epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Школьная работніца

На краю сяла глухога

Паміж ліп разложных

Прытуліўся дом убога,

Як жабрак набожны.

 

Пахілілася гарожа,

Ў дзірах дах зіяе...

Непрытульна, непрыгожа

Школка выглядае!

 

Насцеж зяўраюць вароты,

Чуць ліпяць і дзверцы.

Дзве бярозкі, як сіроты,

Гінуць ў паняверцы.

 

Ціха. Ночка. Нічагутка

Навакол не дрогне,

Хіба толькі дах ціхутка,

Як стары, застогне.

 

Вёска спіць — пара глухая,

Позняя часіна.

Не спіць толькі маладая

У школцы дзяўчына.

 

Свеціць лямпа перад ёю,

Ціха, бы ў магіле.

Многа працы ёй з дзятвою,

Каб разняць ім крылле,

Каб разблытаць з павуціны

Разумок дзіцячы.

Ды не страшны для дзяўчыны

Трудныя задачы.

 

Хоць над ёю цьма глухая

І вісіць абухам,

Ды дзяўчына маладая

Не падае духам.

 

Вучыць дзетак з дня ў дзянёчак,

Кніжкі ім чытае,

Раскатурхаць разумочак

Дзеткам памагае.

 

Рада радасцю дзяцінай,

Смутна іх бядою.

Не нацешацца дзяўчынай

Дзеткі маладою.

 

Так у цяжкай тэй рабоце

Траціць дні дзявочы,

Каб галоце і бядоце

Цьму рассеяць ночы.

 

Сцішна ў вёсцы. Думка-смута

Часта душу томіць,

І часамі боль зло-люта

Ў сэрцы загамоніць,

 

І агорне журба нейка,

  Няміла нічога,

І не знойдзеш чалавека

Чулага, жывога...

 

Поп і пісар — чужаніцы,

Іх свая дарога:

Рвуць, як могуць, ад дурніцы,

Мужыка сляпога.

 

Цяжка беднай ёй часамі:

«Власти» насядаюць,

Поп і земскі з пісарамі

  Скрыва паглядаюць

На дзявочыя старанні,

На яе работу.

Толькі ж вера ў сілу знання

Ёй дае ахвоты.

 

Цёмна ў вёсцы, беспрасветна.

Цяжка, цяжка школе.

Ды праз школу непрыкметна

Прыйдзе шчасце-воля.

 

Не загінуць край і людзі,

Пасынкі народу,

Калі ў краі гэтым будзе

Ззяць прамень свабоды.

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910