epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Слава героям!

Такой эпапеі, герояў такіх

Не чулі мы ў казках, у кнігах.

Савецкая ява дала чацвярых,

Што свет скалыхнулі на крыгах.

 

Бязлюдная пусташ, бяскрайні прастор

І дзебры ільдзістага поля,

Дзе буры жахліва вядуць разгавор,

Дзе грозна стыхія сваволіць;

 

Дзе жудкая цемра па месяцы тры

Вартуе глухія абшары,

Ды сполахі ў небе стаўляюць шатры

Пад громы лядовых удараў.

 

Ці ёсць дзе на свеце узор хоць адзін

Такое адвагі і волі —

Скарыць сваёй сіле капрызы ільдзін

І славы здабыць яшчэ болей?!

 

Чатыры героі дзесяткі другіх

Далі нашай слаўнай краіне,

  «Таймыр» і з ім «Мурман» прыплылі ўдваіх,

А Власаў шлях значыў к ільдзіне.

 

Такія героі ёсць толькі у нас,

Дзе ясна акрэслены мэты...

Плеяды герояў! Вітаю я вас,

Вас, сталінскім сонцам сагрэтых!

 

19/ІІ 1938


19.02.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938