– І смех і бяда. Галоднай куме, кажуць, хлеб на вуме. Прыслухоўваліся мы, сяляне, да таго, што аб зямлі гаварылі. Паявіліся ў нас нейкія доўгенькія паперкі друкаваныя – пракламацыі. Чыталі мы іх, перачытвалі. Мне яны надта падабаліся, і цяпер яшчэ адна такая пракламацыя ляжыць у мяне за абразом. Пытаю ў людзей, дзе іх можна дастаць? «У мястэчку», – кажуць. Прыехаў я ў мястэчка. Зайшоў у адно месца, у другое. Хаджу па рынку ды пытаю:
– Ці не ведаеце, браткі, дзе пракламацыі прадаюцца?
– А спытай, – кажа адзін ашуканец, – вунь, у стражніка.
А я, як той дурань, узяў ды спытаў:
– Скажы, браце, дзе тут можна дастаць пракламацыю?
– А вось я табе пакажу, – кажа стражнік, – хадзі адно за мною.
«Стукайце, і адчыніцца вам», – успомніліся мне словы нашага папа.
Як падышлі мы да канцылярыі прыстава, тут толькі схамянуўся я, што папаўся, як лісіца ў саладуху.
Выходзіць прыстаў.
– Дык ты, гад, унь якая птушка! Адкрыта пракламацыі разносіш? Да чаго даходзіць дзёрзасць?! Пасадзіць у кутузку!..
Цэлы тыдзень прасядзеў я ў прыстава, а пасля завялі мяне ў гарадскую турму. От зазнаў гора! Аж вошы па мне пайшлі... Месяцы праз тры выпусцілі мяне, пасмяяліся з мае дурноты на дапросе. А я гаварыў праўду.
– Эх ты, – кажуць, – сіцыліст ты бязмозгі!
Смейцеся сабе, думаю я, цяпер я ўжо не такі дурань! Турма крыху навучыла мяне: нямала там людзей разумных сядзела...
У турме навучыўся я спяваць песні. Адна песня вельмі спадабалася мне; яна пачынаецца так:
Канстытуцыю далі,
Адчынілі дзверы,
І ў турму нас павялі,
І таўкуць без меры.
Прыпеў:
Трай-рай, рыта-тай,
І таўкуць без меры!
Як часам горка мне стане, спяваю гэтую песню ды турму ўспамінаю...
[1908]