epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Савецкія годы

Далёка сягоння ад нас ліхалецце,

Галеча, бяспраўе, жуда.

Ачысціў паветра кастрычніцкі вецер,

І новая сіла паўстала на свеце,

Як майская рань, малада.

 

Цудоўная сіла на радасць народам,

Надзея і шчасце зямлі.

Няма ёй граніцы, няма перашкоды.

Яе ўзгадавалі савецкія годы,

          Што волю і моц нам далі.

 

Імкнуліся лад наш разбурыць пачвары,

Фашысцкага свету разбой,

Дзе стэрлінгаў фунты дружылі з даларам

І благаславенне злінялай ціяры

Йшло з імі дарогай адной.

 

Але не адолелі ворагі міру

Сіл нашых краін маладых.

Упалі ў прадонне акулы, вампіры,

Як чэзлыя шчэпкі ў бушуючым віры,

            І памяць паблекла аб іх.

 

Няхай гэта будзе для тых напамінам,

Што мараць аб новай вайне,

Што з сыканнем злосным, сіпеннем змяіным

Гатуюць няволю свабодным краінам,–

Лёс Гітлера іх не міне.

 

Ляжаць перад намі прасторныя далі,

Шляхі нашы ясны, як дзень:

Азначыў іх Ленін, вядзе па іх Сталін.

Савецкія годы – вясеннія хвалі,

                Дзе сонечны ззяе прамень.

 

Нам ясны задачы, акрэслены мэты,

Наперад скірован наш зрок;

Мы сталінскай дружбай народаў сагрэты,

Мы – новыя людзі вялікай планеты,–

Дык цвёрдым жа будзь ты, наш крок!

Вітай жа сягоння, краіна мая ты,

Вітай, беларускі народ,

Гадоў-сакалоў тваіх слаўны трыццатак,

І ленінска-сталінскі засеў багаты,

                І партыі новай узлёт!

 

30/ХІ 1948


30.11.1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4