epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Свайму народу

На прастор, на шырокі разлог

Выхадзі, мой народ, грамадою, —

Сотні новых і ясных дарог

Рассцілае жыццё прад табою!

 

Новай доляй ўзыходзіць зара,

Будзеш жыць ты без панскай апекі:

Адышла, адцвіла іх пара,

І панам не вярнуцца вавекі.

 

Паглядзі, як прасторна наўкруг,

        Як прыціхлі палацы, касцёлы!

Тваё ўсё: гэта поле і луг,

У палацах будуй сабе школы.

 

 

 

Ідзі ж смела і ясна ўпярод

Разам з намі дарогай адзінай:

Мудры Сталін вядзе свой народ

Самай вернай і простай пуцінай.

 

На прастор, на шырокі разлог

Выхадзі, мой народ, грамадою, —

Многа новых, шчаслівых дарог

        Рассцілае жыццё прад табою!

 

21/ІХ 1939


21.09.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945