epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Стары гасцінец

Шлях старадаўні, вядомы ў народзе,

Лёг між прысадаў бяроз,

Пасмы іх спушчаных кос

Звіслі ў лісцяным жывым карагодзе.

 

Роўныя тоны іх мірнай размовы

Ціха над полем плылі,

І заміралі ўдалі

Песні спрадвечнай знаёмыя словы.

 

Побач гасцінца — лясы, лугавіны,

                Мора зялёнае ніў,

Срэбраных рэчак разліў,

Лёгшых утульна пад зелені тынам.

Вёскі, мястэчкі абапал дарогі,

Дбалы, гасцінны народ,

Сад, паплавец, агарод,

Гай у сінечы, узгоркаў разлогі...

 

Век плыў за векам, мяняліся часы,

Шмат адбылося падзей.

Свет расчыніўся шырэй,

        Новыя сцежкі пралеглі, як пасы.

 

Шлях жа спрадвечны з бярозамі ў згодзе

Так жа, як здаўна, ляжыць,

Краю гатовы служыць,

Тое ж ён носіць і імя ў народзе.

 

Шлях ты мой родны, гасцінец шырокі!

Лучыш ты два рубяжы:

Ўсход наш і Захад чужы,

Лёг ты спрадвеку праз нашы валокі.

 

Дай ты мне вестку аб людзях і краі —

          Чым жа народ наш жыве?

Голас твой, чую, плыве,

Горы і долы, пустэлі мінае.

 

«Часы ліхія насталі ў краіне,

Топча дарогі чужак,

Нішчыць дабро ваўкалак,

Чыніць расправы нямецкі звярынец.

 

Толькі ж не ведае вораг спакою —

Бʼюць яго нашы байцы,

Ворагу будуць канцы:

        Смерць яго сочыць з-за кожнае хвоі.

 

З Нёмана, Прыпяці, Свіслачы, Сожа

Носіцца голас наўсцяж: —

Быў ён і будзе край наш,

Вораг закляты тут голаву зложыць!

 

Дружна паўсталі байцы-партызаны.

Помста — іх думка адна:

Знішчыць заразу да дна —

Ворагу месца пад дзікім бурʼянам!

Вер мне, мой дружа: няпрошаным госцям

                Заўжды такі ў нас пачот:

Выкінем нечысць за плот —

Месца ім хопіць на цёмным пагосце.

 

Чуеш, з усходу як громы грукочуць,

Выкурым гада з нары»,

Родны гасцінец стары,

Хай жа твой голас ды будзе прарочы!

 

12/V 1942


12.05.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945