epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Смех

Годзе плакаць, надаела,

Слёз не набяруся.

Каб жа, доля, ты згарэла —

Ось жа засмяюся.

 

Пражыву век смеючыся,

Хочаш — пабажуся.

Ка мне, доля, не сучыся:

Дальбог, засмяюся.

 

Мая жонка захварэла —

Адзін ухаджуся.

Божа, Божа, колькі дзела!

Бегаю, смяюся.

 

Там крычыць дзіця ў калысцы,

А я ўсё страпуся,

І нагою — трах па місцы!

Проста аж кладуся.

 

Порткі злезлі на калені,

Эх, як закручуся!

Паслізнуўся на палені,

Гопнуў і смяюся.

 

Вады ў гумно нацякло,

А я і не дбаю,

Узяў сабе памяло,

Браджу і спяваю.

 

Перажыў, прагараваў,

Век свой перадлякаў,—

Чорт яго тут бедаваў,

Чорт яго і плакаў!

 

[1898]


[1898]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910