Я пайду, міну лясочкі,
Што чарнеюць, нібы бровы, —
Там пабачу я свет новы,
Там пацешу свае вочкі,
Там другія ўчую словы.
За ляскамі, за тым гаем,
Далі, лёгшы сінім морам,
Вабяць душу мне прасторам
І чаруюць новым краем,
Клічуць к нейкім ясным зорам.
Я йду смела, сэрцу люба,
А ў дарозе травы, краскі
Мне гавораць свае казкі;
Мне смяецца постаць дуба,
Чараў поўная і ласкі...
Я ўсё йду; бяжыць дарога
То на ўзгоркі, то ў лагчынку.
Ветрык гойдае былінку,
Навявае думак многа
Мне пра родную краінку.
Я прайшла ляскі густыя,
Мой дзянёк гарыць высока;
Я на далі кіну вока —
Далі — мары залатыя,
Ох, далёкенька-далёка.
*
Адбягаюць мае далі,
Далі новыя відаць;
Падбівацца ножкі сталі —
Цяжка мне адной дыбаць.
21/ІХ 1923