epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Свіная філасофія

— Суседка, Чушачка мая!

Што ад Рабушкі чула я!

Вось ліханька яму,

Лісту Дубоваму таму!

І ўсё ж ён, гад, як ёсць

Пра вашу мосць

І пра мяне і пра другіх распісвае ў газеце!

Як цяжка жыць на свеце!

Звярыны шавінізм, звярыная і злосць.

        Ну, толькі б падкусіць, псякрэў яго, псякосць!

Падумайце, які блазнец:

Тутэйшасць нашую асмейвае ўканец!

Шуміць, як той званец,

Што вяне летам у пракосе.

Такую прыкрасць слухаць давялося!

Прывёў мяне ў такое абурэнне!..

Напішам хіба абвяржэнне?

— Суседка, мілая кума!

Такіх Лістоў Дубовых — цьма.

        Калі зважаць на ўсю іх плявузготу,

То лепей ногі выпрастаць адразу каля плоту.

Але свіння, сапраўдная свіння,

Ёсць перш за ўсё сурʼёзная жывёла.

Хватай кусок з-пад самага падола

І не зважай на крыкі варання —

Філосафам глядзі ты навакола.

І віду не кажы, што пішуць аб табе

І возяць палкаю па свінскаму гарбе —

        Свіння павінна быць свіннёю.

                Хай лаюць, штурхаюць, таўкуць,—

Ёй гэта не абходзіць ані чуць, —

Абы па галаве не стукнулі даўбнёю.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938