Грышка, хлопчык невялічкі,
Выйшаў ў поле з дому.
Люба тут каля крынічкі
Хлопчыку малому!
Ў гушчары кустоў зялёных
Многа розных пташак,
Кветак белых і чырвоных,
Мошачак, мурашак.
Ўсё заліта бляскам лета:
Поле, бераг рэчкі.
А што лепш за ўсё, дык гэта —
Пташчыны гняздзечкі.
Сядзе хлопчык над крынічкай
І не зварухнецца,
Пазірае, як над дзічкай
Пташачка снуецца
І сваіх маленькіх дзетак
Корміць чарвячкамі.
Эх, як добра сярод кветак
Летнімі дзянькамі!
Раз сядзеў ён, нерухомы,
Сам сабе смяяўся...
Зірк — равеснік незнаёмы!
Грышка аж спужаўся —
Чуць наўцёкі не пусціўся
Хлопчык наш знячэўку:
Ўскочыў хутка, прытуліўся
Спінаю да дрэўка,
Незнаёмца аглядае,
Мерае вачамі,
Порткі вышай падцягае,
Ўскідвае плячамі,
Ногу ўперад выстаўляе,
Як дзяцюк ўжо сталы,
Бок рукою падпірае,
Як баец прыўдалы.
Незнаёмы, як і Грышка,
Аднаго з ім росту,
Загарэлы, бы пурышка.
— Хто ты? Чорт з-пад мосту? —
Грышка ціха запытаўся
З лёгкаю усмешкай.
Незнаёмы не спужаўся.
— А сам хто ты, плешка?
— А табе якое дзела,
Вылівак курачы?
— Твайго бацьку свіння зʼела!
Татка ты свінячы!
Падыдзі адно сюды ты!
— А што ж, пабаюся?
— Смелы ты, брат, і сярдзіты,
А я вось смяюся!
— Ой, глядзі, каб не заплакаў! —
Грышка кажа басам.
— Ха-ха-ха! Ото завякаў,
Як цялятка часам.
— А скажы, як ты завешся?
— Я? Пятрусь. А ты як?
— А я — Грышка. Не смяешся?
— Не... Хадзем ў ашыек
Ці туды, дзе густа лозы
Звесілісь над рэчкай.
Там і пташкі і стракозы.
І удзень са свечкай
Нас ніхто не знойдзе, браце,
Там няма нікога,
І мы будзем, — як у хаце
Ці ў кішэні ў Бога.
Хлопцы ўраз пасябравалі,
Гутарка ў іх льецца,
Галасок іх ў сіняй далі
Дудкай аддаецца.
Грышка Пётру ўсюды водзіць,
Лазяць па каменнях.
Пётра слоў тых не знаходзіць
Выказаць здзіўленне.
— Эх, як добра і прывольна!
Жыў бы тут, здаецца.
І сам Грышка так давольны,
Бегае, смяецца.
Смешкі, сваркі — ўсё забыта,
Весялы, жартлівы,
І нясецца сярод жыта
Шчэбет іх шчаслівы.
[1921]