epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Сіла маладая

Што ні дзень, што ні час

Наша сіла расце,

Сіла маладая.

Хто ні гляне на нас,

Сам, як май, расцвіце,

Юнасць прыгадае.

 

Як разводдзе вясной,

Як той шум баравы,

Ідзе сіла гэта,

  Бо суровай вайной

Кован дух баявы,

Сталіным сагрэты.

 

Бездань сініх вышынь,

Дзікай Арктыкі лёд

Добра нам вядомы.

Нам няма далячынь,

Нам няма перашкод,

Нас не спыняць громы.

А дарог жа, дарог,

Ды прасторных якіх,

Што яснотай дышуць!

Не шкадуй толькі ног,

Сіл сваіх маладых,

Ды ўздымай сцяг вышай!

 

Свет збянтэжан стары

І са страхам глухім

На нас паглядае.

Мкне, бы камень з гары,

Не стрымана нікім,

Сіла маладая.

 

Ну, ды дзе і калі,

У краіне якой

Хто меў столькі волі?

На Савецкай зямлі

Грае бурнай ракой

Наш разгон саколлі.

 

А хто зробіць замах,

Каб спыніць наш разгон

І не даць нам ходу, —

Будзе змецен, як прах,

Будзе выкінут вон,

Не паўстане зроду.

 

Што ні дзень, што ні час

Наша сіла расце,

Сіла маладая.

Хто ні гляне на нас,

Сам, як дзень, расцвіце,

Як усмешка мая.

 

1/ІХ 1938


01.09.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938