epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Што мы адчуем

Выйдзем у поле мы ў нашых прасторах,

Глянем навокал і цяжка ўздыхнём:

Раны глыбокі, не гояцца скора —

Спалена сэрца балесным агнём.

 

Многа без часу палегла сыночкаў,

Многа павяла, бы кветак, дачок.

Дзе іх магілы? Дзе згаслі іх вочкі?

Дзе прытуліў іх жвіровы пясок?

 

Вецер павее ці ўранку ці ўвечар,

Месяц тужлівы зірне з-за аблок.

Думка памкнецца далеча-далеча.

Хто нам адкажа, дзе ён, наш сынок?

 

27/ХІІ 1942


27.12.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945