epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Страшнае спатканне

 

– Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Не палянуйся, сынок, – сказала мне матка.

Я быў хлопец паслушны і любіў, калі мяне за гэта хвалілі. Мяне таксама цікавіў і рум на Высокім Беразе. Вы, напэўна, не ведаеце, што гэта за штука такая «рум». Румам у нас называецца тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы.

Усю зіму возяць туды калоды і навязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. А калоды ўсе такія тоўстыя, такія гладкія, роўныя – паглядзець і то было люба. А колькі там народу, колькі гоману, крыку і смеху! Проста, як на кірмашы.

Разумеецца, я з вялікаю ахвотаю згадзіўся занесці дзядзьку полудзень.

Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. У маім уяўленні яшчэ і цяпер жыва ўстае гэты Высокі Бераг над Нёманам, дзе так страшна бушуе веснавая вада. Яна не тоўпіцца ў берагах, імкнецца напрасткі, на ачосы, выліваецца з берагоў і шырокаю стужкаю, хвалюючыся, бяжыць па нізкіх лагчынах, як бы хоча хутчэй дабегчы ў нейкі далёкі-далёкі край, каб першаю прынесці туды якуюсь вельмі важную вестку адгэтуль. А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Высока над вадою ляжаць гэтыя ярусы. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвенні, каб калоды каціліся латвей і шпарчэй. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках.

– Р-р-разам! Р-р-разам!

Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Узнялі, зрушылі. Бервяно коціцца штораз шпарчэй. На момант усё заціхае. З нястрыманаю сілаю і з громам бервяно падае ў ваду.

– Гу-у-у-у! – бухаецца яно ў Нёман, на момант знікае ў вадзе, і толькі цэлая сцяна срэбных пырскаў уздымаецца ў гэтым месцы.

Я жыва сабраўся, дастаў з пячуры сваю дубінку, бо ў лесе мог налучыцца воўк, а, седзячы ў хаце, я ўжо колькі разоў лупцаваў у сваіх думках гэтаю дубінаю воўка, узяў дзядзькаў полудзень і выйшаў з хаты. На двары, каля хлява, на сухой кастрыцы ляжаў Галас, з якім я быў у вялікай дружбе. Убачыўшы мяне, Галас завіляў хвастом у знак прывітання.

Я свіснуў. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Але, як відаць, ён не выспаўся або так штось заленаваўся, бо не кінуўся адразу да мяне, як рабіў гэта звычайна. Ён прысеў на кастрыцы і задняю нагою стаў чухаць каля вуха.

– Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! – пазваў я яго.

Галас, схіліўшы набок галаву, падышоў да мяне бачком, панюхаў дзядзькаў полудзень і зірнуў мне ў вочы. Я заўважыў, што ён быў не галодны. Гэтым тлумачылася яго гультайства.

– Шукай зайца! Шукай зайца! – крыкнуў я і пабег, каб гэтым самым надаць руху гультаю Галасу.

Галас неахвотна пабег за мною, правёў мяне за кладку; але як толькі ўвайшоў я ў лес, мой Галас пачаў адставаць: сядзе на дарозе і сядзіць. А калі я аглядаўся, ён махаў хвастом, як бы хацеў сказаць, што ў яго няма ніякай ахвоты ісці са мною.

Галас зрабіў мне яшчэ адну ці дзве ўступкі і сяк-так дайшоў да лесу. Але тут ён спыніўся каля першых хвой, доўга нюхаў зямлю і ўжо не падымаў на мяне галавы, як яго ні клікаў, і не зварочваў на мяне ўвагі. Панюхаўшы, Галас азірнуўся вакол, штось разважаючы, трушком пабег краем лесу і знік.

– Ну, я ж табе пакажу! – патрос я дубінкаю ў бок Галаса і пайшоў далей.

Гэтае здарэнне з Галасам крыху парушыла той добры настрой, у якім быў я, выходзячы з дому. Перш-наперш мне было крыўдна: тая асоба, якую я лічыў сваім прыхільным сябрам, якую не раз частаваў вялікімі кавалкамі аладак і хлеба, за што мне часта пападала ад старэйшых у доме, аказалася зусім не такою, як гэта я думаў. Але гэтае пачуццё крыўды скора прайшло, бо я меў натуру незлапомную, і яно змянілася пытаннем: чаму Галас не пабег за мною? У сваю чаргу, гэтае пытанне выклікала цэлы рад другіх пытанняў і здагадак: ці не думае толькі Галас, што я яшчэ настолькі вузел і карантыш, з якім яму, Галасу, сабаку сталаму і даросламу, быць запанібрата і станавіцца на адну дошку не пасуе? І далей, ці не лічыць ён мяне такім нікчэмным, што ісці са мною праз лес па глухой дарозе ён проста не адважваецца па той прычыне, што я не магу даць ніякай забяспекі, а свая кашуля, кажуць, бліжэй да цела? Гэтыя пытанні ўжо датыкаліся майго гонару, і я, прызнацца, крыху ўскіпеў. Я смела кінуў вачыма на лес, мацней сціснуў у руцэ сваю дубінку і яшчэ шпарчэй стаў перабіраць нагамі, падымаў дубінку і стукаў ёю шмат болей, чым вымагалася ўмовамі хады. Затое ж я чуўся смялей і гэтым дадаваў сабе той храбрасці, якой, на жаль, у мяне бракавала.

А лес быў стары і глухі. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. То там то сям, паміж зялёных, сакавітых галін, доўгімі кудламі звісалі пасмы сівага моху, якраз як тая барада жабрака Яноля, які заўсёды ўражаў мяне сваёю сіваю барадою і наогул здаваўся мне страшным. І ці не Яноль толькі выглядае гэта вунь там з-за елкі? «Э, глупства!» – сказаў я сам сабе і адвёў свае вочы з гэтай яліны, але ў мяне засталася нейкая непрыемнасць.

Чым далей падаваўся я ў гэты лес, тым усё болей глушэла. І галасы птушак, што так звонка даляталі з акраіны лесу, цяпер змоўклі. Або іх тут не было, або яны проста не адважваліся падаваць голасу? Скарэй усяго, баяліся, бо птушкі наогул тут пападаліся. А самы лес рабіўся больш і больш непрыхільным, чужым, незнаёмым і, што горш усяго, варожым. Калі я пазіраў у бок лугу, які прасвечваўся скрозь галіны лесу, мне было крыху весялей. Але як толькі я кідаў вочы ў процілеглы бок, асабліва на гэта Палешукова балота, я чуўся не па сабе. Там цягнуўся вялікі лес, густы і стары. І пазіраў ён на мяне зусім неласкава. Ён быў пахмуры і, як мне здавалася, не любіў, калі ў яго ўладарства асмельваўся заходзіць такі вузел, як я. Яго погляд ясна казаў:

– Ось пачакай – пакажу я табе, як аднаму хадзіць праз лес!

– А што ты мне пакажаш? – храбрыўся я. – Я цябе не баюся! – І тут жа ў думках зазначыў сам сабе, што я сказаў нядобра: не трэба быць такім грубіянам, бо ўсё ж такі гэты лес – мне не раўня, і ён гатоў яшчэ больш усердавацца і ўгневацца. І што яму абходзіць – узяць і сапраўды пакараць мяне, кінуўшы якому-небудзь страху. Хіба мала ў яго гэтых служак?! І толькі падумаў я так, мае вочы самі, як бы іх што прыцягнула, зірнулі ў падножжа старога лесу і затрымаліся на лясным страшылішчы – вывараце. Гэта была ўжо старая хвоя, вывернутая бураю. Яе доўгія жоўтыя карэнні, як вусы і лапы цёмнага страху, высока ўздымаліся над зялёным мохам. Гэтыя лапы, і вусы, і жоўтая зямля між імі мелі вельмі страшны выраз і свой яркі і пэўны вобраз. Гэтаму ж вобразу маё ўяўленне надавала розныя формы і змест, варта было толькі затрымацца на іх крыху даўжэй. Я добра ведаў, што гэты выварат – звычайная зʼява ў лесе. Мне даводзілася сустракаць іх вельмі часта, разглядаць зблізку ўсе схованыя каморкі, закарвашкі, і тым не меней я не мог вызваліцца ад пачуцця нейкага страху, якім пагражалі мне гэтыя вывараты. Мне здавалася, што пад вываратам ці ў самым вывараце штось тоіцца і адразу можа выявіцца, але з таго боку і ў тым вобразе, якіх я ніяк не спадзяюся.

Цяпер я адчуў, што гэта дарога не такая простая і лёгкая, якою здавалася мне дома. І мне зноў успомніўся Галас. Чаму ён не згадзіўся ісці са мною праз лес? Цяпер я зразумеў, што Галас, напэўна, счуў воўчыя сляды, калі так доўга затрымаўся каля першых хвой, адкуль і вярнуўся дадому. Мне стала маркотна і сцішна. А гэтая дубінка, з якою я так казырыўся на печы, здалася мне проста смяхотнаю.

А на палавіне мае дарогі, як сумысля, стаяў самы цёмны лес. Тут было найбольш страшнае месца дарогі, бо з гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках, якія налучаліся тут з людзьмі. І гэтае месца было ўжо блізка.

Самае важнае – мінуць лінію. Прайшоўшы яе, можна лічыць, што палавіну дарогі я зрабіў, бо ўжо далей пойдзе вясёлая палянка. Яна заўсёды сустракала мяне прыветна, як бы спагадала мне. Там пачнецца яшчэ адна цёмная лагчына, праўда, невялікая; а там Доўгі Лужок, Бервянец, за імі Высокі Бераг.

Мне страшна, але іду.

Ну, вось і лінія. Якая яна роўненькая! Яна перасякае мне дарогу. Адзін канец яе бяжыць кудысь далёка на ўзгорак, у глыб лесу, а другі ідзе праз цёмны-цёмны ельнік і выходзіць на луг. Але цяпер луг аддаліўся, і я ўжо не бачу яго.

Я прайшоў яшчэ крокаў сто. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамежку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Тут пачыналася дарога на Млыновішча.

І толькі зірнуў я ў кут між гэтых дарог, як адразу спыніўся і аслупянеў. Валасы на галаве сталі падымацца і расці, шапка насунулася на вочы, а ногі страцілі здольнасць руху. Скура на мне шорхнула, сэрца замлела, а па ўсім маім нутры пакацілася нейкая гарачая хваля. Сярод старых бярэзін, нагнутых тоўстымі камлямі над зямлёю і абросшых сівым мохам, стаяў звер!

Звер гэты быў незвычайнае велічыні. Асабліва вялікай была яго галава і наогул увесь перад. Масці ён быў шэрай, шэрсць меў кудлатую і доўгую.

Першы момант анямення і адзервянення прайшоў, думкі мае пачалі крыху варушыцца. Я нават перастаў адчуваць уплыў страху, ціхенька, зусім без слоў, я заспяваў сам сабе песню:

 

 

Ходзіць свёкар па двару,

Расчасаўшы бараду.

 

 

Гэтаю песняю мяне часта дражнілі дома, бо калісь я яе спяваў, неміласэрна гаркаючы – я не мог тады вымавіць чыста «р», а казаў «рла», – гэта і служыла прычынаю таго смеху, ад якога я часта аж на сцяну лез.

Чаму яна, гэта песня, прыйшла цяпер мне на памяць, я не магу растлумачыць.

А звер стаяў на адным месцы, загарадзіўшы мне дарогу. Ён стаяў нерухома, толькі зрэдку, і то ледзь прыметна, варушылася яго страшная галава і велізарныя вушы. Думкі аб тым, як размінуцца з гэтым зверам і як занесці дзядзьку полудзень, у мяне не было, бо я быў цвёрда пэвен у тым, што далей таго месца, дзе стаю цяпер, не зрушуся ні на адзін крок. Разгледзеўшы звера, я пераканаўся, што гэта быў воўк. Я колькі разоў бачыў воўка, але такога вялікага і страшнага мне не прыходзілася ніколі сустракаць.

«Чаго ж ён так узіраецца на мяне? Чаму ён не кідаецца і не хапае?.. Эх, Галас, Галас! Чаму ты не пабег са мною?» – Мяне ахапіў нейкі жаль, і я гатоў быў заплакаць. Мне так шкада стала свайго дому, мамы і таты, братоў і сясцёр! – «Эх, мілы мой братка Алесь! І за што толькі дражніўся і біўся я з табою! Ох, гад жа я, гад печаны! Як толькі хапала ў мяне дзёрзкасці сказаць табе кепскае слова і падняць на цябе руку! Як мог павярнуцца мой язык, каб сказаць на цябе «булавешка»?

Я быў цяпер у становішчы той мухі, якая заблыталася ў павуцінне, а павук ужо нарыхтаваўся, каб высмактаць з яе ўсе сокі.

«І што мне рабіць? Чаго стаіць гэты пракляты воўк? Чаму ён не душыць мяне? Чаго ён маўчыць?»

А воўк як бы насміхаецца з мяне, стаіць, пазірае, зачароўвае мяне сваім звярыным поглядам.

Мімаволі я пачаў памаленечку адступаць назад, не спускаючы вачэй з воўка. Воўк нічога – стаіць! Мне стала крыху лягчэй. Я ступіў назад – яшчэ, яшчэ. Ужо крокаў дваццаць адышоўся я такім парадкам. Воўк ледзь-ледзь ужо відаць, але не варушыцца.

Павярнуўся тады я – у адной руцэ палка, у другой збан з дзядзькавым полуднем – і як засмаліў, як налёг! Азірнуўся назад тады толькі, калі з лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спыніўся, пайшоў ціха і важна, думаючы аб тым, як павесці дома апавяданне аб гэтым выпадку.

На двары мяне сустрэў Галас і кінуўся да мяне кулём.

– Ідзі, ідзі: я цябе пачастую!

І як толькі Галас хацеў падскочыць, каб лізнуць мяне ў твар, я злосна штурхануў яго нагою.

– А каб ты апруцянеў, нягоднік ты!

Я ўвайшоў у хату.

– Чаму ж ты вярнуўся? – спытала мяне мама. Я стаў расказваць, што было ў дарозе. Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве.

Матка выслухала мяне ўважліва, але не сказала таго, што ўсё гэта спатканне – плод майго палахлівага ўяўлення.

А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах (якраз недалёка ад месца, дзе быў гэты выпадак) воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам.

Тыдні праз два давялося мне зноў ісці па гэтай дарозе. Але цяпер я быў не адзін – я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Прыйшоўшы на гэтае самае месца, я зірнуў туды, дзе стаяў воўк. І што ж вы думаеце? Гэты самы воўк стаяў і цяпер!

Нічога не сказаў я свайму бацьку, іду і пазіраю. Бадай жа ты спрахла: гэта была старая крывая бярэзіна, абросшая мохам і нахіленая над долам!

Я смеху баяўся і нікому не казаў аб гэтай памылцы, і толькі цяпер, мае дарагія, прызнаюся вам ва ўсёй гэтай праўдзе.

[1921]


[1921]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5