– Ты ведаеш, хто я? Ведаеш?
– Чаму ж не ведаю: ты наш стараста.
– Стараста! Я – стараста, ста-а-ра-ста! – Пры гэтым стараста падняў угару палец, уставіўся ў адно месца, як бы ахопліваючы цалкам усю веліч свайго чына, сваёй улады, магутнасці.
Гэты агляд упаіў старасту, галава яго закружылася яшчэ больш, і ён у парыванні нейкай дзікай радасці і буйства крэпка згарнуў кулак і грукнуў па стале. Пустая бутэлька падскочыла ўгару і са звонам скацілася пад стол.
– А ты ведаеш, што ёсць стараста?
Мікіта Булбатка, старастаў прыяцель і сябар па бутэльцы, да якога зварачаўся стараста са сваім пытаннем, сцеляпнуўся ўсім целам і з вялікім намаганнем узняў на старасту вочы. Замест аднаго старасты яму здалося па меншай меры з шэсць старастаў, і Мікіта не ведаў, каму з іх адказваць.
– Стараста, ну, і ёсць стараста, – прамовіў непаслухмяным языком Мікіта.
Але такі адказ не задаволіў і яго самога.
– Ты выбраны вобчаствам чалавек, значыцца, пастаўлены ад вобчаства, – вось што ёсць стараста, – паправіўся Мікіта.
Стараста круціў галавою і яшчэ больш насядаў на пытанне, што ёсць стараста.
Мікіта зусім збіўся з панталыку і ўжо ў роспачы сказаў:
– Ты – наша начальства!
– Во, во! Праўду гаворыш, – падхапіў стараста, – то ўжо, калі пайшло на праўду, і я скажу табе праўду: ты – самы разумны ў вобчастве!.. Так гаворыць табе начальства. Люблю я разумных, страх, як люблю!
Стараста і Мікіта перагнуліся праз стол і крэпка пацалаваліся. Мужчыны бліжэй падступілі да сяброў; гутарка гэтых выпівакаў пачынала пацяшаць іх. Смяшлівыя вочы Кандрата Гоцкі акінулі мужчын.
– Начальства з розумам цалуецца, – сказаў ён.
– А то ж я не начальства?! – павярнуў стараста малапаслушную галаву ў бок Кандрата.
– Хто ж гаворыць, што ты не начальства? Хіба не ведаем? Ці не ты з нас падаткі бярэш?
Стараста нізка апусціў галаву і слухаў і ў тых месцах, дзе пацвярджалася яго начальства, здаволена ківаў галавой.
– Ці не ты гоніш нас на работу? – гаварыў далей Кандрат, а стараста зноў калыхнуў галавою.
– Ці не ты павесткі нам падпісваеш і завяраеш? На стараставых губах зʼявілася шчаслівая ўсмешка.
– І ты разумны, Кандрат! І ты і Мікіта. Гавары далей.
– Ці не цябе гэта Сальвэсь Канстантынаў гнаў з млёнам праз усю вуліцу?
Тут стараста ўзняў на Кандрата вочы.
– Што?! – спытаў стараста. Мужчыны зарагаталі.
– Ці не ты ў халоднай сядзеў, помніш, можа, – земскі пасадзіў?
– Маўчаць!!!
– Ці не ты гэта, як жабрак, нядоімкі збіраеш?
– Дурань! – крыкнуў стараста. – Дурань ты!
– Няхай сабе дурань, а ты – папіхач, якое ты начальства? Пхае цябе пісар, пхае старшыня, земскі... Хто не хоча хіба, то той не пхае. Спытай хоць разумнага Мікіту.
Мікіта целяпнуў галавою, хацеў штось сказаць у абарону старасты, ды нічога не выйшла.
– А што, і Мікіта пацвярджае, што ты папіхач.
– Мікіта, праўда гэта? – спытаў стараста Мікіту.
Мікіта нічога не цяміў: яму цяпер было ўсё роўна; а як адно слова сказаць было лягчэй, то ён і сказаў:
– Праўда!
Мужчыны са смеху аж за жываты хапаліся.
– Калі Мікіта сказаў «праўда», то значыць праўда, бо Мікіта самы разумны ва ўсім вобчастве, – крычаў, рагочучы, стары Грышка.
Стараста грозна ўтаропіўся на Мікіту.
– Праўда?
– Праўда!
– Ах ты гіцаль! І ты мяне лаеш? Ты, хто маю гарэлку піў?!
Цяпер Мікіта сцяміў, што стараста яго лае. А калі чалавека лаюць, то чаго цярпець? Што доўга разбірацца?
– А-а-а ты не піў маю гарэлку, каб ты смалы напіўся? – прарваўся ў канцы Мікіта. – Жабіч ты! Ты думаеш, калі ты стараста, то ты ў мяне вялікая цаца? Пляваць я на цябе хачу, начхаць табе на галаву! Хрушч ты рыжы, жабіны начоўкі, падла смярдзячая, абармот, пʼяніца! Акцызнік ты, во што!
Стараста і вушам сваім не верыў. Ён пазіраў асалавелымі вачамі і слухаў, як адчытваў яго Мікіта.
– Ты, ты мяне лаеш?! – устаў стараста, згарнуўшы кулакі. – Ды ці ведаеш ты, каго лаеш? Мяне, далжнасную асобу, пры спаўненні служэбных абязаннасцей? Ды я ж цябе ў Сібір запякаю, з вобчаства вышлю, на дзень у халодную пасаджу! Ды ты ведаеш, хто я? Людзі, будзьце сведкамі!
Стараста штось надумаўся, вылез з-за стала і, хістаючыся, рынуўся да дзвярэй. Пераступіўшы парог, ён з усёй сілы грукнуў дзвярыма. Доўгае крысо яго каптана папала між вушака і дзвярэй і зашчамілася. Стараста зразу пачуў, што яго нехта трымае.
– Пусці! – крыкнуў стараста і рвануўся, але крысо моцна было прышчэмлена. – Пусці, кажу. Адказваць будзеш за супраціўленне начальству.
Старастаў крык далёка разлягаўся па сяле. На гэты час ішоў з вудамі бацюшка лавіць рыбу. Бацюшка накіраваўся да старасты. Рвануўшыся з усёй сілы, стараста адарваў крысо. Ганак быў высокі, і стараста, як клубок, пакаціўся аж пад кузню.
Убачыўшы бацюшку, стараста, не ўстаючы з зямлі, з адарваным крысом, звярнуўся да яго:
– Бацюшка, будзьце сведкам, забіць мяне хацелі.
Бацюшка паківаў галавою:
– Ох, стараста, стараста! – І пайшоў вудзіць рыбу.
[1914]