве ў хаціне;

80 Сымон жа сам ідзе ў лугі,

Нясе з сабою і ўсе снасці:

Вядзёрка, вуды, кацялок,

Садзіцца ў лёгкі свой чаўнок,

Упэўнены ў рыбацкім шчасці.

 

 

8

 

Вясна і лета — яго свята,

Яго жыццё, — яго жніво.

Хоць ён і жыў не так багата,

Затое ж воля, хараство,

Прастор нябёс, лугі і травы,

90 Паветра чыстае лясоў,

Агоньчык ветлы і ласкавы

I думы мірныя без слоў.

Ён зварыць смачную вячэру

I ляжа песціцца ў траве.

Няма турбот у галаве.

А вольны свет — яго кватэра.

 

 

9

 

Вось так і жыў Сымон Латушка,

Адзін, не звязаны нічым,

Сабе сам пан, сабе сам служка,

100 Ды ліха сталася і з ім.

Сымон вязаў на рыбу сеці,

А на Сымона ў гэты час

Паны вяльможныя ў павеце,

Як і на ўсіх, свой ткалі пас.

Снавалі ніці іх шпіёны,

Як павуціну павукі.

I лад заводзілі такі,

Што застагналі ўсе Сымоны.

 

 

10

 

Прыйшоў аднойчы панскі гончы,

110 Паліцыянт, агледзеў снасць

I актам свой агляд закончыў

Зусім Сымону не пад масць:

За волак вызначыў падатак,

За гушчыню ж яго вачок

Накінуў злотых з паўдзесятак —

Плаці, Сымоне, і маўчок.

Затым пайшлі яшчэ падаткі

На хату, землю і на двор,

А там і штраф. Бадай іх мор!

120 Бадай на іх Бог даў упадкі!

 

 

11

 

Сымон падумаў, паразважыў.

Плаціць... Каму? Трыбухачу?

Хутчэй ты здохнеш, сіла ўражжа,

Чым я налогі заплачу!

Сабраў Сымон свае манаткі —

У грунт не дужа ён урос, —

Хоць, праўда, шкода яму хаткі, —

Ну што ж, вартуй яе Хрыстос!

I ён зірнуў на печ, на лавы,

130 На покуць, дзе вісеў абраз.

Бывай жа, хата, добры час!

I ў свет пайшоў бабыль рухавы.

 

 

12

 

Тры годы хата пуставала,

Зямлю ж гектараў паўтара

Прыбраў вясковы абдзірала,

Прыслужнік панскага двара.

А хто ж Марына і Даніла?

Як апынуліся яны

У хатцы кінутай, панылай,

140 Дзе сцены курныя адны?

Не доўгі век маіх герояў,

Але калі зірнуць назад,

То ён падзеямі багат,

Не лёгкі шлях прайшлі абое.

 

 

13

 

Марына родам з-пад Пружанаў.

За нейкі час перад вайной

Бацькі яе неспадзявана

Памерлі ранняю вясной.

I засталася яна з братам.

150 Ей дзесяць год, а брату тры.

Пайшла Марына жыць па хатах,

Таптаць чужацкія двары.

Была і нянькай і пастушкай

Без ласкі матчынай, адна,

А хлопчыка ўзяла радня,

Каб абярнуць і яго ў служку.

 

 

14

 

Была яшчэ адна падзея,

Што прыпаднесла ім вайна.

Успомніш – сэрца халадзее,

160 Душа калоціцца да дна.

Быў у Марынкі дзядзька родны,

І вось калі прыйшоў загад

З-пад фронту бегчы ў свет халодны,

То дзядзька, меншы бацькаў брат,

Падбіў Марынку ехаць з імі

І разам жыць з яго сям’ёй –

Чаго сланяцца ёй адной

Сіроткай горкай між чужымі?

 

 

15

 

Паехалі — яна, Ігнатка

170 Ды дзядзька з цёткай, іх сынок.

Куды? Ніхто не знаў парадкам,

Дзе іхні спыніцца чаўнок.

I дзень і два яны ў дарозе,

То гуртам едуць, то адны,

То заначуюць пры бярозе,

То ў лесе дзе каля сасны.

Было ў дарозе шмат відовішч,

Малюнкаў розных, гора, слёз,

Што тлум людскі з сабою нёс,

180 Што толькі чулым сэрцам зловіш.

 

 

16

 

Марынка чыста па-дзіцячы

На свет глядзела, на людзей,

I не туманіў лёс бядачы

I новы дзень яе вачэй.

Яна то ехала на возе,

То йшла з Ігнаткам пехатой.

А стрэнуць хвойнік пры дарозе,

У хвойнік кінуцца стралой

Ці ў лес дубовы на хвілінку,

190 Калі ён трапіцца грыбны.

Баравікоў збяруць яны

Ды едуць далей без упынку.

 

 

17

 

Так і праходзілі дні, ночы,

I лета ўжо ішло на сход.

А доўгі цень за імі крочыць,

I птушкі ладзяцца ў адлёт,

Яны ўсё едуць далей, далей.

З дня ў дзень з начлегамі цяжэй.

Глядзіць журботна цётка Галя,

200 Пануры дзядзька іх Аўдзей.

Марынка сэрцам адчувае,

Што, пэўна, лішнія яны,

Хоць і няма іх тут віны,

А дзядзька ў мыслях штось хавае.

 

 

18

 

Яна сама адчуе смутак,

Да брата туліцца бліжэй.

I шмат было такіх мінутак

Пачуццяў горкіх і надзей.

А дзень канчаецца тым часам,

210 Пара падумаць пра начлег,

Ды дзе спыніцца для папасу?

А лес абапал як на грэх.

— Ну што ж? У лесе паначуем :

Находзіць ноч, падбіўся конь.

Збірайце дровы на агонь. –

I дзядзька з коніка зняў збрую.

 

 

19

 

Прынеслі дроў, агню наклалі,

У прыску бульбы напяклі.

А ноч рассыпала каралі

220 Над гмахам сцішанай зямлі.

У лесе цёмна. Скрозь галіны

Цікуе месяц малады,

А дзесь з суседняй баравіны

Крычыць сава на ўсе лады.

Вячэра кончана, і цётка

Ідзе да воза слаць пасцель.

Марынка мох кладзе пад ель —

I тут ім будзе спадь салодка.

 

 

20

 

Яна, як маці, па Ігнатку

230 Раняе дух, глядзіць за ім.

Прылегла з брацікам, бы матка,

I сном заснулі маладым.

Праходзіць ноч, і меркнуць зоры.

Святлее ў лесе. З-за камлёў

Праменні сонца шле ў дазоры

I будзіць сірат-малышоў.

Марынка вочы расчыніла –

Не сходзіць з іх салодкі сон.

Глядзіць, як ночку правёў ён,

240 А хлопчык спіць з усмешкан мілай.

 

 

21

 

I раптам дрогнула сіротка,

I ў сэрцы штось кальнула ёй:

А дзе ж фурманка? А дзе ж цётка?

А дзе іх дзядзька? Божа мой!

Яны адны! Няма і следу

Ні дзядзькі з цёткай, ні калёс.

Куды падаўся конік гнеды?

У бок які дзядзькоў павёз?

Яна замерла на хвілінку,

250 I сон развеяўся, як дым.

Глядзіць лес вогнішчам пустым

I страх наводзіць на Марынку.

 

 

22

 

Што ж тут рабіць? Хто дасць параду?

Куды падацца ёй, куды?

Як знесці гэтакую здраду?

Дзе выйсце з роспачы-бяды?

Глядзіць Марынка на Ігната —

Ён спіць, пакінуты малыш,

А лес глухі маўчыць зацята.

260 Навокал глуш адна і ціш...

Заплакала дзяўчынка з жалю,

Зямлі не бачачы з-за слёз.

Аж едзе бежанскі абоз,

I людзі іх з сабой забралі.

 

 

23

 

Вандруюць зноў яны ў трывозе

З людзьмі чужымі ў свет чужы,

А ліха следам па дарозе

За імі ўпотайку бяжыць.

Дагнала бедную Марынку,

270 Наслала ёй цяжкую хвор.

Яна ў бяспамяцці. Дзяўчынку

Адвезлі ў больніцу на двор.

I разлучыла ліха сірат.

Марынка ў больніцы адна.

Дзе брат, не ведае яна,

I след яго прапаў, бы ў віры.

 

 

24

 

Праходзіў час, плылі нядзелі,

Далёка бежанства, шпіталь,

I дні дзяцінства адляцелі

280 Кудысь у выцвіўшую даль.

Марынка ў людзях акрыяла

I кветкай майскай расцвіла,

Хоць гора зведала не мала,

Ды друга мілага знайшла

І выйшла замуж за Данілу,

Як і сама, за батрака.

Ім сход адвёў дом рыбака –

Няхай жывуць, раз ім тут міла.

 

 

25

 

Цяпер Марынка — гаспадыня,

290 I весялей жыць стала ёй.

Яна з Данілам не загіне,

I з часам кут прыдбаюць свой.

Яе работа не пужае —

Не ёй да працы прывыкаць.

Хоць праца зноў усё чужая,

Ды лепей, чым адной блукаць.

I ўсё, што колісь перажыта,

Цішэй спускаецца на дно.

Не забываецца ж адно:

300 Журба па брату не пазбыта.

 

Люты-сакавік 1940 г.

 

 

Раздзел II

 

 

1

 

Не дужа ветла ў гэтай хаце:

Акенцы скошаны набок,

Пры печы туляцца палаці,

Уздоўж сцяны стаіць палок.

На гнуткай жэрдачцы калыска

Звісае к самаму палку,

А столь закурана і нізка,

Дзе трудна жыць і павуку.

Затое ж колькі шчасця, ласкі

10 I мацярынскага цяпла

Калыска-гойданка ўзяла!

Якія зложаны тут казкі!

 

 

2

 

Каля калыскі ў мроку шэрым

Чуваць гаворка-варкатня:

«Не хочаш спаткі, мой Валерык?

Такая ў хаце стукатня!

Глядзі — унь татка ладзіць сані,

I мамцы трэба зарабляць,

Каб мой сынок быў у жупане,

20 Няма калі з табой гуляць...

Ну, ну, не плач! ну, не крывіся:

Ты ж маладзец, мужчына ты,

Маладзічок мой залаты,

Унь жыжа свеціць, падзівіся!»

 

 

3

 

Яна бярэ сынка на, рукі.

Яму не больш, як тыдняў пяць,

А ёй здаецца, да навукі

Яго пара ўжо далучаць.

Глядзіць і цешыцца з малога

30 Ды з ласкай туліць да грудзей.

Ну, дзе знайсці сынка такога?

I радасць сочыцца з вачэй.

— Зірні, Даніла: такі ж самы,

Як ты, і крошачкі пабраў,

I губкі гэтак жа зацяў...

Ці сын падобен больш да мамы?

 

 

4

 

Паправіў светлы чуб Даніла,

Зірнуў на жонку, на дзіця.

— Ну, ты ўжо трошкі наманіла,

40 Не смейся ты з мяне хаця.

Ух, цельпучок ты наш кірпаты!

Кінь суслу, лепей закуры!..

Глядзі, які ён зухаваты,

I пазірае, як стары.

Яны ўдваіх глядзяць на сына —

Малы, а колькі ўцехі ім!

I думкі маюць заняць чым,

I з ім утульней больш хаціна.

 

 

5

 

Сынок заснуў. Услон драўляны

50 Бліжэй падсунут к лучніку.

Работа зноў ідзе па плану

I на ўсю поўную руку.

Марыне трэба спрасці воўну,

Заказ прынесены даўно,

I смыча нітку яна роўна

Шляхцянцы нейкай на сукно.

Гарыць работа, і хусцінка,

Нібы матыль які жывы,

З яе спаўзае галавы,

60 I люба глянуць на Марынку.

 

 

6

 

Адкрыты лоб, сама смуглява,

А што найбольш прывабна ў ёй,

Дык гэта вочы, іх аправа

Пад тонкай дужкай брывяной.

Як тыя ж вейкі прыпадніме —

Нібы ўзлятаюць матылькі

Ці засмяюцца ў жытнім дыме

Пад летні ветрык васількі.

I погляд іх такі лагодны,

70 Хоць часам свеціцца ў іх сум,

Адбітак нейкіх горкіх дум,

А часам строгі і халодны.

 

 

7

 

Яшчэ б дадаў я колькі рысак,

Каб дапісаць яе партрэт

Без лішніх выдумак, апісак,

Якіх не ўхіліцца паэт,

Але дарога, шлях паэмы,

Ледзь толькі зыбіцца з двара,

Не ўсе відны яе паземы

80 I для самога песняра.

Прыгод у ёй яшчэ не мала,

Марынку стрэну я не раз,

Дык далей свой вяду расказ,

Які жыццё мне падказала.

 

 

8

 

Даніла кончыў сваю рату,

Да купы ставіць капылы,

Аж раптам стук пачуўся ў хату

З двара, з марознае імглы.

Ўваходзіць госць неспадзяваны,

90 Мікодым Богут, той павук,

Што лістам сцеле перад панам,

Перад панамі гнецца ў крук;

Той самы Богут, што без жалю

Гатоў зарваць чужы кусок

І высмактаць з цябе ўвесь сок,

Свайго ж не ўпусціць ні на цалю.

 

 

9

 

Вайшоў, спыніўся на парозе,

На хату кінуў востры зрок,

Затым у велічлівай позе

100 Яшчэ ступіў на адзін крок.

– Дык добры вечар вам, панове!

Ён далікатны, як і пан,

А панскіх слоў у яго мове –

Хоць ты іх кідай за паркан.

Яго прысесці запрасілі

І падстаўляюць табурэт.

Садзіцца важна прайдзісвет

І зрок спыняе на Даніле.

 

 

10

 

– Што ж гэта васпан мой ласкавы

110 Не завітае да мяне?

Узбіў Даніла чуб святлявы –

Куды ж ён цэліцца і гне?

І кажа: “Так, не выпадала:

Вы – гаспадар, а я... што я?

Дапяў, прызнацца, вельмі мала –

Ось хата, бачыце, мая...”

– Так, так, ды вартасць усё ж мае,

Няхай сабе хоць як труна,

Дый не васпанава яна, –

120 Ось дзе, васпане, запятая!

 

 

11

 

І Богут гнянуў мнагазначна,

Падняўшы палец угару, –

А вус паплыў на твар, блін ячны,

Вагі дадаў гаспадару.

Зірнуў на госця і Даніла,

Адчуўшы цёмны нейкі ход.

Куды наводзіць сваё рыла?

Чаго ён хоча, абармот?

— Вы праўду кажаце, пан Богут:

130 Жывем у хаце мы чужой,

У рыбаковай, у пустой,

Ды людзі добрыя памогуць...

 

 

12

 

Пан Богут гнеўна ссунуў бровы,

Закратаў вусам, як прусак.

— Пустыя, васпан, кажаш словы:

Я гаспадар, а не рыбак!

Бо праз мяне сваю апеку

На хату вырак даў мне суд,

А лайдака таго, няўмеку —

140 I не папарыцца ён тут.

Так, так, васпане мой ласкавы:

Плаціць за хату трэба мне,

Раз вы жывеце ў ёй, а не —

Дык скутак будзе нецікавы.

 

 

13

 

I выйшаў госць паважна з хаты,

Як гаспадар, як уладар,

Надзьмуўшы круглы твар вусаты,

Няўмольны, жорсткі да ахвяр.

Яго няма, а ў мірнай хатцы

150 Астаўся чад яго пагроз.

Як далей жыць? і за што ўзяцца?

Эх ты, бяспраўны горкі лёс!

— Марынка, чула ты брадзягу?

Ой, абармот жа, абармот!

Забіць бы гада ды за плот.

Як носіць свет такую плягу?

 

 

14

 

— Няма сумлення ў іх, ні Бога...

Ох, доля, доля батрака!

Не зробіш з імі ты нічога:

160 Адна іх шайка і рука.

Няма нам ходу і разгону,

Бо свет замкнулі шляхтуны,

I ўсё ў іх робяць па закону,

Законы ж пішуць ім паны, —

Яна сказала і ўздыхнула.

Парушан лад іх і спакой,

А думкі ўюцца талакой —

Надзею ночка праглынула.

 

 

15

 

Карціць ім Богут, як заноза,

170 I вочы есць, як горкі дым.

Няўжо трымацца яго воза?

Няўжо на згоду ісці з ім?

Цана ж той згоды ім вядома –

Залезці зноў у кабалу,

Не мець ніякай волі, дому,

Як пад'ярэмнаму валу.

I дзе ж на свеце праўда тая?

Забраць зямлю і кут чужы,

А ты яму плаці, служы,

180 Як сам таго ён пажадае!

 

 

16

 

Папсован вечар іх і ночка,

Пара і спаць ужо даўно,

I месяц з неба сваё вочка

Навёў на нізкае акно.

I нават пеўнік у падпечку

Сігнал ім першы падае,

Яны ж вядуць гаворку-спрэчку

Пра справы трудныя свае.

Апошні корчык дагарае,

190 У хатцы робіцца цямней,

Яшчэ няўтульней, чым раней,

I больш яна для іх чужая.

 

 

17

 

Лучнік пагас. У цьму пустую

Зляцеў наніз іскрынак рой,

Ткучы палоску залатую,

Слядок апошні за сабой.

I стала ціха і маркотна,

А ноч бярэ свае правы

I сон прыносіць бестурботны

Для мнагадумнай галавы.

Ды чутак сон жанчыны-маці,

Не спіць, не дрэмле яе слух,

Дзіцячы ловіць кожны рух —

Хто за турботы ёй заплаціць?

 

 

18

 

Сярод цішы начной знямелай

Калыска скрыпнула — раз, два,

А следам кволенькае цела

Адтуль азвалася — ку-ва!

Марына знае нораў сына —

210 Дзіцятка трэба пакарміць.

Яму, нябось, свая часіна

Таксама ж муляе, карціць.

Яна ўстае, і сон злятае.

Яе прывычная рука

Сыночка кратае злягка,

I з сынам маці маладая.

 

 

19

 

Прыпаў сынок да грудзей маткі

I прагна смокча, а яна

Гатова ўсю і без астатку

220 Аддаць сябе для пестуна.

Малое голад свой спагнала

I спаць не хоча а-ні-ні,

Яму да маткі справы мала,

Сказаць не можа ёй — засні.

Ён ручкі вызваліў з пялёнак,

I волі трэбуе малыш.

— Што ж ты, гарэза мой, не спіш,

Мой мілы хлопчык, мой арлёнак?

 

 

20

 

Яна з ім ціхенька варкуе —

230 Няхай гудзе, смачней засне.

На іх сам месячык цікуе,

Апёршы рог свой на акне.

I доўга тчэцца іх гаворка,

А ёй малога так шкада,

I лёс успомніцца ёй горкі,

Яе дзяціная бяда.

А што чакае яе сына?

Бяздомнік ён. I дзе іх кут?

А свет так жорстак і так лют

240 I ўвесь аблытан павуцінай.

 

 

21

 

«Ах, дуронік ты маленькі,

Хлопчык мой!

Сыпле ноч з свае сявенькі

Зорак рой.

Унь і месяц сходзіць з неба,

Хоча спаць,

I матульцы тваёй трэба

Спачываць.

Спіць і татка на палацях

250 Моцным сном,

I даўно палегла спаці

Усё кругом.

Толькі ліха сну не мае

I не спіць,

Ды прадзе бяда ліхая

Сваю ніць.

Спі — пан ходзіць па надворку

I ўначы,

Ходзіць, слухае гаворку —

260 Лепш маўчы.

Ён усё падслухаць хоча,

Падглядзець,

Запускае свае вочы

К нам у клець.

Нас пачуе, прыйдзе ў хату,

Страшны, злы,

Ды ашчэрыць рот вусаты

I іклы.

Ліха следам за сабою

270 Прывядзе,

Скажаш слова не такое —

Быць бядзе.

Спі, гадуй, сыночак, сілу

I расці,

Няхай іх ні духу-пылу,

Ні касці!

Згіне ліха, бо на свеце

Праўда ёсць,

I развеецца, як смецце,

280 Зайздрасць, злосць.

Ляжа вольна шлях-дарога

З краю ў край.

Спі, сыночак, часу многа,

Падрастай!

Пойдзеш ты дарогай тою

Сам — адзін,

А я ў думках за табою —

Дзе мой сын?

I сустрэнеш шчасце-долю

290 Ты ў пуці.

Спі, сыночак, спі, саколік,

Ды расці.

Ты ж зусім яшчэ дурненькі,

Хлопчык мой!

Ноч збірае ўжо ў сявеньку

Засеў свой.

Унь і месяц сходзіць з неба,

Ідзе спаць,

І матульцы з сынам трэба

Спачываць”.

 

4/IV 1940 г.

 

 

Раздзел III

 

 

1

 

Пляцоўка Богута і хата

У вочы кідаецца ўсім.

Што ні кажы, дзялка і хвата

Прызнаць адкрыта трэба ў ім.

Не так даўно расце сядзіба,

А паглядзі, што ёсць у ёй:

Садок, альтанка ў форме грыба,

Дзе ўтульнасць знойдзеш і спакой;

Гумно, свіронак і адрынка,

10 Блішчыць на хаце белы дах,

Антэна тоне ў небясах,

А сырасушка, як дзяўчынка.

 

2

 

Крыху паводдаль пры паркане

Стаіць вяндлярня, як гайдук

Або манах які ў сутане,

Сухі, высокі і без рук.

З пагорка ўніз, у бок даліны,

Збягае сцежка між кустоў,

Дзе рэчка ў шатах зеляніны

20 У луг адходзіць ад платоў.

А від які з пляцоўкі гэтай!

Відаць мястэчка, лес, рака,

Пасёлак, хатка рыбака,

Палі пад збожжавай сурвэтай.

 

 

3

 

Куды ні глянь, на кожным кроку

Самой сядзібы і двара

Відаць уважлівае вока,

Стараннасць, густ гаспадара.

Гараць, як стужкі, каля хаты

30 Дарожкі з клумбамі. На іх

Арол красуецца дзюбаты —

Краса паноў, іх гордасць, пых.

I ўсё вядзецца ў панскім плане,

I ўсё прамерана пад шнур,

Бо ёсць адна з усіх культур —

Культура польская, васпане.

 

 

4

 

Пан Богут — польскасці апора,

Яе нястомны праваднік,

I многа мае ў ёй прастору,

40 Пажывы шчыры каталік.

I ўсё ён ведае і знае,

Хто дыша чым, хто чым жыве,

Нібы па кнізе, ён чытае

Чужыя мыслі ў галаве.

Затое ж ён так хіліць, горне

К сабе паноў і панскіх слуг,

Пан саквэстратар яго друг,

У дружбе з ім і пан каморнік.

 

 

5

 

Ды не адным панам, падпанкам

50 Вядомы Богут як дзялок,

Яго сяляне і сялянке

Таксама знаюць назубок.

І знаюць так, што сцерагуцца

Яго, як скулы ці агню:

Няма за ім дзе павярнуцца

Ні свінням, курам, ні каню.

Цяля часамі зойдзе ў шкоду

Ці ступіць курка ў агарод –

Не абярэшся з ім згрызот

60 І толькі штрафам купіш згоду.

 

 

6

 

Калі не штраф, дык адработкі.

Ды ён гатоў ісці на ўсё:

Часамі ўчыніць суд кароткі —

Застрэліць курку, парасё,

Яшчэ й маралы прачытае

Ці тэзіс выставіць аб тым,

Што хлоп — быдлё і што крутая

Павінна быць расправа з ім;

На від паставіць дух камуны

70 I грэшны край бальшавікоў.

Не, васпан: лад тут не такоў,

Не тыя ў Польшчы граюць струны.

 

 

7

 

I гэта ўсё не ад злой волі,

Не, Божа крый, наадварот:

Ён выступае ў добрай ролі,

Каб перавыхаваць народ

Ды навучыць яго парадку,

З дарог аблудных скіраваць,

Каб да чужога не быў падкі

80 I ўмеў законы шанаваць,

Ды быў давольны ў сваім стане,

Ці ты заможнік, ці бядняк,

Бо пан Бог сам прызначыў так,

Вось у чым сіла, мой васпане.

 

 

8

 

Такі пан Богут з-пад Варшавы

Ці то з Пазнані, не скажу,

I так ён робіць свае справы,

Пільнуе панскую мяжу.

Умее ён свае падаткі

90 Аддаць і небу і зямлі,

I гэтай мудрасці пачаткі

На круглы твар яго ляглі:

Узнята вока адно ў неба,

Другое спушчана наніз,

I рыжы вус адзін павіс,

Другі ўгару задзёрт, як трэба.

 

 

9

 

З задзёртым вусам і ў гумору

Вярнуўся ён ад маладых —

Задаў ім страху разгаворам,

100 Пара дабрацца ўжо да іх.

I ён пусціўся ў разважанне,

Які прыдумаць трапны ход,

Якое даць для іх заданне,

Каб мець найлепшы абарот.

I што зручней: ці плата, рэнта —

Павінна ж быць для іх граза,

Дарма не скача і каза, —

Ці лепш паслухаць канфідэнта?

 

 

10

 

Тут Богут раптам нечакана

110 Паставіў вус яшчэ вышэй.

«Гм! — хмыкнуў ён: — але ў галгана

Кабета, васпан... разумей!»

I земным вокам ён, як злодзей,

Павёў тайком з кутка ў куток —

I мыслі грэшныя ў ім бродзяць,

Як уварваць чужы кусок.

Ды тут рабі, васпане, тонка,

Каб не нажыць сабе трывог,

Каб ведаў толькі ты ды Бог

120 I не дагадвалася жонка.

 

 

11

 

А тут яна, як па заказу,

Якраз ідзе к яму ў пакой.

Ну, нібы сцяміла адразу

Няверных дум яго развой,

Але пан Богут не дасць маху,

Ён гоніць дур той з галавы,

I грэшных дум няма і паху,

Ён від прымае дзелавы.

Ды як пан Богут ні хітруе,

130 Каб ад яе свой юр схаваць,

Мальвіну трудна ашукаць,

Дружачку верную старую.

 

 

12

 

Так і цяпер, хоць мімаходам,

Каб папярэдзіць зло спакус,

Яна заўважыла: «Мікодым,

А для каго задраў ты вус?»

I паківала галавою,

Нібы шлючы яму дакор.

На шчасце гэтаю ж парою

140 Вароты скрыпнулі ў іх двор.

I сам пан Богут і Мальвіна

Падходзяць хутка да акна —

Якая ж гэта навіна?

Хто едзе позняю часінай?

 

 

13

 

— То ж наш Пшэбора, пан Валенты!

Сумнення болей не было.

Мальвіна ўзрушана дашчэнту,

Яна ж не ўбрана, як на зло, —

I стрымгалоў у бакавушку

150 Імчыцца свой змяніць убор,

А сам пан Богут, нібы птушка,

З свяцёлкі вылецеў на двор,

I крык гасцінны прывітання

Бяжыць дзядзінцам у мароз.

«Адкуль жа пана Бог прынёс?»

I — момант радасны спаткання!

 

 

14

 

Каня адпрэглі і ў стадолу

Вядуць і ставяць на папас.

Абодва рады і вясёлы,

160 Ідуць у хату бавіць час.

Пан Богут дзверы расчыняе,

Паўнюткі прыязных турбот,

I словы прыязні раняе

Ды просіць госця напярод.

Прыйшлі ў святліцу і з сабою

Прынеслі холад са двара,

Ды шмат цяпла ў гаспадара.

— Ну, проша ж пана да пакою!

 

 

15

 

Пшэбора зараз па парадку

170 Скідае вопратку сваю,

Наўперад зняў канфедэратку,

Як сведку польскасці ў краю,

А потым важна расшпіляе

Зялёны вышыты жупан,

I ва ўсім пыху выплывае

Мундзір... які! ды як дагнан!

Такіх мундзіраў няма болей,

Нідзе іх больш і не было:

Раскоша, бляск!.. ды ўсё сплыло,

180 Прапала разам з панскай доляй.

 

 

16

 

А тут якраз і гаспадыня,

Надзеўшы сукню для гасцей,

Шыбуе важна, як гусыня,

I ветласць сыплецца з вачэй.

Пшэбора спрытна павярнуўся,

Як першы ў свеце кавалер,

Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся,

Аж бліснуў срэбраны каўнер,

Ды ў ручку плюсь! — Як пані здрове?

190 — Дзенькую пану! А што ж пан

Адзін без жоны? — Такі стан,

Што мой візіт ест выпадковы.

 

 

17

 

У часе прыязнай гамонкі,

Лятучых жартаў і прыкрас

Ускочыў хлопчык з крыкам звонкім,

Каханак Богутаў, Адась.

— Ну, прывітайся ж, сынку, з панам!

З Адасем клопат у бацькоў:

Пасябраваўся ён з мужланам,

200 Гаворыць мовай мужыкоў,

Выходзіць з польскага уплыву.

Бяда і сорам з ім адзін:

Бярэ ў ім верх «беларусін»

I на чужую хіліць ніву.

 

 

18

 

Пытанне — дзе шукаць ратунку?

Як знішчыць шкодны гэты дух?

Пшэбора — дзеяч з пастарунку,

Не просты дзеяч — хват і зух.

Цяпер пан Богут і Пшэбора

210 Вядуць размову сам-насам.

Іх тэма — Богутава гора

I процівага мужыкам.

Ды ў госця тут няма сумнення.

Што беларускасць? пыл і дым,

I засмучацца няма чым:

Няма ў культуры іх карэння.

 

 

19

 

I разышоўся пан Валенты —

Надзьмуты польскі патрыёт.

У Польшчы ўсе ёсць элементы,

220 Каб смела рухацца ўпярод.

I ёй нішто не пагражае

Пад сцягам белага арла,

Не ступіць тут нага чужая,

Чыя б яна там ні была,

Бо Польшча — гэта шчыт Еўропы,

За Польшчу Бог, за Польшчу люд,

I сама Польшча — Божы цуд,

То што ёй значаць тыя хлопы?

 

 

20

 

Гаворыць госць з такім запалам

230 I так узносіць паляка,

I польскі дух, і тую хвалу

Аб ім, што слыне здаляка:

Культуру, воінскую славу,

Дзяржавы польскай развіццё.

Ён сам за Польшчу, за Варшаву

Гатоў аддаць сваё жыццё.

Яшчэ б ён больш перабраў меру,

Калі б Мальвіна не прыйшла

Прасіць прамоўцу да стала

240 На «небагатую» вячэру.

 

 

21

 

Як першы снег, абрусам белым

Засланы стол, а на стале...

Абегла глянеш, скажаш смела:

«Вось гаспадыня, дык але!»

Як сонца свецяцца талеркі,

Зіхцяць відэльцы і нажы,

Сурвэткі, ну чысцей паперкі,

Хоць гімн адразу ім злажы.

А закусь! Што тут за вяндліна!

250 А паляндвіца, а той сыр!

Адна смятана ў ім і жыр

Ды кропкі чорненькія кміну.

 

 

22

 

I Богут ведае парадак —

Ідзе паважна ў свой буфет

I дастае бутэльку — «Дзядэк» —

Напіткаў польскіх гонар, цвет.

Хвала той дзедавай асобе:

I чарка ў гумар прывядзе.

Пітво такое ў Польшчы робяць

260 I толькі ў Польшчы, больш нідзе.

Кульнулі чарку за Мальвіну,

Другую за гаспадара,

I госцю выпала пара,

Пілі за славу, за айчыну.

 

 

23

 

I без таго, як мак ружовы

Або той восеньскі рыжок,

Пшэбора, пан пастарунковы,

Гарыць, як золата кружок,

I жар прамоў яго не стыне.

270 Ён шле хвалу на тоны ўсе

I гаспадыні, і вяндліне,

I той дзівоснай каўбасе.

— То проша ж, проша, мой васпане!

Свае гадоўлі япрукі,

Мастацтва ўласнае рукі —

Не зробяць так і ў рэстаране.

 

 

24

 

Пан Богут смехам жартаўлівым

Ганьбуе злёгку рэстаран,

I ён давольны, ён шчаслівы,

280 I ў мыслях радасны туман.

Жыццё глядзіць нейк па-другому,

У хвалях шоўкавых плыве,

Ён рад сабе і свайму дому

I сваёй мудрай галаве.

I «Дзядэк» той глядзіць жычліва,

Развёўшы ў сэрцы яго жар,

I рэй вядзе зноў гаспадар, —

Даволі думак мітуслівых!

 

 

25

 

І чаркі зноў ён налівае –

290 Яшчэ гасцінней і паўней

І другу вернаму ківае:

– Валенты, справу разумей!

Падняты чаркі спрытна ўгору,

Ды перш, чым выпіць іх да дна,

Пан Богут з радасці ў гумору:

Заводзіць песню. Вось яна:

“А хто не выпіе,

Тэго вэ два кія.

Цупу-лупу! Цупу-лупу!

300 Тэго вэ два кія!”

10-25/IV 1940 г.

 

 

Раздзел IV

 

 

1

 

Я зноў хачу, як і калісьці,

З адкрытай, простаю душой

На стык дарог знаёмых выйсці

I пераклікнуцца з табой.

Ты ад мяне цяпер далёка,

Але і з той далечыні

Гарадь вясёлкай яснавокай

Твае прывабныя агні.

Яшчэ гучыць у маім сэрцы

10 Твой шэпат, голас ціхіх мар.

Вясна мая, юнацтва жар,

У свет расчыненыя дзверцы!

 

 

2

 

Далёка ты! Заслона часу,

Як нерухомая імгла,

Яго рукой сатканым пасам

Між намі шчыльна пралягла.

Няма дарогі і праходу,

I не сустрэцца болей нам.

Юнацтва дні, дзяцінства годы

20 I ты, вясна, далёка там.

Але жывуць мае ўспаміны,

I ты ў маіх стаіш вачах,

Як недасяжны Млечны Шлях,

Дзе свецяць зорак журавіны.

 

 

3

 

А як прывабна выглядалі

Праз ткань утульную смугі

Жыццё і свет, шляхі і далі

I юнай плыні берагі.

Як многа дум і мар крылатых

30 У той юнацкасці было.

Расціла бацькава іх хата

I грэла роднае сяло.

Як той вандроўнік адзінокі,

Я марыў свой пракласці след

У нейкі край, у нейкі свет,

Такі чароўны і далёкі.

 

 

4

 

Сплылі гады, бы тыя хвалі

Разводдзяў шумных веснавых,

I многа-многа запісалі

40 Падзей вялікіх і малых.

I змен не мала адбылося.

Забралі шмат каго жвіры.

Бы кветкі ў скошаным пракосе,

Палеглі родныя, сябры.

Перамясціліся і межы,

Граніцы штучныя зямлі,

I мне на твар, на лоб ляглі

Нямілай старасці мярэжы.

 

 

5

 

Нібы на нейкім перавале,

50 Стаю, гляджу назад з гары

I бачу пройдзеныя далі,

I шлях прамераны стары,

I ўсё, што ззаду засталося,

I ўсё, што знойдзена ўвясну,

Ды аб людскім і ўласным лёсе

Часамі ціхенька ўздыхну.

Але ж не скончана пуціна,

I ці гадаў я, што ступлю

Сапраўды ў новую зямлю.

60 Шчасліва ж будзь, мая краіна!

 

 

6

 

Дык пойдзем далей. На мінутку

Спынюся ў хаце рыбака.

У ёй так многа зараз смутку.

Мне шкода хлопца-бедака.

Ён помніць Богута пагрозу.

Карціць пытанне: як жа быць?

Як гэту скулу і залозу

Латвей і лепей залячыць?

Бяда — няма куды падацца

70 I рук няма за што зацяць.

Жыццё ні ў дзесяць і ні ў пяць.

I што ў ёй ёсць, у гэтай хатцы?

 

 

7

 

Судзілі разам і гадалі

I скарб свой бралі на вагу,

I ў дзень наступны заглядалі

Праз гэту цёмную смугу.

Ды выйсця ім няма другога —

Яны ў палоне павука,

Не абмінеш яго парога:

80 Закон стаіць за паляка.

Даніла вылаяўся ў злосці,

Надзеў паходны свой пільчак,

Схаваўшы сціснуты кулак,

Ды ў двор ідзе да ягамосця.

 

 

8

 

— Ну, вось і добра, мой васпане.

Хоць, праўда, васпан мусіў сам

Аддаць мне першым прывітанне,

Ды грэх падзелім папалам.

Такой лісліваю прымоўкай

90 Сустрэў пан Богут бабыля,

Каб акруціць сваёй вяроўкай,

Дасціпным ходам круцяля.

Даніла глянуў асцярожна

I зрок утупіў малады.

А сам падумаў: «Гад руды!

Брашы, брахун пустапарожны!»

 

 

9

 

А ўголас кажа: — Я ж не ведаў,

Што пан тут стаў гаспадаром,

I, як дыктуе звычай дзедаў,

100 Пайшоў на сход прасіцца ў дом,

I сход дазволіў жыць у хаце,

А, кажа, вернецца Сымон,

То ўжо глядзіце самі, браце,

Бо гаспадар яе ўсё ж ён.

Пан Богут глянуў косым вокам

I нізкі вус спусціў ніжэй.

— Ох, мой васпане-дабрадзей:

Не нашым, васпан, ходзіш крокам!

 

 

10

 

I пасля ціхага дакору

110 Адразу ўзяў высокі тон.

— Падумай, васпан, што гаворыш?

А дзе ж парадак і закон?

Ці заплаціў жа сход падаткі

За землю, сеці рыбака?

То ж бальшавіцкія парадкі —

Стаяць за права лайдака.

У Польшчы іншыя законы,

Сваволлю месца ў ёй няма,

I, васпан, робіш надарма,

120 Што ходзіш сходу на паклоны.

 

 

11

 

Маўчыць Даніла, збіты з тропу.

Вось ён куды гне, каб ён здох!

I што ты скажаш асталопу, —

Яшчэ засадзіць у астрог.

Але пан Богут з'ехаў з тону

I ўжо гаворыць чуць мякчэй.

— Ну, васпан, мо не знаў закону,

Адно ж, васпане, зразумей:

Будуем мы сваю дзяржаву,

130 Не бальшавіцкі гэта край,

Для Польшчы кожны ўсё аддай,

Рабі сумленна сваю справу.

 

 

12

 

Вось хоць бы ўзяць мяне з васпанам,

Мы — людзі краю аднаго,

А, васпан, глянь — жыву я панам,

Ёсць, дзякуй Богу, усяго.

Але ж мне Бог не скінуў з неба

Зямлі, набытку і дабра:

Свой глузд мазоліць, васпан, трэба

140 Ды пахадзіць каля двара.

Няма нікому забароны

Уладзіць дом свой, дабрабыт.

Май, васпан, толькі розум, спрыт

I не выходзь з граніц закону.

 

 

13

 

I ўсе жывуць і жыць павінны,

Чыя як зносіць галава.

Не роўны дрэвы ў баравінах,

I ў лузе розная трава.

Другі, здаецца, землю гложа,

150 А спору ўсё яму няма,

I выйсці ён ніяк не можа

З свайго ж уласнага ярма.

А той жыць хоча абібокам

I есці смачны каравай,

Яму гатовае давай,

А сам ён марыць пад аблокам.

 

 

14

 

Не, мой васпане: тыя мары

З пустой выходзяць галавы,

А ловяць іх адны няздары,

160 Што разгубілі дух жывы.

Ім толькі б песціць сваё цела,

Запхаўшы рот чужым дабром, —

На ўсход пускае Богут стрэлы

Ды шле туды за громам гром.

I заключае: — Лад іх рухне. —

I раптам робіць ход другі:

— А што ж мы, васпан дарагі,

Як жабракі, стаім на кухні?

 

 

15

 

Гарохам сыпле Богут словы,

170 А самы тон яго прамоў

То памяркоўны, то суровы,

Калі ён б'е бальшавікоў.

Другім стаў Богут у пакою,

Куды заклікаў ён гасця.

Гаворыць з ласкаю такою,

Нібы госць — роднае дзіця.

I распытаў пра ўсё падробна,

Як ён жыве і чым жыве,

Куды кіруецца-плыве

180 І што ў жыцці больш упадобна.

 

 

16

 

Але чым Богут больш ласкавы,

Тым меней верыць яму госць,

Чакае ўсё развязкі справы:

Куды ж то цэліць ягамосць?

Ды не паказвае і віду

I дзёгцю пану ў мёд не лье,

Сваю ж няверу і агіду

Хавае ў словах: так, але.

А Богут проста яго ўзносіць

190 I адабрае іхні план —

Набыць уласны нейкі стан.

— То, васпан, рацыя і досыць!

 

 

17

 

I адабрэнне не пустое,

Пан Богут дальш ісці гатоў:

Ён сам, калі пайшло на тое,

Іх падтрымае, як братоў. —

I дапамогу дам, васпане.

Ён платы з іх не будзе браць

I заработак ім дастане

200 На злотых... так пад сорак пяць.

Здабыць паможа цэглы, лесу

I дом збудуюць як-нібудзь,

Няхай здаровыя жывуць

Для Польшчы-маткі інтарэсу.

 

 

18

 

— Адна тут, праўда, рэч благая,

Што васпан, жаль, не каталік,

I гэта многа замінае,

Хоць грэх ён, можа, не вялік.

Было б адно жаданне — шчыра

210 Стаяць за Польшчу, ёй служыць

I жычыць ёй дабра і міру

Ды па законах боскіх жыць.

Дык што на гэта, васпан, скажа?

Даніла ўскінуў плечуком,

Як муха перад павуком,

Пачуўшы ліпкасць яго пражы.

 

 

19

 

— Я вельмі дзякую за ласку,

Ды чым я заслужыў яе?

А ў думках думае: «Скінь маску:

220 Выкладвай намыслы свае!»

— Не заслужыў — то васпан можа,

Калі захоча, заслужыць.

А справа вось у чым, нябожа,

Калі ўжо доўга не кружыць.

Пан Богут вусы растапырыў,

Адзін угору, другі ўніз,

Зірнуў, як хітры стары ліс,

Выжыга спрытны і няшчыры.

 

 

20

 

— Фатыгі, васпан, тут не трэба,

230 А толькі вушы, вочы мець,

Ніякім подслухам не грэбаць,

А часам дзе і падглядзець.

Цікава ж ведаць, каб не збочыць,

Які ў народзе ёсць настрой,

Куды ідзе ён, чаго хоча,

Каб лепшы даць яму развой.

Не думай, васпан, што ля ўлады

Не ходзіць клопат пра народ:

Яе ўвесь сэнс, наадварот,

240 У тым, каб людзі былі рады.

 

 

21

 

Але ж на свеце ёсць злачынцы,

Што напускаюць мжу, туман

Ды суляць шчодрыя гасцінцы,

А посул іх — адзін падман.

На жаль, на гэтых звадыяшаў

Вялікі, васпан, ураджай,

Змагацца з імі — справа наша.

Дык вось, васпане, і зважай.

А той, хто злыдняў пакрывае,

250 Ёсць злыдзень гэтакі ж і сам.

Ну, вось і ўсё, што трэба нам

Для справы людскасці і краю.

 

 

22

 

Цяпер ён толькі расшалопаў,

Куды яго заводзіць гад.

Дык вось які ён, хлябок хлопаў,

Які прытулак панскіх хат.

I ён затросся, як асіна,

Гатовы плюнуць пану ў твар,

Але прыпомніў жонку, сына

260 I расхалоджвае свой жар.

Нібы памыямі абліты,

Стаяў ён некалькі хвілін

У сецях ліпкіх павуцін.

— То як, васпане: будзем квіты?

 

 

23

 

Зірнуў на Богута Даніла,

Як на агіду, на брыду:

– Смакчэце кроў, цягніце жылы,

На хлеб такі я не пайду.

– Не пойдзеш?.. Ну то мы пабачым.

270 А скажаш слова хоць адно,

То будзе лёс табе сабачы —

Ты на прымеце ўжо даўно.

Але падумай, мой васпане:

Яшчэ не позна, маеш час,

Каб васпан болей не заграз.

Даніла выйшаў, бы ў тумане.

 

 

24

 

Сядзіць Даніла спахмурнелы

З сваёй Марынкай за сталом,

Старая печ глядзіць знямела,

280 А холад ходзіць пад акном.

Яшчэ цяжэй у курнай хаце,

Яшчэ гусцей звісае мрок

I апранае ў сваё плацце

Калыску, сцены і палок.

Маўчаць Даніла і Марына,

А іх галовы поўны дум.

Ці ж то не здзек? Ці ж то не глум

Над іхняй доляй бедачынай?

 

 

25

 

Ды хіба ж свет сышоўся клінам?

290 Хіба ж адзін ён, чужы кут?

Далей, далей ад павуціны,

Каб не чапіў іх панскі бруд!

Марына рада за Данілу –

Так паступіла б і яна,

Хай знае Богут тупарылы,

Што ён напаў не на блазна.

А дзесь на печы сваю песню

Заводзіць рэзвы цвіркунок,

І спіць маленькі іх сынок,

300 Ды ў лучніку вугольчык трэсне.

 

28/IV-15/V 1940 г.

 

 

Раздзел V

 

 

1

 

Зіма стаіць у самай сіле.

Яе няўмятыя снягі,

Як лебядзіных стадаў крыллі,

Ляглі на стрэхі, на стагі.

Па вокны ў гурбы ўвайшлі хаты,

Згубіўшы свой фасон і від,

А вецер пасмы снежнай ваты

Сушыцца вывесіў на шчыт.

На голых дрэвах замест лісця

10 Паклалі шэрань маразы.

Рыпяць, скрыгочуць палазы —

Марозны снег ім цяжка грызці.

 

 

2

 

У вёсцы зараз руху мала,

Нібы заснулі Петрушы,

I там, дзе люд шумеў бывала,

Цяпер не згледзіш ні душы;

Хіба што зрэдку рыпне студня,

Кіўнецца стромкі журавель,

Ды скрозь прастор адзін бязлюдны,

20 Ды снегу томячая бель.

У снезе туліцца дарога,

Сляды саней і конскіх ног.

Але каго там нясе Бог?

Які то сунецца нябога?

 

 

3

 

Ідзе ён мернаю хадою,

3 кіёчкам, з клункам на плячах,

Мінае крыж, старую хвою

На горцы, дзе праходзіць шлях.

Чым бліжай вёска і сядзіба,

30 Тым больш павольны яго крок,

Ці то яму ўжо трудна дыбаць,

I ён звярнуць мяркуе ўбок.

Глядзіць на Богутаву хату —

Зайсці яму сюды ці не?

А там халупка ўстаране

3 старою комінай шчарбатай.

 

 

4

 

Ён углядаецца ў будынкі,

У хмыз, у снежныя палі,

Нібы даўно сляды-пуцінкі

40 Ён пракладаў на той зямлі.

На ім пільчак убогі, рваны.

3-пад пільчака стары кажух

На свет выносіць латы-раны,

Даўно растраціўшы свой пух.

Але вандроўнік не зважае

На гэты вычварны убор

I вочы кідае на двор,

Дзе хатка туліцца старая.

 

 

5

 

Ён прыпыніўся на хвілінку

50 I, аглянуўшыся кругом,

Бярэ кірунак на хацінку —

Ідзе ў былы рыбацкі дом.

Вайшоў у двор, зірнуў на дзверы,

На цёмны, нізкі катушок —

Чыясь хадзіла тут сякера,

I нехта зняў з дзвярэй замок.

У сенцы ўходзіць, ідзе ў хату,

Глядзіць, — там двое маладых.

Ён добрым днём вітае іх,

60 На кій апёршыся таўсматы.

 

 

6

 

Глядзяць Даніла і Марына

На незнаёмага, а той

Глядзіць на іх з прыветнай мінай,

3 усмешкай ціхай, з цеплынёй,

А потым кажа: — Вось праява!

Сказаць вам, здзіўлен трохі я:

За хатку-матку рад, ей-права —

Яна ж такі, сказаць, мая.

I ўсё адразу ясна стала:

70 Ды гэта ж ён, Сымон рыбак,

Не валацуга, не жабрак,

Якіх бадзяецца нямала.

 

 

7

 

I рухам ветлай гаспадыні

Марына з лавы пыл змяла —

Няхай жа госць іх адпачыне,

Як гаспадар каля стала.

А гаспадар і госць пачэсны,

Як цецярук, глядзіць на печ.

— Эх, маці-печ! ты — рай нябесны

80 I найпатрэбнейшая рэч, —

Гаворыць ён, — хіба залезці

3 дазволу вашага туды,

Як у даўнейшыя гады,

Ды распытацца там пра весці?

 

 

8

 

Залез на печ і распрануўся,

3 ацёкшых ног зняў хадакі. —

Нарэшце рай мне адамкнуўся.

Прызнацца вам, празяб-такі...

А вы не бойцеся, мілягі:

90 На печ залез я не на век

I не зраблю вам ліха, плягі,

Бо не такі я чалавек.

— Ды што вы, дзядзька, калі ласка.

Не мы, не вы гаспадары!

А падлічыць іх, будзе тры,

І хата ваша гэта — казка.

 

 

9

 

І расказалі казку тую

І крыўды вылажылі ўсе.

А хто паможа, паратуе?

100 Хто ім збавенне прынясе?

Дзе ж справядлівасць? Дзе ж управа?

Дзе тая праўда? дзе закон?

Пануе панская халява,

А ты ідзі ў яе палон.

Сымон прысеў, паставіў пяты,

Каб іх сагрэць, на чарано,

А там у нізкае акно

Зіма ўглядаецца зацята.

 

 

10

 

Сядзіць рыбак і ловіць словы

110 Аб панскай жорсткасці тупой,

Свой шлях прыгадвае суровы,

Што лёг у марнасці пустой.

Сядзіць, покусвае бародку,

Такую ж чэзлую, як хмыз.

Вось і гадай аб заработку —

Усё забраў пан і не лыс.

Сядзеў, маўчаў, спусціўшы вочы,

І раптам смех яго затрос,

Аж захадзіў кірпаты нос;

120 Сядзіць на печы і рагоча.

 

 

11

 

Марыне нават страшна стала.

Яна ступіла крок назад.

Бліжэй к Данілу, прашаптала:

“Ці ён часамі не вар’ят?”

I тут, як бы ў адказ Марыне,

Рыбак суняў пусты свой смех.

— Вам дзіўна, можа, гаспадыня?

Ды пасмяяцца хіба ж грэх? —

Азваўся ён: — вось прыгадаю,

130 Якраз дарэчы, старыну.

Я казку ведаю адну,

Што мела месца ў нашым краю.

 

 

12

 

Жыў колісь пан, даўно, вядома,

I быў аконам у яго.

Заклікаў пан раз аканома.

Прыйшоў. Пытаецца, — чаго?

А пан і кажа: «Грошы трэба.

Вазьмі па злоты два з душы,

Ніякім спосабам не грэбай,

140 А мне даходы прыпішы».

Пайшоў аконам і вярнуўся.

— Ну, што? — пытае яго пан.

— А так, папоўніў панскі збан,

Але народ крахтаў і гнуўся.

 

 

13

 

— А, то нічога, — пан гаворыць: —

Яшчэ па злоты тры вазьмі. —

Нясе аконам людзям гора,

Ідзе валтузіцца з людзьмі.

Было ўсяго ў тым інтарэсе,

150 I просьбы з грозьбамі былі.

Шумеў народ, як бура ў лесе,

Ды грошы пану аддалі.

— Ну, што? — спытаў пан аканома.

— Ой, пане! лаецца народ,

Крычыць услых: — пан — абармот,

Няхай яго забіла б громам!

 

 

14

 

Смяецца пан. — Мой дабрадзею,

Не дарма ж прыказка ў іх ёсць:

«Кляні ты пана, пан таўсцее

160 I абрастае яго косць».

Ідзі ж ізноў да іх, каханы,

Накінь яшчэ ім злоты пяць.

Няхай каптан заложаць драны,

А грошы мусяць яны даць.

— Што ж, воля панская, паночку,

Пайду, калі такі загад!

Праз нейкі час ідзе назад,

Прыйшоў і топчацца ў куточку.

 

 

15

 

— Ну, з чым вярнуўся? — пан пытае,

170 I чуе ён такі адказ:

— Ні з чым, паночку. Рэч такая:

Смяюцца людзі ў гэты раз.

I раптам пан змяніўся ў твару,

А на вачох адбіўся страх.

Ён памаўчаў хвілінак пару

I кажа: «Кепска! Справа — швах!»

Стагналі людзі, то — нічога,

Клялі — і гэта не бяда,

Калі ж смяецца грамада,

180 То смех такі гаворыць многа.

 

 

16

 

Дык вось і я, людцы мае вы,

Смяюся я, ды каб жа смех

Звінеў панам магільным спевам

I гнаў іх прэч з-пад цёплых стрэх.

Рыбак замоўк. Дастаў табакі,

Са смакам нюхнуў разы два

І кажа: «Плюньце, небаракі!

А гэта ліха — трын-трава!

Жывымі ў землю не палезем,

I засмучацца няма чым,

Разгоніць вецер горкі дым,

Дыхнем і мы паветрам свежым».

 

 

17

 

Тут узяла Марына слова:

— Пакуль яно там будзе што,

Ды дзе падзецца ў час зімовы?

Хто ў хату пусціць нас? Ніхто.

Калі б адзін, а нас жа трое,

Ды пара курак, ды свінчо.

Ідзі хоць вешайся на хвоі

200 Ці вешай торбу на плячо.

— Ну, кінь ты, жонка, плявузготы.

Няхай лепш вешаецца пан,

I не такі акрутны стан,

Каб так баяцца жываглота.

 

 

18

 

Ты не пужайся, а мы з хаты

I не кранемся да вясны,

Хоць ён там здохне, чорт лазаты,

I захлынуцца ўсе паны.

— Вось гэта голас, пане браце. —

210 Азваўся з печы зноў Сымон:

— Ды ў пана совесці ўсё ж хваціць

І ўзімку выгнаць з хаты вон.

Яго і права тут і сіла,

Не так, як там унь, за мяжой,—

На ўсход кіўнуў ён галавой: —

Капут там пану і магіла.

 

 

19

 

Не пан, а наш брат і рабочы

Жыццё там ладзяць, даюць тон.

Ім едкі дым не лезе ў вочы,

220 Ім там прастор, ім там разгон.

У свет адкрыты ўсе дарогі,

Пасады ўсе даступны ім,

Ідзі, рабі да поўнай змогі

I скарб увесь лічы сваім.

Няма там стараст, ваяводы,

А паліцэйскага дзярма

Там і ў паміне больш няма,

Ксяндзы з папамі выйшлі з моды...

 

 

20

 

Ці ж то ўсё праўда? Што за словы!

230 Прыціхлі ўсе і сам-насам

Снуюць у думках лад той новы,

Такі парадак, як і там.

Адзін Валерык пад дзяружкай

Парушыў ціш і гэты рай.

Цяпер яго ты і не гушкай,

Бяры на рукі, есці дай.

Рыбак таксама хоча есці.

— Эх,— цмокнуў ён: — малы, малы!

Ты не гадаеш пра сталы,

240 А хто цябе, Сымон, папесціць?

 

 

21

 

Маладажоны зразумелі

Сымонаў тонкі ход-намёк,

I сам ён рад, што ў гэтым дзеле

Зрабіў такі майстэрскі крок;

Сказаць жа проста: «я галодны»

Ці «замарыць бы чарвяка» —

Сымон лічыў за ход нягодны,

I ён не ў модзе ў рыбака.

Марынка сына пакарміла.

250 Кладзе ў калыску яго зноў,

Ідзе да печы, да гаршкоў,

Ды стол настольнікам накрыла.

 

 

22

 

Сымон жа з печы, як з трыбуны,

Гатоў гукнуць «Няхай жыве!»

А ў жываце іграюць струны,

I ходзяць думкі ў галаве:

О сэрца добрае галечы!

К дабру так чуткі бедакі!

Кажух накінуўшы на плечы,

260 Ён абувае хадакі,

Нібыта ладзіцца ў дарогу

3 свае халупкі і сяла,

І чуе: — Просім да стала,

Хоць на стале у нас убога.

 

 

23

 

— Ох, дзякуй вам, людцы мае вы,

Няхай дае вам Бог дабра.

Такія мне тут неспадзевы —

Няма мяне, гаспадара.

I вы ліпіце тут да часу

270 Пад страхам заўтрашняга дня.

Даў Бог, казаў той, хлеў Уласу,

Але не даў яму каня...

Эх, квас які ж у вас прыўдалы! —

Гаворыць ён і хваліць квас,

Ды есць без розных выкрутас,

Ды гаспадыні сыпле хвалы.

 

 

24

 

— То ешце ж, ешце на здароўе.

Жывём сяк-так, і можна б жыць,

Калі б не тое безгалоўе,

280 Што над табой, як ноч, вісіць.

I за сталом пайшла гаворка.

Даніла вылажыў свой план —

Паставіць хатку там, за горкай,

Дзе лесу цягнецца паркан.

І пляц ужо сабе наглядзеў,

І сходна можна яго ўзяць —

Яго уступіць Гэльчын зяць,

І людзі — добрыя суседзі.

 

 

25

 

— Дык што ж! Няхай Бог памагае

290 Прыдбаць шчасліва свой куток.

Міне вясенька і другая,

І падгадуецца сынок.

А там Бог дасць якую змену,

І прыйдзе пошасць на паноў,

І я вясёлых вас сустрэну

І абніму печ сваю зноў.

І іхні госць ідзе ў паходы,

Куды — і сам не знае ён.

— Дык вось які рыбак Сымон,

300 А ўспомніш — стане яго шкода.

 

Май-верасень 1940 г.

 

 

Раздзел VI

 

1

 

Праходзіць час абыкла, ціха,

Ні змен трывожных, ні навін,

А дзесь снуецца ўпотай ліха

I сочыць ход сваіх хвілін.

Маўчыць пан Богут, ані слова,

Як бы яго тут і няма,

Ды помні, скрытна ходзіць змова,

Не заспакойвайся дарма.

Даніла гэта добра знае,

10 I з ім Марынка начаку —

Пакажа пан сваю руку,

Не абміне часіна тая.

 

 

2

 

I томіць гэта несвядомасць

I гэты цёмны непакой —

3 чым завітае пан ягомасць?

3 якою прыйдзе ліхатой?

Прыедуць пэўна з пастарунку,

Заручка ў Богута там ёсць,

I скажуць — звязвай транты, клункі!

20 Не гонім — проша вон, псякосць!

I так і сяк яны мяркуюць,

Каб адгадаць падзеі ход.

Ды што карысці з іх згрызот?

Не век жа тут яны вякуюць.

 

 

3

 

Ў руках шпарчэй сякера ходзіць —

Вазок ён ладзіць ого-го!

А лішні злоты не зашкодзіць,

Сякерай вычаша яго.

Кіпіць работа і ў Марынкі,

30 У хаце высіцца станок.

Навіты ніткі-павуцінкі,

Хоць і чужы прадзе лянок.

За пражу плацяць чым папала:

Хто воўны дасць, а хто лянку,—

Яна ў кудзелі, бы ў вянку.

I будзеш мець, калі жыць дбала.

 

 

4

 

Марына — прыклад гаспадыні,

Жычлівы друг гаспадара;

Вось вы зірніце ў яе скрыню –

40 Там ёсць-такі крыху дабра.

А гэта скрыня — дар ад мужа,

Як быў яшчэ ён жаніхом.

Адчыніш вечка — на ім ружа

I домік з яркім цветнічком.

Малюнак зроблен адмыслова,

I шмат у ім цяпла і фарб.

У скрыні лепшы хатні скарб,

Адзежы, хустак яе схова.

 

 

5

 

І часта ў зручную хвіліну

50 Яна, астаўшыся адна,

Сабе на ўцеху, на здзіў сыну

Агледзіць скрыню ўсю да дна.

Тут ёсць абрус яе работы

З брыжамі белымі, як снег.

На ім узоры, пераплёты —

Мастацкай выдумкі разбег.

А пад абрусам патаемна

Яна хавае ручнікі,

І від іх вышыўкі такі,

60 Што і самой зірнуць прыемна.

 

 

6

 

— Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца!

А вось сувойчык палатна.

То ўсё твае матулі праца...

А вось і пояс для блазна.

Кашульку сыну я змайструю

I так аздоблю каўнярок,

Што мой Валерык закрасуе,

Бы той у жыце васілёк.

I так па некалькі хвілінак

70 Над кожнай рэччу пастаіць,

Бы сон прыгожы яна сніць.

Нарэшце гляне і ў прыскрынак.

 

 

7

 

Ды хіба ж можна прайсці міма,

Каб у прыскрынак не зірнуць,

Не кінуць злёгку хоць вачыма,

Не затрымаўшыся хоць чуць?

Там кадубок работы тонкай,

Ён зроблен з густам мастака.

Тут пастаралася для жонкі

80 Яго ж, Данілава, рука.

Ну што, здаецца, кусок дрэва,

Той чорны дуб, што ў рэчцы мок,

А вось жа выйшаў кадубок,

Майстэрства дзіва, неспадзева.

 

 

8

 

Ён чорны ўвесь, як жук той шустры,

У рукі возьмеш, ну — плыве,

Глядзецца можна ў ім, бы ў люстры,

Дзе дробязь кожная жыве.

I так ён зроблен самавіта,

90 Што вечка згледзець трудна ў ім,

Само ж нутро яго набіта

Дабром, ды самым дарагім.

Там два пярсцёнкі, крыжык медны,

Здабыты сыну ў час хрысцін,

I ёсць там злот і не адзін

I ёсць сакрамант запаведны.

 

 

9

 

Сам па сабе ён — глупства можа:

Шкляны чырвоны чарапок,

А для Марыны ён дарожай,

100 Чым злот і сам той кадубок.

Яна хавае яго свята.

У рукі возьме і ўздыхне,

Бо ён гаворыць ёй пра брата,

Што згінуў дзесь на старане.

Ігнатка з ім гуляў калісьці

I праз яго халодны жар

Глядзеў на луг, на грывы хмар,

На лес у дзіўным жоўталісці.

 

 

10

 

Ёй горка стане і журботна,

110 I з новай сілай паўстае

Пытанне: дзе ж ён, брат гаротны?

Няўжо ён страчан для яе?

Вось так у коле думак розных,

Трывог, і страхаў, і надзей

Жыве, працуе — рана, позна

I для сябе і для людзей.

Эх, беднасць, беднасць — круг замкнёны

I вузкі-вузенькі разгон!

Успомніцца рыбак Сымон,

120 I гляне час той неўнікнёны.

 

 

11

 

Ужо мінулі і Грамніцы,

Аселі пругкія снягі,

I дзень на новыя граніцы

Свае заносіць берагі.

Але яшчэ пытае люты,

Зіму прывёўшы на прычал,

Ці добра, людзі, вы абуты?

Як вы багаты на апал?

А людзі рады: дзень святлее

130 I з імі бавіць час даўжэй,

I далі зораць весялей —

Зіма патрошку сходзіць, тлее.

 

 

12

 

Часцей у вокны свеціць сонца,

А ўдзень і капне з капяжа;

Свідруе лёд вада ў палонцы —

Зімы канчаецца мяжа.

Святлей і ў хаце рыбаковай.

Падрос Валерык за зіму:

Сынку тры месяцы з паловай,

140 Садзіцца хочацца яму.

Расце, гадуецца хлапчынка,

Ён таткў, мамку пазнае.

Ці ж го не ўцеха для яе?

Ці ж то не радасць, не навінка?

 

 

13

 

I ўсё, здаецца, было б добра

I падымала б іх настрой,

Калі б не Богут, гэта кобра,

Што ў хатцы тоіцца старой.

I нечакана шлюць ім з гміны

150 Агідны панскі жоўты ліст —

Пра плату піша напаміны

На польскі лад канцылярыст.

Але для пана платы мала:

Яны праз сем ці восем дзён

Павінны з хаты выйсці вон.

Вось ён той час, бяды навала!

 

 

14

 

Яшчэ праз тыдзень і другая

Прыйшла паперка-напамін.

Ліхі павук — так налягае

160 I колькі сцеле павуцін.

Хадзіў Даніла і прасіўся, —

Пан Богут жорстак, як скурат.

Што ж? быў выпадак — не згадзіўся,

То хто ж, выходзіць, вінават?

А далей ён цярпець не можа,

Халупка ж лічыцца яго.

Яна стаіць не для таго,

Каб там збіраўся зброд варожы.

 

 

15

 

I ў Петрушах вядома стала,

170 Якое зло замысліў пан,

I гэта панская навала

Узбударажыла сялян.

Ці ж так патрэбна яму хата?

За што плаціць? завошта гнаць?

I як цярпець такога ката?

Ці доўга будзе замінаць?

Даніла — хлопец станавіты,

Марына — болей бы такіх.

Пайшло дабро ручыцца ў іх.

180 Дык вось жа не: ім шлях закрыты.

 

 

16

 

Кіпела вёска глуха, скрыта,

Стаіўшы злосць сваю ў цішы.

На дом асадніцкі сярдзіта

Глядзелі моўчкі Петрушы.

Уеўся Богут ім у косці,

Агорк, абрыд ім панскі лад.

Не раз няпрошаныя госці

Апошні скарб цягнулі з хат.

Ну, як вада плыве на кола:

190 Падатак, штраф, налогі, суд.

Калі ж канцы ім будуць тут?

Калі іх, гадаў, будзе гола?

 

 

17

 

Ох, жыць пад панам не салодка,

На ўсё павінен быць дазвол.

Няма дарослым заработкаў,

А дзеці босыя, без школ.

I слова роднае ў загоне,

Няма сваіх газет, кніжок,

Ігрышчы, сходы ў забароне,

200 I кожны нішчыцца гурток.

Лютуюць дзікія расправы,

А чуць дзе што — суды, астрог.

Расце густы чартапалох,

I горкі дым плыве з Варшавы.

 

 

18

 

Пра Петрушы хоць мімаходам

Сказаць не шкодзіць колькі слоў

I пацікавіцца народам,

Што тут жыве спакон вякоў.

Народу, праўда, не так многа:

210 У Петрушах семнаццаць хат,

А хаты пошыбу старога,

Будынкі ўсе на адзін лад,

Стаяць, уросшы ў дол пясчаны.

На заскарузлых стрэхах мох

Куп'ём зялёным шчыльна лёг,

Пабіўшы іх на струпы-раны.

 

 

19

 

Ды каб надаць красы хібаркам

I разам польскасці заліць,

Загад паноў вісеў над каркам,

220 I хаты мусілі бяліць.

Не надта гожа выглядалі

Крывыя сцены пад пабел,

I петрушоўцы жартавалі,

На вапну гледзячы, на мел.

I тут жа сказ адкроіў мудры

На гэты конт Лямех Аўген:

«Прыстаў пабел да гнілых сцен,

Як да старой бабулі пудра».

 

 

20

 

Глядзелі скрыва петрушоўцы

230 На панскі рэй, на іх загад,

I не было таго прамоўцы,

Каб пахваліў ён панскі лад.

I як хваліць, калі ты звязан,

Калі табе разгон закрыт?

Вось дзед Куцейка. Ён не блазан,

Яго тутун быў знамяніт,

А вось жа стогне, небарака:

Не смей свайго мець тутуну,

А дбай на панскую машну.

240 Якая ж панская табака!

 

 

21

 

Ды не адзін ён, дзед Куцейка,

Панамі выбіты з сядла:

Іх не маленькая сямейка

Збярэцца з кожнага сяла.

Няма прадыху ім і ходу

Сваім адумам павярнуць,

I як ні ступіш, — зробіш шкоду,

То тым, то гэтым душаць, гнуць.

А зловяць часам, не дай Божа,

250 Калі ты слых схіліў на ўсход —

Тут не адзін заплача злот,

Дык будзь заўсёды настарожы.

 

 

22

 

Была ж спакуса не малая

Пачуць, даведацца навін

3 тых гарадоў і з таго краю,

Дзе вольна дыша селянін.

А на двары таго ж Аўгена,

Як вартавы сялянскіх хат,

Угору ўзносіцца антэна

I вабіць хлопцаў і дзяўчат.

Сюды прыходзяць і старыя,

Украдкам, праўда, і тайком,

Паслухаць весці вечарком,

Што шле Масква ў часіны тыя.

 

 

23

 

Збяруцца, сядуць у парадку,

Нахіляць чынна галаву.

— Давай Варшаву для пачатку,

А потым цэлься на Маскву.

Варшава болей для адводу

270 I асабліва на той час,

Калі выпоўзвае ў абходы,

Як злодзей, панскі лабатрас.

Не лыкам шыты петрушоўцы

I бачаць панскіх слуг наскрозь,

А пападзецца такі лось,

Дык не пагладзяць па галоўцы.

 

 

24

 

Даўно вядзецца, хоць і глуха,

Вайна з пальшчызнаю ў сялян.

Дзяржаць тут трэба чуйна вуха,

280 Каб не паддацца на падман.

Вось і цяпер. Хто дасць ім веры,

Што дзесь не ходзіць той шпіён?

Не, дудкі, брат: прыняты меры —

Свае стаяць каля акон.

Чуць небяспека, — скажуць слова,

Тады Аўген за ручку — круць.

I вось ксяндзы табе гудуць,

I чуеш модлы з Чэнстахова.

 

 

25

 

Не трацяць веры петрушоўцы

290 I ў серцы песцяць свае сны.

Няхай сабе красуюць змоўцы —

Ім не прыждаць свае вясны.

А дзед Куцейка ўсім гаворыць:

«Мужык як жыў, дык будзе жыць,

Бо ён прайшоў агні і моры,

А панскі лёс плыве ў імжы.

Ён пан сягоння, дабрадзею,

А заўтра прах з яго і дым,

Палын не вырасце над ім.

300 Я ж тутуну яшчэ пасею».

 

3/ХІ 1940 г.

 

 

Раздзел VІІ

 

 

1

 

Ужо на сонечных угрэвах

Патрошку споўзваюць снягі,

I смех румяніцца на дрэвах,

Як нейкі веснік дарагі.

Глыбіні поўдня поўны ласкі,

Увысь усходзяць іх шатры

I апускаюць, нібы паскі,

На землю промені згары.

Чутно вясны дыханне ўсюды:

10 На сініх далях, на лясах,

На дрэвах, што вартуюць шлях,

Дзе струны-дроты правяць гуды.

 

 

2

 

I ўсё, куды ні кінеш вокам —

I шыр зямлі і глыб нябёс

У хвалях вечнага патока

Вязе прызначаны ім воз,

У рух прыходзіць з анямення,

Свой круг рассоўвае шырэй,

I тчэ дню новаму адзенне

20 З нявідных нітак сонцавей.

I плынь снуецца маладая,

Прыводзіць юную вясну,

Жыццё абуджвае ад сну

I ў сэрца з ласкай заглядае.

 

 

3

 

Сядзіць на сонцы каля хаты

Марына з сынам на руках.

Сынок, раскрыўшы вачаняты,

Глядзіць і жмурыцца. У вачах

Відаць здзіўленне, недаўменне:

30 Ён першы раз тут у жыцці

I бачыць першы дзень вясенні,

Ды ў мысль яго як шлях знайсці?

Але матуля пільна сочыць

I ловіць кожны яго рух.

— Што, мой сыночак, што, мой зух?

Зірнуць на хлопца сонца хоча?

 

 

4

 

Ой, сонца, сонейка! У вочкі

Майму сынку не заглядай,

А грэй у ножкі, снег упрочкі

40 Гані з зямлі ў далёкі край.

Сагрэй яе, укрый травіцай,

У кветкі, зелень убяры,

Мы ж з сынам пойдзем у суніцы,

I гай агледзім, і бары.

I стане мой сынок на ножкі

Ды пойдзе сам хадзіць-гуляць,

Дарожкі-сцежачкі таптаць.

Дыхні ж паветрам свежым трошкі.

 

 

5

 

Глядзі, як тут прасторна, ясна.

50 Унь дзёдзі ходзяць каля хат,

А там, бач, пеўнік сеў на прасла,

I ён вясне і сонцу рад.

Ох, зімка, зімка, час твой сходзіць,

Даволі ў хаце нас трымаць:

Бяды набраліся і годзе —

Не будзем больш тут зімаваць.

Да дзедкі пойдзем да Куцейкі,

Ён нам камору адвядзе,

А пан няхай тут прападзе

60 Перш чым засвішчуць салавейкі.

 

 

6

 

Яна і сонца хлопца песцяць

Ды клічуць рушыцца далей:

Быць можа там, на новым месцы,

Ім павядзецца шчаслівей.

Не варт чакаць пакорна ліха,

Пакуль не прыйдзе гнаць іх прэч,

Дык лепш самім патрошку, сціха

Яму дарогу перасеч.

А дзед Куцейка даў ім згоду

70 Для іх адвесці ў доме кут,

Каб скінуць Богутаў хамут

I век не ведаць яго роду.

 

 

7

 

Цішком Даніла ходзіць к дзеду

Сабе пад хату ладзіць клець:

Сухоты будуць людаеду,

Калі прарвецца яго сець.

I петрушоўцы ўціхамоўку

Данілу помач падаюць —

Ну хоць бы чым нашкодзіць воўку

80 I адплаціць хоць чым-нібудзь.

I клець прыведзена ў парадак.

Як пані, печ стаіць у ёй

З пячуркай, з комінкам, з плітой

На ўсякі экстраны выпадак.

 

 

8

 

Тым часам хата рыбакова

Не ў знак пусцее з кожным днём.

Увесь набытак і ўся схова

У клець заносіцца тайком.

Ідзе упрочкі ўсё з халупы:

90 Данілаў струмант і варштат,

Гаршкі і міскі, збан і ступа

I чыгунок для парасят.

Ну, словам, тое, што набыта

I што прынесена з сабой.

Зноў стала хатка сіратой

3 гнілым Сымонавым карытам.

 

9

 

I мне так хочацца яшчэ раз

Зайсці ў яе на нейкі час.

100 Адзін тут мох расце, як верас,

Адзін астаўся ў ёй абраз.

Замёр лучнік стары ў здзіўленні,

У дол спусціўшы жарало,

Такое страшнае ў зняменні,

I печ растраціла цяпло,

Стаіць адна між сцен куравых,

А са сцяны глядзіць Хрыстос,

Што паству ўсю сваю растрос

Сярод бяздушных і няправых.

 

 

10

 

I хата сумна апусцела.

110 Вісіць ізноў на ёй замок.

Сляпыя вокны анямела

Глядзяць на двор, на курганок,

Ужо другі дзень вечарамі

У іх не свеціцца лучнік,

I толькі ў мутным шкле часамі

Адб'ецца месяц-чараўнік.

Глядзіць пан Богут і гадае,

Чаму ў акне святла няма.

I трэці вечар, а там цьма,

120 Ідзе, халупку аглядае.

 

 

11

 

Эге, васпане, да тут змова!

О, хаме, хамская душа!

Сышоў, як злодзей, і ні слова,

Не заплаціўшы ні граша!

I закіпеў ад злосці Богут

I вус узняў, як таракан.

На смех падняў яго, на рогат

I так пакпіў з яго, галган!

Крануў замок — і не замкнёны.

130 Вайшоў, каб хату азірнуць.

Зірнуў — пустэча, гніль і муць.

Адзін лучнік звісае звонам.

 

 

12

 

На сцены глянуў — курна, чорна,

I раптам згледзеў ён Хрыста:

Вісіць, забыты і пакорны,

Глядзіць на Богута з кута.

I нейкі страх адтуль павеяў,

Але пан Богут не панік:

— Ты — праваслаўны, дабрадзею,

140 А я, васпане, — каталік.

Надзьмуты, злы, расчараваны,

Ідзе пан Богут у свой двор,

I глупы хлоп, а нос уцёр

I разбурыў яго ўсе планы.

 

 

13

 

I як на грэх, пан саквэстратар

Павінен сёння завітаць

I з ім Пшэбора, памагатар,

3 Данілы плату спаганяць.

Пан Богут ходзіць, збіты з тропу,

150 Ніяк не можа ўзяць канцоў:

Ці то шукаць паганца-хлопа,

Ці да Пшэборы слаць ганцоў?

I што ты скажаш? Вось псяюха:

Пан саквэстратар здаляка

Прыедзе трэсці лайдака,

А тут яго няма і духу.

 

 

14

 

Шнуруе Богут, хмурыць бровы,

Жуе свой рыжы нізкі вус.

Разблытаць трэба вузел змовы,

160 Каб не было другім спакус,

Бо за адной ўсплыве другая —

Пара пачаць яму вайну.

Аж тут Адась яго ўбягае,

Прыносіць бацьку навіну:

Ён бачыў сам на свае вочы

Данілу ў дзедавым двары.

Ці не прыняў яго стары,

Бо ён штось хітранька рагоча.

 

 

15

 

— Я так і думаў, — кажа Богут,

170 Каб толькі гонар падтрымаць: —

Не замяце свой троп-дарогу,

Недзе ён дзенецца, пся маць!

Пан Богут зноў набраўся пыху

I натапырыў верхні вус.

Калі ж і быў збянтэжан крыху,

То ён цяпер зноў тузам туз.

Ён важна ходзіць па пакою,

Высока сам сябе нясе —

Прад ім сагнуцца хлопы ўсе,

180 Прыгне іх цвёрдаю рукою.

 

 

16

 

Але навіну ён праверыў,

Каб больш упэўненасці мець

Наконт Данілавай кватэры

I прад гасцьмі не чырванець.

Ды ўсё ж настрой адно зніжае:

Як гэта даў ён зевака?

Як хітрасць хлопская старая

Перахітрыла паляка?

I як не сцяміў ён адразу?

190 Як не напаў на верны след?

О, дзед Куцейка, гэта — дзед —

Пільнуй яго, пан, як заразу.

 

 

17

 

Нарэшце ён выходзіць з дому,

Як гаспадар, агледзець двор,

Абход зрабіць, даўно знаёмы,

I мыслям іншым даць прастор.

На стромкім ганку па прывычцы

Спыніўся ён і, як каршун,

Зірнуў на лес, што ў сіняй світцы

200 Замлеў у песні чуткіх струн,

На Петрушы, на плех саломы

Дзіравых стрэх, на курганок,

I чуе — дзесь грыміць званок

У цішы яснай, нерухомай.

 

 

18

 

Ды ён не чуе і не бачыць —

Што чары дня, што прыгажосць.

«То з гміны едзе не іначай

Мой добры сябар і мой госць»,—

Гадае ён ды сходзіць з ганку,

210 А звон залівісты бліжэй

Разносіць тоны ў ціхім ранку,

Нібы мядзяны салавей.

I вось на горку пара коней

Вазок узвозіць запраўскі.

Чутно — шуршаць пад ім пяскі,

I пад капытам дол гамоніць.

 

 

19

 

Пан Богут сам бяжыць да брамы:

Вазок з дарогі мкне сюды,

Званок залівісты той самы

220 Звініць на розныя лады.

Пан Богут ветлівым паклонам

Гасцей вітае дарагіх

I раскрывае сваё лона,

Каб прытуліць зараз дваіх.

Тут пан Пшэбора і пан Глынка,

Вядомы гмінны кручкатвор,

I галасы іх будзяць двор,

Плывуць за стайню, за адрынку.

 

 

20

 

— Ну, як жа ехалі, панове?

230 — Ой, не пытайся, пан, бяда!

Няма дарог. У кожным рове

Зажора, пухлы снег, вада.

I не паедзеш дужа быстра

Ні на калёсах, ні ў санях,

А па пагорках, бы ў міністраў,

Такія лысіны, што страх,—

Пан саквэстратар любіць жарты

I слова трапнае сказаць.

I сам ён тоўсценькі, як кадзь,

240 I нізкі, кругленькі, бы кварта.

 

 

21

 

Фурман фарсіста ляснуў пугай,

Вязе ў парадны ход паноў

I, нацягнуўшы лейцы туга,

Спыняе пару бегуноў.

Паны з вазка вылазяць лоўка.

Вядзе пан Богут іх у дом,

Таму, другому кіне слоўка

3 прыязным жарцікам, смяшком.

У доме, згледзеўшы Мальвіну,

250 Валенты пан і пан Самусь

У ручку ёй галантна — плюсь

I распыталі пра навіны.

 

 

22

 

Гаспадары і госці рады,

Жычлівы, ветлы між сабой,

Жартуюць злёгку і да ладу,

Гудуць усе наперабой.

Пан Глынка, шустры і вяртлявы,

Хадзіць гатоў на галаве,

Бо тут так вольна, так цікава,

260 Што толькі тут ён і жыве.

Як певень дзюбам, Глынка носам

Туды паводзіць і сюды.

I ўсе вынюхвае сляды,

На непарадак гляне скоса.

 

 

23

 

Прыемна ў дом зайсці з дарогі,

Дзе рады вам гаспадары,

Дзе вас частуюць што ёсць змогі,

Дзе трунак знойдзецца стары,

Такі, што чарачка-другая

270 Вам разагрэе ў сэрцы кроў

I ўгору ўзняцца памагае

Чуць не да самых аблакоў.

А за сталом якраз дарэчы

Вясёлы весці разгавор,

Пачуццям даць развой, прастор,

А часам трошкі папярэчыць.

 

 

24

 

Вось так і тут. Была і чарка,

Была і панская хвальба.

Нарэшце выплыла хібарка

I тая панская цяжба,

3 якой пан Богут мае справу.

Пшэбора стукнуў кулаком:

Ён зараз пойдзе на расправу

3 тым дзёрзкім хлопам-вахлаком.

Але пан Глынка павёў носам

Туды-сюды разы са тры:

— Гарачкі, пане, не пары, —

Спыняе панскага барбоса.

 

 

25

 

— Панове, зробім мы іначай

290 Закон у Польшчы не памёр:

Па акту трэба ўсё адзначыць.

Агледзець пойдзем хату, двор,

I вось ідуць паны ўсе трое.

Яны ў хібарцы у пустой.

— А гэта, пане, што такое?

Глядзяць — паперачка! — Пастой! —

Пан Глынка ўзяў з акна паперку,

Чытае ўголас: «Пан Багýт!

Дай Бог самому жыць вам тут.

300 І на труну сабе зняць мерку».

 

12-21/ХІ 1940 г.

 

 

Раздзел VIII

 

 

1

 

Паны падскочылі ўсе разам,

Як бы хто шылам іх кальнуў,

Такая наглая абраза,

I жычыць, гад, яшчэ труну!

Застыў пан Богут грозна, строга,

Губамі чамкае, бы трус,

То на таго, то на другога

Глядзіць, спусціўшы рыжы вус.

Пан саквэстратар водзіць носам,

10 Ківае толькі галавой,

I пан Пшэбора сам не свой

Ды на запіску гляне скоса.

 

 

2

 

I раптам іх усіх прарвала.

— Пся крэў! пся маць! О, галган, хлоп!

Лайдак! павесіць і то мала.

Пусціць адразу кулю ў лоб.

I пан Пшэбора ўжо з гарачкі

Хапае грозна пісталет.

— То дзе ён, пся крэў, сын лайдачкі?

20 Ураз адпраўлю на той свет!

Адвёўшы лаянкаю сэрцы

I астудзіўшы сваю кроў,

Ідуць да Богута ізноў,

Каб мець нараду аб паперцы.

 

 

3

 

Запіску шмат разоў чыталі,

Круцілі так яе і сяк

I пад законы падганялі,

Ды не ўзялі канцоў ніяк.

К таму ж запіска безыменна.

30 Які ж то козыр на судзе?

Хоць ад яе і пахне дрэнна,

Ды з ёй не сунешся нідзе.

Але ўсё ж ролю адыграе –

Для рэчы кожнай час ёсць свой.

Пан Глынка круціць мазгаўнёй —

Аблытаць гіцля — рэч пустая.

 

 

4

 

I саквэстратар урачыста

Ганору слова тут дае,

Што падвядзе пад камуніста

40 Ён гіцля, аўтара яе.

Бярэ партфель свой чарнакрылы,

Кладзе запіску ў купу спраў,

Дзе імя значыцца Данілы,

Што ён падаткаў не аддаў.

Ды з асабліваю ахвотай

Рахунак піша кручкатвор:

За свой прыезд у панскі двор

Сыскаць з Данілы сорак злотых.

 

 

5

 

Сядзіць пан Глынка, бойка піша,

50 Выводзіць лічбіны рука,

I вось які дакумент выйшаў

На бабыля, на бедака.

«Рэестр скарбовы панскай гміны.

Належыць платы ўсёй спагнаць:

За хату дзесяць з палавінай,

За двор, за землю дваццаць пяць.

Ды пені злот на дзесяць злотых,

Ды саквэстратарскі візіт»,

А разам сотня, вось і квіт,

60 I ўсё спагоніцца з галоты.

 

 

6

 

— I аман тут! — сказаў пан Глынка: —

Рахунак гэты ёсць закон,

Сваволлю хлопскага учынку

Канец пакласці мусіць ён.

Парадак перш за ўсё, панове,

Прычым законнае мяжы

Я не парушыў ні ў паўслове,

Бо я закону не чужы.

О, пся іх маць! Ім-то — навука.

70 Закажа пятаму другі,

Як аддаваць свае даўгі, —

Зламаць упартасць іх — то штука.

 

 

7

 

Паны — і Богут і Пшэбора —

Спяваюць пану Глынку ў тон:

Дай хлопам волю, будзе гора —

Сам пападзеш у іх палон.

Пан Глынка слухае, ківае

Таму, другому галавой.

Шуміць размова іх жывая,

80 I мыслей коціцца развой.

Нарэшце Глынка бярэ слова.

Ён хваліць гмінны панскі лад,

Бо сэнсу ў ім сапраўды шмат,

I дробязь тут не выпадкова.

 

 

8

 

У чым, напрыклад, сэнс падаткаў,

Падчас быць можа і пустых?

У чым хаваецца разгадка

I сіла дробязей такіх?

У тым, як нехта сказаў дзесьці,

90 Драбніца — зло ды біч для нас,

Бо б'юць яны на кожным месцы,

I ў кожны дзень, і ў кожны час.

Змагацца ж з імі нецікава:

Ні гонару, ні хвалы той

У барацьбе няма такой,

I не здабудзеш у ёй славы.

 

 

9

 

Пан Бог з Майсеем гэта зналі

I чым Егіпту дапяклі,

Калі гебраяў вызвалялі

100 Яны з нявольніцкай зямлі?

Як пан Бог справу тую выйграў

У фараона, яго слуг?

Наслаў на іх не львоў і тыграў,

А дробных мошачак і мух.

— Дасціпна, пане саквэстратар!

Ну, дасканала, далібог!

I сыплецца смех, як гарох,

I сонцам свеціцца аратар.

 

 

10

 

— То факт, панове: дробязь — сіла!

110 Я так ім, пся крэў, дапяку.

Што ў іншы бок ім зверне рыла —

Няхай ідуць к бальшавіку.

Але дарог туды не ўтропяць,

Бо вока польскае не спіць.

Грашы, але шануйся, хлопе:

Твой лёс на нітачцы ліпіць.

— То так, але ж ці справядліва

Наўмысне хлопаў удражняць,

Каб на варожасць іх падняць? —

120 Мальвіна кажа баязліва.

 

 

11

 

— Ласкава пані, бойся Бога! —

Пан Глынка пырснуў, бы ў агні: —

Хто носьбіт ёсць пачатку злога,

Не патурай таму ні-ні.

А парасткі таго пачатку

Хоць штучна, але палівай.

Тады заклічам да парадку,

Калі спячэцца... каравай.

У тым-то, пані, і ўся штука:

130 Зло карчаваць за добры час.

Я знаю душу хлопскіх мас:

Маё дасведчанне — парука.

 

 

12

 

I разышоўся саквэстратар,

Разліўся шумным ручаём,

Дзе адбіваўся правакатар

3 фальшывым фігавым лістком.

Цытаты сыпаў ён з Лайолы

I з мудрацоў, наколькі мог,

У сведкі Бога браў, касцёлы,

140 Каб апраўдаць святы падвох.

Паны — Мікодым і Валенты —

Ад здавальнення аж раўлі,

На гонар польскае зямлі

Яму падносілі патэнты.

 

 

13

 

Тым часам хіліцца дзень к ночы,

Выходзяць госці з-за стала.

На сёння досыць ім талочы,

А тая справа не ўцякла.

Якраз цяпер яна ў той фазе,

150 Калі падходзіць да канца.

На «чапковэго» ў кожным разе

Не забракуе ім вінца. —

У хуткім часе, пане Богут,

Наш пан Пшэбора возьме рэй,

Прыцісне хлопа ён мудрэй.

I госці едуць у дарогу.

 

 

14

 

Размовы змоўклі. На пагорку

Замлеў званок у цішыні.

У прадвясеннім адвячорку

160 Па хатах свецяцца агні.

Сям-там рыпяць яшчэ вароты —

Канчаюць дзень свой Петрушы —

Ды смех пачуецца блазноты:

Вясне так рады малышы.

I каля хат, дзе грэла сонца

I агаліліся пяскі,

Звіняць, як медзь, іх галаскі,

I ловіць іх прастор бясконцы.

 

 

15

 

А далей дзесь чутна і песня.

170 Спявае некалькі дзяўчат,

Такіх жа свежых, як прадвесне,

I сумны песні гэтай лад.

Жыве сваім жыццём пасёлак,

Свае гадуе мары-сны

Ды тчэ свой шлях у многа столак,

I не займуць яго паны.

Стаіць пан Богут на дзядзінцы,

Як адшчапенец і чужак.

Не, не сойдуцца ніяк

180 У шлях адзін іх два гасцінцы.

 

 

16

 

А ноч паволі ў свае шаты

Зямлю агортвае шчыльней.

У мроку нікне лес кашлаты,

Бы нейкі хітры чарадзей.

Як бляск далёкага пажару,

Іскрыцца ў небе млечны пас,

Такі таемны, поўны чараў

І неапісаных украс.

Гарыць, жыве абшар нябесны,

190 I месяц ставіць свой паром...

Зямля і неба — адзін дом,

Ды ў гэтым доме людзям цесна.

 

 

17

 

Заснуў пасёлак анямелы.

Даўно патушаны агні.

I месяц бляск струменіць белы

3 бяздоннай цьмянай глыбіні.

I цёмна ў дзедавай каморы,

Палеглі спаць уцекачы,

Але не спяць і час каторы

200 Гамоняць ціхенька ўначы.

Прыезд паноў іх непакоіць

I сее ў сэрцы ком трывог.

Які рыхтуюць ім падвох?

I што іх змова ў сабе тоіць?

 

 

18

 

Начная звадлівая ціша

Наводзіць страхі талакой,

I ім здаецца — нехта піша

Прысуд халоднаю рукой.

3 пустых куткоў паны выходзяць,

210 Глядзяць на іх з усіх бакоў.

А між панамі Богут злодзей,

Як люты воўк сярод ваўкоў.

I раптам дрогнуў мой Даніла —

Запіска ўстала перад ім,

Але ўжо ў выглядзе другім,

I ў жылах кроў яго застыла.

 

 

19

 

Ен змест запіскі ўспамінае —

На іншы лад гучыць яна.

Ой, галава яго дурная!

220 Сябе ён лае, як блазна.

I бачыць ён, нібы ў люстэрцы,

Старую хату і паноў,

Як зрок спыняюць на паперцы,

Як сэнс тлумачаць яе слоў.

Але ён страхі разганяе,

Глядзіць на ўсё, як адвакат,

I довадаў прыводзіць шмат,

Што справа гэта ўся пустая.

 

 

20

 

Ды тут, бы думак яго рэха,

230 Марына шэпча яму ў тон:

— Глядзі: ой, будзе не да смеху,

Калі запіску знойдзе ён!..

Нашто было пісаць, Даніла?

Нашто заводзіцца і з кім?

Яго і права тут і сіла,

I Польшча ўся стаіць за ім.

А поймуць, возьмуць яе ў рукі,

I нажывеш сабе бяду.

Нашто было чапаць брыду?

240 Ці ты не знаеш гэтай сукі?

 

 

21

 

Даніла гэта добра знае,

Ён сам калоціцца ў цішы.

Была мінуціна блазная,

Як бы шапнуў хто — напішы.

Але калі зірнуць цвяроза,

То што ў запісцы гэтай ёсць?

Замах які або пагроза?

Што з яе высмакча пся косць?

Хіба ж Даніла безрассудны,

250 Каб падвадзіць сябе дарма:

У ёй і подпісу няма —

Няхай чытае, гад паскудны.

 

 

22

 

3 другога боку, рэч такая —

Чаго маўчаць, чаго цярпець

Ды пазіраць, як гэта зграя

Сляпіцай лезе табе ў клець?

Дакуль жа гнуцца перад імі

I ставіць спіну пад бізун?

Маўчаць, дык душу з цябе выме

260 Няшчасны шкет, пусты шляхтун.

Глядзі, што сталася на ўсходзе!

Ім так падсеклі карані,

Што іх спаліла, бы ў агні,—

Кульнулі іх там раз і годзе.

 

 

23

 

— Паслухай, што гавораць людзі,

Зірні, што робіцца вакол?

I ты маўчы такой паскудзе,

Цягні ярмо сваё, як вол!

А дзе ты сунешся, нябога?

270 Табе ж завязан вольны свет.

Хіба ж з цярпення толку многа?

Дзе ты ў жыцці праложыш след?

Ды што ж, Марынка: не адны мы

Такія ў Польшчы бедакі...

Не, спосаб трэба не такі,

Каб прыставаць да іх у прымы.

 

 

24

 

Ён супакойвае Марыну

I хоча свой узняць настрой,

Але за прышлую часіну

280 Не-не, ды возьме непакой.

I колькі думак лезе розных!

I колькі ціснецца згрызот!

Ды хіба выказаць іх можна?

Хіба іх знішчыш перамот?

Даніла моўчкі шмат гадае

I пра жыццё і пра свой дом,

I вера ў іх ідзе на злом,

Надзея гасне, прападае.

 

 

25

 

Плыве часіна і другая,

290 Адходзіць месяц ад акна.

Гаворка звольна заціхае.

Замоўк і ён, маўчыць яна.

I ціха ў дзедавай каморы,

I ціха ўсюды за акном.

На нейкі час заснула гора,

Як той чарвяк пад дзірваном.

На небе зоры ззяюць, свецяць

Ды сыплюць зоркі на снягі,

Нібы дыямант дарагі,—

300 Дзівосных з'яў так многа ў свеце.

 

14-25/ХІІ 1940 г.

 

 

Раздзел IX

 

 

1

 

Ідзе вясна ў шумлівых водах,

У звонкім срэбры ручаёў

I разлівае мяккі подых,

Як песню нейкую без слоў.

Ідзе і будзіць, нібы маці

У дзень святы сваіх дзяцей,

Узгоркі, гоні, сенажаці

Пад гукі выраю — гусей

I абнімае, туліць, песціць

10 I дрэва кожнае і куст

Ды нешта шэпча ім пад густ,

Прыносіць радасныя весці.

 

 

2

 

А ветрык лёгенькі паўднёвы

Зусім прыціхне ўскрай лясоў,

Нібы цікуе, як са сховаў

Зямля знімае свой засоў,

Як з патайных яе каморак

Жучкі выпоўзваюць на свет

I аглядаюць свой падворак,

20 Што так няпрыбран і раздзет.

А над узлескамі ў зацішку

Бязлюдных кінутых зямель

У небе гойдаецца трэль

I срэбрам коціцца па ўзвышку.

 

 

3

 

Плывуць у сэрца пералівы

Дзівоснай песні ў сем кален.

Яны так просты, так жычлівы,

I колькі ў тонах у іх змен!

Стаіш і ловіш гукі тыя,

30 Як гімн жыццю, хвалу вясне,

І сонца косы агнявыя

Лагодна спыніць на сасне.

Снуецца жаваранка ў небе,

Жыхарка ціхіх баравін,

І колькі сонечных навін

Нясе яна змярцвелай глебе.

 

 

4

 

Сышло разводдзе шумна, дружна,

Раскошна ўмыліся лугі

I ў цеплыні заслоны смужнай

40 Убор сабе ткуць дарагі.

Зямля гасцінна засцілае

Абрус зялёны на свой стол,

Дзе будзе доля немалая

I для жывёлін і для пчол.

Звініць паветра і гамоніць.

А даль так свежа, так ясна..

Дзень добры, юная вясна!

Дзень добры вам, лясы і гоні!

 

 

5

 

Выходзяць людзі з хат замшэлых,

50 Работы многа, дзе ні глянь.

Пад кажурынай лісцяў прэлых

Зіма схавала бруд і твань.

Падправіць трэба агарожу,

На коллях віткі пагнілі,

I час сяўбы ужо варожаць

Напеўным крыкам жураўлі.

Гудзе знаёмая работа

Пад стук сякер, пад шум мятлы,

I рад вясне стары, малы,

60 I кожны жыў сваёй турботай.

 

 

6

 

I дзед Куцейка выйшаў з хаты.

Яшчэ не ўломак старына.

Ён смокча люлечку заўзята,

А думка верціцца адна:

Вось ускапаць бы, як бывала,

Хоць пару градак пад тутун.

Эх, згінь ты, панская навала,—

Свет завязаў яму шляхтун!

I дзед злуецца ды гадае,

70 Калі скапыцяцца паны.

Няма яму уцех з вясны,

Не цешыць дзеда маладая.

 

 

7

 

Ды дзед Куцейка не без дзела —

Прыйшла вясна, работы шмат.

Праз два ці тры дні ў поле смела

Вязі плужок ці панарад.

Зямельку трэба падлагодзіць,

Гнайку падвезці воз-другі:

Пшаніца, дасць Бог, можа, ўродзіць

80 Яго старой на пірагі.

Турбот, работы не абрацца,

Але на ўсё ён знойдзе час

I пажартуе іншы раз —

Чым плакаць меў, то лепш смяяцца.

 

 

8

 

Любіў ён часам нечакана

Спытаць, сустрэўшы хлапчука:

«Нашто ты, хлопча мой каханы,

Украў яйцо з-пад япрука?»

Другі зусім саб'ецца з тропу,

90 Глядзіць, як выбіты з сядла,

А іншы сам насыпле з копу,

I дзед не возьме ў сэрца зла.

Адася Богутава стрэне,

Спытае ўжо: «Скажы, паніч,

Адкуль узяўся свіны лыч

I што хавае ксёндз у жмені?»

 

 

9

 

Адасю ж меў ён на прымеце

Такую байку расказаць:

Адкуль пайшлі паны на свеце

100 I чаму лаюцца — пся маць.

I хлопцу страх было цікава

Ад дзеда байку тую ўчуць,

Ды дзед усё адкладваў справу

Чакай, раскажа як-нібудзь.

Цяпер жа час такі гарачы,

К таму ж Адась яшчэ малы,

Не выраслі ў яго іклы,

А байку ўчуе, дык заплача.

 

 

10

 

У гэту весну клопат новы

110 I думак ход крыху другі,

I часам дзед нахмурыць бровы

Ды больш дадасць сабе вагі,

Бо як-ніяк, а ў яго хаце

Знайшлі прытулак бедакі.

Ну што ж? Жывеце, места хваціць,

Няхай злуюцца палякі.

А кватарантаў ён не судзіць,

Сказаць, хутчэй наадварот:

Ні сваркі з імі, ні згрызот,

120 Яны — шляхетнейшыя людзі.

 

 

11

 

Пазнаць не трудна чалавека

Па ўсіх паводзінах яго,—

Ці ён гультай, ці недарэка,

Ці нестае яму чаго.

I кожны выпадак асобны,

Зусім, быць можа, і не ў знак,

Паступак нават самы дробны

Аб ім гаворыць так і сяк.

Дзед прыглядаўся неўзаметкі

130 Да кватарантаў маладых —

Хваліць ён можа толькі іх,

Ну, людзі проста, якіх рэдка.

 

 

12

 

Жывуць лагодна і ціхутка

I толькі ведаюць свой кут,

А ў іх клятушцы так чысцютка,

I сцены счэсаны пад склюд.

Працуе пара маладая.

Ён штось майструе, а яна

Прадзе ды песні напявае

140 Пад порсткі шум верацяна.

А часам ён паможа дзеду

Без лішніх слоў і неўзнакі

Наладзіць лад сякі-такі,

Каб нават дзед таго не ведаў.

 

 

13

 

I бабка Ева так жа сама

Спагадна ставіцца да іх,

I ёй абходзіць тая пляма,

Што ад паноў ідзе ліхіх.

Яна часамі на хвілінку

150 Сама ў камору забяжыць

Сказаць або пачуць навінку

Ці прсста сім-тым услужыць.

Таксама ж ведаць ёй цікава,

Як іх гадуецца сынок,

Харошы гэты пестунок,

Што поўзаць стаў ужо рухава.

 

 

14

 

А бабка любіць і умее

Павесці гутарку з малым.

I ўсё ж ён, жэўжык, разумее —

160 Прыемна час пабавіць з ім.

Валерык ручкі цягне к бабе,

К бабулі хіліцца душа,

Бо бабка знае, чым прывабіць,

Схіліць на свой бок малыша.

Яна яго і паказыча,

I з ім пакружыцца трушком,

I пачастуе піражком,

Што «зайчык шле ім з пагранічча».

 

 

15

 

Плылі ў турбоце дні, нядзелі,

170 Усталявалася вясна.

Дубы зялёны плашч адзелі,

I зарунела ярына.

Прыйшла пара ўжо ў агароды

Жанкам руплівым завітаць.

У бабкі ж Евы няма моды

Цягнуцца ззаду, адставаць.

Яна выводзіць дбала грады

Пад гарбузы і агуркі,

Мясцінку ж бліжай ад ракі

180 Мяркуе бабка для расады.

 

 

16

 

Сюды ж падходзіць і Марына.

Яна хадзіла ў свой абход,

Збірала шчаўе разам з сынам

I завярнула ў агарод.

Валерык згледзеў бабку Еву,

Пазнаў і «баба» крыкнуў ёй,

Для іх такая неспадзева:

Ён слоўны скарб пабольшыў свой.

I бабка кідае рыдлёўку:

190 — Гаварунок мой залаты.

Умееш «баба» сказаць ты!

I гладзіць светлую галоўку.

 

 

17

 

Яна бярэ яго на рукі.

— Ідзі ж да бабы, коцік мой!

I песціць хлопчыка, бы ўнука,

3 даўно забытай варкатнёй.

Марына бабку падмяняе

I рэжа скібіны-брускі

Ды градку гладзіць і раўняе,

200 Як агароднік запраўскі.

Аж бачыць — іх сусед Кастанты

Бяжыць сюды як на пажар,

Цераз раллю, цераз папар,

Крычыць здалёк: «Паліцыянты!»

 

 

18

 

Закалацілася Марына,

Рыдлёўку выпусціла з рук,

Вось тая страшная часіна,

Крыніца страхаў яе, мук.

Не ў час спыняецца работа.

210 Тут ясна ўсё... Ідуць у двор,

У пастку пана-абармота,

Што ўжо даўно занёс тапор.

Прыйшлі. Глядзяць — стаіць, як шула,

Паліцыянт каля варот,

А за варотамі народ —

Карціць жа панская ўсім скула.

 

 

19

 

У сенцах дзед і пан Пшэбора

I з ім яшчэ паліцыянт.

— Знімай, пся крэў, замок з каморы! —

220 Крычыць і тупае сержант.

— Ці ж я грабежнік? — дзед пытае: —

Як буду я ламаць замок?

Сказаць і сіла ўжо не тая —

Ламі лепш сам яго, панок.

Марына з бабкай вайшла ў сені.

— Нашто збіваць замок? вось ключ,

I чалавека, пан, не муч!

I ключык выняла з кішэні.

 

 

20

 

Вайшлі ў клятушку. Пан Пшэбора

230 Не траціць панскіх сваіх слоў:

Цяпер не месца разгаворам —

Ён не затым сюды прыйшоў.

— Забраць усё, што вартасць мае! —

Дае калегу ён загад.

Стаіць Марына, як нямая,

Не ўцяміць, што гаворыць кат.

I бачыць — рушыліся гады.

Ляцяць падушкі, ручнікі,

Дзяружкі, коўдра і гаршкі,

240 Данілаў струмант і прылады.

 

 

21

 

Хватаюць, рвуць ды ўсё ім мала.

— У скрыню, пане, завітай!

— I не спыняецца навала.

I ліха прэцца цераз край.

Праходзіць момант анямення.

Марына к скрыні: — Прэч, не дам!

— А, так! то проша прабачэння:

Я адчыню яе і сам.

Яна на скрыню садзіць сына,

250 На скарб свой падае сама,

Але ёй літасці няма.

На землю сцягнута Марына.

 

 

22

 

Не сцерпеў дзед і бабка Ева.

Падняўся лямант, гвалт і шум

I чыйся голас, поўны гневу:

— Дакуль цярпець мы будзем глум?

3 двара ўрываюцца сялянкі,

А вартавы каля варот

Крычыць: «Нявольно! о, паганкі!»

260 Жанкі ж таўкуць яго ў жывот.

А ў клеці панскія ваякі

У віхры схваткі баявой

Хапаюць палатна сувой,

I справа хіліцца да дракі.

 

 

23

 

Сувой раскручан. Адзін кокчык

Трымае дзед і тры жанкі,

Другі ў руках у панскіх гончых.

Пацеюць, тужацца панкі.

Ды іх паволі крок за крокам

270 На свет выцягваюць, на шыр.

Пшэбора ўз'еўся ненарокам:

Знімае, кідае мундзір —

Прастору больш геройскай сіле.

А бабка Ева мундзір — хоп!

Ды ў агарод з ім у галоп.

Паны і рукі апусцілі.

 

 

24

 

Пшэбора кінуўся ў пагоню,

А паліцэйскія за ім,

Бягуць і тухкаюць, як коні.

280 Пад імі пыл курыць, як дым.

I вось Пшэбору даганяюць,

А ён ім грозіць кулаком,

I трое ўсе свой бег спыняюць,

Аб чымся радзяцца тайком.

Прабегла бабка гоні двое

I — гоп мундзір той у кусты!

Сама ж бяжыць у хмыз густы

I пераможцам ідзе з бою.

 

 

25

 

Даніла шусь тут у вароты

290 3 жалезным ёмкім сахаром.

Прыбег ён з дзедавай работы,

Пачуўшы весці пра пагром.

Ідзе, ўсхвалёваны, рашучы,

Зірнуць, дык проста маладзец.

I не мінуць бы, пэўна, бучы,

Калі б не гэтакі канец.

А дзед Куцейка яму кажа:

— Спазніўся трохі, хлопча мой, —

Старая выіграла бой:

300 Мундзір шукае войска ўражжа.

 

28/ХІІ 1940 – 7/І 1941 г.

 

 

Раздзел X

 

 

1

 

Мундзір узнёслага Пшэборы

Не сходзіў доўга з языкоў,

А стычка ў дзедавай каморы

Расціла больш жартаўнікоў.

Знайшоўся нават невядомы

Да гэтых пор адзін пясняр

I верш злажыў: «Грымелі громы,

I бег народ як на пажар.

У бой ішлі паліцыянты.

10 Іх вёў Пшэбора-камандзір.

Пшэбора-бора, дзе мундзір?

Пабляклі, пане, на ім канты».

 

 

 

 

2

 

Але хвіліны ап'янення

Не доўга песцяць наш настрой:

I дзеда стала браць сумненне —

Што будзе з ім і са старой?

Эх, нажылі сабе заразы,

I не адчэпішся цяпер!

Не сцерпіць пан такой абразы,

20 I больш раз'юшыцца ў ім звер,

Хоць дзед у стычцы не даў маху,

Перацягнуў двух кабаноў,

Але як вернуцца ізноў?

Трасецца трохі дзед ад страху.

 

 

3

 

Марына з мужам па-другому

Налёт-грабёж успрынялі:

Тайком выносяць скарб свой з дому,

Цішком хаваюць у зямлі,

Хаваюць борзда, тарапліва

30 Усё, што можна прыхаваць,

Бо «матка Польска» ласа, хціва,

Нічым не стане ганьбаваць.

I толькі той сувойчык зрэбны,

Што ў бою вырван з рук паноў,

Марына ў скрыню кладзе зноў,

Бо тут і тактыка патрэбна.

 

 

4

 

Усе ад мала да вяліка

Падзей чакалі ў Петрушах:

Калі ўжо раз іх чорт наклікаў,

40 То не зачыніцца ім шлях.

Ужо і сам характар справы

Казаў за тое, што паны

Раняць не будуць свае славы,

Хоць, можа, згубяць і штаны.

I праўда, сорам, сказаць шчыра:

Свой гонар страцілі панкі —

Ўзялі над імі верх жанкі,

А пан астаўся без мундзіра.

 

 

5

 

— Ай, малайчына бабка Ева! —

50 Смяюцца дружна Петрушы: —

I так зняважыла «псякрэва»!

Герой яна, як ні пішы.

У кожнай хаце, на падворку

I ўсюды ўсцяж у грамадзе

Аб ёй вясёлая гаворка,

Як ніва коласам, гудзе.

Яе находлівасць узносяць

I хваляць трапны бабчын ход.

Гайсай, гайсай там, абармот!

60 Шукай, шукай мундзір, барбосе!

 

 

6

 

Гайсае пан мой у кашулі,

Здалёк прыметны, як гусак,

Ад лютай злосці на бабулю

Сціскае зубы і кулак

Ды кіне зрэдку: «О, холера!»

I два спадручнікі яго

Сабачым бегаюць манерам,

Не пакідаюць аднаго.

Бо як жа так, няма мундзіра!

70 У стычцы пан згубіў мундзір!

А без мундзіра пан — пузыр,

Пусты пузыр, дзе адна дзіра.

 

 

7

 

I доўга ўтрох яны гайсалі

Ды бралі троп, як ганчакі,

Кружылі, бегалі, снавалі

I заглядалі ў раўчакі.

Нарэшце ўсё ж упалявалі,

I крыкнуў з іх адзін: «А во!»

Мундзір, скамечаны без жалю,

80 Вісіць, спусціўшы рукаво.

Паны сышліся і з павагай

3 куста знімаюць свой мундзір,

Ідуць параіцца ў пустыр

Ды выціраюць поту рагі.

 

 

8

 

Ужо і вечар на паходзе,

I ноч глядзіць з лясоў, нізін,

А ў Петрушах аб той прыгодзе

Няма ніякіх больш навін.

Куды ж падзеўся пан Пшэбора?

90 Яго чакаюць тут усе.

Калі ён прыйдзе і як скора?

I што прыход той прынясе?

Гадаюць, думаюць, варожаць,

Не спяць у дзедавым двары

Падсуседзі, гаспадары,

I гэта ночка іх трывожыць.

 

 

9

 

Усюды ціха і маўкліва.

У цемры тонуць лес, гаі,

А над рачулкай гаманлівай

100 Заводзяць песні салаўі.

Прысела ноч на вузкіх межах

I мрок рассейвае кругом.

Дубы, таполі, нібы вежы,

У неба ўзносяцца шатром.

А ў небе зоркі, як сняжынкі,

Гараць, мільгаюць і дрыжаць,

Нібы на сонцы сенажаць,

Дзе росы ззяюць на былінках.

 

 

10

 

А на двары каля каморкі

110 Пад саламянаю страхой

Вядзецца ціхая гаворка

Аб той праявіне ліхой.

Яны адны: Марына, бабка.

I страшна ім, з усіх старон

Глядзяць на іх мундзіры, шапкі

I шпораў чуецца ім звон.

I нібы тухкаюць дзесь крокі —

Ці ліха то снуе сляды?..

Хто муціць свет? Ён, гад руды,

120 Асаднік Богут касавокі!

 

 

11

 

У бабкі Евы думак многа,

Сябе, Марыны ёй шкада,

Данілы, хлопчыка малога.

Гняце свая і іх бяда.

А спосаб ёсць і ён адзіны:

Марыне ў двор схадзіць самой,

Бо не адхіліш трасяніны,

Што можа скончыцца турмой.

Прасіць яго, хоць гад ён рыжы,

130 А пан на просьбы так жа лас,

Як кот да сала і кілбас.

Гарыць жа свет ад гэтай грыжы.

 

 

12

 

— Схадзі, галубка,— што паробіш?

Ды папрасі, пагавары:

Часамі скуле і хваробе

Наровяць самі дактары.

Паны ўсе маюць там папаску,

Адна ў іх шайка і хаўрус.

Захоча Богут, зробіць ласку,

140 Адно патрап яму пад густ.

Хоць мець не будзеш калачэчы,

А пойдзеш ім наперакор,

I пападзеш пад іх тапор,

Пад іх бізун падставіш плечы.

 

 

13

 

Ох, служка мілая мая ты!

Ці доўга тут нажыць бяды?

А ён жа помслівы, зацяты,

Стрыжэ вачамі не туды.

Ці мала кінута ў астрогі

150 Такіх, што робяць насупроць?

Спірацца з імі — мала змогі,

Адкрыта іх не пабароць.

А твой Даніла! Ой, глядзі ты!

Зацяўся сам. Ды што? Дарма.

А разгарыцца куцярма,

Дык не яны — ён будзе біты.

 

 

14

 

Не спала ў гэту ноч Марына.

Данілы доўга не было.

Вяла яго адна пуціна —

160 К Аўгену Лемеху ў сяло.

3 Данілам сталася адмена.

3 якіх прычын яна, з чаго?

Ён часта ходзіць да Аўгена

I не расказвае ўсяго.

Марына часам запытае:

— Аб чым ты думаеш, скажы?

— Аб тым, як скінуць нам гужы,

Мая ты жонка залатая.

 

 

15

 

I доўга словы бабкі Евы

170 Не выляталі з галавы,

Раслі, мацнелі іх напевы,

У зоў зліваліся жывы.

А што благога ў яе словах?

Не забаронена ж прасіць.

Дакуль жа быць у цёмных ковах?

I вечны страх з сабой насіць?

Рашэнне цвёрдаё прынята.

— Пайду сама. Тайком пайду

I можа ліха адвяду,

180 Калі ёсць сэрца ў таго ката.

 

 

16

 

3 сынком назаўтра яна рана,

Адзеўшы чысты свой убор,

Стаяла ўжо каля паркана,

Што агароджваў панскі двор.

Ёй трохі страшна і нялоўка,

Ды не варочацца ж назад.

I ціха скрыпнула засоўка.

Вось панскі двор і панскі сад.

Глядзіць, аж Богут у бравэрцы

190 Выходзіць з дому ў свой абход.

Марына рушыла ўпярод,

Пачуўшы холад нейкі ў сэрцы.

 

 

17

 

Спыніўся Богут, глянуў скоса

I раптам вус падняў, як меч.

У зубы ўсунуў папяросу,

Ідзе Марыне насустрэч.

Ухмылка крывіць яго пыскі,

3 іх чуць не капае алей.

Марына кланяецца нізка,

200 I Богут зорыць весялей.

— Да вас я, пане наш ласкавы:

Прасіць прыйшла я вас, панок!

I ў дол утупіла свой зрок.

— Якія ж, пані, мае справы?

 

 

18

 

— Паночку, будзьце літасцівы

I паратуйце ж нас хоць вы!

Ні хаты ў нас, ні поля-нівы,

Ні жменькі збожжа, ні травы.

Адкуль жа ўзяць нам столькі платы?

210 Плаціць за землю — дзе ж зямля?

Плаціць за хату, а дзе ж хата?

Які набытак бабыля?

Дык зміласэрдцеся ж, паночку,

Зніміце з нас ярмо, ланцуг.

Не множце, пане, валацуг

3 жабрачай торбай і кіёчкам.

 

 

19

 

— Прыседзьма, пані. Проша, проша!

I каля клумбы на тапчан

Садзіцца Богут, як святоша,

220 А ставіць вус, як таракан.

3 Марыны ён вачэй не зводзіць

I аглядае ўсю да пят.

— I мне падатак ваш абходзіць,

Але я чым жа вінават?

У пані муж занадта... дзікі

I не па меры зух і жох —

Пустой заўзятасці на трох.

Малы разгон, а ўзмах вялікі.

 

 

20

 

Вось гэта раз. А па-другое,

230 Не я накладваю налог:

Дзяржава, пані, ёсць на тое,

А я адно зрабіць бы мог:

Узяць на кошт на свой расходы

Па часці хаты і зямлі.

Мне асабіста пані шкода,

Дагаварыцца мы б маглі,

Але ж і я нясу выдаткі,

А я не богач, не магнат,

Каб не лічыць сваіх затрат,—

240 Хто за мяне аддасць падаткі?

 

 

21

 

Па-трэцяе, мая васпані,—

I ў гэтым вузел перашкод:

Стаяць учынкі ў іншым плане —

Тут цяга значыцца на ўсход.

Што адбылося хоць учора?

То ж непакора ёсць і бунт!

Ды польскі ўрад без разгавораў

Усіх паставіць на свой грунт.

То ж непавага да закону,

250 Да Польшчы-маткі, яе слуг!

Узняць такі гармідар, рух!

Не, пані: тут не край чырвоны!

 

 

22

 

— Панок! — не ўмоўчыла Марына:—

На свеце лад даўно такі,

Што церпіць простая людзіна

I вінаваты бедакі.

Што ж мы калі зрабілі злога?

I ў галаву я не вазьму.

Ці заступілі мы дарогу?

260 Ці зачынілі свет каму?

Паночак, будзьце справядлівы,

Захоча пан — паможа нам,

Я ж ведаю: вы — пан панам,

Для пана ўсё, усё мажліва.

 

 

23

 

Страла якраз у цэль папала.

Пан аблізнуўся, як той кот,

Што з'еў кавалак смачны сала,

I растапіўся ў сэрцы лёд,

Але ён від трымае строгі,

270 А сам тчэ ў мыслях павуццё,

Як лепш аблутаць ім дарогі

I ў іх уклініцца жыццё.

Ён лыпнуў вокам на Марыну

I заківаўся раз, другі —

3 якой ступіць яму нагі

I як латвей спаймаць дзічыну?

 

 

24

 

— Ну што ж, васпані, памяркую,

Закіну слова я за вас.

Ці будзе мець карысць якую,

280 То не скажу: пакажа час.

I толькі вось што, проша пані:

Глядзець не варта дзікуном

I трэба сесці ў нашы сані

I нас не мысліць з бізуном.

Але ж і мне таксама пані

Павінна будзе адплаціць,

Няхай нішто не забаліць,

Калі пара таму настане.

 

 

25

 

За панскай брамаю Марына

290 Дыхнула поўнымі грудзьмі

I туліць к сэрцу свайго сына

Ды заліваецца слязьмі.

Чаго? сама яна не знае,

А ў мыслях муць адна, туман.

Ці ноч бяссонная, страшная,

Ці накурыў дурману пан.

Але яна сябе самую

Нічым не можа папікнуць,

А лямку трэба нейк цягнуць

300 Ды прабіваць сцяну нямую.

11-18/І 1941 г.

 

 

Раздзел XI

 

 

1

 

Ну што ж, сябры мае, прысядзем:

Пара ў дарозе адпачыць,

А ў адпачынку ў добрым ладзе

Паразважаць, пагаманіць.

Старыя пройдзены дарогі

I сцежак тысячы людскіх,

Дзе і мае хадзілі ногі

I ногі родзічаў маіх.

Цяпер яны ужо забыты,

10 Занеслі пылам іх вятры,

Зарос травою шлях стары,

Крывыя сцежкі ўсе размыты.

 

 

2

 

Змяніўся час. Другія далі

3 сінечы смужнае ўсплылі,

Раскрыты новыя скрыжалі

Законаў новых на зямлі.

Не на гары, не пад гарою

I не святыя, не багі —

Іх напісаў сваёй рукою

20 Народ, разбіўшы ланцугі.

Сыны зямлі арліным зрокам

У цьме спрадвечнае смугі

Знайшлі другія берагі,

Каб волю даць людскім патокам.

 

 

3

 

Шумяць патокі маладыя

Разлівам звонкім, веснавым,

I сонца твар свой у іх мые,

Брыльянты сыплюць зоры ім.

Гляджу на іх, і сэрца поўніць

30 Мне радасцю іх гонкі ход,

I ім няма на свеце роўні,

Іх не скуе ніякі лёд...

Яны адной паслушны волі.

Вядзе ж іх моцная рука

Правадыра-бальшавіка,

І шлях ім значыць зрок саколі.

 

 

4

 

Вітаю вас, шляхі-дарогі

У новы свет, у новы край,

Дзе на бязмежныя разлогі

40 Выходзіць сейбіт і ратай.

Паклон табе, зямля святая,

Адзела новы ты убор.

Хай пышным цветам расцвітае

Савецкі родны мой прастор!

Я ў захапленні аглядаю

Абрысы новых далячынь,

Разлогі сонечных вышынь,

Што так жычліва свецяць краю.

 

 

5

 

Я з гэтых новых даляглядаў

50 Свет успрымаю і свой шлях.

Шумяць зялёныя прысады,

Рунеюць травы ў паплавах.

Насустрач мне праходзяць людзі,

I мне ім хочацца сказаць:

Няхай дастаткаў вам прыбудзе,

Хай родзяць нівы, сенажаць!

Зямля шуміць, зямля спявае

На новы голас і напеў...

Ісці ў дарогу час прыспеў —

60 Дарога ж многа з'яў хавае.

 

 

6

 

Прыход Марыны пана ўзрушыў,

Яна даўно мінула шлях,

А словы просьбы б'юць у вушы,

Сама стаіць яна ў вачах.

«Пся крэў, а ладная кабета!

Як гляне, проста кіне злот.

Паможаш ёй за адно гэта».

I ён прыжмурыўся, як кот,

I нават рыжы вус пакратаў,

70 Зірнуўшы ўкрадкам на свой дом.

Які прывет — такі прыём.

Які тавар — такая плата.

 

 

7

 

Але бярэ ён сябе ў рукі

I кажа: «Ды глядзі, панок,

Каб не нажыць табе дакукі

I каб не схібіць з-за жанок!»

I ён пачаў глядзець на рэчы

Вачамі ўжо гаспадара,

Як свой інтэрас забяспечыць,

80 Патрэбы ўласнага двара.

Сказаць — аб Польшчы справа ходзіць:

3 Данілам трэба звесці шчот —

Штось за яго стаіць народ.

Чым ён заслужан у народзе?

 

 

8

 

I прыгадалася запіска,

Пан Глынка, хата рыбака

I адна дробненькая рыска:

Сфабрыкаваць бальшавіка!

I гэта мысль, як цвік, засела

90 У пана Богута ў мазгах.

Зрабіць жа трэба тут умела,

Сабе ў карысць, другім на страх.

I ён пускае ў ход машыну

I строіць план свой патайны —

Узяць Данілу без вайны

I залучыць сабе Марыну,

 

 

9

 

У Петрушах сваёй чаргою

Жыццё штодзённае плыло,

I лета следам за вясною

100 Свой несла клопат у сяло.

I па-сваему кожны вохкаў

Ці то адзін, ці ў грамадзе,

А змен у бок дабра, палёгкі

Не адчувалася нідзе.

Ды людзі ўсё ж жылі надзеяй,

Што прыйдзе час жаданых змен

I з цесных выведзе іх сцен

I іншы ветрык ім павее.

 

 

10

 

Цяклі шляхамі патайнымі

110 Крыніц гаючых ручайкі,

I весялей жылося з імі,

Бо ў іх купаліся дзянькі

Жыцця, якога ўсе чакалі,

Хто жыў пад панскаю пятой.

Адтуль, з усходу, з яснай далі

Чаканай веяла вясной.

Сюды ж трапляла часам слова

Сваіх братоў, сваіх сыноў,

Што падымала на паноў

120 I асуджала іх сурова.

 

 

11

 

Як гром далёкі, заклік глуха

Плыў па краіне: «Паўставай!»

Паны ж трымалі чуйна вуха,

У кіпцюры вабраўшы край.

Стагналі людзі ў цёмных мурах,

Ды не спынялі барацьбы

I не згіналіся пад бурай,

Як векавечныя дубы.

Не гасла ў сэрцы прага волі,

130 I праз астрожныя муры

Гукалі громка змагары,

I з кожным днём расло іх болей.

 

 

12

 

Раскрыў Данілу Богут вочы:

Сумленнай працай, мазалём

У панскай Польшчы люд рабочы

Не пабудуе сабе дом.

А як жа жыць? Шукаць работы?

Ды дзе? Служыць? Але каму?

Сумленне ёсць жа і ў галоты,

140 I ён прыходзіў к аднаму:

Не збудаваць ім свае хаты,

Калі ты з панам не ў ладу.

Трымайся лепш за грамаду,

Капай як можаш лад пракляты.

 

 

13

 

I гэты погляд цвёрда, стала

Запаў у мыслі дзецюку.

Цяпер ён ведаў, дзе навала,

Чыю прыняць яму руку.

Ён прагна слухаў тыя словы,

150 Што сцежкай цеснай, патайной

Ішлі ў народ праз муры, ковы,

Як зелень свежая вясной.

Любіў таксама патаемна

Лісток сакрэтны пачытаць,

3 людзьмі аб ім паразважаць

Каб ён не траціўся дарэмна.

 

 

14

 

У поўным бляску месяц круглы

Свой засвяціў ужо лучнік,

Глядзіць на дол, на лес асмуглы,

160 Як нейкі дбалы вартаўнік.

Пасёлак спіць, і ціха ўсюды,

Хіба што ў хаце дзе якой

Дзіця заплача з перапуду

Ці птушка свісне за ракой.

I толькі ў дзедавай каморы

У тон знямелае цішы

Дзве неўгамонныя душы

Вядуць сакрэтна разгаворы.

 

 

15

 

— I едзем мы на нечым возе

170 Ды ўсё дарожкаю крывой,

А мне так страшна, я ў трывозе —

Змяніўся ты, Данілка мой!

Знікаеш часта, недзе ходзіш

I тоіш нешта ад мяне.

Скажы, з кім ты знаёмства водзіш?

Ці краля ёсць на старане?

Скажы мне праўду — ўсё дарую.

Я ж без цябе, як перст, адна,

Бо што лічыць яго, блазна?

180 Як без цябе яго ўзгадую?

 

 

16

 

— Да не рабі ты слоня з мухі!

Яшчэ і кралю прыпляла.

Без іх даволі завірухі,

Згрызот, і клопату, і зла.

Сама ты бачыш, як вядзецца:

Дрыжыш, нібы багач які,

На справе ж сук апошні гнецца,

Дзе два пачэдлены гаршкі.

То як жа з гэтым пагадзіцца?

190 Маўчаць пакорна ды глядзець,

Як пошасць лезе к табе ў клець,

Каб тым гаршком хоць пажывіцца?

 

 

17

 

— А што ты зробіш супроць сілы?

Адно: прыдбаеш сам бяду...

Сатруць у пыл і вырвуць жылы,

Як звера, ў клетку павядуць...

Паслухай: можа б лепш, Данілка,

Сысці адгэтуль нам куды?

— Куды ты сойдзеш? для пахілка

200 У Польшчы ўсё адны сляды.

Ты вось паслухай рэч такую —

Я гэта чуў, як быў малы,—

У паляўнічых ёсць арлы,

Такія, што зайцоў палююць.

 

 

18

 

Вось раз у стэпу паляўнічы

На зайца выпусціў арла.

Арол той з крыкам ваяўнічым

Імкне на зайца як страла.

I чуе заяц за сабою

210 Смяртэльны холад страшных крыл.

На спіну ўпаў, гатовы к бою,

I — шах арла ён з усіх сіл!

Згарнуў арол бяссільна крыллі —

Вантробы выпалі з яго.

Хто спадзявацца мог таго?

Дык вось: ёсць сіла і ў бяссіллі.

 

 

19

 

Адным цярпеннем і пакорай

Не скінеш ты з сябе ярма.

Людскіх жа крыўд, пакут і гора

220 Не ўмесціць панская турма.

Рабі як можаш ім на згубу,

I я раблю ўсё, што магу.

А ты трымай замкнёнай губу:

Нідзе нікому ні гу-гу.

Я не адзін — такіх мільёны,

I вер, Марынка: прыйдзе час —

Парвецца, лопне іхні пас,

I будзем мы пісаць законы!

 

 

20

 

Ужо з усходу светлы золак

230 На небе сцеле абрусы

I сее зернеты вясёлак,

Тчэ залатыя паясы.

Але пануе сон глыбокі,

I ціха ў лесным шалашы,

А хтосьці з песняй, адзінокі,

Ідзе і будзіць Петрушы.

Грыміць, плыве ў цішы світання,

Сюды даносіцца яна

Праз шыбы тонкія акна.

240 Хто ж то пяе ў такое ранне?

 

 

21

 

На двары ў Піліпа

Разраслася ліпа.

Ой, Піліп, ой, Піліп!

I выпілі б, каб далі б.

Калёсы ў Піліпа

Не бягуць без скрыпу.

Ой, Піліп, ой, Піліп!

I выпілі б, каб далі б.

Ехаў воз Піліпаў,

250 3 воза шворан выпаў.

Ой, Піліп, ой, Піліп!

I выпілі б, каб далі б.

 

 

22

 

Пяе, чуваць па тону, п'яны

Ці падгуляўшы так, злягка,

А ранак свежы і духмяны

Разносіць песню спевака.

Даніла слухае маўкліва,

Каб сэнсу край схапіць хаця

Той песні простай, жартаўлівай

260 I бестурботнай, як дзіця.

I песня блізіцца. Дужае

Напеў нязвычны і дзіўны

Сярод зацятай цішыні.

Гучыць яна ў ёй, бы чужая.

 

 

23

 

I раптам моўкне. У пасёлку

Зноў тая ж глуш і цішыня.

А з рэчкі ветрык вее волкі,

Як веснік блізкага ўжо дня.

Ноч у Пятроўкі караценька —

270 Прыдрэмле толькі за гарой,

Глядзіш — дзень з сонцавай сявенькі

Ірдзіцца з яснаю зарой.

Даніла звольна адыходзіць

3 раздум'ем ціхім ад акна,

I раптам песня зноў чутна,

Ды ўжо далей і ў іншым родзе.

 

 

24

 

Богут касавокі

Мае тры валокі.

Ой люленькі, ой люлі!

280 А нам выпіць не далі.

Маёнтак Сымонаў

Не меў трох загонаў.

Ой люленькі, ой люлі!

А нам выпіць не далі.

Цяпер жа ў Сымона

Ні двара, ні гона.

Ой люленькі, ой люлі!

А нам выпіць не далі.

 

 

25

 

Дык вось ён хто, пясняр удалы:

290 Знаёмы наш, рыбак Сымон!

Нібы яму і гора мала

I так шырок яго разгон.

Рыбак заходзіць па дарозе

У двор свой колішні і дом

I моўчкі Богуту ён грозіць

Сваім кастлявым кулаком.

Прысеў на шуле пад застрэшкам.

Сядзіць, падпёршы галаву,

Глядзіць на дворык, на траву —

300 Нідзе не знаць даўнейшай сцежкі.

 

19/І–3/ІІ 1941 г.

 

 

Раздзел XII

 

 

1

 

— Ну што ж, Сымоне: гайда далей,—

Гаворыць сам сабе рыбак: —

Ты збег адгэтуль, іх сагналі...

Ды пачакай жа, ваўкалак:

I над табою кара звісне,

Прыпрэцца ліха ў двор тайком...

I ён сядзібе ненавіснай

Яшчэ раз грозіць кулаком

I, торбу ўскінуўшы на раме,

10 Ідзе ў бок рэчкі, у лугі,

Дзе мае кут сабе другі,

Накрыты небам і вятрамі.

 

 

2

 

Цяпер яму разгону меней:

Няма ні сецей, ні чаўна,

А ўсё — з-за прагнай панскай дрэні —

Давай падаткі ім спаўна!

Адна цяпер снасціна — вуда,

А з вудай ты — паўрыбака:

Бярэцца розная зануда,

20 I рэдка споймеш шчупака.

Сядзіць Сымон і разважае,

Над ім шуміць асілак дуб,

На сонцы песцячы свой чуб,

А дружба ў іх ужо старая.

 

 

3

 

Утульна, ціха тут, бязлюдна,

Якраз мясцінка для разваг:

I рэчка коціцца марудна,

I ветрык шэпча ў чаратах.

А побач зараснік ды лозы

30 Пераплятаюць карані.

Мільгаюць мошкі і стракозы,

А ты сядзі ды мары сні.

Чым адплаціць панам за здзекі?

Аб гэтым думае рыбак.

Ды як жа іх даняць, сабак?

Як ухіліцца небяспекі?

 

 

4

 

Крыўдней за ўсё: пустуе хата.

А людзі добрыя былі.

Яго сустрэлі там, як брата,

40 I частавалі як маглі.

Каму ж цяпер яна патрэбна?

Нашто ёй сведчыць пра адно:

Аб долі латанай і зрэбнай,

Якой прасветлін не відно?

То пахаваць лепш яе ў дыме.

Няхай нясе яго Хрыстос

Як нашу скаргу да нябёс,

Хоць, можа, Бог яе не прыме.

 

 

5

 

Снуюцца думкі рой за роем —

50 А як жа выпаўніць замах?

I рыбака бярэ парою

Сумненне, жаль і разам страх.

Ды адступіцца ён не можа.

Настала ноч, не спіць Сымон,

Ідзе разведаць стан варожы

У час глухі, у самы сон.

Ён абагнуў сядзібу пана

Між ярыны і жытніх лаў.

Спыніўся, момант пастаяў,

60 Як прывід, выплыўшы з туману.

 

 

6

 

Яго ніхто не патрывожыў.

Ён двор агледзеў свой цішком

Ды міма панскай агароджы

У луг падаўся хмызняком.

Хадзіў ад дуба і да дуба,

Збіраў сухія скрыпялі,

Што тлеюць доўга, як і губа,

I жар трымаюць іх вуглі.

Сабраў яшчэ пянькоў трухлявых,

70 Такіх, што іскру зарані,

Дык будуць жыць у іх агні

I верна зробяць сваю справу.

 

7

 

Другая ноч сышла на землю,

I дзень ужо даўно пагас.

Рыбак не спіць, рыбак не дрэмле,

А ўсё вартуе зручны час.

Усё ў яго напагатове,

Абдуман кожны яго крок.

Стаіць са скрыпелямі ў рове

80 Хаўруснік спраў яго — мяшок.

Хоць страх бярэ, Сымон жа чуе,

Што ён стаіць на той мяжы,

Калі не сам, а хтось чужы

Яго паступкамі кіруе.

 

 

8

 

Глядзіць на луг, на хмыз, на поле –

Нібы варушацца карчы!

Дзесь птушка зрэдку заскуголіць

Ды пераклікнуцца драчы.

I месяц зрушыў з палавіны

90 Свайго спрадвечнага шляху,

Гатовы ў кожную хвіліну

Заплысці хмаркам пад страху.

I ўсюды раптам пацямнела.

Ён аглянуўся яшчэ раз

I шэпча сам сабе: «Ну, час!»

I ўперад сунецца нясмела.

 

 

9

 

Вось спад ракі, масток над ёю,

Вярба з разложыстым шатром,

А там і сцежка за ракою,

100 I панскі сад, і панскі дом.

Прайшоў масток, зірнуў, паслухаў

Нідзе ні гуку, ні агню.

Каб праляцела, чуў бы муху

У ціш такую, ў глушыню.

Лявей — пасёлак на пагорку,

Правей — сядзіба павука,

Між імі хатка рыбака,

Нібы скацілася ў разорку.

 

 

10

 

Сымону ўсё тут памагае:

110 I гэта сцежка і платы,

Дзе побач з імі ідзе краем

Канопель зараснік густы.

А вось і двор яго і хатка,

I радам з ёю хлевушок —

Прыпаў, нібы дзіця да маткі,

Пад саламяны шалашок.

Сымон, як злодзей, мех знімае,

У хлеў падпал кладзе ў куток,

Па скалцы крэсівам чок! чок!

120 I іскру ў губцы раздзімае.

 

 

11

 

Праз нейкі час дымок пахучы

Паплыў угору, як туман.

Агоньчык тлее ў нутрах кучы,

Што жар разводзіць, як вулкан.

Сымон імкне на агароды,

А сам калоціцца, дрыжыць

I раптам бачыць — ці то зводы?

Выходзіць нехта з-за мяжы.

Сымон прысеў, прылёг, цікуе —

130 Ідзе павольна чалавек

Якраз яму наперасек,

Ідзе, нібыта штось мяркуе.

 

 

12

 

Сымон замёр, стаіў дыханне —

Ці згледзеў ён яго, ці не?

Няўжо прапаў ён? вось пытанне.

Ці ліха, можа, абміне?

Глядзіць — вачам сваім не верыць:

Пан Богут! ён у кроках трох...

Пад пахай скрутачкі паперы,

140 А сам цянюе без дарог,

Праходзіць далей, прамінае.

Сымону робіцца лягчэй.

Куды ж ён прэцца, ліхадзей?

Што тут за справа патайная?

 

 

13

 

Але яму не да развагі:

Адна яго мысль — уцякаць!

I ён папоўз паўзком тулягі

Уніз к балоціне, на гаць.

I толькі ў хмызе ўстаў на ногі,

150 Зірнуў, праверыў цішыню —

Нідзе ні шуму, ні трывогі,

Няма ні дыму, ні агню.

I Богут знік... А можа сочыць?

Пастой: а там што? ці не ён?

I бегчы кінуўся Сымон,

А ззаду быццам хтось рагоча.

 

 

14

 

Румяны золак над лясамі

Ужо развешвае шаўкі,

I залатымі абрусамі

160 Звісаюць хмарак астраўкі.

Звініць прастор зямлі, як срэбра,

I абуджаюцца ад сну

Палі, лугі, лясная дзебра,

У песню зліўшыся адну.

I толькі наш рыбак-нябога

Не трапіць песні той у тон.

На груд глухі адбегся ён,

Глядзіць, ахоплены трывогай.

 

 

15

 

Стаіць, не зводзіць воч з сядзібы.

170 Бярэ яго сумненне, страх:

Няўжо ён маху даў і схібіў

I план яго разбіўся ў прах?

У вострых мыслях і пачуццях

Канцоў не возьме ён нідзе,

Як журавель на перапуцці,

Што стада к выраю вядзе.

Яму ўсё цёмна, невядома...

I раптам бачыць — бухнуў дым,

Як вата белы, а за ім

180 Агонь прарваўся з-пад саломы.

 

 

16

 

Бушуе полымя патокам

У бурнай сіле і красе,

То ўгору ўскінецца высока,

То плытка ляжа на страсе

Ды ў неба сыпне рой іскрынак,

Бы сноп распусціць залаты,

I дым на Богутаў будынак

Нясе, як вестку ліхаты.

Рыбак глядзіць, абняты жахам,

190 У сэрцы жаль і боль тупы —

Падсек ён сам свае слупы,

Не быць яму пад родным дахам.

 

 

17

 

Агонь унік. Згарэла хата,

Як бы яе і не было.

Курыць яшчэ дым белаваты,

А пад тым дымам — попел, тло.

Рыбак выходзіць з анямення —

Яму тут болей не гуляць:

Падсек ён сам сабе карэнне,

200 А будзе цэл — там лепш відаць.

Збірае ўраз свае манаткі:

Сякерку, вуды, кацялок.

Бывай жа, мірны вугалок!

I ты, мой дубе, бывай, братка!

 

 

18

 

Як вулей пчол перад раеннем,

Гудзе народ у Петрушах.

Пажар – не простае здарэнне,

Трывогу сее людзям, страх.

3 якіх прычын згарэла хатка?

210 Яна ж пустуе ўжо даўно.

Яе пажар — для ўсіх загадка,

Ды ясна ўсім было адно:

Яна з наўмыснага падпалу

Пайшла, як свечка, ў вышыню

У ранні час, у цішыню,

Калі ўся вёска крэпка спала.

 

 

19

 

А дзед Куцейка мнагазначна

Трасе старою галавой:

Ой, будзе, будзе ўсім нясмачна —

220 Ім грозіць ліха булавой!

Нядобры знак здарэнне гэта,

I з нагляданняў знае дзед:

Такі пажар ды сярод лета —

Адзнака ліха, нейкіх бед.

Калі ж бяда расчыніць дзверы,

Дык верце, людзі, што яна —

Ваўчыца тая, што адна

Капэлю водзіць ваўкоў шэрых.

 

 

20

 

Ды дзед бярэцца за работу,

230 Касу вымае з-пад страхі,

Садзіцца важна каля плоту,

Дзе разрасліся лапухі.

Стаіць калодка там старая,

Каля калодкі чурбанок,

I дзед работу расчынае.

Гамоніць звонка малаток.

Касу дзед клепе ды варожыць —

I што ж яно будзе далей?

Якіх чакаць яшчэ падзей?

240 I дзеда цёмны страх трывожыць.

 

 

21

 

А па пасёлку ходзяць чуткі,

Што Богут сам зрабіў падпал.

Выжыга ён, прайдоха гнуткі,

Збіраць умее капітал.

Чаго туляўся ўціхамоўку?

Ужо ж насіў яго не Бог.

За хатку лепш узяць страхоўку,

Чым за яе плаціць налог.

Нябось не спіць людское вока.

250 Хоць шмат на свеце ёсць маны,

Для праўды ж — не — няма труны:

3 вады ўсплыве яна і з мроку.

 

 

22

 

Але вастрэй за ўсіх Марына

Адчула весці пра пажар:

Якая б ні была прычына,

А іх паставяць пад удар.

Жылі яны там, не плацілі,

Адтуль сышлі тайком сюды,

А зрок свой воўчы на Даніле,

260 Даўно спыняе гад руды.

Адно збавенне ёсць, быць можа,—

Данілы дома не было:

Ён у суседняе сяло

Сабраўся ўчора ў падарожжа.

 

 

23

 

Яна гадае так і гэтак,

Ды страх не можа адагнаць:

Калі захочуць, знойдуць сведак —

Купіць іх можна і прадаць.

Трывожна ў сэрцы, неспакойна,

270 I ўсё — з-за хаты рыбака,

I гне яе цяжар падвойны

I за Данілу і сынка.

— Ну што, сынок мой: пагуляем?

То дай жа ручанькі свае.

Сынок ёй ручкі падае,

А вочкі свецяць ясным маем.

 

 

24

 

Яна бярэ сынка, цалуе:

— Ну, пойдзем татку сустракаць

Ды возьмем конаўку малую —

280 Чарнічка стала паспяваць.

Расце хлапчынка. Ён умее

Сказаць і «мама», «дай» і «на»,

Ён гордасць матчына, надзея —

Як не пацешыць пестуна?

Яны ідуць. Хоць з ім матуля

На момант сэрца адвядзе

У гэтай прыкрасці-бядзе,

I к сэрцу сына яна туліць.

 

 

25

 

3 пасёлку выйшлі яны ў поле,

290 Адтуль на сцежачку ды ў бор.

I тут на сонцы, на прыволлі

У іх павёўся разгавор:

«Згледзіць майго сына

Дзятлік рабенькі.

Стук! стук! стук! спытае —

Хто гэта маленькі?

Запытае ў лесе

Заінька шэры:

Як завешся, хлопчык?

300 Скажаш ты: Валерык».

 

4/ІІ–13/ІІ 1941 г.

 

 

Раздзел XIII

 

 

1

 

Ці я адзін, ці я на людзях,

А з імі ў думках я жыву.

Яны мой чуткі сон марудзяць,

Трывожаць сэрца, галаву.

Яшчэ ж дарогу немалую

Павінен з імі я прайсці.

Я пракляну іх долю злую,

А радасць мушу ім знайсці.

Я зноў да вас, мае героі,

10 Мае тры блізкія душы,

Іду цішком у Пётрушы,

Бо сэрца ваша ў непакою.

 

 

2

 

Яны ў каморцы крэпка спалі,

Бо крэпак сон перад зарой,

А сны іх неслі кудысь далей,

Ласкалі звадлівай рукой.

Марына хату сваю сніла,

Зямлі кавалак удалы.

У вольным краю быў Даніла,

20 I штосьці сніў сваё малы.

А ў гэты час ім у вароты

Украдкам стукае бяда:

Паліцыянтаў чарада,

Як сват, да іх ідзе ў залёты.

 

 

3

 

Акружан двор, закрыты ходы.

Каля акон, каля дзвярэй

Стаяць гвалтоўнікі свабоды

I не спускаюць з іх вачэй.

А двое стукаюць у дзверы,

30 Нахабна пруцца ў мірны дом.

Відаць, ліхія ў іх намеры,

Калі так лезуць напралом.

— Хто там? — з сяней пачуўся голас.

Трывога, страх у ім чуцён.

3 двара ж яму зусім не ў тон

Стук узмацняецца раз-пораз.

 

 

4

 

Бубняць у дзверы, як у бубен,

Аж рэха коціцца пад гай.

Пагрозы, лаянка на губе

40 I грубы воклік: «Адчыняй!»

— Да нас, Данілка!.. Ох, о Божа!.

— Ты супакойся, не крычы:

Ні плач, ні крык твой не паможа –

Спажывы прагнуць крумкачы.

У хаце сполах, перапуды,

Усе трасуцца і дрыжаць,

Як пад касою сенажаць,

Ды не падзенешся нікуды.

 

 

5

 

Даніла дзверы адчыняе

50 I падаецца сам убок.

Рашуча ў сені ўходзіць зграя,

I гулка тухкае іх крок.

Вайшлі, стаяць перад каморай.

— А хто тут ест Даніла Смык? —

Пытае ўладна пан Пшэбора: —

Што ж пан маўчыць? Згубіў язык?

— Даніла я. Што трэба пану?

—То пан убачыць хутка сам...

—Пан Гжыб! Няхай пан гляне там,

60 А ў іх халупу сам я гляну.

 

 

6

 

Паны паволі, урачыста,

Без тараплівай сумятні

Усё варочалі начыста,

Не прапускалі ані-ні

Ні кожнай шчылінкі, ні рэчы.

Падушкі трэслі, сеннікі,

Былі ў падпечку і на печы,

Настольнік мялі, ручнікі,

У сцены стукалі, ў падлогу,

70 За бэлькі лазілі, пад столь,

I ў кадубу ўзбівалі соль,

Святых ашчупалі і Бога.

 

 

7

 

Злажыўшы рукі, як на модлы,

Прыпёршыся каля сцяны,

Глядзіць Марына, як іх кодла

Трасуць, варочаюць паны.

Чаго шукаюць, што ў іх мыслях?

I страшна ёй — не за сябе,

I віткі-космы яе звіслі,

80 Як тыя голькі на вярбе.

Маўчыць Даніла, бледны, хмуры.

У хатцы жудзь, у хатцы ціш,

I толькі іх сынок-малыш

Спіць і не чуе цёмнай буры.

 

 

8

 

І дзед Куцейка для прыліку

Прысутны тут, як паняты.

Маўчыць і ён, як без'языкі,

Бо што казаць ім будзеш ты?

Стаіць ён, сумны і маўклівы,

90 Але на ўвагу ўсё бярэ.

А думкі роем мітуслівым

Гуляюць тут і на дварэ.

Шкада іх, бедных! За самога

Таксама возьме часам страх:

А што, калі за адзін мах

Прыцісне пан і панятога?

 

 

9

 

Хто апісаць Пшэбору можа,

Калі ён вобыскі вядзе?

Ён нібы правіць службу божжу,

100 Як пробашч-ксёндз на калядзе.

I сам ён строгі і няўмольны,

Бо сілу мае ўжо не ён.

I ў тых учынках сам нявольны,

Бо над усім стаіць закон.

I ён сваім уласным вокам

Ацэніць кожную тут рэч:

Ён — Польшчы-маткі шчыт і меч

I носіць меч той ненарокам.

 

 

10

 

Даніла сочыць і мяркуе —

110 А чым жа скончыцца наскок?

Дарэмна, пане: іх бракуе —

Лістовак грэшных і кніжок!

Яны не тут, яны далёка,

I як вачэй, панок, ні жмур,

Не знойдзе сышчыцкае вока

Яго лістовак і брашур.

Але на сэрцы цяжка, смутна,

I ён упэўнены ў адным:

Граза збіраецца над ім,

120 Гром грымнуць можа памінутна.

 

 

11

 

Марыны, сына яму шкода.

А як пакутуе яна!

Як цяжка гэта ёй прыгода!

Сама бялей ад палатна.

А гляне зрэдку яму ў вочы —

Ну, проста томіцца душа...

Ох, сэрца добрае жаночча!

А як сабою хараша!

А пан Пшэбора, як той ідал,

130 I ў бок іх нават не зірне,

У скрыні шворыцца на дне,

Глядзіць на ўсё з такой агідай.

 

 

12

 

I як ні крыўдна, ні балюча:

Варваўся, гад, у дом чужы,

Перабірае ўсе анучы,

Нібы ён тут што палажыў!

Залез у скрыню, як зладзюга,—

Ну, аж варочае нутро,

Заціснуў іх у вузел туга,

140 Капае скарб іх і дабро.

У душу ўлазіць з брудным ботам,

Жыццё атручвае, як гад.

Пракляты ж будзь ты, панскі лад,

Дзе права правяць абармоты!

 

 

13

 

Ужо і сонца стрэлы-косы

У свет пускае з-за лясоў,

Агнём вясёлак ззяюць росы

У моры жытніх каласоў.

Там, за акном, бясконцым гмахам

150 Ідзе прастор ва ўсе краі,

I кліча луг мядовым пахам

Кузурак рэзвыя раі.

Гудзе зямля, звіняць прасторы

На свой стары, спрадвечны лад.

Выходзяць людзі з душных хат,

Яны ж зачынены ў каморы.

 

 

14

 

Калі ж канец той капаніне?

Калі іх вынесе вон чорт?

Калі кватэру іх пакіне

160 Сабака гэты, панскі хорт?

I ў ход падзей прыходзіць змена:

Глядзяць — ідзе з сяней пан Гжыб,

Тупое панскае палена.

Вайшоў і вочкамі лып-лып!

На гладкім твару здавальненне

I хітры-хітранькі смяшок —

Папаўся, міленькі дружок:

Праступнік злоўлен без сумнення.

 

 

15

 

I да Пшэборы ён фарсіста

170 Ідзе са скруткам у руках,

Кладзе на стол яго ўрачыста.

— Забач, пан, цо: «Чырвоны шлях»!

I ног не чуе пад сабою.

Ён дакладае нараспеў:

«Зналязлэм, пане, пад страхою.

I хітра схована, пся крэў!»

Даніла ўраз змяніўся з твару,

Не сцерпеў, крыкнуў: — Фальш, мана!

Тут правакацыя адна,

180 Каб толькі выхапіць ахвяру.

 

 

16

 

Яны ж з абразлівай усмешкай

Зірнулі толькі на яго.

— Суйміся, пан! Скуль тая спешка?

Нашто ўскладаць грэх на каго?

I пан Пшэбора дзелавіта

Пачаў брашуры разглядаць,

Чытаць уголас ядавіта,

Лісток за лісцікам гартаць

I так насмешліва тлумачыць,

190 На бальшавіцкі стаўшы грунт,

К яднанню заклік і на бунт,

I бальшавіцкія задачы.

 

 

17

 

Цяжкая, прыкрая хвіліна!..

О, як прыніжан чалавек!

Чаму пад горкаю асінай

Не захлынуўся гэты здзек?

Гарыць душа і кроў ад болю

Ад гэтых плоскіх слоў тупіц,

Што топчуць годнасць тваю, волю

200 I радасць чыстых зараніц.

Дзед толькі вочы пераводзіць

То на яго, то на яе,

Ні слоў, ні мыслей нестае —

I што сказаць у той прыгодзе?

 

 

18

 

Нарэшце кончыў пан Пшэбора

Чытанне кніг і іх разгляд,

Бярэ пісарскія прыборы

I піша нудны свой трактат.

Ён не спяшаецца нарочна,

210 Каб асалоду мець даўжэй.

Яму прыемна, відавочна,

Памучыць змучаных людзей.

Скрыпіць пяро, і ў гэтым скрыпе

Чуваць канец, але які?

Чаго чакаць ад той рукі,

Што на паперы знакі сыпе!

 

 

19

 

I ён канчае, ставіць кропку;

Чытае моўчкі пратакол

I моршчыць розуму каробку,

220 Удумна зрок спусціўшы ў дол,

А потым кліча панятога

Засведчыць гэты акт «святы»,

I там, дзе подпіс, крыж убогі

Стаўляе крыва паняты.

— Цяпер усё ў належным стане! —

I ўстаў Пшэбора з-за стала,

I цішу тне яго страла:

— Ну што ж, збірацца будзем, пане!

 

 

20

 

Замлела сэрца у Данілы,

230 I пацямнеў свет у вачах,

I перад ім глухі, панылы

I невядомы ўстае шлях.

Нібы аглушана Марына,

На грудзі падае яму.

— Данілка, родны!.. Сіраціна!

Каму ж пажаліцца, каму?

— Не плач! Ну, глупства. Я вярнуся.

Бо праўда ёсць... вер... памятай.

Бяруць мяне... ну што ж! Няхай:

240 Я пад няпраўдай не сагнуся.

 

 

21

 

— Даволі, хопіць меладрамы!..

Пан Гжыб, «заволай» вартавых!

Два паліцэйскія з-за брамы

Ідуць панурыя да іх.

— Збяры яго ў дарогу, служка, —

Гаворыць ціха паняты.

Яна бярэ кусок асушка,

Хлябок апошні з каліты,

У торбу суне зрэб'я пару...

250 Што ж больш? Не ведае сама.

Адзене панская турма

Ці абдзярэ сваю ахвяру.

 

 

22

 

Апошні акт у першай з'яве:

Падаць руку і ставіць крыж.

На ложы сну, чужы той справе,

Сніць сны шчаслівыя малыш.

Дыханне роўнае, і шчокі

Гараць румянкам веснавым,

А ён, журботны, адзінокі,

260 Схіліўся моўчкі над малым.

Якое скажаш яму слова?

Нашто трывожыць мірны сон?..

Калі яго пабачыць ён?

Сляза з вачэй паплыць гатова.

 

 

23

 

Стаіць над хлопчыкам, пахілы,

Вачэй не можа адвясці,

Прынік губамі...— Бывай, мілы!

Дужай, гадуйся і расці...

Марына слёз стрымаць не можа,

270 Утупіў вочы паняты,

А голас, жорсткі і варожы,

Гудзе назолаю слаты:

— Час! Час! — Вядуць яго з каморы;

Пан Гжыб уперадзе. 3 бакоў

Ідуць дзве пары палякоў,

А замыкае пан Пшэбора.

 

 

24

 

На балоце нікнуць лозы,

Вецер ломіць гай.

Цень плыве з Картуз-Бярозы,

280 Засцілае край.

Звесіў дзюб крывы панура

Белы кат-арол,

Пачакай, пан, дзьмухне бура,

Страціш панскі стол!

Свеціць сонца ў ясным небе,

Носіць ясны дзень,

Дуб расце на роднай глебе,

Цвёрды, як крамень.

 

 

25

 

Ідзе Даніла пад канвоем,

290 Пераступае свой парог —

Хіба пажаліцца тым хвоям,

Што абступаюць край дарог?

Пуцінак многа ва ўсе бокі,

А ён дыбае па адной

Сярод чужынцаў, адзінокі,

Панікшы хмура галавой.

Ён — сук дубовы, што ад дуба

Адсек бязлітасны тапор:

Зачынен сонечны прастор,

300 Чужая воля гоніць груба.

 

13/ІІІ–6/IV 1941 г.

 

 

Раздзел XIV

 

 

1

 

Стаіць Марына ўскрай дарогі

На жоўтай горцы пад сасной.

Ляжаць знямелыя разлогі —

I ён з вачэй знік, і канвой.

У жалю-роспачы рукою

Шурпаты комель абняла

I прытулілася шчакою

Да абгарэлага ствала.

Яна ўсе выплакала слёзы,

10 Але не стала ёй лягчэй.

Няма ні ўцехі, ні надзей,

Пабілі рунь яе марозы.

 

 

2

 

Прыйшла ў каморку, а з калыскі

Сынок ёй голас падае,

Такі знаёмы, такі блізкі,

Што гэтак радуе яе.

Яна падходзіць тарапліва

І нахіляецца над ім,

Глядзіць журботна і тужліва

20 І горам дзеліцца з малым.

— Устаў, сынок мой! А дзе ж тата?

Адны, сыночак, мы, адны!

Забралі татку ў нас паны,

Асірацела наша хата.

 

 

3

 

Ох мой маленькі, мой блазнотка!

Як будзем жыць мы без яго?

І дзе мы знойдзем заработкаў?

Куды мы пойдзем? Да каго?

Глядзіць ён пільна мамцы ў вочы,

30 Не разумее гэтых слоў.

Праспаўся хлопчык, есці хоча,

3 калыскі вылезці гатоў.

Расце дзіцятка неўзаметкі,

На ногі пробуе сам стаць.

I так пацешна пазіраць,

Калі крок першы робяць дзеткі!

 

 

4

 

Яна малога пакарміла.

— Ну, сядзь жа, коцік, пагуляй.

Ёй сумна ў хаце і няміла,

40 I жаласць плёскае праз край.

Зірнула — ўсё параскідана,

Усё павернута ўверх дном.

I пахадзіла ж рука пана!

Ох, учынілі ёй пагром!

Ды лепш бы ўсё яны забралі,

Пусцілі б толькі іх жывых

У рызах латаных старых,

Але няма ў іх сэрца, жалю!

 

 

5

 

Парадкуе свой скарб Марына,

50 Цяпер утраціў ён цану.

Яна складае яго ў скрыню,

А думку думае адну:

Дзе і ў каго шукаць парады?

Куды пайсці? Каго прасіць?

I гэты вузел цёмнай здрады

На сэрцы каменем вісіць.

Пан Богут ёй прыйшоў на думку:

А можа б ён знайшоў ключы,

Як ёй у горы памагчы,

60 I даў бы раду для ратунку?

 

 

6

 

Яна той час прыпамінае,

Калі хадзіла ў панскі двор,

Драбніц ніякіх не мінае —

Намёк двухсэнсны, разгавор…

Ой, не: не хіліць і не вабіць

Ліхі, няшчыры дабрадзей.

Праціўна гэтай слізкай жабе

Раскрыць душу сваю ў бядзе.

I што ён скажа? Насмяецца

70 I ў бруд у свой яе займе —

Яму мужчынскае на ўме —

Няхай ён лепей захлынецца!

 

 

7

 

Каморка, прыбраная дбала,

Свой від ранейшы прыняла,

Але Марыне ўцехі мала,

I хата стала не міла.

Народ увесь на сенакосе,

Схадзіць хіба і ёй туды,

Пачуць бы, можа, што ўдалося,

80 На троп напасці, на сляды?

Марына з бабкай Евай дружыць,

А бабка з граблямі адна,

Работы хопіць да цямна,

К таму ж яна не так і дужа.

 

 

8

 

Яны ўдваіх, сынок і маці,

3 двара ідуць у бок ракі

На зыбкі мосцік міма гаці,

Дзе разрасліся хмызнякі.

А сонца жарыць, млеюць далі,

90 I парнасць землю абняла.

3 хваёвых ран, як слёзы жалю,

Бурштынам сочыцца смала.

А там, на захадзе паўднёвым,

Дзе луг увенчваюць дубы,

Плывуць мядзяныя клубы,

I громаў чуюцца размовы.

 

 

9

 

За рэчкай луг, такі духмяны.

Пад самы лес бягуць шнуры,

I брыюць спрытна без заганы

100 Зялёны дол гаспадары.

Грабцы — дзяўчаты, маладзіцы —

Штораз варушацца жывей,

Бо чуюць голас навальніцы,

А хмары сунуцца бліжэй.

У бабкі Евы, ой, няўпраўка:

Замочыць дождж яе мурог,

А ён, зялёненькі, падсох —

Ну, як кудзеля тая траўка.

 

 

10

 

I вось Марына падбягае

110 На дапамогу ў самы час,

А ў часе помач — дарагая,

Што ўжо засведчана не раз.

Пайшла работа дружна, швыдка,

Сянцо зграбаюць у валкі

I ставяць копу ўвачавідкі,

А дождж ужо каля ракі,

Шуміць, гудзе. Заслонай белай

Дубы акрыліся, кусты,

I лінуў дождж, буйны, густы,

120 I ўсё навокал зашумела.

 

 

11

 

Работа спынена не ў пору,

Але няма чаго тужыць:

Не воўк работа, як гавораць,

I ў лес яна не пабяжыць.

I ўсё ідзе сваёй ступою —

Няхай і дожджык пашуміць,

А ў дожджык добра пад капою

I прыдрамаць і гаманіць.

Сядзяць Марына і старая,

130 У іх каханак-пестунок,

Ён тут — уцеха для жанок

I іх згрызоты разганяе.

 

 

12

 

Яму так хочацца на волю

3 пахучай вылезці нары:

Не бачыў ён яшчэ ніколі,

Як «плюх-плюх» падае з гары.

Усё тут нова, незнаёма:

I гул, і грукат, і агні,

I ён імкнецца несвядома

140 Пазнаць таемнасць шырыні.

Праходзіць хмара грозным валам,

Далей разгортвае свой шчыт.

Сям-там праглядвае блакіт —

Нябёс умытыя прагалы.

 

 

13

 

О летні час! дзяцінства мары

І вы, няспраўджаныя сны!

Жывуць у сэрцы вашы чары,

Як водблеск вечнае вясны.

Яны так вабяць, так хвалююць

150 Сваім прасторам, глыбінёй

I вобраз лета мне малююць

Непераймальнаю рукой.

Па гэты час я ў захапленні

Ад гулкіх летніх навальніц,

Ад грозных хмар і бліскавіц —

У іх мне свецяцца праменні.

 

 

14

 

Драбнее дожджык.Хмара далей

Плыве, спусціўшы свой паром,

I сыпле срэбра, бы каралі,

160 На дол нязлічаным дабром.

Грабцам пярэдышка сягоння.

Марына з бабкай пад капой

Яшчэ сядзяць, яшчэ гамоняць,

Гамонку змочваюць слязой.

Няма Данілкі! ох, бядача!

I як то здарыцца магло,

Што кніжкі знойдзены ў яго?

Падкінуў хтось іх, не іначай.

 

 

15

 

Марыну бабка суцяшае,

170 Каб горкі сум развеяць ёй.

А ці ён вернецца? хто знае —

Надзея слабая ў самой.

Ды час жа прыйдзе нейкай змене,

А праўда выплыве са дна.

Хто можа ведаць, што нас стрэне?

Нам прышласць наша не відна.

Рабіць жа нешта трэба, пэўна:

Бяда не збудзецца слязьмі,

Пайсці параіцца з людзьмі,

180 I ключык знойдзеш неспадзеўна.

 

 

16

 

Ужо за мосцікам Марына

Сынка бабулі аддала,

Сама ж пайшла пад азярыну

Сабраць хоць шчаўля да стала.

Мінула зараснік і пуню,

Ідзе, спусціўшы вочы ўніз,

І чуе: “Добры дзень, красуня!”

Стаіць пан Богут і не лыс.

Глядзіць з усмешкаю спагаднай,

190 Але няшчырай, напускной,

Крануў свой вус і кажа ёй:

— Я чуў — у пані не ўсё ладна.

 

 

17

 

Яна адчула ў сэрцы холад.

Зірнула — смех яго пусты,

I страшна ёй, а навакола

Адны лазовыя кусты.

Марына страх перамагае —

Цікава знаць, што скажа ён.

Праходзіць хвіля і другая,

200 Як нейкі томячы палон.

— Куды ж то пані адна ходзіць?

— А з кім жа болей мне хадзіць?

3 мяне цяпер пан можа кпіць

I без людзей і пры народзе.

 

 

18

 

— Што пані кажа!.. Ховай Божа!

Каб я падумаць гэтак мог...

Ой, пані, пані! так не гожа:

Я скрыўджан вамі, далібог.

Як можна з пані строіць кпіны?

210 Хутчэй адсохне мне язык,

Чым кпіць з чароўнае жанчыны:

Я, пані, — шляхціц, не мужык, —

Сказаў пан Богут ганарыста: —

I пані бачыць не блазна...

Хіба ж то паніна віна,

Што мела мужа-камуніста?

 

 

19

 

Марына ўся аж задрыжала,

I жаль пашыб яе і злосць;

Ёй горка так, а ён, завала,

220 Балясы точыць пра мілосць.

— Не маю каяцца ў чым, пане.

Няхай сабе ён камуніст,

Ды гандляваць людзьмі не стане,

Бо ён душой і сэрцам чыст...

Няхай адсохнуць тыя рукі,

Што пахадзілі пад страхой,

Няхай навернуць галавой

Ліхія змоўнікі і сукі.

 

 

20

 

Сумеўся Богут з неспадзевы,

230 Пагладзіў вус, пачухаў скронь —

Ого, якія яе спевы!

Ох, не кабеціна — агонь!

Каму ж прызначаны праклёны?

Ці ўчынак выкрыт патайны?

Ды без атак і абароны

Няма сапраўднае вайны.

Сабою Богут авалодаў

I пераводзіць ўсё на жарт.

— Сварыцца, пані, нам не варт,

240 Мне ж да душы вас, пані, шкода.

 

 

21

 

Калі ж я пані чым угневіў,

Прашу прабачыць, дараваць.

Бывае так: і ў добрым севе

Трапляе дзікая трава.

А што да панінага мужа,

То тут дарэмна ваша злосць.

Не бараніце яго дужа:

Дзе ёсць дымок, агонь там ёсць.

Ды мы судзіць яго не будзем:

250 На гэта ёсць панствовы суд,

Дзе справядлівасць знойдзе люд

I сваё слова скажуць суддзі.

 

 

22

 

Адно б хацеў, каб знала пані:

Дзе можна, там я памагу,

Але ж і пані няхай стане

Крыху на іншую нагу.

Няхай у двор у мой прыходзіць,

Ці граблі возьме, ці пажне,

I вам ніколі не пашкодзіць

260 Быць ласкавейшай да мяне.

I Богут глянуў ёй у вочы

I вус падняў свой угару, —

Ён паказаў ёй шлях к дабру,

Сказаў усё, яна ж — як хоча.

 

 

23

 

I пакланіўся ганарліва,

Руку паднёс да галавы

Ды йдзе аглядваць пожні, нівы,

Свае лужкі і паплавы.

Глядзіць услед яму Марына,

270 Ёй прыкра і не па сабе —

Жыве ж такая абразіна

3 такою пыхаю на лбе!

I ўсё ж у голаву атруты —

Такі і быў, відаць, разлік —

Ёй хоць адзін шматок пранік,

Каб толькі болей мець пакуты.

 

 

24

 

У Петрушах настрой прыбіты,

Гудзе, хоць глуха, грамада:

Няма прасветлін, шлях закрыты,

280 Сваволіць панская брыда.

А з сёл, з мястэчак ідуць весці,

Як сон у казках насланы.

Умеюць гнуць, сціскаць і трэсці

Яснавяльможныя паны.

Растуць касцёлы і астрогі,

I чуеш толькі пра суды,

Адно і ведаеш — туды

У Польшчы бітыя дарогі.

 

 

25

 

У падвячорак да Марыны

290 Лямех Аўген тайком зайшоў,

Не кінуць жа ў бядзе жанчыны,

Сказаць ёй трэба колькі слоў.

Сядзелі, ціха разважалі,

Бо вушы могуць быць і ў сцен.

— Ад пана Богута будзь далей, —

Перасцярог яе Аўген: —

Цябе ж народ адну не кіне,

I хоць жа мы не багачы,

А можам трохі памагчы.

300 Ты ж вернай будзь сваёй сябрыне.

 

8-16/IV 1941 г.

 

 

Раздзел XV

 

 

1

 

Ідзе нявольнік мой, Даніла,

Зацяўшы ў сэрцы горыч, боль...

Прыгожых сноў ты многа сніла,

Жыццём заціснутая голь!

Ды вось заместа іх — этапы,

Шырокі край тваіх пакут.

Глыбокі шрам ад панскай лапы

Ды крыўд, абразы востры жгут.

Глядзіць за ім сурова стража.

10 3 бакоў і ззаду — карабін...

Адзін ты, браце, тут, адзін!

А далей што? Ніхто не скажа.

 

 

2

 

I дзіўна вось такая дробязь:

Яму прастору крокаў тры,

А воля — тут яна, з ім побач,

Хоць ты рукой яе бяры

I пі з яе жывой крыніцы,

Жывіся сокамі зямлі,

Ды не пяройдзеш той граніцы,

20 Што карабіны правялі.

I ён ідзе. Куды? не знае:

Не сам ідзе — яго вядуць.

Другім канвойнікам здадуць,

I будзе воля гнуць чужая.

 

 

3

 

Эх, воля, воля!.. А ён скуты,

I рэжуць рукі кандалы.

За кожны рух канвойнік люты

Таўчэ яго пад вокрык злы:—

Ідзь, ідзь, холера, хлопска морда!

30 Свярбіць яна табе, пся косць!

Ён зносіць здзек маўкліва, горда

I не паскардзіцца на млосць.

А пот салёны рэжа вочы,

Абцерці ж ты яго не смей.

Ступай, дзе вузей, дзе шырэй,

Як стража панская захоча.

 

 

4

 

Хутчэй бы скончыць з тым канвоем,

Не бачыць бы плюгавых рыл,

Не чуць бы лаянкі, пабояў

40 I не глытаць дарожны пыл.

А думак ён сабраць не можа,

I думаць тут няма калі:

А чуць задумаўся — ў бок ложа,

Паскудны крык і штурхялі...

Не цеш сябе дарэмна, браце,

I сілы ўсе свае збяры:

Багаты панскія «дары»,

I многа слёз у іх багацці.

 

 

5

 

Нарэшце вось яно, мястэчка,

50 Між гор бялее ў паплавах.

Касцёл куртаты па-над рэчкай

I дом. Над ім дзяржаўны сцяг.

У гэтым доме пастарунак.

Адзін канчаецца этап.

Які ж прад'явіцца рахунак?

Аб чым пытаць будзе сатрап?

Сатрапік — франт. Адзет па модзе —

Манішка, гальштук, кацялок.

Такі прыемненькі панок —

60 Стаяць бы толькі ў агародзе.

 

 

6

 

Гедвіла — агент дэфензівы,

Якіх у панскай Польшчы шмат.

Культурны з віду і пыхлівы

I па натуры сваёй кат.

Узяў ён справу з рук канвоя,

На «вязня» глянуў звысака,

Патрос дакорна галавою

I раптам з палам гусака

Падскочыў злосна да Данілы.

70 — Холера, з лярвы ты байструк!

Схапіў за чуб ды ў сцяну стук!

Такі прыём быў у Гедвілы.

 

 

7

 

Такім хлябком, такою соляй

Данілу стрэў варшаўскі пёс.

На першы раз з яго даволі,

А потым будзе ўжо дапрос.

Ён папярэдзіў толькі «вязня»

Прызнаць усе свае грахі.

Не скажа праўды, будзе лазня —

80 3 яго ён выб'е ўсе духі.

Пасля тых слоў нападарожных

Кіўнуў ён стражы галавой.

Вядзе Данілу зноў канвой

У каталажку ў дом астрожны.

 

 

8

 

Вайшлі ў падвал, у сутарэнне.

Вось бакавушка нумар тры.

Аконца-шчыліна ў скляпенні

Так скупа шле святло згары.

Астрожны стораж, гном пануры,

90 Дастаў з-за пояса ключы

I на Данілу зрок сашчурыў —

Ідзі, моў, хлопча, адпачынь!

I скрыгнуў ключ. Замок іржавы

Закашляў хрыпла раз, другі,

А «струж» дадаў сабе вагі:

— Да козы проша, пан ласкавы.

 

 

9

 

I расчыніў гасцінна дзверы

I потым бразнуў імі зноў.

I ціха стала «на кватэры».

100 Адзін Даніла без паноў.

Ён азірнуўся — пуста, цёмна.

Ступіў адзін крок і — сцяна.

Аконца ў кратах свеціць скромна.

Ен бачыць дошкі тапчана.

Прысеў. Баліць і ные цела.

I рэжуць, ціснуць ланцугі.

Узят ён моцна ў абцугі,

А прышлы час маўчыць знямела.

 

 

10

 

Ў яго жыцці яшчэ ніколі

110 Такіх дзён доўгіх не было,

Як гэты дзень. Сям'я і воля

I ўсё далёка адплыло.

А можа гэта — сон пачварны?

Ці чмут, ліхімі насланы?

За што пакутуе ён марна?

3 якіх прычын? 3 чыёй віны?

Прызнаць грахі!.. Не, здохнеш, пане,

Варшаўскі кат, прасмердлы струп.

Не вырвеш праўды з маіх губ,

120 Не ўчуеш ты майго прызнання.

 

 

11

 

О, каб яму ды воля, сіла!

Як адплаціў бы ён за здзек

Панам, іх катам таўстарылым!

Без жалю б рэзаў іх і сек.

Зацяўся хлопец, сціснуў зубы,

Каб сэрца болі заглушыць,

Што як вужакі з-пад падрубы

Паўзуць і віснуць на душы.

А нехта ў вочка заглядае

130 Цішком, як злодзей, як шпіён.

Данілу морыць мутны сон,

I ўсё на момант прападае.

 

 

12

 

Драмаў ці спаў, а многа, мала,

Ён сам не ведае. Глядзіць —

Яшчэ цямней навокал стала,

I ён губляе думак ніць.

А на дварэ шуміць, плюскоча,

У трубах булькае вада.

I ўспомніў ён свой лёс сірочы.

140 Згрызае, есць яго нуда.

Адзін ён тут у волкім змроку.

I гасне дзень, находзіць ноч.

Ліхтарык свеціцца наўзбоч,

Бы ў цьме зімою воўча вока.

 

 

13

 

Назаўтра зранку пан Гедвіла

Прывесці «вязня» даў загад.

У «вязня» ў сэрцы штось заныла.

Ды кажа ён: «Трымайся, брат!»

Яго вядуць у пастарунак.

150 Плывуць зялёныя кругі

Ў яго вачах, і ўвесь малюнак

Прымае від цяпер другі.

Стаіць ён супраць кабінета,

Падняць не смее галавы

I чуе — кліча вартавы:

— Да пана следчага з павета!

 

 

14

 

Сядзіць пан следчы важна ў крэсле.

Такая постаць, такі від!

Нібы яго на трон узнеслі

160 I ён — дзяржавы панскай кіт.

Прад ім ляжыць той самы скрутак,

Што пан Гжыб вывалак з страхі.

Пытае следчы: — Які ж скутак?

Дзе ўзяў «Чырвоныя шляхі»?

I зрокам тонкім, ядавітым

Акінуў з ног да галавы,

Нібы ён знае шлях крывы,

Якім брашуркі раздабыты.

 

 

15

 

— Раскуйце мне наўперад рукі.

170 За што нашу я ланцугі?

Нявінен я: чужыя штукі —

Падсунуў мне іх хтось другі.

Пан следчы ў добрым быў гуморы.

Ён усміхнуўся.— Так, так, так!..

Ды ты не будзь занадта скоры,

Другіх жа путае, лайдак.

Кажы мне праўду, як прад Богам,

Ты гэтым свой палегчыш лёс.

Брахаць умее кожны пёс,—

180 Зазначыў пан Гедвіла строга.

 

 

16

 

— Хто перадаў паскудства гэта?

Ды не віляй мне, Божа бронь!

Вачамі бліснуў пан з павета

I ў храпу дзьмухнуў, як той конь.

— Ніхто! Адно я толькі знаю:

Паны падкінулі мне іх.

Гедвіла ўскочыў, бы з адчаю,

Затросся злосна ў адзін міг,

Падбег к Данілу, як шалёны,

190 Кулак яму ў нос ткнуў тугі.

Рвануў Даніла ланцугі,

I кольцы трэснулі са звонам.

 

 

17

 

Адскочыў следчы ў замяшанні,

Разняў трусліва кулакі.

— За што мяне катуеш, пане?

Завошта чыніш здзек такі?

Упаў Даніла ў злосць, у ярасць,

Уладу страціў над сабой.

— Заб'ю, паскудная ты нарасць!

200 I грозна рушыўся на бой.

На шум, на крык набегла стража.

Глядзіць — павален панскі стол,

А «вязень» пана б'е ў хахол

I кроўю морду яго мажа.

 

 

18

 

Даніла, мілы мой Даніла!

Ох, натварыў сабе ты бед!

Надоўга панская магіла

Цяпер зачыніць табе свет.

Ён схамянуўся, ды па часе.

210 Яго ж уміг з усіх бакоў

Абсела стража, бы ў папасе

Чароды чорныя гракоў.

Ён рукі ўгору ўзняў пакорна.

На іх абрыўкі кандалоў,

А кроў з-пад кольцаў-абадоў

Цячэ ў рукавы рагай чорнай.

 

 

19

 

Карысці ж з той пакоры мала:

Яго на дол звалілі з ног.

Таўклі і білі дзе папала,

220 Як хто хацеў і як хто мог.

А ён ляжыць маўклівы, млявы,

Ці то жывы, ці нежывы.

I кроў сцякае на рукавы

3 разбітых губ і галавы.

Яму назад скруцілі рукі

I закавалі іх ізноў,

Самога ж вынеслі далоў,

Каб болей з ім не мець дакукі.

 

 

20

 

Ляжаў ён тыдні два ў шпіталі,

230 А ўстаў на ногі, як шкілет.

Яго крыху падмацавалі,

Затым адправілі ў павет.

Не так-та лёгка, не так проста

Прайсці этапы да суда.

Прыліпне панская кароста,

Заесць цябе нуда, бяда.

Але сапраўднага дапроса

Яшчэ і блізка не было:

Наперадзе ўсё ліха, зло

240 I здзекі панскага барбоса.

 

 

21

 

3 Гедвілам новая сустрэча

Характар мела ўжо другі,

Нібы ў ім годнасць чалавечча

Вайшла ў людскія берагі.

I той выпадак недарэчны —

Аб ім так прыкра ўспамінаць —

Ён абышоў лагодна, «гжэчна»,

Бо ж людзям трэба меру знаць.

Навошта ж тыя ўсе пакуты?

250 Нашто піць гора ўсё да дна?

Ён тут, а жонка там адна —

Ёй не ўхіліцца баламуты.

 

 

22

 

Закон жа строгі і суровы,

Стаіць, як стораж, начаку,

А ўсе абставіны, умовы

Якраз Данілу не ў руку.

Напрыклад: кніжачкі, лістоўкі,

Запіска — вось яна, — пажар,

А да ўсяго яшчэ і «слоўкі» —

260 I вось тваё аблічча, твар.

А голых слоў, як «знаць не знаю»,

«Нявінен я», «то — грэх чужы»...

Хто верыць будзе ім, скажы?

Без фактаў словы — гніль пустая.

 

 

23

 

Калі ж не колецца дзярвяка,

Дык у яе ўбіваюць клін:

I на упартых запіракаў

Ёсць спосаб тут, і не адзін.

Гедвіла «ў прыязным» парыве

270 Нагайкі вылажыў, бічы

I ўсе прылады ў дэфензіве —

Крукі падвешваць, абручы.

Ды гэта што? Ёсць падзямелле,

А ў ім прыкованы тапчан,

Дзе садзяць голага пад кран —

Сядзі ў вадзе замест пасцелі.

 

 

24

 

А пакупаешся ў той ванне,

Апусціш рукі ў барацьбе:

Дасі такое паказанне,

280 Што і не снілася табе...

Ці так, ці сяк, не скінуць петлі –

Няволя вечная, астрог,

Не будзе ўперадзе прасветлін,

Ні вольных сцежак, ні дарог.

А тым жа часам ёсць і выйсце,

I можна жыць, не знаць бяды...

Нашто губіць век малады

I траціць леты без карысці?

 

 

25

 

Што ж патрабуецца з Данілы?

290 Тайком падацца на іх бок,

Зайсці сям-там часамі з тылу,

Ды асцярожненька, здалёк.

Даволі будзе і намёку,

Няхай хоць лёганька кіўне.

А сам стаяць ён будзе збоку,

Зусім, зусім у старане...

Даніла слухаў словы здрады.

Яго агортваў цёмны страх,

I цёмна робіцца ў вачах.

300 Ох, закатуюць яго гады!

 

4-21/V 1941 г.

 

 

Раздзел XVI

 

 

1

 

Я прызнаюся вам адкрыта —

Мне надакучылі паны:

Ад іх нутра, укладу, быта

Мне вее тхлінаю труны.

Хачу я панскі фуз атрэсці,

Зірнуць у іншае акно

I ў ткань паэмы свае ўплесці

Вясёлай фарбы валакно.

Яе ж герояў не пакіну

10 I кожны дзень, хоць і здалёк,

Я кіну вокам у іх бок —

I на Данілу і Марыну.

 

 

2

 

На бераг Свіслачы, пад Вусце,

Я перайду на нейкі час,

У ціхі кут, у захалусце,

Што ўжо апісваў я не раз,

Але ні разу як належыць

Я Беразянкі не крануў,

Мае ж сляды яшчэ ў ёй свежы

20 Я адчуваю тут віну.

Мне Беразянка, прызнаюся,

Сваёй паэзіяй глушы

Напамінае Петрушы,

Куды я хутка зноў вярнуся.

 

 

3

 

А зараз выйду на дарогу,

Што ўздоўж пасёлка след прадзе.

Такой мясцінкі вы, яй-богу,

Наўрад ці знойдзеце больш дзе.

Дарога роўная, сухая,

30 Ёй не бракуе шырыні.

На ёй і пылу не бывае,

Гразі ж ніколі ані-ні.

Уздоўж дарогі шляхам руні

Ляжыць жывая ткань травы.

На хвоі кіньце вокам вы —

Тут што ні хвоя, то красуня.

 

 

4

 

Прашу — ўзыдзіце, калі ласка,

Ну хоць на гэты вось грудок.

Ёсць тут сем хвой. Не хвоі — казка.

40 Пад кожнай хвояй халадок.

Стаяць яны, ну, як графіні.

Я запалонен імі ўшчэнт,

I кожнай з іх, як той жанчыне,

Гатоў сказаць я камплімент.

Яны ўсе стройны, свежы, крохкі,

Сваё ж аблічча ў кожнай з іх,

А прыгажэйшай з семярых

Назваць сапраўды не так лёгка.

 

 

5

 

Калі зірнуць у бок даліны,

50 Дзе Свіслач песціцца ў кустах,

То панарама зеляніны

У вашых вынікне вачах:

Густых кустоў жывая лава,

Альховы гай ускрай Парні,

Вусцянскі хвойнік кучаравы,

Што марыць мары ў цішыні,

I той мой груд асірацелы,

Дзе вышка ўсё яшчэ стаіць,

Бы нейкі сон даўнейшы сніць,

60 Хоць Вусце ўжо і анямела.

 

 

6

 

А луг укрыт увесь дубамі...

Эх, сведкі цьмянай старыны.

Даўно вяду я дружбу з вамі —

Яе вытокі чуць відны.

Яшчэ малым у Наднямонні

Я палюбіў вас, і з тых дзён

Мяне галубіць ваша ўлонне,

Як казка-быль, як ява-сон.

Вы запаляеце праменні

70 Мае дзяцінае пары,

I вы мне сталі, як сябры,

I я ад вас у захапленні.

 

 

7

 

I шмат знайшоў бы слоў прыязных

I самых яркіх фарб для вас,

За адступленне ж я адказны —

Даруйце мне на гэты раз.

3-пад хвой-красунь, як на далоні,

Відаць і хаты, і двары,

I агароды ўсе, і гоні

80 Па бераг Свіслачы стары.

Прастору цьма сярод палянкі.

Сядзіба ж кожная і двор

Свой выгляд мае, свой узор,

I ў тым прывабнасць Беразянкі.

 

 

8

 

Двары разбіты як папала,

Ніхто не думаў пра планы,

Няма ні вуліц, ні квартала,

I непатрэбны тут яны:

Зямлі пясчанай колькі хочаш,

90 Будуйся, дзе табе зручней,

Дзе болей вабіць твае вочы,

Ты толькі ўладзіцца умей.

Глядзіш — адзін двор пры балоце,

Другі на горцы пад барком,

А там пад самым хмызняком

Стаяць будынкі ў адзіноце.

 

 

9

 

Але зірнем з дарогі ўправа.

Унь адштукован новы двор.

Будынкі зроблены на славу,

100 Ніхто не кіне ім дакор.

Калгасны свіран, ну, як сонца,

Святлее беллю сваіх сцен.

А паглядзіце на гумёнца —

Прад ім старыя гумны — тлен.

Прасторна, светла ў ім, утульна.

Зірнеш — каўказская гара.

А колькі зложана дабра!

То — ўсё калгасны скарб агульны.

 

 

10

 

Каля гумна стаяць, як вежы,

110 Стагі саломы і кармоў,

I ўсё ў парадку, як належыць,

Няма тут хітрыкаў і змоў.

Праз гэты двор прайсці прыемна:

Тут відзен клопат, ёсць і план,

I будзеш ты шукаць дарэмна

Слядоў нядбайства і заган.

А на падолку рунь рунее

Травы і рознай збажыны,

I рост яе такі буйны —

120 Сама сябе яна тут сее.

 

 

11

 

I гэты двор — найлепшы сведка.

Бо ён гаворыць без прыкрас,

Што беразянцы ўзіму, ўлетку

Працуюць дбала на калгас.

Чуць блісне сонца, яны летам

Сюды прыходзяць, як на пір,

I лозунг выкінуць пры гэтым:

«Давай работу, брыгадзір!»

Было, я помню, тут балота,

130 I што ж, павёў плячом народ,

I на балоце — агарод,

Дзе працаваць бярэ ахвота.

 

 

12

 

Прывет мой шчыры Беразянцы!

Прывет калгаснаму двару!

Прывет калгасніцы-сялянцы!

Прывет яе гаспадару!

Сярод маіх знаёмых новых

У Беразянцы ёсць адзін.

Яму з ахвотай я гатовы

140 Адвесці некалькі хвілін.

Немалады ён — мой равеснік,

Але рухавы, як юнак.

Ён — паляўнічы, ён — рыбак,

Страляе, ловіць, пяе песні.

 

 

13

 

Ён знае шмат якіх прафесій:

Ён і цясляр, ён і сталяр,

I першы грыбнік ва ўсім лесе,

I не абы-які пчаляр.

Ідзе, жыве сваім манерам,

150 Нідзе не хібіць у пуці.

Ён раз быў нават акушэрам,

Бо ўсё ж трапляецца ў жыцці.

Яго не вяжуць, як другога,

Застылай мудрасці гужы,

Ён і каханню не чужы,

Не адстае ад маладога.

 

 

14

 

Ён любіць жыць сваім адумам,

А сам на выдумкі дасуж.

Ён змайстраваў цішком, без шуму

160 Для асалоды свае душ.

I гэты душ замыславаты,

Такіх не знаюць гарады:

Ён вышку зладзіў каля хаты,

На вышцы цэбар для вады.

Не просты цэбар, а ў два донцы.

У дне адным з паўсотні дзір,

Другое ўзята на шарнір,

А воду грэе яму сонца.

 

 

15

 

Ёсць у яго яшчэ таланты:

170 Ён з мёду робіць хвацкі квас,

I дар ён мае музыканта,

Утне на скрыпцы іншы раз.

I шмат дзялілі мы з ім часу

I на сяле і за сялом.

Хвалу я складваў яго квасу

У дзень выходны за сталом.

Не толькі квас — была і стопка,

Не ганьбавалі мы і ёй,

Пілі з натхнёнаю душой —

180 I я і сябар мой Паскробка.

 

 

16

 

Жылі тады мы ў яго зяця.

Ідзе аднойчы ён да нас,

Ды на бяду нікога ў хаце

Не аказалася ў той час.

Спыніўся ён, яму нялоўка,

Ён хоча ўжо ісці назад,

Аж бачыць — шэльма паўлітроўка!

Ён падміргнуў сабе — стой, брат!

I да яе. Вымае корак,

190 Падносіць пляшку ў рот і — хлоп.

I раптам моршчыць губы, лоб

I куляй мчыцца на падворак.

 

 

17

 

Каля калодзежа карыта,

А ў ім вада для парасят.

Палошча рот ён дзелавіта.

Бадай ты спрах — дэнатурат!

— Тфу, панімаеш, ведай дзела! –

I трэ ён кончык языка,

А ўнучка Шурка падглядзела,

200 Якога даў дзед зевака.

Друг! помні сказ ты знамяніты

Старадаўнейшага пісьма:

На свеце тайн такіх няма,

Што асталіся б не раскрыты.

 

 

18

 

Ў той год было сухое лета.

Дажджы спыніліся з вясны.

Штодзень у сінеч даль адзета,

3 адной дзьме вецер стараны,

Ды вецер зыркі, сухавейны,

210 Мой недруг, вораг закляты.

Штодня глядзеў я, безнадзейны,

На ўсход і захад залаты.

Сачыў за небам пільна, дбала,

За кожнай хмаркаю на ім,

Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, —

Дажджу нішто не абяцала.

 

 

19

 

Груды на лузе парыжэлі.

Без часу ліст на дрэвах жоўк.

3 дня ў дзень блакітныя пустэлі

220 Адзін і той жа слалі шоўк.

Нясу я ў свет свой клопат, мары,

Гляджу, што робіцца вакол.

Разносіць вецёр запах гары,

Што лес збірае ў свой прыпол.

I лес, здаецца мне, сумуе,

Сумуюць поле і лугі.

Стуліла неба берагі

I нашых скарг нібы не чуе.

 

 

20

 

Іду назад расчараваны

230 I запыняюся ў барку.

Хіба, каб сцішыць суму раны,

Пакалыхацца ў гамаку?

Ён тут развешан між дзвюх сосен,

А побач просты дачны стол.

Глядзіць праз голькі неба просінь,

I ўсё калышацца вакол

Са мною разам: неба, хмаркі,

Зямля і лес, што за ракой.

Мяне атульвае спакой,

240 I нібы сон мне сніцца яркі.

 

 

21

 

Я чую гул. У высях недзе

Ракоча, кружыць самалёт.

Ды так высока, што не згледзіш,

Дзе з ім разгульвае пілот.

I толькі ў небе ў сіняй багне

Я бачу дзіўны ланцужок,

I ён то серп, то дужку цягне,

То піша спрытны завіток.

Расце, паўнее след матора

250 I расплываецца шырэй,

Нібы павіс даўжэзны змей

У высях сіняга прастора.

 

 

22

 

Я тут і ў той жа час далёка.

У свет за многа-многа міль

Сягаю я бязмежным крокам

На крыллях дум агледзець быль.

Ужо даўно пад Халхін-Голам

Вядуцца жорсткія баі.

Прыйшлі руку падаць манголам

260 Браты і родзічы мае.

Ідуць адтуль марудна весці,

I Глаўны Штаб на словы скуп.

Ды наш народ — асілак дуб

I сцяг высока ўмее несці.

 

 

23

 

Туды, на захад, за кардоны,

Лячу я ў думках неўзнакі.

Успомню родныя загоны,

Дзе чыняць здзек паны, панкі.

Адтуль гарачы вецер вее,

270 I муць шырэй, шырэй паўзе.

А дзень наступны і падзеі

У неакрэсленай смузе.

Адно мне ясна: завірухі

Не абмінуць, не адхіліць,

Бо сэрца томіцца, баліць,

I люд на ўсход схіляе вуха.

 

 

24

 

Вось так гадаю ў чуткай цішы

Глухога мірнага кутка.

Як бы мне хтосьці ў сэрцы піша

280 Працяг пачатага радка

Ці доўгі сказ аб людзях, быце,

Аб цьмянай прышласці гадоў,

А я трымаюся за ніці,

Каб не згубіць сваіх слядоў.

I знаю я: збяруцца хмары

I пераможна грымне гром.

Шырэй збудуецца наш дом,

I дождж буйны залье пажары.

 

 

25

 

Калі ж надыдзе навальніца,

290 Сустрэць яе ты будзь гатоў —

Жывыя сочацца крыніцы

3-пад шчыльна злёгшыхся пластоў.

А там, за ціхаю дарогай,

Шуміць бярэзнік малады,

А скрозь — дарожак многа-многа,

I я кіруюся туды.

Прывет я шлю прыродзе, людзям

I громам шумных навальніц,

Усмешкам радасным дзянніц...

300 Няхай жа ясным шлях наш будзе.

 

19-26/ІV 1941 г.

 

 

Раздзел XVII

 

 

1

 

Работу кончыў серп у полі,

I лета хіліцца на спад,

I плод у сонцавым падоле

За агарожай спеліць сад.

Плывуць дні, ночы ў хвалях часу,

I восень сунецца пад тын,

А пра Данілу ні галасу,

Ніякіх чутак, ні навін.

Шырокі свет, прастору многа,

10 I многа ў ім шляхоў, дарог,

А дзе Данілаў шлях пралёг,

Яна не ведае нічога.

 

 

 

 

2

Давалі людзі ёй дарады,

Куды схадзіць, каго спытаць.

Хадзіла, мерыла прысады,

Каб літасць, праўду напаткаць.

Была і ў гміне і ў павеце,

У розных следчых і паноў

I абхадзіла на ўзві-вецер

20 Нямала панскіх устаноў.

Стаяў між ёю і Данілам

Тупы закон, як плот глухі,

I загароджваў ім шляхі

I засыпаў іх едкім пылам.

 

 

3

 

Але паўзлі патайна чуткі

3 сырых падвалаў і муроў,

I страх агортваў яе жудкі,

I застывала ў сэрцы кроў.

Каму ж паведаць свае болі?

30 3 кім ёй пачуцці падзяліць?

Сваіх згрызот для ўсіх даволі,

Свой клопат кожнаму баліць.

I не адкажуць сонца, зоры,

І не паведамяць вятры,

ПІто тояць панскія муры,

I не спацешаць яе ў горы.

 

 

4

 

Уцеха ёсць адна ў Марыны —

Яе маленькі пестунок.

Ён красіць горкія хвіліны,

40 Шчабеча мамцы, як званок.

Ён ходзіць сам, без дапамогі,

Ды гэтак важна, як стары,

I абмінае ўсе парогі, —

Хоць прыклад ты з яго бяры –

Такі ж уважлівы і кемны

I незалежны: хоча сам

Дазнацца, што ёсць тут і там.

I час не зводзіць надарэмна.

 

 

 

5

 

I ўсё ён хоча ўзяць на розум,

50 Узважыць рэч на свой узор.

Ён за чужым не цягне возам,

А хоча свой пракласці тор.

Ён ходзіць, поўзае па хаце,

Як гаспадар, як следапыт.

Сякеру згледзіць на варштаце

I раптам іншы прыме від.

Зірне на мамку і гаворыць:

— Там... тата... тата! — А яна

Уся ўсхвалюецца да дна

60 I на сынка журботна зорыць.

 

 

6

 

— Ох, сыночак, мая зорка!

Як цябе падгадаваць,

Як ад ліха захаваць,

Ад галечы, ад паморка?

Дзе наш тата, не згадаем,

I слядочкі не відны.

Мы адны, сынок, адны,

Дарма ў вокны паглядаем.

Ох, паны забралі татку,

70 Запраторылі ў астрог,

I няма яму дарог

Да сынка ў чужую хатку.

 

 

7

 

Мала ў свеце нам разгону,

Ходу нам нідзе няма,

Цяжка вырвацца з ярма.

Хто нас вызваліць з палону?

Ды не век жа будзе гэтак —

Згіне панская імгла,

Што на плечы нам лягла

80 I закрыла наш палетак.

Свеціць сонейка ўсім людзям.

Дык гуляй, расці, сынок:

Завітае наш дзянёк

У вясёлым шуме-гудзе.

 

 

8

 

Татка вернецца на волю,

Лепшы знойдзем сабе кут

I пазбудзем панскі чмут

I прыдбаем шчасце, долю.

Вось тады мы загуляем.

90 Свет расчыніцца шырэй,

Ападзе той сум з вачэй,

Што, як ноч, вісіць над краем.

Ты пакінеш сваю стрэху —

Шмат расчыніцца пуцін.

Дык гуляй, расці, мой сын,

Мне на радасць і на ўцеху.

 

 

9

 

Вось так гамонка ў іх вялася

У зручны выпадак не раз,

Каб хоць у марах долю скрасіць

100 I промень веры каб не гас.

Вось так з сынком яна гадала,

А ліха марыла сваё,

Хадзіла збоку, сеці ткала —

Употай ходзіць гадаўё.

Была ўжо ноч. Не спіць Марына,

Хоць спаць пара была даўно.

I чуе — стук хтось у акно.

Глядзіць — у шыбе твар мужчыны.

 

 

10

 

Яна ад страху ўся умлела.

110 «Мо ён?» — падумала яна.

Бярэ газоўку і нясмела

Падходзіць бліжай да акна.

У цьмяным бляску ад газоўкі

Аблічча страшнае ўсплыло:

Стаіць пан Богут ціхамоўкам,

Упёршы тоўсты нос у шкло.

Яна ў здзіўленні адступіла

I ўся памкнулася назад,

А ён стаіць сабе, як сват,

120 I хцівасць крывіць яму рыла.

 

 

11

 

А потым пальцам ён ківае

I робіць нейкі яшчэ знак.

Яна стаіць, як нежывая,

А ён глядзіць, як ваўкалак.

— Што пану трэба тут уночы?

Ён вус падняў. — Пабачыць вас.

Пабыць хвілінку з паняй хочу, —

Мо справа б зладзілася ў нас.

Хай пані мне акно адчыніць —

130 Не будзе крыўды, Божа бронь...

Я штось скажу... тушы агонь...

Чаго марнець адной жанчыне?

 

 

12

 

Марына ўспыхнула як порах:

Ці ж то не здзек? Ці ж то не глум?

Жыццё згубіў ім, люты вораг,

I што сабе ўзяў на адум.

Ах ты, паскуднік, кот марцовы!

Пастой жа ты, нячысты дух.

Падшыбла злосць. Застылі словы.

140 Мігнуў агоньчык і патух.

Яна разводзіць моўчкі створкі

Ды з шумам бух вядро вады.

Сама ж крычыць: «Сюды! сюды!

Зладзюга ходзіць па надворку!»

 

 

13

 

I ў сцену стукае суседу,

А ён тут сам шусь на парог.

I расказала яна дзеду,

3 чаго такі перапалох.

А Богут, нібы з'еўшы мыла,

150 Хутчэй хаваецца ў бур'ян,

I ўся гарачка ў ім астыла:

Ох, не кабета, а шайтан!

I так абразіла, псяюха.

I сведка быў, Куцейка дзед.

Зняслаўлен ён на ўвесь павет,

А дома будзе завіруха.

 

 

14

 

Ён чэша борзда па задворках,

Каб не злавілі Петрушы.

Як апамін аб тых вячорках,

160 Імчыць ваду ў капелюшы.

А па дварах сабакі выюць,

Пераклікаецца народ.

Угнуў пан Богут спіну, шыю,

Бяжыць у хмыз праз агарод.

Спыніўся толькі каля рэчкі.

Адтуль пасунуўся цішком

На свой палетак пад дубком,

Нібы праведаць копы грэчкі.

 

 

15

 

Прысеў і мокры лоб свой выцер,

170 Абліты зняўшы капялюш.

«Не спрыцен, васпан, ты, не хіцер:

Чаго не ўмееш браць — не руш!»

Сядзіць пан Богут пад капою

I дакарае сам сябе,

Няўдача прыкрасцю тупою

Яго з'ядае і дзяўбе.

А потым кажа: «Ну, то годзе!

Сарваўся — што ж, такой бяды,

А вось схавай вянцы, сляды...

180 Эх, мудры поляк, ды па шкодзе».

 

 

16

 

На шчасце, жонкі няма дома,

А покі вернецца з гасцей,

Дык трэба сцішыць голас грому,

Адказ прыдумаўшы мудрэй.

I ўсё ж здарэнне не да смаку:

Унізіць шляхціца, ды як!

Абліць вадою, як сабаку,

А ён стаяў там, як жабрак.

Сказаць, каб пані ці шляхцянка,

190 А то мужычка, хлопка, тля,

I даць такога штурхаля,

I так зняважыць! О, паганка!

 

 

17

 

Марыну Богут вінаваціць,

Свае ж віны не прызнае,

А за абразу ён адплаціць —

Пачэпіць торбу на яе.

Ды як пан Богут ні злуецца

I на які ні йдзе замах,

Яна ж спакусліва мільгнецца

200 Ды ўсё ў яго стаіць вачах.

I думкі ўжо другой пуцінай

Плывуць, рысуюць іншы план.

Той не мужчына, мысліць пан,

Калі не біты быў жанчынай.

 

 

18

 

I можа лепш пайсці на згоду,

У жарт выпадак абярнуць,

Каб лішнім плёткам не даць ходу

I прыкрасць тую абмінуць.

Пусціць у ход паціху злоты,

210 I ёй і дзеду даць на хлеб,

Заткнуць ім рот, каб пра залёты

Нідзе нікому ані шэп.

I зноў сябе ён дакарае:

«Эх, мой васпане, схібіў ты,

Нажыў, Мікодым, ліхаты,

Папаў у пекла замест раю!»

 

 

19

 

Назаўтра ўстаў пан Богут рана,

Агледзеў двор, набытак свой,

Ідзе разважна ўздоўж паркана

220 Звычайнай сталаю хадой.

За браму выйшаў, прыпыніўся

I кінуў зрок на Петрушы.

Настрой яго не ўгаманіўся,

Як рух у свята на шашы.

Канчаць нейк трэба з прыкрай справай,

Ды перш чым рушыцца ў паход,

Зірнуў на браму і на плот.

На шуле — бачыць ён — аб'ява.

 

 

20

 

Што за абвестка? Пра што кажа?

230 Падаткі новыя? Вайна?

Глядзіць — а там каракуль пража

Рука насмешніка-блазна.

I буквы тыя, нібы гусі

Ідуць праз выган на папас.

Сумыслу, бач, наставіць мусіў

Такіх завіслых выкрутас.

Аб чым жа васпан гэты піша,

Цікава ведаць. Стаў чытаць,

I буквы сталі падлятаць.

240 Чытае пан ды цяжка чмыша.

 

 

21

 

I пацямнела ў яго зрэнках,

I заскакалі брама, сад.

Пачуў ён дрыжыкі ў каленках:

Ці то ён сніць? Ці ён вар'ят?

Працёршы вочы, зноў чытае.

О, гіцаль! Хто ж гэта такі?

Паветра пану не хапае,

Па твару ходзяць жаўлакі.

Аб'ява, васпан, дык аб'ява.

250 А што напісана на ёй?

I план свой кінь цяпер у гной:

Пайшла і пойдзе гэта слава:

 

 

22

 

«Ломіць Богут аканіцы,

Лезе ўночы к маладзіцы.

Ды хваснуў яго дубец,

Скапыціўся жарабец.

Не будзь, пане, памаўзлівы.

Пільнуй, пане, грушы, слівы,

Другім ямы не капай,

260 Чужой жонкі не чапай.

Ліне ў пысу зноў вадою,

Чаго цацкацца з брыдою,

Растаўчэ табе і нос,

Зноў ты пойдзеш, як барбос».

 

 

23

 

I глянуў Богут на пасёлак

Змяіным зрокам звысака.

Закручан вузел у шмат столак,

Не сойдзе Богут з языка.

О, недаверак, шэльма, гіцаль!

270 Так напісаць, такі пашквіль.

Хоць ты хавайся за граніцу

Або ўцякай за многа міль.

Хутчэй, хутчэй зняць поскудзь з шула,

Каб хто не ўбачыў гэту дрэнь.

Знімае ўміг, кладзе ў кішэнь —

Ці не аб'явіцца хамула?

 

 

24

 

Нажыў ты, Богут, сабе плягу.

Уграз, Мікодым, ты, уграз!

А што сказаць у процівагу?

280 3 яго ж патрэбуюць адказ.

I ўспомніў ён сваю Мальвіну.

Як растлумачыць ёй канфуз?

Глынуў пан Богут горка сліну,

Наніз паныла звесіў вус.

I раптам стрэліла. Заслона

3 глуздоў апала і з вачэй.

«Не, не прапаў ты, дабрадзей:

Збавенне ёсць, і ты збавёны!»

 

 

25

 

Успомніў сказ адзін з аб'явы:

290 «Другім, пан, ямы не капай»,

Вось дзе яна, загвоздка справы,—

На троп наставіў шалапай.

Так, так, васпане,— гэта слушна:

Для Польшчы я на ўсё гатоў,

А грамадзян такіх двурушных

Я не лічу і за братоў,

Капаю ямы. Богут сочыць,

Зірне часамі і ў акно...

Вось дзе збавенне, вось яно!

300 Пашквіль жа славы не падмочыць.

22/V-3/VI 1941 г.

 

 

Раздзел XVIII

 

 

1

 

3 чаго пачаць працяг паэмы?

У прошласць сплыў час немалы...

Ох, чарпанулі гора ўсе мы,

Зазналі розныя сталы!

Шумеў, шугаў над нашым краем

Агністы віхар, чорны вір.

Яшчэ сягоння мы не знаем,

Каго і дзе хавае жвір.

I часта, часта ў падарожжы

10 Магіла зрок запыніць твой,

I ты панікнеш галавой —

Каго вартуе агарожа?

 

 

2

 

Няма ні напісу, ні крыжа,

Адзін гарбок сухой зямлі,

Дзе вецер песні свае ніжа

На травяныя сцебялі.

Мой мілы дружа, скуль і хто ты?

Як ты знайшоў тут дом глухі,

Дзе больш няма надзей, турботы,

20 Дзе толькі родзяць лапухі?

Мне боль пякучы сэрца гложа,

I сына ўспомню я свайго.

А дзе магіланька яго,

Мне адказаць ніхто не можа.

 

 

3

 

Я мімаволі ўспамінаю

І ў той куток імкнуся зноў,

Дзе жыў я ціха, як у раю,

3 сваёй сям'ёю між дубоў.

Былі вы жывы і шчаслівы —

30 Ты, друг мой жонка, і ты, сын.

Нам песні пелі пожні, нівы,

Кусты надсвіслацкіх далін.

I вас цяпер няма са мною!

О, хоць бы вам пачуць мой сум,

 

Зірнуць у вір гаротных дум

3 яго бяздоннай глыбінёю.

 

 

4

 

У тым кутку утульным, гожым

Слядоў пакінулі мы шмат,

I я ў астатнім падарожжы

40 Гляджу са скрухаю назад.

О, як хацеў бы я, самотны,

Зноў перажыць той добры час!

Ды палінялі ўсе палотны,

Што сонца ткала там для нас.

I ўсе сляды паастывалі,

Даўно засыпаны пяском,

Пазарасталі вераском,

Іх пазмывалі часаў хвалі.

 

 

5

 

Мой мілы сын, мая Маруся!

50 Нас разлучыў няўмольны лёс.

За вас зямлі я памалюся

I акраплю расою слёз.

Я падыбаю ў людзі далей

Адзін дарогай, што люблю,

Дарогай, вызначанай змаля,

I ў пуць сыноў благаслаўлю.

Цяпер жа ў «Хату рыбакову»,

Што я пачаў у тым кутку

Ў саракавым яшчэ гадку,

60 Ступаю з сумнаю прадмовай.

 

 

6

 

Дзень добры вам, Марынка з сынам!

I вам дзень добры, Петрушы!

I ўсім, хто быў за панскім тынам,

Жычэнне ўсім вам ад душы.

I вы прайшлі дарог не мала

За гэты час, за пяць гадоў,

I вас, быць можа, бура гнала

У лес ад вёсак, гарадоў.

Але пачну я сказ праўдзівы

70 Ад тых пазіцый, ад тых пор,

Калі быў скончан разгавор,

Для вас нячутны і жычлівы.

 

 

7

 

Назаўтра, толькі ноч мінула

I сонца добра не ўзышло,

Пра пана Богута пачула

3 канца ў канец усё сяло.

I смех там быў, былі і жарты,

I кпіны едкія, і злосць.

I не таго пан Богут варты,

80 Марцовы кот ён, воўча косць!

Марына стала гераіняй,

I многа ёй было пахвал —

Так астудзіла яго пал.

Цяпер, нябось, залёты кіне.

 

 

8

 

Але настрой і рух вясёлы

Памалу ўлегліся, сплылі.

Другія думкі хмураць чолы,

Як цені ходзяць па зямлі.

Самой Марыне страшнавата,

90 I ёй вясёласці няма.

Баіцца — будзе ёй адплата —

Чакаць дабра з таго дарма.

Пан Богут помслівы. Знявагі

Не падаруе ёй, ой, не.

Бяда яе не абміне,

Ёй не пазбыцца панскай плягі.

 

 

9

 

Стаіць і дзед Куцейка збоку,

Не раскрывае сваіх карт —

Іначай свецяць яго воку

100 I той учынак, і той жарт.

I дзед мяркуе па-сваему

Ды тоіць думкі ў галаве.

Ох, Богут, выклятае племя,

Навошта гад такі жыве!

Ці ж ён Марынцы падаруе,

Ліхі аматар на падвох?

Няхай бы ён малы лепш здох!

I мысль адна яго свідруе.

 

 

10

 

Не будзе ёй жыцця, спакою

110 Ні ўдзень, ні ўвечар, ні ўначы,

Дык лепей сцежкай патайною

Сысці адгэтуль, уцячы.

Але б не скрыўдзіць маладзіцы,

Каб не падумала яна,

Што гоняць прэч яе з святліцы,

Каб выпіць гора ўсё спаўна.

Мяркуе дзед і так і гэтак,

Ды ўсё прыходзіць к аднаму:

Каб збыць ёй панскую чуму,

120 Сысці ёй трэба, і без сведак.

 

 

11

 

Ды як аб тым сказаць Марыне?

Сказаць не цяжка, ды куды

Падацца ёй ў ліхой часіне?

Як замясці свае сляды?

Гадае дзед пра тую змену,

Ох, Богут, Богут, абармот.

Ды дзякуй Лемеху Аўгену —

Ён дзеда вызваліў з турбот.

Аўген таксама згодзен з дзедам —

130 Чаго Марыне тут ліпець?

Раз «польскасць» лезе ў яе клець,

Канца не будзе яе бедам.

 

 

12

 

У патайным кутку нараду

Яны вядуць учацвярых.

Марынка згодна, нават рада

I за сябе і за старых.

Хіба ж ёй лёгка жыць і ведаць,

Што столькі клопату яны

Прынеслі бабцы Еве, дзеду,

140 Што і на іх злуюць паны.

А дзеду, бабцы яна ўдзячна,

Што так ласкавымі былі

I ім прытулак тут далі,

Хоць і самім жыць не так смачна.

 

 

13

 

Марынка ладзіцца ў дарогу,

Як птушка восенню ў адлёт.

Дабра ў яе не дужа многа,

Ды ўсё ж не мала і турбот.

Ёй бабка Ева памагае,

150 А дзед дарады падае,

Што браць з сабою, рэч якая

Патрэбна болей для яе.

Данілаў струмант прыхавалі —

Дасць Бог, ён вернецца назад,

Бо розных змен на свеце шмат —

Не раз жа катаў чэрці бралі.

 

 

14

 

Куды ж збіраецца Марына?

Дзе, як далёкі яе схоў?

Ды хіба ж родная краіна

160 Не мае зацішкаў, куткоў?

Ёсць тут пасёлак недалёка,

Двароў на дваццаць, Буякі.

Туды не любяць кідаць вока

I не заходзяць палякі.

Ці так, ці сяк, а горш не будзе,

Там зацішней і спакайней.

Пабудзе трохі, там відней,

Адну ж не кінуць яе людзі.

 

 

15

 

Пад вечар скончыліся зборы.

170 Аўген пад'ехаў цемачком,

I скрыню вынеслі з каморы,

На воз паставілі маўчком,

Схавалі хітра яе ў сена

Ад вока панскае брыды —

Ляжыць нібыта шлях Аўгена

На торг у Ціхія Брады.

Тым часам бабка Ева з хаты

Выносіць скорам і хлябок:

— Ну, мой унучак-пестунок,

180 Жыві здаровенькі, багаты!

 

 

16

 

Бярэ Валерыка на рукі

I шчыльна туліць да грудзей.

— Бывай, не ведай гора, мукі,

Мой шчабятунчык-салавей!

I бабка хлопчыка, як сына,

Латвей усаджвае на воз.

— Бывай, мая ты сіраціна,—

Стрымаць не можа бабка слёз.

I ціха рыпнулі вароты,

190 Свет расчынілі ў цемнату.

Адчула бабка маркату —

Шкада Марынкі і блазноты.

 

 

17

 

Ноч землю туліць цяжкім мрокам.

Далёка ззаду Петрушы.

Глушэй і цішай з кожным крокам

У цёмным лесным шалашы.

Маўчыць Аўген, маўчыць Марына,

А конік клыгае ступой.

Дзяцінства горкая хвіліна

200 Прыпамінаецца тут ёй.

Даўно, даўно калісьці з братам

Вось так жа ехалі яны,

Тады яшчэ зусім блазны,

У свет насустрач хмурым хатам.

 

 

18

 

Ігнатка ў памяці ўсплывае

I тая ноч, той рад бяроз.

I вобраз брата ажывае.

Дзе ён? Які яго быў лёс?

Ці ён жывы, ці ўжо на свеце

210 Яго, гаротнага, няма?

Куды закінуў яго вецер?

Дзе прытуліла ночка-цьма?

Усё сплыло. I аб Даніле

Нідзе нічога не чуваць.

Хто можа ёй паспачуваць?

Маўкліва, глуха, бы ў магіле.

 

 

19

 

А хлопчык спіць на ўлонні маткі —

Няма ў яго турботных дум.

На міг расчыніць вачаняткі

220 Пад траску мерную і шум

Ды зноў у сон плыве салодкі,

Згарнуўшы пальцы ў кулачкі.

Наўзбоч сярод травінкі-шчоткі

Сям-там засвецяць светлячкі.

Марыне сумна-сумна, горка,

I плача ціхенька яна,

Трымае сына-пестуна.

Зусім заціхла іх гаворка.

 

 

20

 

Аўген не бачыць, сэрцам чуе,

230 Што у Марынкі на душы,

I з ёю моўчкі сам гаруе

У гэтай томячай глушы.

Ніяк не клеіцца размова,

Хоць думак шмат у галаве,

I трудна тое знайсці слова,

Што сотні слоў другіх заве.

Нарэшце цмокнуў на Каштанку,

Дарога сцелецца гладзей,

А лес, як нейкі чарадзей,

240 Уміг разгортвае палянку.

 

 

21

 

— А ты б, Марынка, падрамала:

Заснеш, і будзе весялей.

Што плакаць? з плачу толку мала —

Ад слёз не ўнікне сухавей,—

Сказаў Аўген са спачуваннем.

Ён хоча гутарку пачаць,

Бо ў гэтым сцішаным маўчанні

Туга бязмерная чуваць.

— Ох, дзядзечка, хто не заплача,

250 Калі вакол бяда, нуда,

I брат загінуў без сляда,

I дзе Даніла, мой бядача?

 

 

22

 

— Ну, як сказаць? гадаем гэтак,

Ды часта ў мыслях кульганём.

Там, у Саветах, сірат-дзетак

Знайшло не мала сабе дом.

Ім там прасторная дарога,

Ім там і ласка і дагляд.

Дык не гаруй, мая нябога, —

260 Яшчэ аб'явіцца твой брат.

Вось разгародзіцца граніца,

Бо панскі лад, вер, не даўгі,

Паводка змые берагі,

Як хлыне свежая крыніца.

 

 

23

 

Такая байка ў людзях ходзіць:

Стварыў Бог свет і ўсё, што ў ім.

Сам клопат мае аб народзе

I апякуецца над ім.

Зрабіў у небе ён аконца,

270 А ў ім дзве шыбінкі. Праз іх

Глядзіць вачамі зор і сонца,

На месца ставіць сваё ўсіх.

Раз Бог па слабасці старэчай

Заснуў, задаўшы храпака,

I вось тут чортава рука

Пайшла чыніць благія рэчы.

 

 

24

 

Прачнуўся Бог, зірнуў у шклечка,

Аж бачыць — згорбіўся народ.

У сіх, у тых няма гняздзечка,

280 А сям-там голад, недарод.

— Ілья! — гукае Бог прарока.

Прыйшоў Ілья. Бог да Ільі:

— Ці то маё ўжо хібіць вока?

Што там за ліха на зямлі?

Зірнуў Ілья і кажа: — Божа!

Няма ў акне другога шкла —

Замазаў чорт яго для зла,

Каб ты не бачыў спраў варожых.

 

 

25

 

Бог — трах па шыбіне! Як гляне —

290 Аж там маёнткі і двары,

I толькі чуе — проша пане!

Яны там богі і цары.

I кажа Бог Ільі-прароку:

— Ляці маланкаю туды,

Кажы народу — бі па боку!

Не трэба чортавай брыды!

Ну і пайшло тут мітусенне.

Бог за народ, чорт за паноў...

Марынка, вер, і мы далоў

300 Пагонім чортава насенне.

 

3-16/VII 1946 г.

 

 

Раздзел XIX

 

 

1

 

Зірнем цяпер хоць мімаходам

На ціхі кут у Буяках,

На той, што туліцца за бродам

У пышных, гнуткіх лазняках.

Як у вянок, жывы, зялёны,

Сюды заціснуўся грудок,

Дзе пчолкі звоняць, як у звоны,

У вуллі носячы мядок.

Груд упіраецца ў рачулку,

10 Што пад альховаю страхой

Пралегла гожаю дугой,

Прабегшы нібы па завулку.

 

 

2

 

Сюды пратоптана дарожка

Ад агарода са двара,

А ў тым двары жыве Аношка,

Што мае славу пчаляра.

Аношкаў двор не той, што ў пана, —

Так з дзесяць крокаў шырыні,

Але ў ім чысценька, прыбрана,

20 На месцы ўсё, дзе ні зірні.

I лік будынін не маленькі:

Хаціна, пуня, хлевушок,

Няхай ён цесны катушок,

I ёсць свіронак, варывенька.

 

 

3

 

Аношка — прыяцель Аўгена.

Яны сябруюць з даўніх пор.

I ён і цётка Магдалена

Пайшлі панам наперакор —

Марыну з сынам прытулілі

30 I кут у хаце адвялі:

Не пакарыцца ж ліхай сіле —

Ці ж месца мала на зямлі?

Няхай сабе жыве ўсё лета,

А трэба будзе — і зіму:

Якая справа і каму

Звяртаць увагу на ўсё гэта?

 

 

4

 

Аношка з жонкаю няплодны —

Не павялося на дзяцей.

Ні сваякоў, ні блізкіх родных,

40 Дык ім з Марынай весялей.

I пчальнічок жа ёсць на грудзе –

Дагледзіць пчолак заадно,

А там Бог бацька, бачна будзе,

Як што абернецца яно.

Так і прыстроілі Марыну

На новым месцы ў Буяках.

Улёгся трохі яе страх,

Сказаць у добрую часіну.

 

 

5

 

Прайшло дзён два ці трохі болей,

50 Яна ўжо тут нібы свая,

I людзі ўведалі спаволля,

Адкуль і хто яна, чыя.

Жанкі ёй шчыра спагадалі

I пракліналі той астрог,

Што ім паны пабудавалі,

Каб меней сталася дарог.

Паны і панскія астрогі...

Аб чым жа думаць і гадаць?

Канца няволі не відаць,

60 I жыць так далей няма змогі.

 

 

6

 

I цяжка б жыць, каб не жывілі

Яе спадзевак і надзей —

Наперакор той панскай сіле,

Што так насела на людзей,

Марына груд упадабала

I варту пчол у пчальніку.

Калі выходзіў рой, бывала,

То быць ёй трэба начаку.

Аношка ўвёў яе ў навуку,

70 Як трэба пчолак даглядаць,

Якую дзе параду даць,

Каб рой абраць без шуму-гуку.

 

 

7

 

Яна з сынком заўсёды разам,

Тут ім вядомы ўсе куткі,

А лепшы кут пад тоўстым вязам,

Дзе рэчка робіць завіткі.

Адгэтуль ім як на далоні

Відаць грудок і вуллі ўсе,

Дубы за рэчкаю і тоні

80 У нерухомай іх красе.

А рэчачка бяжыць, шапоча,

Калыша травы, чараты

I мые бераг свой круты,

Каб шлях зрабіць сабе карочай.

 

 

8

 

Малыш не ўседзіць і хвіліны,

Яму ўсё гэта навіна:

I як калышуцца галіны,

Як рыбка выплыве са дна.

Глядзіць на лёгкую былінку,

90 Што ён укіне, як плыве.

Чаруе рэчачка хлапчынку

I родзіць мыслі ў галаве.

I ўсё ж уведаць яму трэба

I распытацца аб усім:

Адкуль яно ўсё і зачым?

Чаму ў рачулку сышло неба?

 

 

9

 

Тлумачыць маці як умее,

Хоць не ўсё ведае сама.

Расце сынок і разумнее,

100 А долі хлопчыку няма.

Яна ўздыхне ды засумуе,

I слёзы бліснуць з-пад павек.

Ёй горка-горка.— Ох, чаму я

Такі няшчасны чалавек?

I думкі самі мімаволі

Нясуць яе ў далёкі свет —

Як напаткаць Данілаў след?

Няма ім, бедным, шчасця, долі.

 

 

10

 

Сядзіць раз так Марына з сынам.

110 Ён рэчкай цешыцца, яна

Работу робіць сваім чынам,

Штукуе штось для пестуна.

I раптам хлопчык палахліва

Да мамкі туліцца, дрыжыць

I шэпча: — Мама! там... дзед сівы!

А сам за рэчачку глядзіць.

За рэчкай лозы і каліна,

Па плечы імяла-трава.

3 травы чуць відна галава

120 I чыйся твар з вясёлай мінай.

 

 

11

 

— Гляджу я, мілыя мае вы,

Ды і не веру сабе сам:

Ці вы, ці не? Вось неспадеевы!

Дзе давялося стрэцца нам!

Марына перш утарапела.

Глядзіць — знаёма постаць, від,

I той жа зорыць зрок нясмела,

Сам тымі ж латамі прыкрыт.

— Дык гэта вы! — Я, я, галубка!

130 У хаце вы маёй жылі.

Ды ў ёй паны жыць не далі...

У попел-дым пайшла халупка...

 

 

12

 

Ну, добра ж, сонейка-дачушка.

Вось зараз я іду да вас!

I мой рыбак, Сымон Латушка,

3 вачэй знікае ў той жа час.

Ідзе кустамі ўскрай рачулкі —

Тут кладка ёсць праз гоны тры.

Ён знае ўсе тут закавулкі

140 I ўсе дарожкі ў гушчары.

Мінуўшы мосцік і прысады,

Рыбак выходзіць на грудок.

Пры ім паходны кацялок

I ўсе рыбацкія прылады.

 

 

13

 

Прыйшоў, спыніўся, прывітаўся,

Акінуў зрокам ветлым іх.

— Дык ось дзе з вамі я спаткаўся,

Дзе вас пабачыў, ды... не ўсіх. —

Ён уздыхнуў.— Чуў, чуў, нябога, —

150 Тайком там быў разоў так пяць...

Паны загналі да астрога,

Ды ім не век тут панаваць.

Хваліўся збан, што носіць воду,

Але забыўся на слупкі,

Што б'юць збанок на чарапкі, —

I панскага не будзе зброду.

 

 

14

 

Марына слухае ў сумоце,

А ў думках ёй карціць адно:

Нідзе ж у панскім тым балоце

160 Прагалін ясных не відно.

Яе сынок глядзіць бачліва

На твар, на постаць рыбака.

Малому ўсё ў ім чуць не дзіва —

Ад вудзільнаў да кацялка.

I хоча ён пакратаць ручкай,

Каб лепш дазнацца рэчаў тых.

Рыбак жа любіць сам малых,

Пацешыць рад цікавай штучкай.

 

 

15

 

I ён звярнуўся да малога:

170 — Ну што, качанчык мілы мой?

У дзядзькі, бачыш, цацак многа,

Дык можа пойдзеш ты са мной?

Глядзіць хлапчына на Сымона —

Відаць, гаворыць надарма,—

Не знята поўнасцю заслона,

Дык той і яснасці няма.

Рыбак, счакаўшы: — Падарую

Табе і цацачку адну.

Рукой правёўшы па радну,

180 Вымае дудку ён старую.

 

 

16

 

Рыбак наўперад для паказу

Сам заіграў на дудцы той

I падкупіў малога зразу

Сваёю шчодрай дабратой.

Малы ўзяў дудку. Перш агледзеў,

А потым сам, як і Сымон,

Паднёс да губ, і, нібы ў медзі,

Пачуўся мяккі яе тон.

Хлапчынка рады. Вось дык дзіва!

190 Як маме ў вочы не зірнуць?

I хлопчык стаў у дудку дзьмуць,

Гамоніць дудка галасліва.

 

 

17

 

Пад тую забаўку дзіцяці

Рыбак пачаў здалёку сказ

Пра пана Богута, аб хаце,

Куды вайшлі не ў добры час.

Цяпер няма яе, той хаты:

Яна згарэла. Яе ж цень

На іх жа паў, як мрок закляты,

200 I ўсё праз Богута, праз дрэнь.

— Скажыце, імасць, ці не чулі,

3 чаго той вынікнуў пажар?

— Спаліў яе ён сам, вядзьмар,

Каб ён не меў на смерць кашулі.

 

 

18

 

Хадзіў, падкопваўся, гадзюка,

Каб падкусіць, каб утапіць,

Бо што яму чужая мука?

Абы сабе кус падхапіць.

— Скажыце, імасць, вінаваціць

210 Ён, рыжы гад, і за падпал?

— На ўсё сумлення ў яго хваціць,

Выжыга, злодзей, цемрашал.

Зірнуў рыбак на маладзіцу

I кажа: — Рыбка ты мая, —

Спаліў жа хату гэта я!

Гатоў прад вамі павініцца.

 

 

19

 

Марына ўскінула вачамі

На твар злінялы рыбака.

А ён ёй: — Гэта паміж намі.

220 Займеў я сэрца на ваўка.

Бо як жа так? I вас ён выжыў,

Не пабаяўшыся граху:

Сам, рыжы гад і панскі выжал,

Лісткі засунуў пад страху.

Я бачыў сам на свае вочы,

Як ён пад пахай скрутак нёс

Вам на пакуту і для слёз

У час глухі, так апаўночы.

 

 

20

 

I толькі потым я уцяміў,

230 Тады ж на кем не браў ніяк,

Чаго каноплямі, аўсамі

Туляўся юда-ваўкалак.

Марына рукі сашчаміла,

Ёй вузел зла стаў шмат ясней.

— Дзе ж тая праўда, Божа мілы!

Як зносіць свет такіх людзей...

А можа б, дзядзечка, прашэнне

Падаць у іх вышэйшы суд

Ды расказаць пра гэты чмут.

240 Няўжо ж у іх няма сумлення!

 

 

21

 

— Эх, імасць, імасць-небарака!

Якое ў іх сумленне, суд?

Тут Доўнар пан, там пан Гавака,

Дык нашай праўдзе і капут.

Хто нашу праўду слухаць будзе?

А хеўра ўсюды ў іх адна.

Адзін ёсць шлях: пусціць паскудзе

Тайком уночы певуна.

Ды толькі, імасць, ані слоўка,

250 Нідзе нікому ні гу-гу.

Я знесці крыўду не магу —

Такую злосць займеў на воўка.

 

 

22

 

Глядзіць Марына на Сымона,

Як на вар'ята-дзівака,—

Ці ён не ведае законаў

I штучак пана-паляка?

— Ой, дзядзечка, ды крый вас Божа!

Што вы забралі ў галаву?

Ці ж гэта справе дапаможа?

260 I так пад страхам я жыву.

А што ж тады са мною будзе,

3 маім Данілам і з малым,

Калі сяліба пойдзе ў дым?

Вы ж рук не звяжаце прыблудзе.

 

 

23

 

Вы толькі, дзядзечка, ўявіце,

Які падымецца гвалт, крык,

А я даўно ўжо на прымеце,

I муж узят як бальшавік.

Тады мне што? збірай свой клунак

270 Вядомы шлях, вядомы лёс —

Ды з пастарунка ў пастарунак

Хадзі пад вартай на дапрос.

А колькі будзе непатрэбных

Апроч мяне яшчэ ахвяр.

А злыдню што такі пажар?

Не пажабруе ў торбах зрэбных.

 

 

24

 

I вось што, дзядзечка: вядома,

Як допыт чыняць там паны,

Як б'юць, катуюць, гнуць і ломяць,

280 Як вінавацяць без віны.

А вы сакрэт свой расказалі —

Ці захаваецца ж сакрэт

У той пакуце, у навале?

Ці не ўсплыве і ён на свет?

Ды адступіцеся, прашу я.

Якая тут карысць, каму?

Няхай адплаціць Бог яму —

Ці ж ён людскі боль не пачуе?

 

 

25

 

Пачухаў мой рыбак чупрыну

290 I цмокнуў. — Ох ты, абармот!

Клянуся: гэты план пакіну,

Бо не ўлічыў тых перашкод.

Не бойся ж, рыбка: даю слова,

Зямлі і небу прысягну,

Спакойна, імасць, будзь, здарова

Ліхой сядзібы не крану.

Дык так, уважу просьбу вашу,

А касавокай падле, псу

Другую штучку паднясу —

300 Хоць гада рыжага настрашу.

 

17/VII-2/VIII 1946 г.

 

 

Раздзел XX

 

 

1

 

Каб папярэдзіць пагалоскі

I даць кірунак ім другі,

Пан Богут піша «з ласкі боскай»

Крамзолі «польскасці слугі».

У мыслях пан не дужа гнуткі,

Як жорны, клыгаюць глузды,

Але ж такія ў пана скуткі,

Што мусіць вынуць з іх гвазды.

Ён апусціў пяро ў «атрамант»,

10 Палюбаваўся з момант ім

I, вокам лыпнуўшы касым,

Стаў выліваць «душы сакрамант».

 

 

2

 

«Ласкавы пане саквэстратар!

Не мысліў пана турбаваць.

Я да пісання не аматар

Ды польскасць мушу захаваць.

Няхай жа пан глядзіць цвяроза

На рэчы ўсе, як ёсць яны,

Бо ёсць для польскасці пагроза

20 У плётках хамскае маны.

Няма да Польшчы ў хлопаў «хэнці»,

У іх інтэрас свой на ўме,

А ўжо калі што хлоп займе,

Яго і пан Бог не «асвенціць».

 

 

3

 

Пан знае сам — і дасканала —

Данілу Смыка, лайдака,

Што стража польская забрала

Як бунтара-бальшавіка.

Тэн лайдак, пана прапрашаю,

30 Хоць абясшкоджаны, але

Пусціў атожылкі лішаю —

Сваю заразу на сяле.

Як поляк, я — ганору слова —

За ўсім тут мушу наглядаць.

I вось — ні ў дзесяць і ні ў пяць —

Пайшла гуляць пагудка-змова.

 

 

4

 

Паклёп — і брудны, проша пана, —

Узводзяць хлопы на мяне,

I пашквіль нейкага галгана

40 Наклеіў хтосьці на сцяне.

I то ўсё — вынік хлопскай злобы.

Якая мэта лайдака?

Дыскрэдытацыя асобы,

Каб знізіць гонар паляка.

Хто розум мае, не дасць веры

Тым пашквілям, што піша хлоп,

Каб толькі свой заблытаць троп,

Што йдзе ад Смыкавай халеры.

 

 

5

 

Тут засталася жонка Смыка,

50 I ніці ўсе вядуць у двор,

Дзе гэта д'ябальскае лыка

Знайшло прыпынак і прызор.

Сюды з аглядкай, патаёма

Прыходзіць розны шкодны зброд

I ставіць варту каля дома,

Каб не было ім перашкод.

I я аднойчы, проша пана,

Туды пасунуўся ўначы,

Каб шайку тую дасачыць,

60 Ды быў тым збродам апазнаны.

 

 

6

 

I як жа хлопы скарысталі

Мой доўг прад Польшчаю святы?

А так, што я — і пашквіль склалі —

Да хлопкі важыўся ў сваты!

Дык вось якія, пане, скуткі.

А як заткнуць паганы рот,

Каб тыя смродныя закуткі

Не сталі месцам плявузгот?

Няхай жа будзе пан ласкавы,

70 Мой двор і дом не абміне

I завітае да мяне —

Для справы добрай і забавы».

 

 

7

 

Закончыў ліст, паставіў кропку,

Спачатку стаў яго чытаць,

А прачытаўшы, выпіў стопку —

Пісьмо на славу.— О, пся маць! —

Сказаў пан Богут пагардліва, —

Плявузгай, гіцлю, і брашы!

А для сябе дадаў жычліва:

80 — Пісаць пан майстар, дадушы!

Яшчэ раз ён пісьмо чытае,

I панскі пых, сагнаўшы страх,

Расце, як цеста на дражджах,

I чуць да воблак не ўзлятае.

 

 

8

 

Калі парыў самахвалення

Улёгся ў Богуце, апаў,

Ён перайшоў ад летуцення

Да празаічных шэрых спраў.

Ен прыгадаў сваю Мальвіну,

90 Не так яе, як момант той,

Калі пашле ім Бог часіну

Стыкнуцца ў справе завітой.

Яго залёты — факт бясспрэчны —

Вушэй Мальвіны не мінуць.

Дык, можа, ёй ліст гэты ткнуць,

Каб гнеў уцішыць бурнацечны?

 

 

9

 

I па нядоўгім разважанні

Знімае копію з пісьма —

Да саквэстратара пасланне

100 Пісаў пан Богут недарма.

Пайшло пісьмо сваёй дарогай,

I час ідзе сваёй чаргой,

I Богут ходзіць з перамогай,

Як патрыёт і як герой.

Трывогі голас ціхне, глухне.

Спаўзае ўдалеч прыкры цень.

Ды вось яшчэ праз адзін дзень

Вядзе ўжо рэй Мальвіна ў кухні.

 

 

10

 

Але чаго яна марудзіць?

110 Чаму не выйдзе да стала?

I страх у панскіх мыслях блудзіць,

Смуга ў свядомасць забрыла.

Вось дзверы рыпнулі ў камору,

I кубел там грыміць, гудзе.

Відаць, Мальвіна не ў гуморы,

Калі так доўга не ідзе.

Была ў адлучцы праве тыдзень,

А не паказвае вачэй.

Нядобра, пане дабрадзей,—

120 Відаць, пашкодзіў нейкі злыдзень!

 

 

11

 

Сядзіць пан Богут у тамленні

I вочы ўзвёў на абразы,

А чарвячок грызе сумленне —

Прадвеснік лазні і лазы.

Хутчэй бы выйсці з таго стану,

Якіх бы скуткаў ні было.

I ў нетрыванне стала пану,

Яна ж марудзіць як назло.

Нарэшце від прыняў рашучы,

130 Хоць апусціў свой вус руды.

Аж тут Мальвіна тыц сюды!

Прывяў пан Богут — будзе буча.

 

 

12

 

Аднак ён борздзенька ўсхапіўся,

Ды так, што бразнула пята.

Ох, як па жонцы ён нудзіўся,

I дом без жонкі сірата.

Ды ў ручку плюсь ёй, у другую,

Затым у шчочку, у далонь.

Аж носіць жонку дарагую,

140 Па хаце тухкае, як слонь.

Яна ж ні рыба і ні мяса,

Ды ласкі мужа прыняла —

Без лішняй прыязні і зла,

Без лішніх слоў і выкрутасаў.

 

 

13

 

Скаціўся цяжкі камень гнёту

3 крывой душы, з сутулых плеч,

Ды трэба зняць усю турботу

I ўсе сумненні перасеч.

Ён перад ёю выдыгае,

150 Як закаханы, малады.

«Мальвіна, жонка дарагая!» —

Спявае ён на ўсе лады.

I распытаў, як гасцявала,

Якія ў свеце навіны

I як там маюцца паны.

Ну, вось і добра, Богу хвала.

 

 

14

 

Такіх гарачых пацалункаў,

Іскрыстых ласак, як віно,

Мальвіна — ёй няма ратунку —

160 Ужо не ведала даўно.

Яе замкнёнасць і стрыманасць,

Боль патайны глухіх згрызот

Скрышыла бурная адданасць,

Як сонца крышыць снег і лёд.

Другою сталася кабета —

Расцвіў румянак на шчаках,

Вясёлкі бліснулі ў вачах, —

Так ласкай той была сагрэта.

 

 

15

 

У сэрцы Богутавым свята:

170 Ён зараз — «фацэт» і «вар'ят».

Сабе ж ён шэпча варавата:

«Ты — дока, пан, і дыпламат!»

I мысліць далей — час спрыяе,

Каб клопат цалкам утрасці,

Ды каб не збочыла «старая»,

I як ёй ліст прыпаднясці?

Ёсць у народзе сказ-прымоўка:

«Дай Божа ў добры час сказаць,

А ў час нядобры памаўчаць»,

180 Дык вось і думай тут, галоўка.

 

 

16

 

Але пан Богут рызыкоўны,

Рашае — час якраз цяпер

I, прыязні да жонкі поўны,

Ідзе да «бюрка» для папер.

Бярэ пісьмо, а жонка ў час той

3 графіна ў чаркі — буль-буль-буль.

Бо ж момант гэтакі не часта

У дом прыходзіць іх і скуль?

Зірнуў пан Богут на Мальвіну,

190 На чаркі, поўныя віном.

I стаў пан Богут зноў блазном —

Ен жонку смокча, як маліну.

 

 

17

 

Даніна любасцям аддана,

Але не скінута ярмо,

Яно ж вісіць на шыі пана

I не скідаецца само.

Ды як пачаць? Пачаць з прамовы,

Але якой? Дзе верны троп?

Пан Богут злёгку хмурыць бровы,

200 Крыху сярдзіта моршчыць лоб.

— Да нас, быць можа, чуй, Мальвінка,

Пан саквэстратар зазірне...

Тут справа ходзіць аба мне,

Якую мусіць знаць пан Глынка.

 

 

18

 

Мальвіна вушы навастрыла,

У мужа ўставіла свой зрок,

А ў ім адбіўся з новай сілай

Яе ранейшы халадок.

Збянтэжыў пана зрок марозны —

210 Пачаў прамову неўпапад.

Сумеўся Богут, але позна,

I слоў не вернеш тых назад.

Ён кажа далей: — Дарагая!

Каб гэту справу зразумець

I доўгай квэстыі не мець,

Дык гэты ліст я прачытаю.

 

 

19

 

Чытаў пан Богут ды з натхненнем

Свой твор — да пана Глынкі ліст, —

У тоне крыўды, абурэння,

220 Як той прыроджаны артыст.

Мальвіна — дай ты і нам, Божа,

Здабыць такога слухача —

Вачэй звясці з яго не можа,

А ён сячэ, ну, як з біча.

I чым далей, тым больш імпэту,

Запалу, злосці, пачуцця —

Ну, слухаць будзеш нехаця,

I ўшчэнт узрушыў ён кабету.

 

 

20

 

Пан Богут скончыў. Міг адказны —

230 Чакай ці ганьбы, ці пахвал,

Мы ж гэта ведаем, — не блазны:

Нас вабіць лаўравы фінал.

I Богут, хоць ён не пісьменнік

I не празаік, не пясняр,

Прыязнай крытыкі не меней,

Чым песняры, чакае ў дар.

Мальвіна крытыкам ніколі

Мастацкіх твораў не была,

А тут хвіліна наплыла

240 I ёй азвацца ў гэтай ролі.

 

 

21

 

Спачатку трошкі памаўчала

Ды кажа: — Здольная рука!

Пісьмо, якіх на свеце мала, —

Заходзіць крытык здаляка.

Пан Богут ставіць вус угору

I растае ад той хвалы,

Гатоў ён слова даць ганору,

Што пісар ён, і не малы.

— Аднак жа ёсць у ім загана:

250 Не ўсё адзначыла пяро —

А дзе ж з памыямі вядро,

Што выліта было на пана?

 

 

22

 

Застыў пан Богут нерухома,

Нібы прыбіў яго пярун.

— Ты шашні строіш патаёма!

Лайдак ты, кныр няшчасны! лгун!

Каму пускаеш пыл у вочы?

За дурня хочаш мець мяне?

Мальвіна з палкасцю жаночай

260 На мужа ў ярасці імкне.

— Падумаць толькі — «струж дзяржавы»!

Ці бач, які абраўся зух!

Чаго ж у вокны лез, смярдзюх?..

О, кот марцовы, гад плюгавы!

 

 

23

 

Справадзіў мужа да астрога,

А сам да жоначкі яго...

Хіба ты ў сэрцы маеш Бога?

Каго ашукваеш, каго?

Каго ж у лапці абуваеш?

270 Каго ты выставіў на смех?

Ці праўду ў землю закапаеш?

Навошта фальш і гэты брэх?

Мальвіна грукнула дзвярыма

Ды бураю ў камору шась!

Зноў вечка кубла стук і бразь!

А Богут лыпае вачыма.

 

 

24

 

Аглушан пан — ну, што тварыцца?

Ды мыслей ён сабраць не ўспеў,

Як зноў Мальвіна, бы тыгрыца,

280 Ляціць сюды — не стыне гнеў.

Глядзіць пан Богут на Мальвіну —

Кабета ўзрушана, што страх!

I бачыць ён — дзяржыць свініну,

Дзялянкі сала дзве ў руках.

Не кеміць Богут, што то значыць —

Ці звар'яцела ў злосці той

3-за гэтай «квэстыі» пустой?

Як тую дзею растлумачыць?

 

 

25

 

Як сцяг заможнай гаспадаркі

290 I гаспадыніных турбот

Мальвіна ў пылу хатняй сваркі

Угору ўзносіць сала.— Вот! —

Гаворыць Богуту зацята:

— Сама гасцінца занясу.

І гэта ёй мая адплата,

Што ў морду лінула, як псу.

Скажу ёй дзякуй, а надалей

Я папрашу абліць смалой,

Калі палезеш зноў слатой, —

300 Сама займуся тваёй краляй.

 

3-13/VIII 1946 г.

 

 

Раздзел XXI

 

 

1

 

Як прыкра мне па сцежках змрочных

Хадзіць у мыслях сваіх зноў,

Прыгадваць шум вятроў паўночных

Пад свіст нагаек, бізуноў!

Даўно прыглушаныя болі

Суздром не выкінеш з душы,

I затхлы бруд астрожнай молі

Так непрыемна варушыць!

Ды мушу я з маім героем

10 Прайсці яго кусок шляху,

Што лёг у панскім катуху

Пад панскай вартаю-канвоем.

 

 

2

 

Пракляты будзьце вы, астрогі,

I вы, надзьмутыя паны!

О, як цярпеў наш люд убогі

3-за вашай гнуснасці, маны!

Вы зараз скінуты з дарогі,

I вам няма дарог дамоў,

А вашы смродныя астрогі —

20 Абломкі панства і паноў.

Дык згіньце, розныя «вянзенні»,

I вы, усіх масцей паны!

Вы без народа, вы адны —

Астача рознай панскай дрэні!

 

 

3

 

Шлях цяжкіх мук прайшоў Даніла,

Канца ж таму шляху няма.

Такіх пакут душа не сніла,

Што несла панская турма.

Данілу білі, катавалі,

30 На грозьбы бралі і на страх,

Дабра не мала абяцалі,

Каб скіраваць на іхні шлях.

Даніла ж быў глухі, зацяты,

Цвярдзіў на допытах адно —

Паны забілі ў свет акно,

Не ён, а Богут вінаваты.

 

 

4

 

Нарэшце круг адзін «вянзення»

Ім быў пяройдзен і замкнут,

А далей тых жа здзекаў звенні —

40 Ланцуг няскончаных пакут.

Дарога пунктаў перасыльных

Пад брэх канвою, штурхялі

Дзесь у палях растала пыльных

Далёкай сцішанай зямлі.

I адыходзіць далей, далей

Узад наседжаны куток,

Яго Марынка і сынок,

I рвецца сэрца яго з жалю.

 

 

5

 

Ён не адзін — тут гурт іх цэлы,

50 Людцоў не бачаных раней,

Загнаных, стомленых, спацелых,

Ідзі, працівіцца не смей!

Куды іх гоняць?.. Ды ўсё роўна:

Адзін астрог быў, там другі.

Наступны дзень глядзіць бязмоўна,

Як лес пад покрыўкай смугі,

Тут людзі розных званняў, стану —

I з гарадоў і «веснякі»,

I ёсць напэўна і шпікі,

60 Што служаць пану паслухмяна.

 

 

6

 

Даніла ведаў гэту моду —

Шпіка ў натоўпе прыхаваць.

I ён сцярогся таго зброду,

Якім не цяжка таргаваць.

Ідзе размеранай хадою

У пары з нейкім кацьмаком.

Рука іх злыгана з рукою,

Як шыі двух валоў ярмом.

I як валы, яны друг другу

70 Не абранілі пары слоў.

Іх панукаюць, як валоў,

Яны ж наручнік цягнуць цугам.

 

 

7

 

Уночы іх вядуць к вакзалу

Пад мерны крок, пад ціхі звон,

Здаюць там новаму капралу

I заганяюць у вагон.

I хоць тут цесна, цёмна, брудна,

Як у звярынай клетцы той,

Ды тут не чуеш слоў паскудных,

80 Пад бок не штурхае канвой.

I ноч прайшла, і дзень мінае,

А іх вязуць. Нарэшце — стоп!

Цягнік спыніўся і засоп.

Ідзе хвіліна і другая.

 

 

8

 

Навокал шум і мітусенне,

Свісткі, гудкі і стук калёс,

Грук, гоман, цяжкае пыхценне —

Другі падходзіць паравоз.

Вагон пад выгукі канвойных

90 Ідзе назад пад семафор.

Паволі глухне шум нястройны,

Ражок турукнуў і замёр.

Вагон спыніўся. Грук у дзверы.

Разнят замок, апаў засоў.

Зноў вокрык грубых галасоў:

«Цо, не подэхлі? Злазь, холеры!»

 

 

9

 

Дык так — закончаны вандроўкі,

Этапы, прыкрасці дарог

Пад вокам панскай калатоўкі,

100 Дзе шлях нявольніцкі пралёг.

Пачатак новых мук, турботы

I слёз нясплаканых, трывог

Кладуць жалезныя вароты,

Астрожны двор і сам астрог.

Даніла зараз у канторы

Сярод зялёных кунтушоў,

Мардастых, прагных гладышоў

I рознай панскае пражоры.

 

 

10

 

Яны трасуць кішэні, складкі

110 Адзення з ног да галавы,

А да спажывы яны падкі,

Ты ж стой ні мёртвы ні жывы.

I ўсё, што толькі хоць якую

Прыгоднасць мае і цану,

Яно ўжо там не павякуе,

Пяройдзе ў рукі хапуну.

І вобыск кончыўся нарэшце.

3 канторы шлях вядзе ў астрог,

А ў ім яшчэ адзін парог,

120 Што можа з свету цябе звесці.

 

 

11

 

Ёсць у астрозе ізалятар.

У ім бытуе свой уклад.

Тут не адзін сядзіць аматар —

Забойца, жулік, злодзей, кат.

То ўсё — адпетыя бандыты.

Законы іх — забі! вазьмі!

Яны тым жывы і тым сыты,

Што здзек тут чыняць над людзьмі.

Яны — душа «ізаляцыйкі»,

130 I ў рукі гэтакай шпаны

Даюць нявольнікаў паны —

Ламаць іх рэбры, мыліць шыйкі!

 

 

12

 

Данілу ўпхнулі ў ізалятар,

А з ім яшчэ са трох людцоў.

Зірнуў ён — люднасці багата,

Ну нібы ў бочцы селядцоў.

I разглядзецца не паспелі,

Бяруць іх тут жа ў абарот.

— Прынеслі д'ябальскага зелля? –

140 Спытаў вярзіла-абармот.

А выгляд люты, твар зямлісты,

Вусаты, вочы, як нажы.

Ён да Данілы: «Ну, кажы —

Чым адзялілі камуністы?»

 

 

13

 

Зірнуў Даніла хмура, строга

I злосна сціснуў кулакі.

— А ты тут што яшчэ за гога?

Што за начальнік за такі?

Замерла камера, ні слова:

150 Як ён асмеліўся сказаць!

Каму! Адольфу з Чэнстахова,

Перад якім усе дрыжаць!

Змяніўся з твару зух вусаты

Ды лютым зверам як зірне!

— Цалуй, галгане, руку мне!

I — тыц кулак свой валасаты!

 

 

14

 

Ды тыцнуў так, што з губ і з носу

Пабегла кроў па барадзе.

Як дараваць яму, барбосу?

160 Як сцерпець гэтакай брыдзе?

Не ўзбачыў свету мой Даніла

I, сам не помнячы сябе,

Штурхнуў Адольфа з усёй сілай!

Глядзіць — той носам дол дзяўбе!

— Ану! — сказаў Даніла ў злосці

I вочы ўскінуў на шпану.

— Выходзь яшчэ хто — дзеўбану! —

I прысмірэлі ягамосці.

 

 

15

 

Па закутках, спярша нясмела,

170 Загуў пакрыўджаны народ:

— Вось гэта голас! гэта дзела!

Няхай сам свой адчуе смрод!

Устаў Адольф пабітай псінай —

Так ураніць аўтарытэт!

Зірнуў са скрыўленаю мінай —

Не ладны спеў яму прапет!

Такі ўжо нораў угалоўных:

Ён здолен толькі тых прызнаць,

Хто можа ў зубы моцна даць, —

180 Тады таму няма і роўных.

 

 

16

 

«Ізаляцыйка» зашумела,

I раскалоўся яе лад:

Не мала ў ёй такіх сядзела,

Якім у косці ўеўся кат.

Яны ўзялі руку Данілы

Супроць Адольфа-важака,

Што з іх выцягваў сокі, жылы,

Як стражы польскае рука.

А стража — шусь уціхамоўку!

190 Разбор і допыт пачала...

Чакаў Даніла болей зла —

Яму ж прызначылі «рэйбоўку».

 

 

17

 

«Рэйбоўка» — гэта вынаходка,

Каб за правіннасць катаваць:

Даецца марная работка —

Падлогу палкай шараваць.

Дадуць табе кіяку ў рукі —

Шліфуй і гладзь ім карыдор,

А за табою для панукі

200 Ідуць астрожнікі-дазор.

Стаяць яны над тваім каркам,

А ты шаруй пад іх загад

Разоў па семдзесят падрад

I не праціўся недавяркам!

 

 

18

 

Так пачалося для Данілы

Жыццё астрожніка ў турме,

Дзе лад астрожны апастылы

У кожны момант цісне, жме.

Ён водзіць кіем па памосце,

210 Аж градам пот з яго цурчыць,

I млеюць рукі, ныюць косці,

А падганяты ўсё крычыць:

— Мацней, шпарчэй, чысцей, холера!

Не тобе боскі лад ламаць,

Антыпанствовец ты, пся маць!

Я выб'ю хлопскую манеру!

 

 

19

 

Ды ўсё канчаецца на свеце —

Прыйшоў канец «рэйбоўцы» той.

Даніла ж выйграў: з бруднай клеці

220 Яго наверх павёў канвой.

А там сядзелі свае людзі,

Народ свядомы, дасціпны,

Сягоння «вязні», заўтра суддзі.

3-за іх не маюць сну паны.

Яны прайшлі агонь і воду —

Шлях гераічны барацьбы.

Яны — нязломныя дубы,

Што служаць праўдзе і народу.

 

 

20

 

Тут я ўздыхну лягчэй з Данілам:

230 Хоць тая ж панская турма,

Ды тут размах ёсць кволым крылам,

I ёсць прасветліна з ярма.

Бо тут пачуеш тыя словы,

Якія сілы дадаюць,

Надзеяй красяць шлях суровы,

Якога нам не абмінуць.

I прывітаю разам шчыра

Адданых партыі людзей —

Тых скромных носьбітаў ідэй,

240 Што нам прыносяць радасць міру.

 

 

21

 

Плылі марудна дні за днямі,

За імі месяцы, гады,

А белы «ожэл» з кіпцюрамі

Сядзеў на целе грамады.

Паны, дарваўшыся да трону,

Усё рабілі, што маглі,

Каб лад па іхняму закону

Закрасаваўся на зямлі.

Каб знішчыць звычаі і мову

250 I тых, хто жыў спакон вякоў,

Прывесці ў стан каталікоў

I пад сваю ўсё ўзяць ахову.

 

 

22

 

Але паны ў імкненні прагным

Лад збудаваць на свой капыл

Не раз траплялі ў тыя багны,

Што вышай сталіся іх сіл.

I больш за ўсё іх ход фарсісты

Збівалі ўбок бальшавікі,

Свае, чужыя камуністы, —

260 Панам жыць з імі не з рукі.

Яны настырны, яны ўпарты.

Заложна рухаюць свой воз.

Няма ім страху, ні пагроз,

Вядуць змаганне не на жарты.

 

 

23

 

I нават тут, пад пільным вокам,

Пад жорсткай стражай, пад замком

Ідуць яны ўсё тым жа крокам,

Да купы горнуцца тайком.

Не адступаюць ні на ёту

270 I закідаюць сваю сець

Ды ловяць розную галоту,

Каб ім і тут уплыў свой мець.

I іх уплыў сярод народу

Вялік, высок аўтарытэт.

Злуецца панскі прайдзісвет —

I ўсюды ж муцяць яны воду!

 

 

24

 

Іх не падкупіш і не зломіш

I не завабіш іх нічым.

Яны і тут, бы ў сваім доме,

280 Хоць гэты дом для іх — айчым.

Трымаюць іх у чорным целе,

Іх сочаць кожны крок і рух,

У карцар садзяць на нядзелі,

Ды вось не зломіш іхні дух!

Яны ўсё тая ж непакора,

Яны ўсё той жа курс вядуць

І на «панствовы» суд плююць —

У чым іх сіла і апора?

 

 

25

 

Пытае вецер у раслінак:

290 — Чаму зіма вас не ўзяла?

І кажуць тысячы былінак:

— Мы ад зямельнага цяпла!

Пытае холад у крыніцы:

— Чаму цябе я не спыніў?

Яму адказвае вадзіца:

— 3 зямлі струменіць мой разліў.

Пытае бура старца дуба:

— Чаму цябе я не зламлю?

I кажа дуб: — Я ўрос ў зямлю,

300 3 зямлею жыць у дружбе люба.

 

16/VIII-12/ІХ 1946 г.

 

 

Раздзел XXII

 

 

1

 

Настрой у панскай Польшчы ўзняты —

Трывожны час, акрутны стан:

На Польшчу сунуцца гарматы,

Б'е Гітлер гучна ў барабан.

Урад збянтэжан і ў трывозе

Назад паглядвае цішком,

А пан Рыдз-Сміглы яшчэ грозіць,

Трасе на немцаў кулаком.

Паны міністры, дыпламаты

10 Гатовы іх тут разарваць:

Нядаўна ж ездзіў паляваць

Да іх пан Герынг трыбухаты!

 

 

2

 

I тым жа прыяцельскім тропам

I з той жа ласкаю яны

Дзялілі чарку з Рыбентропам,

Як шчырай дружбы звестуны.

Ці многа ж часу прамінула

Ад тых залётаў дружбакоў?..

Тэўтон як быў, дык і ёсць скула

20 I з тым жа норавам ваўкоў.

Але чакайце вы, псяюхі!

Не трацяць гонару паны, —

А дойдзе справа да вайны,

Ёсць чым паднесці аплявухі!

 

 

3

 

Вайна ж была ўжо немінуча,

I Гітлер свой праводзіў план.

Пад гукі музыкі траскучай

Стагнаў пад танкамі дзірван.

Уся іх цяжкая армада

30 Паўзла да польскіх рубяжоў.

Чакалі полчышчы загаду,

Каб ліха выпусціць з гужоў.

Бурліць Варшава ў непакою,

I жах, як ноч, на горад лёг,

Пануе страх, перапалох

Над слаўнай польскаю ракою.

 

 

4

 

Там, у Варшаве, бачыць вока

Вайну выразней і паўней,

А «крэсы ўсходнія» далёка,

40 I там сягоння спакайней.

I хоць туды даходзяць весці,

Вайна ўсё ж чуецца не так,

Не можа гэтак яна трэсці

Стратэгаў тамашніх, ваяк.

У пана Богута са ўчора

Не сходзіць чарка са стала.

Мальвіна добрая была.

Быў храбры Глынка і Пшэбора.

 

 

5

 

Зірнеш на стол — што за графіны!

50 Такіх ці мае Сміглы Рыдз?

Якія скрылікі вяндліны,

Каўбас, ружовых паляндвіц!

I ўсё з такім падана густам

I з ласкай прыязных турбот!

I ўсё само, без жаднай змусты,

Ну так і просіцца ў твой рот.

Пшэбора, Глынка ў такім стане

I на такім узлёце мар,

Што іх не кратае цяжар,

60 Які ўжо зыбіцца ў тумане.

 

 

6

 

Пан Глынка зараз, як заўсёды,

Гамонцы тоны задае.

Бывалі ў Польшчы перашкоды,

Ды пан Бог мілуе яе.

Відэльцам тыкнуўшы ў вяндліну,

На від прывабную, на смак,

Ен услаўляе і Мальвіну,

Як далікатнейшы паляк,

I сілу панскай Польшчы ўзносіць,

70 I Польшчу ставіць ён на шчыт.

Хто толькі Польшчай не быў біт?

I немец будзе біт і — досыць!

 

 

7

 

Калі ж нямецкая навала

На нейкі б час верх і ўзяла,

То і тады б не ўсё прапала,

Бо іншы спосаб ёсць ад зла:

У Польшчы ёсць і тут зарука —

Ангелька друг ёй і француз...

Да д'ябла гэта ўся дакука:

80 Для Польшчы-маткі глупства – прус!

Так за сталом, за добрай чаркай

I пад узносячым хмяльком

Махае Глынка кулаком

I храбрасць жывіць польскай “старкай”.

 

 

8

 

Мужчыны — Богут, пан Пшэбора —

Стаяць таксама на гары

I пану Глынку дружна ўтораць,

I ў іх свае ёсць казыры.

Калі ж Мальвіна часам збочыць

90 I скажа слова неўпапад,

Дык тут жа страх яе жаночы

Яны развеюць на свой лад.

I гэта толькі дасць зачэпку

За Польшчу выпіць лішні раз,

I дух ваяцкі тут не гас,

Даўнейшы дух шляхецкі крэпкі.

 

 

9

 

Нарэшце скончана гулянне.

Хвіліна госцям надышла

Для перадышкі, спачывання

100 Пасля гасціннага стала.

Ідуць яны паходкай млявай.

Вядзе іх Богут у пакой,

Каб пераклікнуцца з Варшавай

На хвалі той ці на другой.

А тут якраз пісьмо прыносяць.

Адкуль яно? чыя рука?

Зірнуў пан Богут здаляка

I прабачэння ў гасцей просіць.

 

 

10

 

Прыселі госці на дыване.

110 I тут вядзе пан Глынка рэй. —

Варшаву зловім зараз, пане,

Навін дазнацца, дабрадзей.

I ён прыёмнік уключае,

Як той радыст-спецыяліст.

Пшэбора момант улучае,

Каб дым завіць накшталт маніст.

А Богут, сеўшы каля «бюрка»,

Прыціх, разглядвае пісьмо,

Яно ж завілае вязьмо,

120 Нібы яго пісала курка.

 

 

11

 

Няма ў пісьме ні слоў звароту,

Ні нават аўтара пісьма,

Затое ж пісар узяў ноту,

Што сіл працівіцца няма,

Каб не дазнацца, што за песня

I лад які яе ў пісьме,

I чмыша пан ужо заўчэсня

Ды ў нос пахрапвае і дзьме.

Чытаць пачаў ён, і адразу

130 Агнём успыхнуў яго твар.

Працёр пан шклечкі акуляр,

Глынуўшы першую абразу.

 

 

12

 

«Які ты пан? Ты — цюцька руды! —

Так пачыналася пісьмо, —

Ты — наша скула, смрод прыблуды,

Ты — проста панскае дзярмо.

Ты раскапусціўся шырока,

Прыбраў у рукі свае ўсё.

Мазоліць зрок твой касавокі

140 Табе свінчо і парасё.

Ты ўсё гатоў глынуць па-воўчы,

Абы напхаць сабе трыбух,

Ды памятай жа, чуй, смярдзюх,

А крыўд сваіх народ не змоўчыць!

 

 

13

 

Ты паляціш, як пыл дарожны

У суш з-пад ног і з-пад калёс,

Бо ты драсён пустапарожны,

Што чорт з Пазнані нам прынёс.

Як скула, сеў ты на народзе.

150 Ці ж век тут будзеш векаваць?

Надыдзе час і скажа: годзе!

Паветра болей не псаваць!

Не псуй жа гонты, злазь ты з даху

Не з той дзьме вецер стараны,

I паляцяць з табой паны,

Схваціўшы клунак свой пад паху.

 

 

14

 

Ды сухім не выйдзеш з краю,

Так ты сабе і запішы,

А зараз — вось аб чым спытаю,

160 Чаго хадзіў у Петрушы?

І што ты нёс тады сукромна

У двор, дзе жыў Даніла Смык?

Забыўся, можа, дык прыпомню,

Ваб’ю ў труну табе я цвік.

Быў час пад поўнач, ты ж, паскуда,

Як злодзей поўз паміж платоў,

Бо ты ж тапіць усіх гатоў.

А як тапіў, успомні, юда!

 

 

15

 

Асаднік прагны і плюгавы!

170 Ці ты гадаў, ці сніў ты ў сне,

Што ўсе твае падвохі-справы

Вядомы людзям, як і мне?

Ты хочаш панам жыць на свеце

I ўсё грабастаць, падбіраць.

А бедакоў куды падзеці?

Ну, адкажы ты мне, пся маць!

Што чыніш ты, выжыга, жыла!

Са свету зводзіш бедака:

Ці не твая гэта рука

180 Лісткі пад стрэху падлажыла?

 

 

16

 

Яго забралі з твае ласкі,

Пагналі ў панскі ваш астрог,

Але ёсць суд, народны, наскі —

Дрыжы ж, пакуль яшчэ не здох!

Скажы, дзе хата рыбакова?

Там колісь жыў рыбак Сымон...

Якое скажаш яму слова? —

Плаці ксяндзу на мшу, на звон!

То ведай: прыйдзе ён, спытае,

190 I мусіш даць яму адказ...

Як гадаў, мы прыціснем вас,

А час той хутка завітае!»

 

 

17

 

Пан Богут тросся, бы ў хваробе;

Ён то бляднеў, то чырванеў,

Пот выступаў на панскім лобе,

Не меў граніцы панскі гнеў.

А разам з тым і прадчуванне

Няяснай прыкрасці, бяды

На душу веяла змярканнем

200 I несла ў сэрца халады.

— Мікодым, што, скажы, з табою? —

Спытала жонка: — хворы ты?

— О, лайдакі! о, хамуты!

Ім трэба помсты і разбою.

 

 

18

 

Пісьмо яшчэ раз прачыталі,

Абразу дзелячы ўдваіх.

Іх паднялі другія хвалі

I радасць змылі ў адзін міг.

Лёг смутак, сум на твар Мальвіны –

210 Занесен біч над іх дваром.

Яны не чулі той навіны,

Што ўскалыхнула ўсіх, як гром.

Убеглі ўзрушаныя госці.

Пан Глынка цопнуў капялюш,

I разам выгукнулі: — Юш!

Вайна, панове-ягамосці!

 

 

19

 

— Марыя-Езус! Свенты Божа! —

Мальвіна выкрыкнула ўраз,

А Богут слоў знайсці не можа,

220 Нібы язык яго заграз.

Глядзіць на Глынку, на Пшэбору,

Не можа сэнсу ўзяць падзей,

I вус яго, падняты ўгору,

Сам апускаецца ніжэй.

Быў цяжкі момант анямення,

А ў госцяў твар, як палатно.

Пан Глынка вымавіў адно:

— Бяда! і ўсюды адступленне!

 

 

20

 

I ўсё змянілася адразу:

230 Развязны тон і жарт, настрой.

Ваяцкі дух, як па заказу,

Панік ганебна галавой.

I госцям зараз нецікавы

Гасцінны дом, гаспадары,

Іх сэрцу бліжай свае справы,

Свае манаткі і двары.

I гэта — альфа і амега

Такой маралі ў час такі.

Ім нават зараз не з рукі

240 I чарку выпіць «чапкавэга».

 

 

21

 

I стала глуха ў панскім доме.

Няпэўнасць, страх і непакой

Трывожаць душу, сэрца томяць,

Бы помста ходзіць за сцяной.

Цяпер пан Богут іншым вокам

Зірнуў на лёс, на дабрабыт.

Ідзе бяда нячутным крокам,

Залазіць ціхенька пад шчыт.

I чуе ён — няма апоры,

250 Хіснецца Польшча і — каюк.

Навокал сотні прагных рук —

Што толку з Глынкі і Пшэборы?

 

 

22

 

У мыслях тлум і мітусенне —

Як бараніць сябе і чым?

У новым, іншым асвятленні

Пісьмо ўсплывае перад ім.

Яшчэ б учора тым пагрозам

Пан Богут даў бы грош цаны,

А зараз холадам-марозам

260 На пана дыхаюць яны.

А весці з фронту нецікавы.

У Польшчы паніка, разброд.

Няма панам дарог на ўсход

I не падацца ў бок Варшавы.

 

 

23

 

У пана Богута нямала

Прыдбана рознага дабра,

I змесці можа ўсё навала —

Набыткі і гаспадара.

Пан Богут выйшаў на дзядзінец.

270 Гудуць на слупе правады.

I страшна глянуць на гасцінец —

Бягуць машыны, а куды?

«Нядобра, пане! — заўважае

У мыслях Богут сам сабе: —

Усё гад-немец раздзяўбе,

К Варшаве крок свой набліжае».

 

 

24

 

Таксама кіне вока скоса

Пан Богут і на Петрушы.

Сяло маўкліва, безгалоса,

280 А што ў іх тоіцца душы?

Вайне напэўна хлопы рады —

I дзед Куцейка, і Аўген,—

Не любяць панскай яны ўлады,

Даўно чакаюць нейкіх змен.

Але вайна яшчэ ў пачатку,

Ідзе пакуль што сіл развой.

Пан Богут жывіць свой настрой

I грозіць хлопам для парадку.

 

 

25

 

У доме Богут ад Адася

290 Пачуў такую навіну:

3 Варшавай сувязь у тым часе

Парвана ў хвілечку адну.

Грымела радыё як трэба,

I ў міг адзін пачуў Адась —

Данёсся свіст драпежны з неба,

I следам бомба за ім — лясь!

I змоўкла радыё, ні гуку,

I голас дыктара заціх.

Відаць, няма на свеце іх —

300 Такую немец зрабіў штуку.

 

15/ІХ-13/ХІ 1946 г.

 

 

Раздзел XXIII

 

 

1

 

Сем лет — не дужа час вялікі,

А колькі ў ім падзей і змен!

Былі паны і іх музыкі

I мары іх на шмат кален.

А дзе і хто яны сягоння?

Дзе пыха панскай старыны?

Чужое туліць іх улонне

Такога ж зла, як і яны.

Але не здзейсніцца іх марам,

10 I ім не бачыць той зямлі,

Дзе іх даўно ўжо праклялі,

I не хадзіць па ёй пачварам!

 

 

2

 

Былі і іншыя вар'яты,

Што неслі цемру ў свет і жах.

А дзе сягоння тыя каты?

Куды завёў іх цёмны шлях?

Гніюць яны, як падаль, дзесьці,

Магіл іх следу не відаць.

Іх будуць людзі толькі клесці

20 Ды ліхам зрэдку памінаць.

Не ад зямлі, не ад народу,

Не ў іх імя ішлі яны,

Аджытай цемры звестуны, —

Такім няма, не будзе ходу.

 

 

3

 

I хоць яшчэ дух смроднай тлені

Жыве, павейвае сям-там,

I па зямлі снуюцца цені

Вайны, крывавых яе плям, —

Яны дарог не загародзяць

30 I не запыняць плыні той,

Што прабіваецца ў народзе

Крыніцай чыстаю, жывой.

I я ў той плыні бачу далі

Іскрыстых, ясных нашых дзён,

Бо наш святы жыцця закон

Мы ў кнігу дружбы запісалі.

 

 

4

 

Ніхто не верне цёмных часаў!

Я ў мыслях зноў іду туды,

Дзе быў адсунут панскі засаў

40 Галечы, крыўды і нуды.

У панскай Польшчы мітусенне,

Бяжыць купец, бяжыць урад,

Бяжыць і войска без спынення,

Не аглядаецца назад.

Ратуе сам сябе, хто можа,

I асабліва пан магнат,

А іх у Польшчы было шмат,

Магнаты ж любяць падарожжа.

 

 

5

 

А па сядзібах і па сёлах

50 Настрой бытуе не такі.

Гудзе народ, бы ў вуллях пчолы,

Смяецца: драпаюць панкі.

Яму крыху і страшнавата —

Вайна, няпэўнасць як-ніяк,

Не знойдзеш ты ў фашыстах брата,

Ён, можа, горш, як пан паляк.

Але ж, сказаць, не помняць нават

Такога ліха і дзяды,

Каб немец доўгія гады

60 Над намі правіў сваё права.

 

 

6

 

Ваюе немец з панскай Польшчай,

А тут не Польшча — Беларусь,

Ды ўжо не будзе плягі горшай,

Як гэта панская ўся гнусь.

У косці ўеліся налогі,

Без іх не ступіш крокаў двух.

Плаці за рынак, за дарогі,

За капыткі і за катух.

А ўзяць асаднікаў-скулякаў:

70 Здушылі ўсіх, як абручы,

Забралі ўсё, а ты маўчы —

Ці мала хто ад іх заплакаў!

 

 

7

 

Цяпер, нябось, яны прыціхлі,

Няма ў іх рызыкі былой.

Усе мікодымы і міхлі

Сядзяць, як мышы пад мятлой.

А новы дзень прыносіць весці

Ім не пад масць і не пад густ.

I пан Пшэбора змыўся дзесьці,

80 I Глынка пан зашыўся ў куст.

У грамадзе навіны, чуткі,

Як ручаі журчаць вясной

Або той вецер прад гразой,

Калі ён хіліць лознік гнуткі.

 

 

8

 

I ў Петрушах настрой узняты,

Ды не такі, як у паноў.

Чакаюць людзі свайго свята,

Ажыццяўлення сваіх сноў.

Чакаюць шчыра, церпяліва,

90 Без гуку-шуму, сумятні:

Надыдзе ж час, іх будзе жніва,

Другія прыйдуць да іх дні.

Але Аўгена ўсё ж трывожаць:

— Няма часамі навіны

Наконт яшчэ адной вайны?

Што там з панамі ў падарожжы?

 

 

9

 

Мой дзед Куцейка зноў на сцэне

I ходзіць гогалем стары,

Ён дужа рад жаданай змене —

100 Яна ўжо стукае ў двары.

Сярод навін і розных чутак

Адна узрушыла народ,

I дзед, схаваўшыся ў закутак,

Узводзіць вочы на усход.

Адтуль збавення прагнуць людзі,

А ў людзях ходзіць слых такі,

Што будуць тут бальшавікі —

Браты і правільныя суддзі.

 

 

10

 

I часта дзед мой між адрынак

110 У кут ідзе свой патайны,

Стаіць там некалькі хвілінак —

Ён ловіць гук з той стараны.

І нібы чуе дзед часамі

Глухі, далёкі гул гармат.

Усцешан дзед іх галасамі.

Няхай то здань — ён здані рад.

У грамадзе чутны ўжо словы —

Як далей быць і што рабіць?

Паны згубілі панства ніць,

120 Дык трэба лад заводзіць новы.

 

 

11

 

Але падзеі, нібы хвалі,

Плылі няспыннай чарадой

I проста часу не давалі

Пра ўсё падумаць грамадой.

Адно для дзеда ясна стала

Сярод няпэўнасці, смугі,

Што Польшча ў буры не ўстаяла

I лад тут мусіць быць другі.

I людзі гэтак жа варожаць,

130 Ну хоць бы той рыбак Сымон.

Ізноў сюды падаўся ён

I кажа — досыць падарожжа!

 

 

12

 

I нават людзям даў параду —

Сачыць за Богутам здалёк

I ўсе шляхі адрэзаць гаду,

Каб ён адгэтуль не уцёк.

I двор асадніцкі няўзнакі

Бяруць на вока Петрушы,

Глядзяць за ім не абыяка,

140 А па сумленню, ад душы.

Свайго вясёлага настрою

Схаваць не можа наш рыбак,

Панам паказвае кулак,

Пяе, гаворыць сам з сабою.

 

 

13

 

«Бабка Тэкля, дзед Лукаш

Паехалі на кірмаш,

Чарку выпілі і дзве,

Зашумела ў галаве.

Рада бабка, і дзед рад,

150 Едуць з торжышча назад,

Конік з горкі як пабег,

Бабка з санак гоп у снег!

Бабка голас падае,

Ды не чуе дзед яе.

А праз пяць вёрст кажа ёй:

— Вось і дома мы з табой!»

 

 

14

 

«Ой, цешыўся старац,

Што перажыў марац,

А прыйшоў ясны май,

160 I панеслі старца ў гай.

Так і ты, мой пане,

Цешыўся заране,

Баляваў, зухаваў,

Ды свой гонар пахаваў.

Я ж позна ці рана

Запытаю ў пана:

Дзе мой дворык, дзе дамок?

Дзе мой церам-церамок?»

 

 

15

 

«Я — рыбак, я — бабыль,

170 Чалавек тутэйшы,

А зірніце на мой брыль

На самы навейшы!

Няхай сабе ён стары,

3 аржаной саломы,

Мы ж даўно ўжо з ім сябры

I даўно знаёмы.

Я на панскі капялюш

Брыль свой не змяняю.

Ты цяпер мяне не руш —

180 Гаспадар я ў краю!»

 

 

16

 

Была яшчэ тут неспадзева:

Прыйшла Марына з Буякоў

Праведаць дзеда з бабкай Евай,

Нібы тых блізкіх сваякоў,

I заадно прачуць навіны,

Якія чуткі ходзяць тут.

Наводзіць шмат што на ўспаміны,

I шмат чым дораг гэты кут.

Жартуе дзед: — А пан марцовы

190 Сядзіць ні мёртвы ні жывы,

Цішэй вады, ніжэй травы.

I ўжо не ходзіць больш на ловы.

 

 

17

 

I далей кажа ў іншым тоне:

— Жыві, Марынка, зноў у нас —

Другі павеяў вецер сёння,

Пагнаў паноў на самапас.

Паразбягаліся, як мышы,

А хто астаўся, той прымоўк,

Сядзіць, стаіўшыся, чуць дыша

200 Ды мяккім робіцца як шоўк.

Дасць Бог, іх песня будзе спета,

I мы змайструем ім труну,

А я засею «мультану» —

Даўно ўжо мару я пра гэта.

 

 

18

 

— Ох, вашым слоўкам, дзеду мілы,

Дайсці б да Богавых вушэй:

Мо дачакалася б Данілы,

I жыць бы стала весялей.

А дзе ён? што з ім? — невядома:

210 Ніводнай весткі, ні пісьма.

Прапаў, як голка ў кучы лому,

Мо і жывога ўжо няма, —

Слязу ўраніла маладзіца...

I раптам гоман, нейкі рух,

Трасецца ўсё, кіпіць вакруг —

На ўсходзе пройдзена граніца!

 

 

19

 

Ад вёскі ў вёску, з хаты ў хату

Плыве, бушуе навіна:

Ідзе брат руку падаць брату —

220 Адзін жа край, зямля адна.

А ўсе асаднікі — прыблуды,

Як і прыблуды ўсе паны:

Старое песні перагуды,

Гаспадары ж бо не яны.

I людзі ў вёсках, як у свята,

Сустрэць рыхтуюцца братоў...

Наш бацька Сталін, будзь здароў!

Жыві яшчэ гадоў багата!

 

 

20

 

Край ускалыхнут, нібы громам.

230 Народ за дваццаць доўгіх лет

Стаў адчуваць сябе як дома,

Бы зноў радзіўшыся на свет.

Сышлі панурасць, клопат з твару,

І радасць свеціцца ў вачах.

Даўно ж насілі ў сэрцы мару —

Накіраваць на ўсход свой шлях.

I вось ідзе ён зараз, час той,

На свет па-новаму зірнуць

Ды ўсё ў другі бок павярнуць,

240 Сказаўшы панству: прэч! не застуй!

 

 

21

 

I ўсё цікава тут і нова:

Пабачыць іх, сваіх братоў,

Пачуць братэрскае іх слова,

Чым ён спаткаць цябе гатоў,

Які там лад, які парадак,

Як, чым кіруецца народ.

Няўжо няма там сварак, звадак?

I з-за зямлі няма згрызот?

Ці праўда, што там ва ўсе школы

250 Шляхі-дарогі вольны ўсім

I што не розняцца нічым

У прывілеях горад, сёлы?

 

 

22

 

Паны і недругі Саветаў

Чаго пра іх не наплялі!

Збіралі бруд з усіх паветаў

Для той савецкае зямлі.

Ды хіба ж людзі дадуць веры

Магнатам, выкінутым вон?

Брашы, панок, ды ведай меру —

260 Не стане яваю твой сон!

Ды як паны свой глузд ні мучаць,

Як ні ўбіваюць яны клін,

А люд глядзіць на шлях адзін,

На той, што з Руссю яго лучыць.

 

 

23

 

Быў ціхі вечар вераснёвы,

Той час, калі і ноч і дзень

Ужо дзялілі напалову

Паміж сабой святло і цень.

Замерла чуйна пагранічча,

270 Трывогу тоячы ў цішы.

I вось начальства варту кліча

Пачуўся гул дзесь на шашы!

Гул набліжаецца, дужае,

Аж угінаецца зямля

I лес калоціцца з камля —

Ша! сіла рушыла чужая!

 

 

24

 

Ляжаць жаўнеры ў цёмным рове

I па акопах у бары.

Стражніца ўся напагатове...

280 Ракета ўраз блісь угары!

I загрымелі раптам стрэлы,

Прарваўшы мрок і цішыню.

Сякуць і рвуць прастор знямелы

Струмені куль, віры агню.

Шуміць тут бой, як навальніца,

А збоку дзесь «ура» плыве...

Прайшлі яшчэ хвіліны дзве,

I змята панская стражніца.

 

 

25

 

Адным заходам і напорам

290 Шырокі зроблены праход

Для цэлай арміі, каторай

Чакаў так доўга наш народ.

На паграніччы каля слупа

Спыніўся камандарм на міг.

Глядзіць — байцоў праходзіць група,

I камандарм паклікаў іх.

— Узяць з зямлі слуп і — ў павозку!

Паставіць там, у зямлі той,

Дзе наш урад нам скажа: «Стой!»

300 I слуп павезлі ўслед за войскам.

 

20/ХІ-16/ХІІ 1946 г.

 

 

Раздзел XXIV

 

 

1

 

Прыходзіць час мне сказаць слова

Маёй паэме: што ж, бывай!

Жыві ты, «Хата рыбакова»,

Утульнай будзь, як і наш край!

Я шмат прайшоў дарог з табою,

Шмат аб чым марыў я і сніў,

Заняты мірнаю сяўбою

Палеткаў новых нашых ніў.

I дзень за днём і год за годам

10 За нейкі цьмяны край зямлі

Кудысць далёка адплылі,

I мне іх шкода, мне іх шкода.

 

 

 

 

2

 

I сумна мне, мая паэма,

Ступаць з табой на той парог,

Дзе будзе вычарпана тэма,

I больш не будзе тут дарог.

Жылі ж мы доўгі час у згодзе,

Як брат з сястрою. Шмат краін

Прайшлі мы побач у паходзе,

20 Шмат розных зведалі пуцін.

I вось прыходзіць час расстання

Агульны шлях наш не даўгі,

А я пайду на шлях другі,

Пакуль не скончыў вандравання.

 

 

3

 

Я прыгадаю тут, дарэчы,

Далёкі час мае вясны,

Сваё маленства, ціхі вечар

I свой касцёр каля сасны.

Агонь канаў, а ноч страхліва

30 Глядзела з лесу з-за камлёў,

I вецер шустры сваё жніва

Збіраў з сатлелых вугалёў.

Гарэў агонь і вось канае,

Адзін, як нейкі сірата,

I я пачуў, як пустата

Мне сэрца ў смутак ахінае.

 

 

4

 

Дык так: астатняя дарога...

Віншую я цябе, мой край!

Твая сягоння перамога,

40 Ідзі, братоў сваіх страчай!

Яны ідуць, як хвалі мора,

Па ўсіх дарогах і шляхах,

I толькі дол гудзе, гаворыць,

А колькі тэхнікі той, страх!

На цягачах паўзуць гарматы,

Нібы дубовыя камлі...

Ці помніш, край мой, каб калі

Такія тут ішлі салдаты!

 

 

5

 

Ішлі не з захаду — з усходу,

50 Ішлі не з тым, каб паланіць, —

Ішлі, каб волю даць народу,

Дабро яго абараніць,

Узяць пад братнюю апеку

Яго жыццё, набытак, лёс,

Паставіць крыж пакутам, здзеку,

Якіх ён многа перанёс.

I ў камандзіра і ў салдата

У сэрцы быў наказ адзін:

Зямлі савецкай верны сын,

60 За праўду стань і стань за брата!

 

 

6

 

I гэту прыязнь к простым людзям,

Што наш баец нясе з сабой,

Народ заўсёды помніць будзе

Са шчырым сэрцам і душой.

I ўсюды ў вёсках і па сёлах

Народ святочнай грамадой

Выходзіў, ветлы і вясёлы,

3 усмешкай яснай, маладой.

I ўсюды, зеленню спавіты,

70 Стаялі аркі ў чэсць байцоў.

Ішоў народ з усіх канцоў

Зірнуць братам у твар адкрыты.

 

 

7

 

Усе, каго насілі ногі —

Старыя, дзеці, — беглі з хат.

Як мак у полі, ўскрай дарогі

Стаялі тысячы дзяўчат.

Як сонцам, радасцю сагрэты

I шчасця ўсе яны паўны,

I кветак пышныя букеты,

80 Такіх жа свежых, як яны.

Праходзяць танкі, і танкісты

Букеты ловяць на хаду.

— Чакай, дзяўчыначка, — прыйду!

I танк імчыцца з шумам, свістам.

 

 

8

 

А вось дзе радасць і дзе свята,

Якіх не зналі Петрушы:

Чырвонай Арміі салдаты

Прывал зрабілі пры шашы!

— Сынкі мае вы! — урачыста

90 Звярнуўся дзед наш да гасцей,

Абняў, цалуе ён танкіста,

Як сына, туліць да грудзей.

— Браткі, галубчыкі вы нашы!

Мы ж вас чакалі так даўно,

Каб расчыніць у свет акно —

Даволі з нас той панскай пашы!

 

 

9

 

Танкісты ў шчыльным акружэнні

Дзяцей, мужчын, жанок, дзяўчат,

I кожны ў шчырым захапленні

100 Іх на руках насіць бы рад,

Так блізкіх ім, такіх жаданых —

Ці ж мала думалі пра іх?

I стол з абрусам даматканым

З'явіўся тут адкулься ўміг.

Рыбак няўрымстуе на месце.

— Браточкі! Дайце хоць зірну

На вас хвіліначку адну!..

Куды вас клікаць, дзе вам сесці?

 

 

10

 

Якія ж хлопцы вы ды хваты!

110 Як на падбор: адзін ў адзін!

Машынкі ж вашы і гарматы —

Ды з імі — проста на Берлін!

— Го, мой браток! — і дзед Куцейка

Пастукаў чучкаю аб бронь: —

Не, гэта, брат, не самасейка!

Вось ён які, савецкі конь!

Паны ж казалі, што з фанеры

Майструе танкі бальшавік...

Пасып, пан, попел на язык —

120 Савецкай сіле даў ты веры!

 

 

11

 

Танкісты ў шлемах, блузах сініх

Стаяць, смяюцца ды ў адказ

То той, то іншы слова кіне,

Дарэчы, трапна кожны раз.

Марына з сынам, з бабкай збоку

Стаяць наводшыбе адны,

Ды іх уважліваму воку

Малюнкі стрэчы ўсе відны

I ўсё чуваць ім дасканала.

130 I раптам голас: «Эй, Ігнат!

Пацеш малодак і дзяўчат,

Каб Беларусь затанцавала!»

 

 

12

 

I вось выходзіць хлопец статны,

Крыху смуглявы, малады,

Танкіст і песельнік выдатны,

I сам прыгожы, хоць куды.

А праз плячо рамень фарсісты

Накінут спрытнаю рукой.

Дзяўчат выглядваюць танкісты –

140 У танцы рушыць талакой.

Разняў гармонь танкіст удалы

Ды як націсне на басы —

I на ўсе чыста галасы

Вакол запелі ўсе прагалы!

 

 

13

 

I разгарэлася ігрышча —

Даўно такога не было.

Крутнецца пара, вецер свішча

I пыл мяце, як памяло.

I наш рыбак у тон баяну

150 Прысвісне, шчоўкне языком

Ды зрэдку ў бок якомусь пану

Пагрозіць моўчкі кулаком.

Баян замоўк. Да баяніста

Падходзіць дзед. — Скажы, браток,

Адкуль ты? Дзе твой край-куток?

А як іграеш галасіста!

 

 

14

 

Танкіст-музыка, як дзяўчына,

Усмешкай твар свой асвятліў.

— Кут мой — тутэйшая краіна,

160 Ды я не доўга ў ёй пажыў.

Я быў малы тады. Са мною

Была старэйшая сястра.

Бацькі памерлі прад вайною,

Мы ж засталіся без двара.

I вось, нібы праз павуціну,

Я бачу бежанскі абоз,

А дзядзька нас у лес павёз

Ды ўночы там адных пакінуў...

 

 

15

 

Марына ў моцным узрушэнні

170 Бліжэй к танкісту падышла.

Расказ аб колішнім здарэнні

Яе працяў нібы страла.

— Скажыце, будзьце так ласкавы:

Сястру ж та вашу звалі як?

Сама глядзіць у твар смуглявы,

Каб адшукаць знаёмы знак.

Танкіст сумеўся, і ў хвілінку

Прад ім узнік той час-пара,

I ён сказаў: — Мо ты — сястра?

180 Я помню добрую Марынку.

 

 

16

 

I тут Марына не ўтрывала —

Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат!

На грудзі брату тварам пала.

— Ігнатка! брацік мой Ігнат...

Якія ж больш патрэбны словы?..

Расчынен людзям новы свет.

I тут жа ў чэсць яго гуртовы

У момант зладзілі банкет.

Калі ж танкісты ад'язджалі,

190 Іх праваджала ўсё сяло,

I колькі радасці было,

Што родных браццяў прычакалі!

 

 

17

 

Глядзеў адзін пан Богут скрыва,

Як воўк, уткнуўшыся ў паркан,

А думкі ўюцца мітусліва —

Чакаць адплаты трэба, пан!

I гаспадарыць пан ці будзе:

Аджыў ён час свой і — пад мост!

I пойдзе ўсё, як кажуць людзі,

200 Ні больш, ні менш, як псу пад хвост!

А тут яшчэ адна праява,

Якой ніводзін пан не рад:

Пакідаў зброю ўсю салдат,

Дахаты сунуцца аравай.

 

 

18

 

Ужо вось з тыдзень, як пан Богут

Свайго пільнуецца двара

I толькі выйдзе на дарогу,

Калі надарыцца пара.

Адна дарога, хоць без слова,

210 Яму насіла навіны,

I ён па ёй беспамылкова

Гадаў аб выніках вайны.

Стаіць пан Богут раз у схове,

Глядзіць — вандроўнік! Хто такі?

Відаць, жаўнер. О, лайдакі:

Усе яны ў варожай змове!

 

 

19

 

Але пан Богут далей сочыць,

I раптам дрогнуў ён як ліст —

Ці то зманулі яго вочы?

220 Не, гэта ён, ён, камуніст!

I тая ноч, і ёмкі скрутак

Пад стрэху сунутых папер,

I ўвесь астатні цёмны скутак

Наяўна ўспомніў ён цяпер.

Пад сэрцам пану замуціла.

Вандроўнік стомлен, бледны твар,

На ім ледзь значыцца загар, —

Ідзе, бы кара, Смык Даніла!

 

 

20

 

Ідзе ён мернаю ступою

230 3 маленькім клункам на кійку

I з нейкай думкай патайною,

3 такой, што пану не ў руку.

I на асадніцкай пляцоўцы

Ён затрымаў халодны зрок,

Нібы гаворачы: «Ну, змоўцы!

А ты адкажаш мне, панок!»

Ён зрок адводзіць з панскай дачы

Яго больш вабяць Петрушы

I сэрца блізкае душы,

240 Якой даўно, даўно не бачыў.

 

 

21

 

Вось ён звярнуў убок з дарогі

Ды нацянькі ідзе далей

I на знаёмыя парогі

Глядзіць лагодней, весялей.

А ў сэрцы ўсё ж няма спакою —

Ці знойдзе жонку і сынка?

I ён нясмелаю рукою

Адводзіць веснічкі злягка.

Знаёмы дворык, тая ж хата,

250 I ў ганку тыя ж камяні —

Знаёма ўсё, дзе ні зірні,

Але маўчыць усё зацята.

 

 

22

 

I раптам клямка — бразь! і дзверы,

Шась, расчыняюцца з сяней!

I бачыць — жонка і Валерык

У дружнай пары, як даўней!

Глядзіць Марына ўтарапёна —

Яна яго не пазнае,

I ён гукнуў, заспакаёны:

260 — Марынка, я! — і да яе.

Было ж тут радасці, уцехі!

Прыбеглі бабка Ева, дзед,

За імі ўсе суседзі ўслед —

Няма цяпер былой памехі!

 

 

23

 

Народ сабраўся, як на дзіва,

I кожан весел, кожан рад.

Вітаюць людзі іх жычліва:

Іх дні схіляюцца на лад!

Лямех Аўген кіўнуў Марыне:

270 — Ну што? не праўду я казаў?

Знайшоўся брат і муж не згінуў,

А пан, як бачыш, дуба даў!

— Цяпер мы, браце,— да Данілы

Прамовіў слова і рыбак: —

Дамок свой згораем сяк-так

I возьмем Богута мы ў вілы!

 

 

24

 

— А як жа ты, сынку, ўзяў волю? —

Пытае дзед: — пусцілі вас?

— Не, дзеду: самі іх сваволлю

280 Канец паклалі мы ў свой час.

Даніла сына туліць, песціць

Ды далей сказ ён свой вядзе.

— Да нас дайшлі аб вайне весці.

Разведку робім, што і дзе.

Паны далі з астрога драла,

Дазорцаў кінуўшы старых.

Мы дзверы прэч! а вартавых

На ключ саміх пазапіралі.

 

 

25

 

3 астрога выйшлі грамадою

290 Без угалоўніцкай шпаны.

Ідзём радамі, нібы к бою,

I з нас аж цешацца паны.

— Забачце, пане палкоўніку,

Які наш «ест» цывільны люд:

Ідзе без тлуму і без крыку!

Дык гэта ж, проша пана, цуд!

Палкоўнік кажа: «Жэчывісце!

Але наіўным, пан, не будзь:

Не нашы людзі то ідуць —

300 То ж гэта, пане, камунісці!»

 

22/ХІІ 1946 – 12/І 1947 г.

 

 

***

 

Я развітаюся тут з вамі,

Мае людцы, мае сябры!

Цяпер вы сталіся ўжо самі

Зямлі свае гаспадары.

Усё, што жыць вам замінала,

Што прыблудзіла ў цяжкі час

I разгарнуцца не давала,

Як пыл, развеялася ўраз.

Сышлі са сцэны прэч магнаты,

Абломкі выцвіўшых вякоў.

Няма паноў, няма панкоў —

Не збудаваць ім свае хаты!

Мне Богут вочы намазоліў,

I я адзначыць дужа рад,

Што тут няма яго і болей

Сюды не прыйдзе ён назад.

Харом яго пайшоў пад школу

Для петрушоўскае дзятвы.

Сымон рыбак забраў стадолу,

Даніла — пуню і хлявы.

Пабудавалі сабе хаты —

Ну, так, да часу да пары,

Бо лад канчаецца стары.

Красуйся ж, новы лад багаты!

 

22/І 1947 г.

 

 

 

 

Мае браты, мае суседзі,

Свабодны, новы польскі люд!

Няхай жа песняй звонкай медзі

Красуе наша дружба тут!

 

Няхай жа стане тленню, прахам

Жыцця мінулага ярмо!

Мы пойдзем далей новьш шляхам,

Друг другу руку падамо!

 

Сустрэнем дружна дзень наш новы,

У мірны рушымся паход.

Няхай не будзе больш згрызот

I змоўкнуць непрыязні словы!

 

1940 – 1947 г.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com