epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Санітарка Таня

 

У чырвонаармейскую часць Таня Мініч трапіла не вельмі даўно. Гэта была тая дзяўчына, якую Мікіта Палазок вырваў з рук пʼяных нямецкіх афіцэраў, калі першы раз хадзіў у разведку. Яе часта можна было пабачыць на перадавых пазіцыях. На ёй – цёмна-шэрая гімнасцёрка. Цераз плячо перакінута санітарная сумка. З-пад шлема выбіваюцца русыя кудры. Не спяшаючыся, уважліва прыглядаючыся да слядоў яшчэ гарачага поля бою, ідзе яна ад аднаго рубяжа да другога, удумлівая і строгая. Шлях яе небяспечны. Недзе поблізу грымяць гарматы. Выюць над галавой снарады. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Таня нібыта не заўважае гэтага, але ў хвіліны небяспекі яна, як вопытны баец, умела знаходзіць дзе схавацца, каб перачакаць агонь. Часам яна прабіраецца паўзком, і нішто не спыняе яе – яна спяшаецца, каб у час дапамагчы параненаму.

Бой разгараўся мацней і мацней. Пасля нядоўгай, але яраснай артылерыйскай падрыхтоўкі падраздзяленне чырвонаармейцаў пайшло ў атаку. Старанна замаскіраваныя агнявыя кропкі ворага адкрылі моцны кулямётны і мінамётны агонь. Чырвонаармейцы заляглі. Акапваючыся і выкарыстоўваючы кожную лагчынку і кожны пагорачак зямлі, яны настойліва і ўпарта прасоўваліся наперад.

Мікіта Палазок быў на левым флангу наступаючай часці. Углядаючыся ў той бок, адкуль вялі агонь нямецкія кулямёты, ён заўважыў нейкі падазроны ўзгорак. Пільнае вока чырвонаармейца разгледзела штучна насаджаныя кусты на адхоне ўзгорка. Ён паведаміў аб гэтым свайму камандзіру і сам вызваўся знішчыць агнявую кропку ворага. Малодшы лейтэнант па-сяброўску паціснуў яму руку.

– Ідзі, Палазок, але будзь асцярожны... Не падкачай!

Камандзір вельмі любіў Палазка і высока цаніў яго баявы спрыт. Палазок быў невысокага росту і з выгляду здаваўся кволым хлопцам. У сапраўднасці ж ён быў толькі хударлявы, але мускулісты, здаровы ў касці і вельмі спрытны. Ён умеў хадзіць непрыметна. «Палазок пройдзе там, дзе і мыш не пралезе», – гаварылі пра яго таварышы.

Зрабіўшы даволі вялікі абход, прабіраючыся глухімі мясцінамі, Палазок падкраўся да ўзгорка з тылу. Схаваўшыся ў куст, ён спыніўся, углядаючыся ў размяшчэнне агнявой нямецкай пазіцыі. Праз уваткнутыя ў зямлю галіны ўбачыў нямецкія каскі. На левым баку ўзгорка размясціліся мінамётчыкі, і ў цэнтры – кулямётнае гняздо. Фашысты мітусіліся, захапіўшыся стралянінай, і не думалі аб небяспецы. Палазок агледзеўся, падрыхтаваў гранаты. Але адлегласць была занадта вялікая. «Не падкачай!» – як быццам зноў пачуў Палазок малодшага лейтэнанта і ўспомніў сваіх баявых сяброў. Ён папоўз бліжэй да ўзгорка. Нарэшце спыніўся. Сэрца яго моцна білася: не прамахнуцца б! Не заўважылі б яго гітлераўцы раней часу. Падрыхтаваў гранаты, хутка вырашыў, як яму дзейнічаць: кінуць спачатку гранату ў групу мінамётчыкаў, а потым – у кулямётнае гняздо. Адсюль яно добра відаць. Палазок рашуча ўзняўся і з вялікай сілай шпурнуў спачатку адну, потым другую гранату, а сам хутка лёг на зямлю, шчыльна прыціскаючыся да яе. Пачуўся моцны выбух, за ім другі. Са звонам праляцелі дробныя асколкі гранат. І ўсё змоўкла. Узгорак анямеў. Прыўзняўшы галаву, Палазок убачыў яшчэ не рассеяны пыл ад узрываў гранат. Тры гітлераўскія салдаты, прыгінаючыся да зямлі, беглі ўправа ад узгорка. Палазок шпурнуў ім наўздагон яшчэ адну гранату, а сам кінуўся ў кусты і раптам убачыў перад сабой спалоханага нямецкага афіцэра з рэвальверам у руках. Афіцэр раптам спыніўся. Яго зякратыя алавяныя вочы з жахам глядзелі на Палазка. З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты ж момант адчуў гарачы боль у левым плячы. Быццам яго апаліла распаленым жалезам. Пацямнела ў вачах, закружылася галава. У гарачцы ён парнуў афіцэра штыком, захістаўся і ўпаў, страціўшы прытомнасць.

Калі ён ачнуўся, пякучы боль быццам аціх, але ўсё цела дрыжала, а ў галаве моцна шумела. Праз гэты шум пачуў ён магутнае, грознае «ўра!». Палазок агледзеўся. За некалькі крокаў ад яго, побач з вінтоўкай ляжаў забіты нямецкі афіцэр. Перасіліўшы боль і слабасць, Палазок падпоўз да афіцэра, падняў сваю вінтоўку. Адно пачуццё, адно жаданне – вярнуцца ў сваю часць. Папрабаваў ісці. Ногі не слухаліся, левая рука не варушылася.

Палазок споўз у лагчыну і стаў прабірацца кустамі. Мучыць смага. Тут недзе працякае ручай. Але сілы пакідалі яго. І ён упаў у глыбокае забыццё.

Калі ён апрытомнеў і расплюшчыў вочы, то ўбачыў, што ён знаходзіцца на палявым пункце. Каля яго стаялі ўрач у белым халаце, дзве сястры і маладая дзяўчына ў цёмна-шэрай гімнасцёрцы з русымі кудрамі. Яна радасна і ветліва ўсміхалася яму.

– Ну, вось і ажыў, – сказала яна. – Цяпер усё будзе добра.

Палазок зірнуў на яе, нешта прыпамінаючы.

– Як жа я трапіў сюды? – у здзіўленні спытаўся ён.

– Трапіў, браце, і добра, – адказаў доктар. – Ёй дзякуй, – паказаў ён на Таню Мініч, – яна прынесла цябе сюды. Яна ж і крыві свае не пашкадавала для цябе. Іначай з табой дрэнна было б. А цяпер папраўляйся, дружа: ты – хлопец-герой.

Палазок сарамліва ўсміхнуўся. Ён ніяк не мог зразумець, як трапіў сюды, але на душы яго было светла і спакойна.

[1941]


[1941]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6