epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Сцёпкаў сон

Рана Сцёпка абудзіўся

І ляжыць – не спіцца:

Сон яму такі прысніўся –

Толькі падзівіцца!

 

Быццам жыта сеяць выйшлі

Ў поле пры дарозе, –

Сцёпку нават зышло з мыслі,

Што ён у астрозе, –

 

Поле сонцам скрозь заліта, –

Шырыня, раўніна!

Глеба тлуста, сакавіта –

Чарназём ды гліна.

 

Не дакінеш проста вокам

Да суседскіх межаў,

А на лузе іх шырокім

Што ні стог, то вежа!

І суседзі тут у полі

Ходзяць з карабкамі,

Сеюць жыта на прыволлі,

Рэжуць дол плугамі,

 

Робяць гоні і разоркі...

Ветрык ціха вее.

Трохі воддаль на прыгорку

Вёска іх чарнее.

 

З-за сялянскіх хат адметна,

Між гумён, адрынак,

Пазірае так прыветна

І Сцёпкаў будынак...

 

Углыбіўся Сцёпка ў мары,

Думцы ўвесь аддаўся,

Пра астрог забыў, пра нары,

Дзе ўсю ноч валяўся.

 

Тут ён целам, там – душою,

Там, у родным полі,

Дзе хадзіў ён за сахою,

Дзе пазнаў нядолю.

 

Ды забыта ўсё ліхое,

Ўсё, што дух смуціла,

Засталося дарагое,

Што так сэрцу міла.

 

Але зараз рассвітала,

Нудны дзень вярнуўся.

Сон і мары – ўсё прапала,

Як астрог ачнуўся.

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910