epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Страказа

Калі абмінуць малапатрэбныя або зусім непатрэбныя словы (а іх, на жаль, вельмі многа), дык можна проста сказаць: такое прыгожае возера, з такімі прывабнымі берагамі — то высокімі, то адхоннымі з купчастымі дубамі і соснамі па краях возера, рэдка сустрэнеш.

Надзвычай ясная, спакойная раніца выдалася ў гэты дзень. Возера лагодна пакалыхвала свае хвалі, і, каб пачуць іх шум, трэба было дужа ўважліва прыслухоўвацца да гамонкі дробных хваляў, што, як срэбра, пераліваліся на сонцы. І толькі палоску танюсенькай белай пены, нібы карункі на падоле маладзіцы, пакідала возера ўздоўж свайго берага. Тым, хто сядзеў у гэты час над возерам і любаваўся жывым срэбрам яго дробненькіх скалак-хваляў і ўслухоўваўся ў іх музыку, давялося пабачыць надзвычай цікавы малюнак: з пясчанага і неглыбокага дна возера выпаўзалі на бераг дзіўныя, зеленаватага колеру нейкія істоты, падобныя да вадзяных жукоў. Выпаўзшы з возера, жукі некаторы час нерухома сядзелі на цёплым пясочку. І тут, на вачах, з імі адбывалася дзіўная змена: шкарлупіна раскідалася, спаўзала, і з жука выклёўвалася маладзенькая, далікатная стракозка з празрыстымі, бы слюда, крыльцамі.

Момант пасядзеўшы, яна разгортвала крыльцы і жвава падымалася ў паветра. Так нараджалася новае стварэнне. Праз пару хвілін цэлы рой рэзвых, рухавых стракозак закружыўся над возерам і яго берагамі і далёка над полем. Як радасна і весела пачыналася маладое жыццё! Здавалася, канца не будзе яго радасці. Стракозкі мітусіліся ў паветры, ганяліся адна за другою, лавілі камарыкаў, сутыкаліся ў паветры. Нават не заўважылі, як сонца пачало схіляцца на захад і ўсё ніжай і ніжай спускацца над зямлёю, а потым і зусім схавалася за лесам. У паветры значна пахаладзела, пацягнула вільгаццю. Кропелькі яе сталі выступаць на празрыстых крыльцах стракозак, адчаго і лятаць ім стала значна цяжэй. Страх агарнуў маладых стракозак, бо яны не ведалі жыцця — гэта быў першы дзень яго, першы дзень іх веку. Адна стракозка, абцяжараная кропелькамі расы, ледзь-ледзь даляцела да альховага кусціка, што стаяў над возерам, і прысела на яго лісцік у самым зацішным месцы. Яна вельмі перапалохалася і думала, што жыццё яе ўжо скончылася. А ноч была свежая, халодная. «Канец!» — думала стракозка. Але назаўтра мрок развеяўся, пасвятлела, і нарэшце ўзышло сонейка. Яно абсушыла завільгатнелыя крыльцы стракозкі, што прытулілася на альховым кусціку над возерам. Яна акрыяла. Да яе вярнулася жыццёвая сіла. Малапаслухмянымі лапкамі яна пасцірала рэшткі расы на крыльцах. Вядома, ёй дужа памагло сонца. Стракозка зусім ачуняла. Яна пачула сілу, і ёй захацелася пагуляць, пакружыцца ў паветры, дзе ўжо мітусіўся цэлы рой стракозак.

Наступны вечар, мрок, вільгаць і прахалода ўжо не палохалі яе, бо яна ведала, што надыдзе новы ясны дзень. І была ўпэўнена, што так будзе і надалей і назаўсёды.

Але яна моцна памылілася, бо таго дасведчання, што прынеслі ёй два-тры дні добрага надвор'я, было вельмі мала, каб цвяроза і разумна глядзець на жыццё і надалей.

На свеце вечнага няма нічога. Жыццё мяняецца. Адна яго форма змяняе другую, і так бесперастанку — такі ўжо закон жыцця. І гэтак здарылася і тут. Надвор'е змянілася. На неба наплылі хмары і ахінулі яго. Падзьмуў халодны вецер, некалькі дзён падрад лілі дажджы. Бедная стракозка, праз меру даверыўшыся альховаму кусту, што стаяў над возерам і на якім правяла яна некалькі начэй, зусім акалела ад холаду. Узышоўшае праз колькі дзён гарачае сонца ўжо не магло ажывіць зусім акалелую стракозку. І не давялося ёй ужо весяліцца ў празрыстым паветры. Вестка аб тым, што стракозка загінула, абляцела бераг шматвяковага возера. Магутны дуб, што стаяў над возерам, сумотна зашумеў сваім шатрыстым верхам і сказаў:

— Беднае ты стварэнне, стракозка! Чаму ты загінула без часу? А таму, што адным альховым кустом не можна замыкаць і абмяжоўваць свайго жыцця. На свеце ёсць шмат прытульных куточкаў і сховішч, дзе можна перачакаць і схавацца ад розных нягодаў.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў. Т. 5 : Апавяданні паслякастрычніцкага перыяду і "Казкі жыцця" / рэдактары М. Лынькоў і Ю. Пшыркоў. — 1973. — 630, [1] с., [4] л. іл.