epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Сялянская рада

Скончан дзень. За стол паселі –

Дужая сямейка!

Незайздросная патрава:

Бульба ды куцейка.

 

Павячэраўшы, мужчыны

Люлькі закурылі

І аб справах аб сялянскіх

Ўсе загаварылі.

 

Даў вясну Бог, а з вясною

Праца надыходзіць.

Гэта праца іх галовам

Думак шмат наводзіць.

 

Поля мала, ды і тое

Хоць бы ў адным месцы,

А то — дзе яно? За светам,

Гною не падвезці,

 

Не ўзараць у сваю пору,—

Так і прападае,

А пасееш — няма толку,

Што ж, зямля пустая!

 

– Я казаў бы,— пачынае

Дзед, абросшы мохам,—

Картаплянішча ад лесу

Высеяць гарохам.

 

– Ну але, і я так думаў,

І там больш зацішку,—

Падтрымаў старога дзеда

Сын жанаты, Грышка.

– А «Асінкі» ад дарогі

Трэба заскародзіць:

Як патрапіш пад пагоду,

Можа, грэчка ўродзіць.

 

– Ну, якая ўжо там грэчка! –

Брат малодшы кажа,—

Ветрам выдзьме! Не паспеўшы,

Ўся на пні паляжа.

 

– Хоць мякіна свінням будзе,

Подсціл, корм каровам.

На хвілінку гоман сціхнуў,

Думаюць галовы.

 

– А для льну пакінуць, можа,—

Голас гаспадыні,—

Два загончыкі ў «Навозах»

Або пры лагчыне.

 

– Для льну месца там падобна,

Толькі трэба гною.

– Ну, а з пусткаю што будзе?

Сеяць ярыною?

 

Ці ў папар на лета пусцім? —

Грышкаў брат пытае. —

Пэўна ж так. Хай у папары

Лета пагуляе...

 

Зацягнулася далёка

Гэта іх гаворка,

І як розум ні павернеш,

Ўсюды выйдзе спорка:

 

Там пясок і камяніца —

Кепска для ячменя:

На адну кальвінку збожжа

Зелля больш як жменя.

 

Там занізка, дождж размые

І зямля сцаглее.

Там высока, сонца спаліць,

Без пары саспее.

А дзе б можна што пасеяць

На якім загоне,

Дык там куры падрасуюць,

Паталочаць коні.

 

Эх, вясенька галадненька!

Каб ты толькі знала,

Колькі думак селяніну

Нанесла, нагнала!

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910