epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Старыя дубы

Зноў я бачу, зноў вітаю

Сілачоў вяльможных —

Па-над Нёманам у гаі

Гурт дубоў разложных.

 

Сам не ведаю, чым мілы,

Чым вы сэрцу любы,

Выхаванцы веку, сілы,

Магутныя дубы.

 

Чымся мілым, чымся родным

Ад вас павявае,

Аж мне сэрца ў спеў лагодны

Штосьці ахінае.

 

Ўзварухнуцца думкі-песні,

Як вашы лісцінкі,

І зноў станеш напрадвесні

Жыццёвай пуцінкі.

 

Цешуся я, пазіраю

На вас, вежы-дрэвы,

Цьмяна сэрцам прачуваю

Вашы думкі-спевы.

 

Але шум не той я чую —

І вы парадзелі,

І вы не ўсе буру злую

Знеслі і здалелі.

 

Ой, асілкі ў ціхім гаі,

Дубы векавыя!

Я вітаю вас, вітаю,

Волаты любыя!

 

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938